Вы тут

Уладар радасці - Арнольд Смеяновіч... Успамінаем аб таленавітым чалавеку


Ён адышоў у Вечнасць у навагодне-калядную пару. У час, калі прынята падводзіць вынікі года мінулага, будаваць планы на будучыню. Мяркуем, і ў Арнольда Смеяновіча таксама былі задумы на дзень наступны, нягледзячы на салідны ўзрост. Але…


З гадамі кожны з нас задумваецца, якім жа будзе гэты містычны пераход. Існуе думка, што легкім ён станецца ў тых, хто пры жыцці змог жыць у радасці. А таленавіты нейрахірург-аптыміст, акадэмік Арнольд Фёдаравіч, падаецца нам, здолеў раскрыць і яе таямніцу. Яго пазітыўнае стаўленне да жыцця ў сталыя гады было такім заразлівым, што нам падавалася: наш абаяльны суразмоўца – уладар радасці. Таму так і назвалі артыкул пра яго. 

А пачуцці ад сустрэчы з Арнольдам Фёдаравічам былі вельмі яркімі, не занатаваць іх падрабязна нам падалося проста немагчымым. У прыватнасці, пра тое, як пры будынку РНПЦ у пару залотой восені мы смакавалі бурштынавы мёд, ім падораны. І здавалася, што ў мёдзе тым зіхацелі крышталікі радасці.

Пісалі пра яго і ў другі раз. Да 75-годдзя Перамогі. Каб расказаць пра ваеннае дзяцінства гэтага ўраджэнца Пухавіччыны, і яго бацьку, героя-дэсантніка... Пад назвай «На тонкай грані быцця»

Святло ад сустрэч і размоў з такім Чалавекам – з намі застаецца.

І светлая памяць вам, Арнольд Фёдаравіч.

Развітанне з акадэмікам Арнольдам Фёдаравічам Смеяновічам пройдзе ў Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі 5 студзеня.


Уладар радасці

Арнольд Смеяновіч — таленавіты нейрахірург-аптыміст. Яго пазітыўнае стаўленне да жыцця і ў 80 гадоў такое заразлівае, што пасля зносін з ім нам здаецца, і ў тым нават упэўнены: чалавек у гэты свет прыходзіць для радасці. Бо, як кажа старажытная мудрасць: спазнаеш радасць — спазнаеш таямніцу быцця.

Арнольд Смеяновіч у дні юбілея. Жнівень 2018-га

Ці спазнаў яе, таямніцу быцця, наш субяседнік, мы й не распытвалі. Бо задаваць пытанне, адказ на якое знаходзіцца, пэўна ж, у іншым вымярэнні, палічылі недарэчным. Але гледзячы на Арнольда Фёдаравіча, выснову зрабілі: ён дакладна ведае, што нарадзіўся — каб зрабіць радасць галоўнай спадарожніцай па жыцці. Каб кожны дзень пражываць з задавальненнем.

А дарогу жыцця ён прайшоў вялікую, і не заўсёды, зразумела, лёгка ўсё было на ёй і проста. І душа балела, і здавалася часам, што жыццё рушыцца… Але і тое праходзіла, як і здараецца ў жыцці, калі за паласой крыўд і расчараванняў надыходзіць момант, калі ўсё ладзіцца. Важнае адкрыццё такое Смеяновіч зрабіў яшчэ ў маладосці. А потым, назіраючы рытмы жыцця ў фармаце «плюс-мінус», навучыўся цярпліва пераносіць яго цяжкасці. Відаць, таму і ў спакойным, дабрадушным абліччы Арнольда Фёдаравіча глыбінны мацярык ягонай радасці праглядаецца.

Стартаваў у Дрыбіне

Па гэты дзень яго высокае майстэрства нейрахірурга ў Рэспубліканскім навукова-практычным цэнтры неўралогіі й нейрахірургіі, абсталяванага самай сучаснай апаратурай еўрапейскага ўзроўню, — запатрабаванае. Практычна ніводная складаная аперацыя на мозгу без прафесара Смеяновіча не абыходзіцца. І праца яго па вартасці ацэнена.

Так, у нейрахірурга, уладальніка шматлікіх узнагарод і тытулаў, у прафесіі — шчаслівы лёс. Ды і ў асабістым жыцці таксама. Жонка, з якой яны больш за 58 гадоў жывуць душа ў душу, таксама медык. Падобна да таго, пажартавалі мы, ягоная Тамара Іванаўна з генамі дзекабрыстак. Замест таго, каб угаварыць мужа размеркавацца ў Лагойск, бліжэй да сталіцы, куды яе бацька запрашаў абодвух працаваць хірургамі, дачка першага сакратара Лагойскага райкама партыі рушыла ўслед за мужам — у далёкую глыбінку: то была сельская бальніца ў Дрыбіне, на Магілёўшчыне. Не сумняваючыся, падтрымала выбар свайго абранніка. А вяселле, распавядае Арнольд Фёдаравіч, было ў іх студэнцкае, калі на 6 курсе разам практыку праходзілі ў Бабруйску. І дзеці іх — медыкі. Сын, Віталь Арнольдавіч, ужо таксама вядомы нейрахірург, загадвае аддзяленнем нейрахірургіі ды неўралогіі ў РНПЦ. А дачка Вольга — стаматолаг, таксама ўжо на кіраўнічай пасадзе. І каштоўныя складнікі сямейнага шчасця — трое ўнукаў і ўнучка — радуюць дзядулю й бабулю. Больш за тое: старэйшы, Стас, вучыцца ў Мінскім медуніверсітэце. І нават праўнучка ўжо сямейны клан упрыгожыла.

Арнольд Смеяновіч — гэта цэлая эпоха ў нейрахірургіі, як кажуць у падобных выпадках. Ды сам — аксакал, праўда, ад такога параўнання адмахваецца. Усё прасцей, кажа. Ну, працуе ў медыцыне з 1963 года. Яшчэ ў той самай Дрыбінскай сельскай бальніцы ўсвядоміў, як варта трымаць клятву Гіпакрата, і што гэта за стан душы такі, калі ты вельмі неабходны людзям, тым, якія забыліся пра радасць жыцця з?за праблем са здароўем. І падтрымаць іх трэба, і ўпэўненасць усяліць у спрыяльным зыходзе аперацыі, і мець мужнасць прыняць жорсткую рэальнасць, боль і слёзы, калі ты не змог апраўдаць чужых надзей…

 

Досвед працы ў сельскай бальніцы, лічыць ён, незаменны, і людзей, якім ён там за тры гады спатрэбіўся, было вельмі шмат. Ён добра памятае, як па прыездзе ў Дрыбіне знаёміўся з мясцовым хірургам і ягонай жонкай акушэрам-гінеколагам: два гады сям’я не была ў адпачынку. Калегі расказвалі і паказвалі яму, як дзейнічаць у экстраных выпадках, гэта значыць рабіць аперацыі: выдаляць апендыцыты, разбірацца з кіламі, прабадною язваю ці маткавым крывацёкам… Потым гэтыя абодва з’ехалі ў адпачынак, а ён — застаўся сам-насам з людскімі праблемамі. Вядома ж, малады хірург вельмі хваляваўся, перажываў: працаваў у экстрэмальных умовах, калі, бывала, электрычнасць знікала, і даводзілася прымаць экстранныя рашэнні… Нават параненае сэрца аперыраваў старому, якога хуліган ударыў нажом. Шмат чаго давялося прайсці, шмат чаму навучыцца. І лёс, распавядае, вёў. Аднойчы ў бальніцу прывезлі маладога афіцэра са зламаным хрыбетнікам: нырнуў няўдала ў рэчку. Што рабіць? Зразумеў хірург: сам не справіцца. З Мінска тады на дапамогу прыехаў аспірант Фёдар Аляшкевіч. І малады сельскі лекар, які ніколі не бачыў такіх аперацый, яму асыставаў. То, пэўна, так і хочацца сказаць, сам святы Панцеляймон-цаліцель стаяў тады побач і ўклаў Аляшкевічу думку: трэба такому зацікаўленаму хлопцу ў Мінск выбірацца. Што Аляшкевіч калегу й прапанаваў, паабяцаў пазнаёміць з нейрахірургам Эфраімам Ісакавічам Злотнікам, якому патрэбны маладыя хірургі.

Таямніцы за сямю пячаткамі

З таго й пачалося ўваходжанне Арнольда Смеяновіча ў нейрахірургію. А пачаў ён з вязання вузлоў на аперацыі, якую праводзіў Злотнік. Сціплы пачаткоўца заснавальніку беларускай нейрахірургіі спадабаўся. Пазней ён сам пра тое яму й сказаў, згадаўшы, як Смеяновіч цярпліва не толькі вузлы вязаў, але й кручкі не раз трымаў падчас аперацый. А вось чаму мы загаварылі пра Панцеляймона-цаліцеля? Тэма тут асобная: магчыма, у будучыні раскажам пра тое падрабязней. Але што цікава. Калі задалі мы пытанне суразмоўцу, ці знайшоў ён ключ да таямніцы мозгу, то ён нават не здзівіўся: маўляў, вашыя калегі не раз пра тое пыталіся. І вось што распавёў:

— Ключом, каб адкрыць таямніцу мозгу, гэтай істоты ў істоце, я не валодаю, хоць і бачу яго амаль штодзень. Мозг — найвялікшая таямніца за сямю пячаткамі. Прычым не шэрае гэта рэчыва: ён далікатна-крэмавага колеру, вельмі прыгожы. Магу толькі захапляцца Прыродай, Творцам, які стварыў такі цуд.

Эндаваскулярная аперацыя на сасудах галаўнога мозга ў Мінскай клінічнай бальніцы №5

Мозг — велізарны банк ведаў? Сусветная энцыклапедыя? Як усё ў ім працуе? Таямніца… На любы сігнал ад нерва, ці то вачэй, вушэй у ім ствараецца «карцінка»? Але як мы адрозніваем, што вунь, за вакном (ён ківае ў бок акна) котка сядзіць пад ружамі, а гэта вось мой працоўны стол, пад шклом — фотаздымак бацькі, паглядзіце! Афіцэр Фёдар Смеяновіч. Загінуў у 1943?м, быў начальнікам штаба дэсантнай брыгады. Там, побач са здымкам, і выслоўі вялікіх розумаў: я афарызмы часам выразаю для сябе… А вось на сцяне партрэт майго настаўніка Эфраіма Злотніка… Ну а гэта вы, мае госці… Неверагодна! Адно ведаю: мозг — вельмi магутная машына, ён мацней за любы суперкамп’ютар! І як ён так хутка «круціцца» — не разумею! Адкуль у ім думкі бяруцца? Тэорыі, гіпотэзы, адкрыцці? Я часта прыводжу прыклады для тых, каго цікавяць таямніцы мозгу. І з вамі падзялюся. Думаю, вам будзе карысная гэтая інфармацыя. Яна ёсць у інтэрнэце. Да прыкладу, лаўрэат дзвюх Дзяржаўных прэмій СССР хірург Война-Ясянецкі, ён жа архіепіскап Лука, гаварыў: роля мозгу зводзіцца да выдачы паведамлення, і параўноўваў яго з тэлефоннай станцыяй. (Дарэчы, родавыя карані ў таго знакамітага хірурга й святара былі з Беларусі. — Аўт.) І Наталля Бехцерава (акадэмік Расійскай Акадэміі навук і Расійскай медыцынскай Акадэміі навук. — Аўт.) лічыла, што мозг чалавека здольны ствараць толькі найпростыя думкі, ён нічога не дадае да таго, што атрымлівае. А Джон Эклс, Нобелеўскі лаўрэат па фізіялогіі ды медыцыне, які адкрыў іённыя механізмы ўзбуджэння і тармажэння ў перыферычных і цэнтральных нервовых клетках, лічыў, што мозг думкі не «вырабляе», а толькі ўспрымае іх звонку.

Хто ж, у рэшце рэшт, падказаў Аляшкевічу паклікаць мяне ў Мінск? Можа й напраўду, як вы кажаце, у аперацыйнай тады ў Дрыбіне сам Панцеляймон-цаліцель стаяў, калі таго маладога афіцэра мы ратавалі?.. Ды падказваў, што да чаго. А раптам Аляшкевіч і злавіў праз свой мозг, як прыёмнік, тую яго вібрацыю, ці з нябеснай тэлефоннай станцыі, дый выдаў паведамленне мне? У выніку маё жыццё павярнулася да нейрахірургіі. Ва ўсякім разе, мне падабаецца так думаць…

І нам падабаецца! Магчыма, таму мы і пазнаёміліся з такім «прыёмнікам» у асобе Арнольда Смеяновіча, які «настроены» не толькі ўспрымаць, але і перадаваць іншым аптымізм і радасць. Прыемна ўсведамляць, што пошукі радасці ва ўсім, што навокал цябе — верны шлях па жыцці, каб не зачарсцвець і не састарэць заўчасна. І як тут не ўспомніць выдатную кнігу «Паліана» Элінор Портэр, гэты амерыканскі бэстсэлер, а таксама аднайменны фільм Сары Хардзінг пра дзяўчынку-аптымістку, які мы нядаўна паглядзелі! Любімай гульнёй Паліяны была «гульня ў радасць», што б у жыцці ні здарылася. Ва ўсім дзяўчынка шукае пазітыў. Вось і герой нашай публікацыі — такі, напэўна.

Удумаемся: за 58 гадоў практыкі Арнольд Фёдаравіч ажыццявіў аперацыі на мозгу каля 10000 пацыентаў. І, напэўна, калі яны прыходзілі ў сябе з надзеяй, што ўсё дрэннае засталося ў мінулым, доктар чытаў радасць у іх вачах. І ўсміхаўся, казаў: радуйцеся кожнай хвіліне — цяпер вы можаце не хвалявацца… Ён кожны раз радуецца, калі ёсць станоўчы вынік у найскладаных аперацый, якіх за год праводзіць, як правіла, каля 250-ці. Дарэчы, нікому, хто звяртаецца да яго па дапамогу, ёй не адмаўляе.

...І залацісты мёд для задавальнення

Галіна Ларнова і яе сын Саша ўдзячныя нейрахірургам: Эфраіму Злотніку (на пярэднім плане), а таксама Яўгену Караткевічу і Арнольду Смеяновічу. 1985 год.

Радасць — у яго мімічных зморшчынах вакол вачэй. У хуткай і зацікаўленай рэакцыі на любое пытанне. У адказах, якія могуць гучаць зусім па-дзіцячы, шчыра і натуральна: «Ды я не ведаю» ці «А хто ж яго ведае»… Ён увесь з сябе быў з намі — вельмі натуральны, сапраўдны. Не спрабаваў выглядаць, нейкім іншым, чым ёсць, здавацца. Арнольд Фёдаравіч такі, які ёсць. Таму, як нам падаецца, і не можа не падабацца. Ужо адной прысутнасцю сваёй, мусіць, лечыць: як носьбіт здаровай энергетыкі…

Даўно ўжо мы не выходзілі з інтэрв’ю з такім узнёслым настроем. І з пузаценькім слоічкам залацістага мёду, які нам уручыў знакаміты беларускі нейрахірург Смеяновіч на развітанне з цёплымі словамі: я тут думаў гарбаты з вамі папіць, дык падрыхтаваў і мёд, і печыва, але вось тэрмінова трэба ісці на аперацыю… Гэтая прыемная, можна сказаць, салодкая дэталь у агульную тэму радасці —паклалася. Дарэчы, мы потым пераканаліся — мёд аказаўся цудадзейным, пазітыўна зараджаным. Яўна з плыні рэчываў хюгэ, як кажуць, здаецца, у Даніі, дзе нават ёсць Інстытут шчасця. Таму спажываем каштоўны падарунак — у невялікіх дозах, чайнымі лыжкамі. Упрыгожваем ласункам восеньскія вечары, калі за вокнамі — шэрасць, холад, слота…

А ў той дзень дзівоснага бабінага лета мы былі так уражаны абаяльным суразмоўцам, што, пакінуўшы будынак РНПЦ (гэта ля Мінскай кальцавой аўтадарогі, уваход з боку мікрараёна Уручча), затрымаліся на лаўцы ў двары. І гаварылі пра тое, якое ж гэта шчасце: бываць ва ўрачоў толькі ў якасці журналістаў — не пацыентаў!.. Сядзелі прама насупраць барвова-жоўтых клёнаў. Нам абавязкова трэба было няспешна абмяняцца думкамі пра дзіўнага чалавека, з якім толькі што пазнаёміліся. Што называецца: падоўжыць адчуванне «послевкусия» ад прыемнай і змястоўнай гутаркі.

Свяціўся сонцам кастрычнік. І было цёпла па-летняму. Паветра, насычанае водарамі восені, кружыла галаву. Мы дасталі свае яблыкі гатунка штрыфель — з бацькоўскага, дарэчы, саду… — і адкрылі смеяновіцкі слоік з мёдам… Гэта было так смачна, што слоў не хапае, каб перадаць адчуванні. Чаму ж гэта мы, таксама разважалі, забыліся распытаць у Арнольда Фёдаравіча: можа чытаў і ён кнігу пра дзяўчынку Паліану? Зрэшты, адна справа — чытаць, і зусім іншая — зрабіць філасофію радасці найгалоўнай мелодыяй свайго жыцця… Выказвалі версіі: адкуль у гэтым чалавеку столькі маладосці, пругкасці і светласці духоўнай, запалу й непадробнай цікавасці да жыцця. Зноў гены? І прыйшлі да высновы: пэўна ж, такім ён урадзіўся на сваёй Пухавіччыне… І вялікая ж была наша радасць, калі пазней, пад час працы над тэкстам, высветлілі, што на гэтае пытанне ўжо адказваў Арнольд Фёдаравіч нашым калегам. Усё будзе добра, гаварыў ён, толькі пры ўмове, калі ты будзеш думаць пра добрае. Чым больш чалавек незадаволены жыццём і думае пра дрэннае, тым больш шанцаў, што такім ягонае жыццё й будзе. Таму лепш старацца радавацца, а не мучыцца. А яшчэ — дабро людзям рабіць.

То можа ў тым і ёсць: таямніца радасці? Мозга? Быцця?..

Урачы-нейрахірургі РНПЦ падчас аперацыі. Арнольд Смеяновіч (злева)

Светлы гэты чалавек, Арнольд Смеяновіч, — з тых духоўна блізкіх нам людзей, з якімі хочацца сябраваць. Бо, прызнацца па шчырасці, не часта сёння сустрэнеш такіх паглыбленых у сваю — свецкую! — справу паспяховых прафесіяналаў, якія не проста ведаюць, а ні хвіліны не сумняваюцца, што жыццё — гэта падарунак Творцы. Ён жа, гэты нейрахірург, не сумняваецца і ў тым, што пазітыўнае стаўленне да жыцця ў яго — ад сям’і. Ягоная мама, Галіна Лукінічна, застаецца для сына ўзорам вялікай мудрасці й дабрыні.

Калі жыць наканавана 

Не сакрэт: у многіх урачоў, хірургаў, як і ў нашага суразмоўцы, сёння ў кабінетах ёсць абразы. Яны не хаваюць, што пра Бога думаюць. І часта кажуць: так, нешта ёсць.

Арнольд Фёдаравіч — не выключэнне. Таксама перакананы: ёсць нешта ў вечных пытаннях жыцця й смерці, хвароб і ацаленняў такое, чаго мы не ведаем. Ды й Наталля Бехцерава — гэта ўжо вядомы факт — не хавала, што перад пачаткам лабараторных даследаванняў мозгу брала дабраславенне ў мітрапаліта Санкт-Пецярбургскага і Ладажскага Іаана Снычава. Шмат вядома ў асяродках хірургаў удалых зыходаў аперацый там, дзе, здавалася б, станоўчы вынік немагчымы — пра тое не раз гаварыў журналістам Арнольд Фёдаравіч. Прыводзіў прыклады. Пра тое і мы чыталі ў публікацыях пра нейрахірурга-прафесара. Прыводзім два выпадкі, пра якія ён і нам распавёў.

— Заходзіць неяк да мяне ў кабінет высокі малады хлопец. Пытаецца, ці не памятаю яго. Не памятаю. А ён мне й паказвае шво на патыліцы. Бачу, мая праца, і ўспамінаю: аперыраваў яго ва ўзросце трох гадоў і тое, як думаў тады — хлопчык можа доўга не пражыць. Бо такі тып пухліны, як медулабластома, рэдка пакідае шанцы на жыццё. А ўсяго, дарэчы, да 200 відаў пухлін сустракаецца ў нашай практыцы! Але прырода, я ўпэўнены, умее здзіўляць. Альбо Творца. Малады чалавек сёння цалкам здаровы.

І яшчэ дадае, што многія загадкі мозгу нам непадуладныя. Што сам, пабачыўшы шмат усяго рознага, не перастае здзіўляцца магчымасцям чалавечага арганізма.

— Шмат гадоў таму яшчэ з прафесарам Злотнікам аперавалі мы адну дзяўчынку. Цяжкая пухліна ўразіла ўсё мазгавое паўшар’е. Так што пасля аперацыі наша пацыентка засталася з адной паловай мозгу. І што ж? Другая палова ўзяла на сябе ўсе функцыі той часткі, якой ужо не было. А дзяўчынка потым вырасла, выйшла замуж — яна й цяпер жывая й здаровая.

Ды й самому Арнольду Смеяновічу пашчасціла застацца ў жывых тады, калі, здавалася, гэта было немагчыма.

Ішла Вялікая Айчынная вайна. У акупаваных немцамі вёсцы Пухавічы (цяпер гэта Пухавіцкі раён Міншчыны) стаяла шмат ваеннай тэхнікі. Арыку было тады ўсяго шэсць гадоў, калі з сябруком з суседняе хаты яны вырашылі пракаціцца на прычэпе ваеннай машыны. Ды, падбягаючы, зачапіўся хлапчук за нешта, не разлічыўшы сілы, і ўпаў — прама пад колы. Яго калясом адразу ж і пераехала. Выратаваў Арыка нямецкі лекар-хірург. Вось тады, Арнольд Фёдаравіч добра памятае, бабуля й напрарочыла: быць табе хірургам, калі цябе хірург выратаваў. А ён жа — лётчыкам марыў стаць. Аднак долю сваю, як кажуць беларусы, не аб’едзеш: на медкамісіі зрок падвёў — і лінія лёсу такі прывяла яго ў хірургі.
Яшчэ, згадвае Арнольд Фёдаравіч, быў з ім у дзяцінстве адзін, таксама смяротна небяспечны выпадак. У Пухавічах да вайны жыло шмат яўрэйскіх сем’яў. Калі ж прыйшлі фашысты, то яўрэяў паўсюль вынішчалі. Аднойчы й пухавіцкіх сагналі ды павялі па вуліцы, а бабуля з унукам Арыкам выскачылі з хаты — паглядзець, што там робіцца. Дык іх таксама немцы загналі ў натоўп: бабуля ж і ўнук былі смуглымі. Пэўна, не абмінуць бы ім расстрэлу, калі б не жанчыны, які стаялі там побач. Яны й выцягнулі Арнольда з бабуляй з таго натоўпу. А людзей тых усіх, як потым чутка пайшла, расстралялі. Вось так і распарадзіўся лёс Арнольда Фёдаравіча: жывым яму быць — і ратаваць іншых ад смерці. Што ён і робіць. Паколькі ведае: жыццё нам дадзена — для радасці.

Валянціна і Іван Ждановічы

Фота www.sb.by

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Актрыса НАДТ імя М. Горкага — пра шлях да сцэны і натхненне.

Грамадства

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

Тата і мама — два самыя важныя чалавекі ў жыцці кожнага дзіцяці.