Вы тут

Што хвалюе маладых спецыялістаў?


У канцы года райвыканкамы традыцыйна праводзяць сустрэчы з тымі спецыялістамі, якія скончылі навучальныя ўстановы і прыехалі на работу ў арганізацыі, прадпрыемствы, установы раёна. Недзе арганізоўваюць мерапрыемствы ў форме вучобы-семінара, як, напрыклад, было ў Кобрыне. Там з моладдзю сустрэліся кампетэнтныя спецыялісты, якія расказалі пра льготы і магчымасці, што гарантуе дзяржава пры працаўладкаванні па размеркаванні, пазнаёмілі з асаблівасцямі раёна, яго дасягненнямі ў розных галінах гаспадаркі.


Удзель­ні­кі су­стрэ­чы  ў Ган­ца­ві­чах.

У іншых раёнах, асабліва там, дзе сустрэчы ладзіліся перад Новым годам, яны праходзілі ў форме «агеньчыка». На мерапрыемствах юнакі і дзяўчаты ў нефармальнай абстаноўцы за чаем абмяркоўвалі з кіраўнікамі і спецыялістамі раённага звяна тыя ж праблемы, задавалі пытанні, якія іх цікавяць.

Адным словам, сустрэчы ў любых формах атрымліваюцца карыснымі, дзейснымі, і не толькі ў плане інфармавання маладых спецыялістаў. Яны даюць магчымасць пазнаёміцца, каб потым больш цесна камунікаваць, удзельнічаць у агульных грамадска карысных праектах, якія абавязкова прапаноўваюцца грамадскімі арганізацыямі. Звычайна ў такіх сустрэчах актыўны ўдзел прымаюць кіраўнікі БРСМ, прафсаюзных, іншых арганізацый.

Скажам, у Пружанах старшыня прафсаюза АПК Іван Ярома найперш расказаў аб прававой дапамозе, на якую могуць разлічваць члены арганізацыі, а таксама пра культурныя, спартыўныя мерапрыемствы, якія праводзяцца ў сельгаспрадпрыемствах, пра тое, як цікава можна бавіць вольны час, нават калі ты прыехаў на працу ў вёску. А вось старшыня райвыканкама Міхаіл КРЭЙДЗІЧ зрабіў упор на сацыяльную падтрымку, якая гарантавана з боку дзяржавы. Кіраўнік раёна таксама нагадаў маладым работнікам, што іх паспяховасць у жыцці ў многім будзе абумоўлена іх стаўленнем да працы.

Сёлета на Пружаншчыне прыступілі да работы 250 выпускнікоў вышэйшых, сярэдніх спецыяльных і прафесійна-тэхнічных устаноў адукацыі. З іх 120 чалавек прыйшлі ў аграпрамысловы комплекс.

У Ганцавіцкі раён у адпаведнасці з яго маштабамі выпускнікоў прыехала на парадак меней. Паводле слоў старшыні раённага Савета Юрыя ШАПЕЛЯ, пытанні работы з маладымі спецыялістамі заўсёды знаходзяцца ў полі зроку кіраўніцтва раёна. Іх разглядалі на сесіі райсавета ў мінулым скліканні, будуць яны разгледжаны і цяперашнім складам дэпутатаў. Перад згаданай сустрэчай спецыялісты райвыканкама выязджалі на месцы, знаёміліся з умовамі пражывання былых выпускнікоў, абагульнялі іх пажаданні і прапановы. І як заўсёды, гэтыя тэмы ўзнімаліся падчас сустрэчы.

Нярэдка на падобныя мерапрыемствы запрашаюць тых з учарашніх маладых спецыялістаў, якія ўжо зрабілі пэўныя поспехі ў прафесіі, вызначыліся з месцам далейшага пражывання, пра якіх кажуць, што яны замацаваліся. Вось з такімі давялося гутарыць не так даўно аўтару гэтых радкоў на Ганцаўшчыне.

Аліна Сапун прыйшла ў родную школу летась пасля заканчэння Пінскага каледжа мастацтваў, стала настаўніцай харэаграфіі. Работа ёй падабаецца, з жыллём праблем няма, бо дзяўчына жыве дома з бацькамі. Аліна сказала, што ведае дакладна: харэаграфія назаўсёды стане яе прафесіяй.

Варта адзначыць, што ва ўстановах адукацыі, культуры, аховы здароўя пасля абавязковай адпрацоўкі ў раёне застаецца больш за палову маладых спецыялістаў. Пагутарыла я і з двума ўрачамі, якія прыехалі па размеркаванні ў Ганцавічы і засталіся тут. Уладзімір Цанда — урач лабараторнай дыягностыкі, працуе загадчыкам лабараторыі. З жонкай, урачом-педыятрам, гадуюць дваіх дзяцей. Жывуць у службовай кватэры, якую атрымалі пасля прыезду на працу. Потым узялі ўчастак і сталі будаваць дом. Аналагічныя жыллёвыя ўмовы і ў калегі — доктара Дзяніса Саладухі. Яны з жонкай таксама будуюць уласнае жыллё. Медыкі з гонарам адзначалі, што ў іх бальніцы ўстаноўлена сучаснае дыягнастычнае абсталяванне, якое не саступае аналагам у Баранавічах або ў Брэсце. Адзін з іх у якасці набытку адзначыў шырокія магчымасці для практыкі, якую не атрымаеш у клініцы вялікага горада, дзе вузкая спецыялізацыя. А тут ты — амаль земскі доктар.

Вось як Андрэй Халецкі — выпускнік Віцебскага медыцынскага ўніверсітэта мінулага года. Андрэй прыехаў на работу і адразу стаў галоўным урачом Малькавіцкай сельскай участковай бальніцы. Прыём у паліклініцы, абслугоўванне выклікаў, выезд на два ФАПы, якія знаходзяцца ў зоне абслугоўвання ўчастка, стацыянар на 25 ложкаў — адным словам, работы маладому ўрачу хапае. Андрэй Аляксандравіч адразу зразумеў, што тут ён атрымае ўнікальны вопыт.

Нават тым, хто адпрацаваў год, не кажучы пра больш сталых калег, ёсць чым падзяліцца з сёлетнімі выпускнікамі медыцынскіх устаноў.

Работа ў глыбінцы для маладога спецыяліста гэта яшчэ і магчымасць для росту, часам імклівага прасоўвання па службовай лесвіцы, адзначалі на сустрэчы. Прыкладам можа паслужыць, пэўна, кар'ера Аляксея Дзічкі, ляснічага Хатыніцкага лясніцтва. За тры гады ён прайшоў розныя службовыя прыступкі і стаў кіраўніком калектыву з 16 чалавек, адказным за амаль 13 тысяч гектараў лясных угоддзяў. Аляксей мясцовы, жыве з бацькамі, на работу ездзіць з райцэнтра. Ён з дынастыі леснікоў, у лесе ў свой час працавалі дзяды і па бацькавай, і па матчынай лініі, дзядзькі. Таму хлопец з маленства не бачыў сябе ў іншай прафесіі, адказна рыхтаваўся да паступлення, паспяхова скончыў ВНУ.

Менавіта на сваіх, мясцовых выпускнікоў школ тут робяць стаўку. Дарэчы, з сёлетняй сотні маладых спецыялістаў 82 чалавекі — ураджэнцы Ганцаўшчыны. Ад імя ўлады старшыня райсавета Юрый Шапель выказаў намер усяляк падтрымліваць маладое папаўненне. Прыклад ёсць з каго браць, у каго вучыцца ёсць. Застаецца напрацоўваць уласны досвед, станавіцца сапраўдным майстрам сваёй справы, абзаводзіцца сям'ёй, жыллём і... заставацца.

Святлана ЯСКЕВІЧ

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.