Вы тут

Некалькі пытанняў унуку вядомага савецкага дыпламата А.А. Грамыкі


«Звязда» задала некалькі пытанняў пра нашага земляка, патрыярха дыпламатыі і міністра замежных спраў СССР з 1957 да 1985 года Андрэя Андрэевіча Грамыку, ураджэнца вёскі Старыя Грамыкі (цяпер у Веткаўскім раёне Гомельскай вобласці) яго ўнуку — Аляксею Анатольевічу Грамыку, дырэктару Інстытута Еўропы Расійскай акадэміі навук, доктару палітычных навук.


— Аляксей Анатольевіч, што з дасягненняў Грамыкі-дыпламата асабліва актуальна сёння?

— Думаю, гэта, па крайняй меры, тры рэчы.

Па-першае, стварэнне Арганізацыі Аб'яднаных Нацый у ліпені 1945 года на міжнароднай канферэнцыі ў Сан-Францыска. З тых часоў мінула 73 гады, але ААН не толькі захавалася, яна застаецца на парадак вышэйшай па сваім аўтарытэце і ўніверсальнасці, чым любая іншая міжнародная арганізацыя.

Па-другое, падпісанне шэрагу асноватворных міжнародных пагадненняў па кантролі над узбраеннямі і нераспаўсюджванні. Найбольш важныя з іх працягваюць дзейнічаць і ўтрымліваць свет, па меншай меры пакуль, ад безагляднай гонкі ўзбраенняў, у тым ліку ў ядзернай сферы. Гэта і дагавор 1963 года аб забароне выпрабавання атамнай зброі ў трох сферах, і дагавор 1968 года аб нераспаўсюджванні ядзернай зброі. Вядома, дамовы з ЗША аб абмежаванні стратэгічных наступальных узбраенняў (СНУ); іх спадчыннік — СНУ-3, падпісаны Расіяй і ЗША ў 2010 годзе. Вельмі важным быў дагавор аб абмежаванні сістэм супрацьракетнай абароны 1972 года. Выхад з яго ЗША ў 2002 годзе заклаў міну запаволенага дзеяння пад сусветную архітэктуру бяспекі.

І, па-трэцяе, бясспрэчна, выдатным дасягненнем савецкай дыпламатыі быў хельсінкскі заключны акт Нарады па бяспецы і супрацоўніцтве ў Еўропе ў 1975 годзе, які змяшчае так званы дэкалог. Нездарма цяпер на самым высокім узроўні працягвае абмяркоўвацца ідэя «Хельсінкі-2». У яе прасоўванні вялікую ролю адыгрывае Беларусь.

— Якія, на ваш погляд, рысы характару дапамаглі Андрэю Андрэевічу Грамыку дамагчыся галоўных перамог на дыпламатычнай ніве?

— У першую чаргу — гэта неймаверная цяга да ведаў, да аналітыкі, да пранікнення ў сутнасць рэчаў. Гэта настойлівасць, паслядоўнасць, творчы падыход да дасягнення мэт, павага да іншага пункту гледжання. Вядома, гэта і прыроджаныя ўзровень інтэлекту і бліскучая памяць. Але, упэўнены, што нават такія якасці не дапамаглі б дзеду раскрыць свой патэнцыял у поўнай меры, калі б не шалёная працавітасць, працэс саманавучання даўжынёю ў жыццё і, вядома, адданасць Радзіме, у тым ліку радзіме малой — Гомельшчыне.

— У 2019 годзе вялікаму дыпламату савецкай эпохі, як заслужана называюць Андрэя Грамыку, споўнілася б 110 гадоў. Раскажыце, як яго памяць будзе ўшаноўвацца абедзвюма краінамі — Беларуссю і Расіяй?

— 18 ліпеня 2019 года Андрэю Андрэевічу споўнілася б 110 гадоў. У новым годзе ў гонар гэтай падзеі пройдзе шэраг навуковых канферэнцый, з'явяцца прысвечаныя яму і гісторыі дыпламатыі новыя дакументальныя фільмы; будзе створана Асацыяцыя міжнародных даследаванняў імя А. А. Грамыкі з удзелам вядомых расійскіх і беларускіх навукоўцаў, дыпламатаў, палітыкаў.

Загаловак у газеце: Вяршыні Андрэя Грамыкі

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».