Учора ў Нацыянальным гістарычным музеі Беларусі адчыніўся своеасаблівы працяг выстаўкі «Сава Сіўко (1888—1978). Фатограф Любчанскага краю. Да 130-годдзя з дня нараджэння», якая паспела палюбіцца наведвальнікам. Нагадаем, што гэта выстаўка стала магчымай дзякуючы таму, што ў звычайнай вясковай хаце былі знойдзены старыя негатывы, якія і сталі асновай выстаўкі. Новая экспазіцыя з'яўляецца яе працягам і называецца «Любчанскі край. Людзі і час».
Арганізатары адзначаюць, што стварэннем такой экспазіцыі яны імкнуцца зберагчы, вывучыць фатаграфічную спадчыну Савы Сіўко і працягнуць фоталетапіc Любчанскага краю праз адкрыццё новых імёнаў у гісторыі беларускай фатаграфіі.
На выстаўцы прадстаўлены фатаграфіі такіх беларускіх аўтараў, як Альберт Цэхановіч, Андрэй Васкрасенскі, Марыя Банэ і Вольга Сяргеева. Усе яны праз родзічаў звязаныя з Любчанскім краем. Тут жа можна ўбачыць і работы фатографа-аматара з вёскі Нянькава Івана Ігнатавіча Камара.
На жанравых здымках Альберта Цэхановіча — вясковыя доўгажыхары, якіх фатаграфаў Сава Сіўко, і якія добра памятаюць фатографа. Другая серыя прадстаўляе партрэты нашчадкаў герояў з фотаздымкаў Савы Сіўко, зробленыя на фатаграфічным фоне, адрэстаўраваным мастаком-рэстаўратарам музея Юліяй Дранец.
Фатаграфічная серыя «Сямейны альбом» Андрэя Васкрасенскага, галоўным героем якой з'яўляецца яго сын Леў, распавядае пра таямніцы памяці і радавое дрэва, частка каранёў якога па матчынай лініі таксама схавана ў Любчанскім краі.
Тэма твораў Марыі Банэ звязана з Нёманам і згадкамі пра яго. Працуючы над тэмай, яна своеасабліва пераасэнсавала і аб'яднала ў адной мастацкай прасторы ўласныя дзіцячыя ўспаміны, «дарослы» вопыт і архіўныя фотаздымкі родных, жыхароў Любчы і ваколіц.
Сучасны выгляд мясцін, якія фатаграфаваў Сава Сіўко, — панарама Любчы, крыж на магілу Пуслоўскіх і царква ў вёсцы Гнесічы, — прадстаўляюць творы Вольгі Сяргеевай.
Падчас экспедыцый па мясцінах, звязаных з жыццём і творчасцю Савы Сіўко, і сустрэч c землякамі майстра і сведкамі яго працы высветлілася, што 98-гадовы жыхар вёскі Нянькава Іван Ігнатавіч Камар на працягу дваццаці гадоў, з 1958-га да 1979-га, фатаграфаваў жыхароў роднага краю. Такім чынам, у гісторыі беларускай фатаграфіі з'явілася яшчэ адно імя. На выстаўцы ён прадстаўлены серыяй аўтапартрэтаў (па сучаснаму «сэлфі») і фатаграфіямі родных і аднавяскоўцаў з маленства да сталасці.
Выстаўка будзе працаваць да 3 лютага.
Варвара ГОМАН
Цяпер на продаж прапаноўваецца менш як 7,5 тысячы кватэр, а раней звыш 10 тысяч
І для свята, і для далейшага развіцця.
Аб сваёй рэалізацыі, рабоце і удзеле ў праекце «Звёздный путь» спявачка распавяла ў інтэрв’ю.