Вы тут

«З кірмашу без бабы дзед прыкаціў дадому...»


Што было — было. Адна жанчынка вырашыла 90-годдзе адзначыць, запрасіла сваіх сябровак, купіла добрай гарбаты, пірожных, мандарынаў... А паколькі памяць ужо не тая, у кухні шпаргалку пакінула, што і за чым падаваць: пункт першы — напаіць чаем, другі — пачаставаць пірожнымі, трэці — паставіць на стол мандарыны.

Тым часам госці на парог. Гаспадыня прывеціла іх, на кухні зірнула ў шпаргалку, прынесла гарбаты — усе выпілі. Яна зноў схадзіла ў кухню, яшчэ раз прачытала пункт... першы, яшчэ раз вярнулася з чайнікам... І вось так разоў шэсць ці сем.


Урэшце госці напіліся і развіталіся. «Наша Верачка зусім састарэла, — па дарозе дамоў пашкадавала адна з сябровак. — Мы ж гадзіны са дзве ў яе прабылі, а яна хоць бы чаю наліла». — «А мы хіба ў Веры былі?» — здзівілася другая. — «Вы пра каго там? — насцярожылася трэцяя. — Хто такая Вера?»

А яна, юбілярка, тым часам занесла ў кухню кубкі, адкрыла халадзільнік, убачыла там некранутыя пірожныя ды мандарыны і цяжанька ўздыхнула: «Усе на мяне забыліся. Ніхто не прыйшоў — нават сёння».

Людзі вось гэтак могуць, на жаль. Іх гадаванцы таксама на многае здатныя. Сведчаннем таму радкі, якія «падказаў» чытачам апошні конкурсны здымак: можна паглядзець на верхні яшчэ раз і прызнаць, што мае рацыю спадар Мікола Кісель з Мінска:

Бобік спрасонку

Глядзіць — не міргае.

Кот, як шалёны,

Ўкруг воза лятае:

Пакуль яны спалі

У шапку вось тут,

Злодзеі скралі

Каня і хамут!

Але ж гэта — палова бяды — можа, міліцыя знойдзе. «У нас з жонкай, — піша спадар Мікалай Касмачэўскі з Наваполацка, — ёсць домік у вёсцы, так што даводзіцца працаваць на зямлі, важдацца з рознай сялянскай жыўнасцю — катамі, сабакамі, авечкамі... А вось у нашага суседа —

Быў канёк, ды захварэў...

Апусцеў раптоўна хлеў!

Але ж хочацца — да слёз,

Хоць каго запрэгчы ў воз!

Гэта, як трэба разумець, і пра здымак, то-бок пра сабаку з катом, і ўвогуле...

Дарэчная заўвага ад спадара Хоміча з Гродна:

Шмат ахвотных пад'язджаць —

У вазок залегчы,

Шмат ахвочых паганяць!

Ды... каго б запрэгчы?

Часам і сапраўды — няма каго. Шчасце — што ёсць каму. Пакуль. Сярод найпершых ахвотных — спадар Іван Астроўскі з Мінска, які так і піша:

Я б канька ўміг запрог

І ля Шарыка прылёг...

Каб не проста пакатацца,

А паехаць з ім на працу!

І рабіць, рабіць да поту

Усю вясковую работу...

Вось ці верне толькі хтось

Маю вёску й маладосць?

Балючае пытанне. Канстатацыя «фактаў» — зноў жа да здымка і наогул — ад спадарыні Ніны Бурко з Бярэзіншчыны:

«Жулік спец!» ды «Жулік ас...»,

«Жулік выцягне калгас!»

Спадзяваліся дарма,

Бо й каня ўжо няма!..

Цюцька так бы не сказаў —

Не па ім маркоціцца:

Гаркне з воза сваё: «Гаў!»

І хай Мурка носіцца.

Вырашае, так бы мовіць, вытворчыя пытанні, ці (на думку спадара Віктара Сабалеўскага з Узды), кіпці рве з гэтага калгаса:

Раз брахнуў Жучок на Воўка

(Той у вёску заблукаў) —

Гаспадар яму «абноўку» —

На пярыну спаць паклаў...

Кот штодзень мышэй ганяе,

А яму увагі — нуль.

«Больш на мышак, — абяцае —

І галодны не зірну!»

Тут, магчыма, тост дарэчы — пра такога ж гаспадара. Ён вырашыў ката завесці. Прытуліў першага і нарадавацца не мог, бо вельмі ж удалы: за тыдзень-другі ўсіх мышэй на сялібе вынішчыў — заставалася толькі сачыць, каб новыя не з'явіліся... Што таксама работа! Ды гаспадар не зразумеў яе. «Гультая карміць? А за што?» — спытаў сам сябе і выгнаў таго рупліўца...

Другі яго кот хітраваць прыдумаў: мышку зловіць, трохі прыдушыць, «для справаздачы» гаспадару пакажа і выпусціць, каб потым зноў свой спрыт паказаць.

Ён, кажуць, і сёння на хутары жыве...

Дык вып'ем жа за знаходлівасць, бо куды без яе? Ну хоць бы і работнікам міліцыі, бо, паводле сужэнцаў Астроўскіх,

Рэкс трымае пад сакрэтам,

Што ляжыць у возе гэтым.

Можа, грошы, можа, дровы

Пад пасцілкай адмысловай...

Каб пажыць хоць трохі ў шчасці,

Шмат спрабуючых украсці.

А ўжо падмануць...

Пан Быкоўскі выхваляўся,

Што каня купіў — на пяць!

Не на тых аднак нарваўся,

Каб на веру гэта ўзяць:

— Вы, паночку, пакажыце,

Хоць здалёк таго каня.

— Каля воза там ляжыць ён...

Там ляжала... кацяня.

Убачыў яго спадар Віктар Сабалеўскі.

З тога ж канверта і яшчэ восем радкоў, навеяных класікай:

Кот, Сабака і Гусак

Спланавалі падарожжа.

Нібы Лебедзь, Рак, Шчупак —

Верхаводзіў кожны.

Потым першы паляцеў,

Не зірнуўшы на Ката.

Жук на воз паважна сеў...

А той воз — і сёння там.

Бо згоды не было ў дзеяннях.

Чаго яшчэ, ведае спадар Валерый Гаўрыш з Чавусаў:

Воз даўно стаіць вось так?

З месца не кранецца...

Усё таму, што гультаям

Ён не паддаецца.

З таго ж канверта і згадка пра нашага айчыннага класіка Кандрата Крапіву. Помніце: «Ехаў дзедка на кірмаш, / З ім на возе баба...»

Сяброўка расказвала, як яны, чацвёра зусім незнаёмых пацыентаў палаты рэанімацыі, ноччу, уголас, па чарзе, па радку чыталі гэтую байку і ніхто не збіўся — усе ўсміхаліся — вярталіся да жыцця, каб потым, як спадар Гаўрыш, працяг да байкі... прыдумаць:

З кірмашу

без бабы

дзед

Прыкаціў дадому.

(Дзе звяглівай гэтай след, —

Чорту невядома)...

Дзед жа —

зноўку халасцяк,

І не безгаловы,

Бо ў яго і кот — рысак

І вазочак новы!

А вось гэта —

Хоць і даўні інвентар,

Але ж бачна —

гаспадар!

Яшчэ коніка трымае

І, напэўна ж, сілу мае,

Да зямлі сваёй прырос —

Жыць не можа без калёс!

Пры такіх —

жывуць са смакам —

І не толькі кот з сабакам!

Ну чым не шлюбная абвестка — з падачы спадароў Гаўрыша і сужэнцаў Астроўскіх (адрас дзеда ў рэдакцыі)! Як і некалькі штрыхоў да яе — ад спадарыні Валянціны Гудачковай з Жыткавічаў:

Мода тая ўсім вядома:

«Спяць» калёсы каля дома,

А на іх красуюць кветкі...

Яська ўсё гэта прыбраў

І пайшоў араць палеткі:

Як не будзеш ты рабіць,

То й ката не пракарміць.

Што праўда, тое праўда: нехта — каб гэта зрабіць — ідзе працаваць, зарабляць, а нехта...

«Здараецца, на жаль,— піша спадар Мікалай Старых з Гомеля, — што дачнікі, а то і вяскоўцы, з'язджаючы на зіму ў гарады, кідаюць катоў ды сабак, кідаюць на выжыванне, а дакладней — на выміранне... Але ж, дзякаваць богу, не зніклі яшчэ і людзі добрыя:

Мурка з Жучкай свайму дзедку

Памагалі цягнуць рэпку,

Сцераглі усё, што сеяў,

Ад мышэй і ад зладзеяў.

Вось і дзед перад зімою

Забірае іх з сабою —

Не кідае ў чыстым полі

Зімаваць адных на волі.

Не будзем пісаць, што ён малайчына, бо тады прыйдзецца пахваліць і бабуль: яны цераз дарогу маладых цяпер пераводзяць, бо тыя на хаду, на айфонах эсэмэскі пішуць. А можа і... вершы на наш звяздоўскі конкурс, як сямікласніца СШ № 3 Карына Цануніна з Вілейкі:

Звініць наўкола цішыня,

І сярод поля, па дарозе,

Спрабуе кот

замест каня

Сабаку пракаціць

на возе.

Што цалкам зразумела, бо (гляньце яшчэ раз!) сімпатычны цюцька! Такога проста грэх не пагладзіць. І не пракаціць. Як, дарэчы, і іншых улюбёнцаў!

«Сабака з майго дзяцінства, — успамінае, напрыклад, спадар Іван Сіманёнак з Паставаў, — пражыў вельмі цікавае і доўгае жыццё. З прычыны сваёй бяскрыўднасці ён ні дня не прасядзеў на прывязі, найлепшым сябрам лічыў каня, а сваёй хатай — звычайны воз. Ён спаў там нават пад снегам... Амаль такі ж сабачка і на чарговым конкурсным здымку: набегаўся, бедны, прылёг адпачыць ды яшчэ і паганарыцца.

Чым? Слухайце:

Перад Муркаю-раднёй

Тузік выхваляўся:

«Эх, удалы быў дзянёк,

З воляй пабратаўся!

Поле, кусцік, сенажаць —

Я памеціў кожнае!

Дамаседкам не спазнаць

Шчасце падарожнае!»

Адкуль і лагічны заклік, дасланы спадарыняй Любоўю Чыгрынавай з Мінска:

Прыязджайце, ягамосці,

У сядзібу дзядзькі Косці!

Жыўнасць розная тут ёсць

Ды чысцюткае паветра.

І адна у горле «косць»:

А куды ж схадзіць да ветру?

Гэта — балючае пытанне, і не толькі для коткі. «Звязда» не раз да яго звярталася. Адзін дыялог не грэх і паўтарыць, бо ён, на жаль, не страціў сваёй актуальнасці. У госці-замежніцы, якая пабывала не толькі ў гарадах, але і ў вёсках Беларусі, на развітанне спыталі пра ўражанні. Адно з галоўных: «Вашы мужчыны не любяць вашых жанчын», — сказала кабета... І трэба было чуць, што тут пачалося?! З усіх бакоў панеслася: «Няпраўда! Хлусня! З чаго вы ўзялі?» Крычалі, вядома ж, мужчыны. Госця адказала ім — ціха, але досыць пераканаўча: «Калі б вы любілі сваіх жанчын, то ніколі б не дазволілі ім хадзіць па патрэбе туды, куды яны ходзяць»...

Зрэшты, гэта іншая тэма, іншая праблема, і ў вырашэнні яе, што варта прызнаць, зрухі ёсць — месцамі.

Хочацца верыць, што месцаў такіх будзе больш і больш, бо...

Фінальныя радкі ад спадара Мікалая Касмачэўскага:

Выглядае, што канёк

Прытаміўся і ўцёк.

А вазок жа трэба везці:

До хлебок халяўны есці

Ды лайдачыць на двары —

Будзем, як гаспадары!

Хто за?

Аднагалосна?!

Значыць, 2019-ы пачынаецца добра. Тады кароткая аўтарская заўвага:

Ціхай сапай, як той кот,

Ён прыходзіць — Новы год.

Белы? Ці рыжэйшы?

Хай... не карацейшы!

Вось на гэтым і завершым чарговы конкурсны агляд. Засталося назваць пераможцу, але найперш — нагадаць, што подпіс прыдумваўся да здымка, на якім «ці то Дуня, ці то Маня ногі мыла ў фантане» (гл. нумар «Звязды» за 21 лістапада). Дык вось. Паводле меркаванняў вялікага чытацкага журы, найлепшыя радкі пра яе даслалі спадары Віктар Сабалеўскі з Узды, Валерый Гаўрыш з Чавусаў, спадарыні Любоў Чыгрынава з Мінска, Іна Алісевіч з Уздзеншчыны, Соф'я Кусянкова з Рагачоўшчыны і Наталля Шкут з вёскі Прудок Светлагорскага раёна.

З гэтым вось апошнім меркаваннем пагадзілася і журы маленькае рэдакцыйнае. Такім чынам прыз у выглядзе падпіскі на дарагую сэрцам газету на другі квартал 2019 года накіроўваецца на Светлагоршчыну.

Вы хацелі, каб «Звязда» прыходзіла да вас? Тады, што называецца, наперад: здымак дадаецца, прапановы подпісаў — кароткіх (не больш за восем радкоў) і дасціпных — прымаюцца і разглядаюцца. Шанц на выйгрыш ёсць у кожнага!

Валянціна ДОЎНАР

Фота Анатоля КЛЕШЧУКА

Ад іх жа шчырыя прабачэнні ўсім, чые радкі не прайшлі строгага конкурснага адбору, і два пытанні на засыпку: вы ўжо адзначылі сваё 90-годдзе? І чытаеце газету? Тады вам — як кажа моладзь — нашы рэспект і ўважуха! Вам да гэтага юбілею яшчэ далёка, але вы хацелі б тады запрасіць гасцей, напаіць іх чаем з пірожнымі і мандарынамі? Тады — гэта вам любы доктар скажа — варушыцеся самі і варушыце мазгамі! Можна, у тым ліку, выбіраючы найлепшыя чужыя подпісы да здымкаў. Альбо — складаючы свае. Поспехаў!

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Як мы бярозавік куплялі на гандлёвай пляцоўцы лясгаса і ў лясніцтве

Культура

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Творчая вечарына народнага артыста Беларусі прайшла ў адной з мінскіх гімназій.