Вы тут

Уладзімір Макей: Прыярытэту «эканамічнай дыпламатыі» патрабуе час


Гэтымi днямi дыпламатычная служба Беларусi адзначае векавы юбiлей. 22 студзеня 1919 года на старонках газеты «Звязда» была размешчана першая публiчная аб'ява аб пачатку дзейнасцi Камiсарыята замежных спраў ССРБ. Невялiчкая нататка, усяго пяць радкоў (i нават не на першай старонцы), абвясцiла аб заснаваннi аднаго з самых важных ведамстваў краiны. Сiмвалiчна, што дыпламатычная служба -- равеснiца Беларускай Савецкай Сацыялiстычнай Рэспублiкi, якая стала падмуркам сучаснай дзяржавы Рэспублiкi Беларусь. З таго часу наша краiна прайшла шмат цяжкiх выпрабаванняў на шляху да суверэнiтэту, да права праводзiць незалежную знешнюю палiтыку. Пра 100-гадовы шлях i сённяшнi дзень Мiнiстэрства замежных спраў -- эксклюзiўнае iнтэрв'ю з кiраўнiком знешнепалiтычнага ведамства Уладзiмiрам Макеем.


— Міністэрства замежных спраў Беларусі было заснавана ў савецкі час, і большую частку сваёй гісторыі праводзіла ў жыццё знешнюю палітыку СССР. Што ў сваёй рабоце ведамства атрымала ў спадчыну з таго перыяду і наколькі складана было выбудаваць МЗС незалежнай Беларусі?

– Скажу адразу — мноства няпростых задач, вырашаць якія на пачатковым этапе прыходзілася вельмі нешматлікім колам супрацоўнікаў, а па многіх пытаннях і без адпаведнага вопыту.

Але давайце пачнём з гісторыі. Вытокі сучаснай беларускай дыпламатычнай службы прыходзяцца на 1917—1919 гады і звязаны са стварэннем Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі Беларусі. Заснаваны ў студзені 1919 года Камісарыят па замежных справах узначаліў член часовага ўрада Усевалад Сцяпанавіч Фальскі. Сімвалічна, што інфармацыя аб пачатку дзейнасці Камісарыята была апублікавана 22 студзеня 1919 года менавіта ў газеце «Звязда». На той час у ведамстве працавалі 12 чалавек.

Камісарыят па замежных справах ССРБ, Міністэрства замежных спраў БССР былі папярэднікамі МЗС незалежнай Рэспублікі Беларусь.

Варта адзначыць, што ў савецкі час сфера міжнароднай дзейнасці БССР у параўнанні з іншымі саюзнымі рэспублікамі, за выключэннем Украінскай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі, была даволі шырокай. Скажу больш — былі пытанні ў межах шматбаковай дыпламатыі, за якія ў саюзным маштабе адказвала менавіта беларуская дыпламатычная служба.

БССР абіралася непастаянным членам Савета Бяспекі ААН і была ініцыятарам шэрагу рэзалюцый Генасамблеі ААН у сферы міжнароднай бяспекі і раззбраення. Прадстаўнікі рэспублікі прымалі актыўны ўдзел у рабоце больш чым паўсотні міжнародных арганізацый і органаў сістэмы ААН. Беларускія дыпламаты займалі, напрыклад, адказныя пасады памочніка старшыні Міжнароднай Арганізацыі Працы, намесніка старшыні сесіі Генеральнай Асамблеі ААН, шэрагу канферэнцый Міжнароднай Арганізацыі Працы, пасады старшыні, намеснікаў старшыні, дакладчыкаў камітэтаў Генеральнай Асамблеі і органаў сістэмы ААН.

Яшчэ ў дасаюзны перыяд БССР заключыла дзевяць шматбаковых і тры двухбаковыя дагаворы і пагадненні.

Такім чынам у савецкі час была закладзена аснова сучаснай беларускай дыпламатычнай школы. Як толькі Беларусь рэалізавала сваё права на незалежнасць, сталі выкрышталізоўвацца міжнародныя прыярытэты суверэннай дзяржавы. Адначасова ўдакладняліся задачы нацыянальнай дыпламатычнай службы. На гэтым этапе прыярытэтамі былі дагаворна-прававое афармленне межаў і ўсталяванне дыпламатычных адносін з замежнымі дзяржавамі.

З 1991-га да 1994 года Беларусь заключыла звыш паўтысячы двухбаковых міжнародных дагавораў.

А ў цяперашні час наша краіна з'яўляецца паўнапраўным удзельнікам каля чатырох тысяч міжнародных дагавораў і іншых міжнародна-прававых дакументаў. («Звязда»: Для параўнання, у канцы 1990 года — 203 міжнародна-прававыя акты, пяць двухбаковых дагавораў і пагадненняў.)

Гэтым, безумоўна, работа МЗС не абмяжоўвалася. Надзвычай актуальнай у тыя гады была задача ўмацавання мер даверу ў ваенна-палітычнай сферы. Акрамя гэтага, важна было прыцягнуць увагу міжнароднай супольнасці да вырашэння праблем пераадолення наступстваў аварыі на Чарнобыльскай АЭС. Было і шмат іншых задач, якія вызначалі спецыфіку знешнепалітычнай актыўнасці Беларусі.

Аднак свет мяняецца, разам з ім мяняецца і краіна, і наша дыпламатыя. Дзейнасць МЗС — не застылы працэс. Сёння Беларусь ведаюць у рэгіёне і за яго межамі як ініцыятара аб'ядноўваючых ідэй і інтэграцыйных працэсаў, пляцоўку для перагавораў па пытаннях рэгіянальнага і глабальнага парадку дня. Наша краіна па праве мае статус адной з апор бяспекі на Еўрапейскім кантыненце.

Гэта — натуральны вынік ажыццяўлення знешнепалітычнага курсу, вызначанага кіраўніком нашай дзяржавы. Галоўная задача Міністэрства замежных спраў, дыпламатычных прадстаўніцтваў Беларусі за мяжой — разам з іншымі дзяржаўнымі ўстановамі максімальна эфектыўна праводзіць гэты курс. Умацоўваць міжнародны імідж Беларусі, прасоўваць за мяжой палітычныя і эканамічныя інтарэсы беларускай дзяржавы, абараняць правы нашых грамадзян.

— Сёння задача дыверсіфікацыі экспарту ўскладаецца і на дыпламатычныя ведамствы. Што тут канкрэтна можа зрабіць пасол, і пры якіх умовах яго місія будзе больш паспяховай? Увогуле, такая вага эканамічных пытанняў у рабоце палітычнага ведамства — асаблівасць нашага часу або нашай краіны?

– Як вядома, Прэзідэнт Беларусі вызначыў першачарговыя задачы для Міністэрства замежных спраў і замежных устаноў — нарошчванне аб'ёмаў экспарту і яго дыверсіфікацыя. Гандлёва-эканамічная дзейнасць займае прыярытэтнае месца ў нашай рабоце, пасольствы жорстка сарыентаваны на выкананне комплексных задач у гэтай сферы.

Гэта лагічны і мудры падыход. Відавочна, што з улікам прамысловага, сельскагаспадарчага і навуковага патэнцыялу Беларусі, асаблівасцяў нацыянальнай эканомікі, у першую чаргу — стабільна высокай долі экспарту прадукцыі («Звязда»: Экспартная квота —суадносіны аб'ёмаў экспарту да ВУП — дасягае 65 %), выхад на замежныя рынкі — гэта кісларод для нашай гаспадаркі. Гэта забеспячэнне бесперабойнай і прыбытковай работы прадпрыемстваў, а значыць, рабочых месцаў і высокага ўзроўню жыцця людзей. Гэта магчымасць зарабіць валюту для краіны, для далейшага развіцця і мадэрнізацыі прадпрыемстваў з тым, каб беларуская прадукцыя адпавядала сусветным стандартам якасці, бяспекі, экалагічнасці і гэтак далей.

Таму, адказваючы на ваша пытанне, прыярытэт «эканамічнай дыпламатыі» ў працы МЗС — гэта натуральна для нашай краіны, і гэтага патрабуе час.

Такі падыход сябе цалкам апраўдвае. У апошнія гады якасна павысіліся эфектыўнасць і скаардынаванасць комплексных намаганняў урада, беларускіх вытворцаў і экспарцёраў, банкаўскага сектара па прасоўванні нацыянальных эканамічных інтарэсаў за мяжой. Так, напрыклад, экспарт тавараў за 11 месяцаў 2018 года вырас на 16,5 % і склаў 30,8 мільярда долараў ЗША. («Звязда»: У вартасным выражэнні прырост экспарту склаў 4,4 мільярда долараў ЗША, у тым ліку за кошт прадукцыі машынабудавання і іншых тавараў з высокай дабаўленай вартасцю. У студзені — верасні 2018 года ў краіну прыцягнута 7,7 мільярда долараў ЗША (рост 115,3 %) замежных інвестыцый, з іх прамых інвестыцый на чыстай аснове — паўтара мільярда долараў ЗША, што ў паўтара раза перавышае аб'ёмы аналагічнага перыяду 2017 года).

Каментарый у тэму

— МЗС — наш галоўны памочнік у рабоце з іншымі краінамі, бо мы пастаўляем сваю прадукцыю ў складаныя для экспарту рэгіёны, — расказаў «Звяздзе» начальнік упраўлення знешнеэканамічных сувязяў па экспарце Адкрытага акцыянернага таварыства «МАЗ — кіруючая кампанія холдынга «БЕЛАЎТАМАЗ» Аляксандр АТРОШЧЫК. — Без садзейнічання беларускіх пасольстваў было б вельмі і вельмі цяжка. Адзін з самых яркіх прыкладаў — В'етнам. Менавіта дзякуючы дыпламатам было падрыхтавана міжурадавае пагадненне аб падтрымцы маторных транспартных сродкаў, якое заключана ў рамках пагаднення аб зоне свабоднага гандлю В'етнама і ЕАЭС. Мы паспяхова прасоўваемся і ўжо стварылі сумеснае прадпрыемства, якое называецца «МАЗ-Азія», для бяспошліннай пастаўкі туды аўтатэхнікі па выдзеленай нам квоце. У 2018 годзе былі зроблены першыя пастаўкі, зараз вядзецца наладка абсталявання ў новым зборачным корпусе, узгадняецца вытворчы план на 2019 год, калі будзем збіраць тэхніку з машынакамплектаў. Наступны этап — 40-працэнтная лакалізацыя, што дазволіць пастаўляць бяспошлінна тэхніку ў краіны ACEAH, а гэта 10 краін Паўднёва-Усходняй Азіі. Мы бачым у гэтым вялікія перспектывы.

Актыўна працуем з беларускім пасольствам у Сірыі. Пастаўлялі тэхніку ў гэту краіну таксама ў рамках гуманітарнай дапамогі ад урада Беларусі.

Даўно супрацоўнічаем з Кубай і Венесуэлай. У апошняй маем сваю зборачную вытворчасць. Падтрымліваць сувязь на такой адлегласці без дапамогі беларускага пасольства было б немагчыма.

На пачатку 2018 года адкрылі зборачную вытворчасць у Егіпце, дзе, таксама дзякуючы пасольству, сталі вяртаць раней страчаныя пазіцыі.

Асабліва варта адзначыць наша супрацоўніцтва з беларускім пасольствам у Сербіі. Там ужо некалькі гадоў паспяхова працуе наш завод па зборцы пасажырскай тэхнікі.

Вельмі цікавая тэма — развіццё новых рынкаў. З дапамогай пасольства Беларусі ў Нью-Дэлі знайшлі кліента ў Індыі, на рынку якой самым буйным гульцом з'яўляецца такі гігант, як Tata Motors. Там зараз праходзяць выпрабаванні нашы седлавыя цягачы. Ацэнкі добрыя, і мы спадзяёмся пачаць пастаўкі ў гэтую далёкую краіну.

Вельмі плённа працуем з беларускай місіяй у Пакістане. Ужо паставілі ў гэты рэгіён партыю машын, там выпрабоўваецца наша тэхніка двайнога прызначэння. Нядаўна МАЗ наведаў старшыня Аб'яднанага камітэта начальнікаў штабоў Узброеных Сіл Пакістана Зубайр Махмуд Хаят.

З дапамогай МЗС адкрываем новыя рынкі ў Афрыканскім рэгіёне. Дзякуючы нашым дыпламатам маем сувязі з Эфіопіяй, куды паставілі вялікую партыю машын і з якой заключылі новы кантракт.

Цягам апошняга года разам з Міністэрствам замежных спраў нашай краіны актыўна працуем з арабскім рэгіёнам, які лічым перспектыўным. З дапамогай пасольства ў Аб'яднаных Арабскіх Эміратах плануем правесці вялікі маркетынгавы аналіз гэтага рынку.

Больш за тое, нашым вопытам эканамічнай дыпламатыі актыўна карыстаюцца іншыя дзяржавы.

Пасол у гэтай схеме — адзін з цэнтральных элементаў. Ён працуе на месцы, наладжвае супрацоўніцтва з урадамі і бізнес-коламі. Менавіта пасол з'яўляецца правадніком нашых эканамічных інтарэсаў. Як сказаў кіраўнік дзяржавы, калі патрэбна, пасол павінен узяць беларускага экспарцёра за руку і прывесці яго на замежны рынак, скарыстаўшыся сваімі сувязямі і задзейнічаўшы неабходны адміністрацыйны рэсурс.

Іншымі словамі, задача паслоў і супрацоўнікаў замежных устаноў — акрамя развіцця палітычных адносін, знаходзіць у краінах акрэдытацыі новыя магчымасці для гандлёвага, эканамічнага і інвестыцыйнага супрацоўніцтва. Прычым не толькі знаходзіць, а часам фактычна ствараць, старанна прапрацоўваць, даводзіць да канкрэтных дамоўленасцяў, адсочваць рэалізацыю сумесных праектаў. Таму пасольствы, як кажуць, павінны трымаць руку на пульсе і аператыўна падключацца да вырашэння праблемных пытанняў.

Каментарый у тэму

— Шматгадовае ўзаемадзеянне Міністэрства замежных спраў і Беларускай гандлёва-прамысловай палаты, членамі якой з'яўляюцца больш за 2200 кампаній ад малога бізнесу да найбуйнешых прадпрыемстваў і холдынгаў, — прыклад дзяржаўна-прыватнага партнёрства ў сферы развіцця айчыннага экспарту,— расказаў «Звяздзе» Уладзімір УЛАХОВІЧ, старшыня Беларускай гандлёва-прамысловай палаты (БелГПП). — Безумоўна, Міністэрства замежных спраў — ключавы каардынацыйны орган у знешнеэканамічнай дзейнасці нашай краіны. Пры гэтым БелГПП бачыць сваю місію, каб рабіць усё, што ад яе залежыць, у практычнай сферы пашырэння беларускага экспарту. З 860 знешнеэканамічных мерапрыемстваў, якія мы правялі летась, 70 былі ініцыятыўныя праекты і прапановы ад нашых пасольстваў за мяжой. Яшчэ каля 200 мерапрыемстваў прайшло пры актыўнай падтрымцы нашых дыпмісій. Асабліва каштоўна, што пры падтрымцы МЗС мы спрабуем вывесці айчынныя прадпрыемствы на рынкі тых краін, дзе няма беларускіх дыппрадстаўніцтваў.

Сярод найбольш выбітных мерапрыемстваў з МЗС трэба адзначыць афіцыйныя візіты кіраўніка дзяржавы за мяжу, у рамках якіх, як правіла, мы разам з пасольствамі рыхтуем бізнес-форумы і выстаўкі. У мінулым годзе так было ў Грузіі, Малдове, Таджыкістане, Узбекістане. Напрыклад, у рамках візіту Прэзідэнта ў Душанбэ мы праводзілі таджыкска-беларускі бізнэс-форум з удзелам дзелавых колаў Афганістана, Пакістана і Узбекістана. У 2017 годзе на нашых агульных з МЗС бізнес-форумах беларускія кампаніі падпісалі кантракты амаль на 100 мільёнаў долараў.

Разам з МЗС мы паспяхова ажыццявілі новы ўнікальны фармат дзелавога супрацоўніцтва: B2D — busіness to dіplomats. Гэта перагаворы кіраўнікоў дыпламатычных прадстаўніцтваў за мяжой з нашымі прадпрыемствамі — членамі БелГПП. Летась у такіх мерапрыемствах прыняло ўдзел звыш 300 беларускіх прадпрыемстваў. Прамы дыялог з дыпламатамі дапамагае кампаніям зразумець, як выходзіць на пэўны рынак, азнаёміцца з эканамічнай сітуацыяй у іншых краінах, вырашыць пытанні збыту беларускай прадукцыі за мяжу.

Мы рухаемся пад адзіным дэвізам: «Паспяховы бізнес. Моцная краіна».

— Ці можна сказаць, што не менш за экспарт важныя для супрацоўніцтва і іншыя сферы: адукацыя, культура, навука?

– Сапраўды. Бо міжнароднае супрацоўніцтва не абмяжоўваецца палітыкай і эканомікай. Сапраўдныя сяброўскія адносіны паміж краінамі — гэта не толькі палітычныя кантакты або гандаль, які б выгадны ён ні быў. Культурныя, адукацыйныя і навуковыя сувязі збліжаюць народы і палягчаюць узаемаразуменне. Што ж датычыцца тэмы экспарту, то яна непасрэдна звязана і з адукацыяй, і з навукай, і з культурай. І гэта не толькі экспарт адукацыйных паслуг або прыцягненне замежных турыстаў.

Беларусь, напрыклад, актыўна ўдзельнічае ў міжнародным навукова-тэхнічным супрацоўніцтве з замежнымі краінамі. З 46 краінамі свету мы маем адпаведныя міжнародныя дагаворы, працуюць сумесныя міжурадавыя камісіі па навукова-тэхнічным супрацоўніцтве. Летась рэалізаваны 85 сумесных навукова-тэхнічных праектаў, геаграфія якіх распасціраецца ад Літвы і Украіны да Кітая, Індыі і В'етнама. Дэманстрацыя на міжнародных выстаўках беларускіх навукова-тэхнічных і інавацыйных распрацовак спрыяе ўсталяванню кантактаў паміж навукоўцамі, з'яўленню новых сумесных праектаў, прыцягненню інвестыцый у высокатэхналагічныя вытворчасці.

Каментарый у тэму

— Беларусь ніколі не была культурнай пустэчай, — сцвярджае Уладзімір ШЧАСНЫ. Былы Пасол па асобых даручэннях, старшыня Нацыянальнай камісіі па справах ЮНЕСКА (2001—2013 гг.), пошукам і вяртаннем гістарычных і культурных каштоўнасцяў ён займаўся падчас сваёй службы ў МЗС і сёння не пакідае працу па захаванні культурнай спадчыны. Не шмат хто ведае, што многія нашы пасольствы за мяжой працуюць над пошукамі багацця Беларусі і садзейнічаюць яго вяртанню на радзіму.

Карціна М. Кікоіна ў Нацыянальным мастацкім музеі. Фота Андрэя Сазонава

МЗС пачало гэту работу ў 2009 годзе па ініцыятыве тагачаснага міністра Сяргея Мартынава. Пры Савеце Міністраў была створана Камісія па выяўленні, вяртанні, сумесным выкарыстанні і ўвядзенні ў навуковы і культурны ўжытак культурных каштоўнасцяў. Яе ўзначальваюць намеснік міністра замежных спраў і намеснік міністра культуры.

Камісія, у прыватнасці, садзейнічае стварэнню адпаведнай базы даных. Вярнуць на радзіму карціны ці архівы выдатных беларусаў з музейных фондаў іншых краін немагчыма, таму значная ўвага аддаецца сумеснаму выкарыстанню агульнай культурнай спадчыны. Яе элементы знаходзяцца не толькі ў краінах-суседках (Расіі, Украіне, Польшчы), але і далей на захад — Швецыі, Вялікабрытаніі, ЗША.

Крыніцамі набыцця каштоўнасцяў з'яўляюцца сусветна вядомыя аўкцыёны «Сотбіс»,»Крысціс», «Дуглас», дзе артэфакты праходзяць дасканалую верыфікацыю.

Больш надзейнай і таннейшай практыкай вяртання спадчыны з'яўляецца выраб копій.

— Напрыклад, у электронным выглядзе вярталі архіў Міхала Клеафаса Агінскага, які знаходзіцца ў Маскве ў Расійскім дзяржаўным архіве старажытных актаў. Патрабаваць вярнуць арыгіналы было немагчыма, бо архіў пасля смерці Міхала Клеафаса быў добраахвотна перададзены ў Маскву яго сынам, — расказаў Уладзімір Шчасны.

Дыпламаты, якія нясуць службу за мяжой, вывучаюць калекцыі музеяў, выставак, аўкцыёнаў, антыкварных магазінаў, дзе могуць убачыць рэчы, якія з'яўляюцца каштоўнасцю для Беларусі. І калі аб'ект насамрэч уяўляе цікавасць, праводзяцца перагаворы з уладальнікамі.

— Я сам некалі ў Львове набыў прыжыццёвае выданне Уладзіслава Сыракомлі за адзін долар, таму што ва Украіне ён невядомы аўтар. Існуе такая практыка, што з музейных фондаў ніхто экспанаты не перадае, нават на абмен. Калі рэч знаходзіцца ў антыкварных магазінах, прыватных калекцыях, выстаўлена на аўкцыён, магчыма весці размову аб тым, як гэта вярнуць, — падзяліўся дыпламат. — Трэба шукаць спонсараў. Добры прыклад такога мецэнацтва — дзейнасць «Белгазпрамбанка». Пачалася работа з набыцця палотнаў мастакоў Парыжскай школы, якія нарадзіліся ў Беларусі. Яны з'яўляюцца аўтарамі 80 артэфактаў у калекцыі банка, якая ўключае больш за
120 работ сусветна вядомых мастакоў родам з Беларусі.

Актыўна працуюць над вяртаннем на радзіму работ выдатных мастакоў ХХ стагоддзя пасольства Беларусі ў Швейцарыі і ганаровы консул Беларусі ў Швейцарыі. Напрыклад, пры фінансавай падтрымцы ганаровага консула Беларусі ў Лазане Андрэя Нажэскіна ў калекцыі Нацыянальнага мастацкага музея з'явіліся палотны Восіпа Любіча, а карціны Надзеі Хадасевіч-Лежэ і Міхаіла Кікоіна — дзякуючы захадам часовага паверанага ў справах Беларусі ў Швейцарыі Паўла Мацукевіча.

Шмат артэфактаў захоўваюць нашчадкі знакамітых беларускіх родаў, многія з іх раз'ехаліся па ўсім свеце.

— У свой час я сустрэўся са сваячкай Каруся Каганца Іялантай Маджарскай, якая перадала на захаванне сямейны архіў, — расказвае Уладзімір Шчасны. — У Лондане адбылося знаёмства з Марыяй Святаполк-Мірскай, прадстаўніцай роду, які валодаў Мірскім замкам да 1939 года. Яна таксама падаравала сямейны архіў. Пры садзейнічанні нашай Нацыянальнай камісіі па справах ЮНЕСКА была створана электронная бібліятэка Юзафа Крашэўскага. Пісьменнік, жыццё якога звязана з Беларуссю, вядомы як самы плённы аўтар, які пісаў гусіным пяром. Ён стварыў амаль 90 гістарычных раманаў.

Наперадзе яшчэ вялікая праца па пошуку не толькі твораў вядомых беларусаў, але і саміх імёнаў. Адносна нядаўна грамадскасць нашай краіны даведалася пра шэраг мастакоў легендарнага аб'яднання «Свет мастацтва», якія маюць беларускія карані. Вартая ўвагі дзейнасць Пецярбургскай Акадэміі мастацтваў, многія выпускнікі і выкладчыкі якой былі з Беларусі.

— Мастакі, народжаныя на беларускіх землях (Шагал, Суцін, Цадкін, Бакст), актыўна ўдзельнічалі ў міжнародным культурным узаемадзеянні, аказвалі значны ўплыў на еўрапейскае мастацтва, выратоўваючы яго ад саладжавасці, трывіяльнасці, залішняга акадэмізму шляхам далучэння да тагачасных мадэрнісцкіх плыняў, — разважае Уладзімір Шчасны і дадае: — Вывучэнне творчасці сусветна вядомых землякоў, набыццё і прэзентацыя іх работ на радзіме дапаможа нам на роўных удзельнічаць у працэсе развіцця сусветнай культуры.

Паспяхова развіваецца міжнароднае супрацоўніцтва ў галіне адукацыі. Беларусь падпісала і выконвае міжурадавыя пагадненні з больш чым 105 замежнымі краінамі. Гэта не толькі абмен вопытам, але ў тым ліку і экспарт адукацыйных паслуг.

Важны кірунак міжнароднай дзейнасці ў гуманітарнай галіне — супрацоўніцтва з ЮНЕСКА, якое мае як палітычнае, так і практычнае значэнне для нашай краіны. У палітычным плане ЮНЕСКА выступае ў ролі трыбуны для прапаганды дасягненняў беларускай навукі, культуры, адукацыі. Гэта, безумоўна, садзейнічае ўмацаванню станоўчага іміджу Беларусі на міжнароднай арэне. У практычным плане такое супрацоўніцтва адкрывае перад установамі навукі, культуры і адукацыі нашай краіны магчымасці ўдзелу ў міжнародных інтэлектуальных абменах для прыцягнення міжнароднага вопыту, інфармацыйных матэрыялаў, экспертнай, тэхнічнай і іншай дапамогі.

Трэба адзначыць, што Беларусь абрана ў кіруючы орган арганізацыі — Выканаўчую раду ЮНЕСКА на перыяд 2017—2021 гадоў. Пераканаўчая перамога нашай краіны на гэтых выбарах з'яўляецца адлюстраваннем яе аўтарытэту на міжнароднай арэне. ЮНЕСКА высока ацэньвае заслугі Беларусі ў галіне захавання і развіцця нацыянальнага патэнцыялу ў адукацыі, навуцы і культуры. Удзел у рабоце Выканаўчай рады дае нам магчымасць уплываць на фарміраванне палітыкі арганізацыі і прасоўваць свае інтарэсы.

— Беларусь працягвае руку многім краінам, якія апынуліся ў цяжкім становішчы з-за прыродных катастроф або ваенных дзеянняў. Якая роля МЗС у ажыццяўленні такой дапамогі? Ці існуюць пэўныя крытэрыі пры выбары краін, якім будзе прапанавана садзейнічанне?

– Прытрымліваючыся прынцыпу салідарнасці, мы заўсёды гатовы аказаць пасільную дапамогу замежным сябрам і партнёрам, якія апынуліся ў складанай сітуацыі. У гэтай справе МЗС традыцыйна супрацоўнічае з калегамі з іншых ведамстваў, перш за ўсё з Міністэрствам па надзвычайных сітуацыях.

Каментарый у тэму

Міністэрства па надзвычайных сітуацыях у сучасным выглядзе створана 19 студзеня 1999 года. За гэты час здзейснена больш за 60 гуманітарных місій у 25 краін свету.

— Практычна ў кожнай з гэтых місій мы ўзаемадзейнічалі з Міністэрствам замежных спраў, — расказвае афіцыйны прадстаўнік Міністэрства па надзвычайных сітуацыях Віталь НАВІЦКІ.

Адпраўка гуманітарнай дапамогі ў Сірыю. Фота БелТА

Міністэрства замежных спраў дапамагае прайсці ўсе міждзяржаўныя працэдуры і кантактуе з пацярпелым бокам. Да паступлення запыту ад краіны вядуцца перагаворы наконт таго, у чым яна мае патрэбу. Потым гэты запыт прыходзіць па дыпламатычных каналах і супастаўляецца з нашымі магчымасцямі. Беларусь непасрэдна вырашае, што гэта будзе за груз, і з дапамогай МЗС інфармуе аб тым краіну, у якую ён будзе дастаўляцца.

Само аказанне дапамогі практычна заўсёды праходзіць пры падтрымцы беларускіх дыпламатаў — як з цэнтральнага апарату МЗС (дзе вырашаюцца арганізацыйныя пытанні), так і пасольстваў, консульстваў, калі яны ёсць, на тэрыторыі краіны, куды дастаўляецца гуманітарная дапамога.

У апошнія гады беларускія паслы самі прымаюць удзел у працэдуры перадачы дапамогі. Так было і ў Сірыі, і ў Эквадоры, і ва Украіне, і ў В'етнаме. У гэтыя дзяржавы адпраўлены апошнія канвоі дапамогі.

Эквадор — самы далёкі пункт, дзе мы аказвалі дапамогу. Там з-за землятрусу былі маштабныя разбурэнні. Без дапамогі МЗС не абысціся і таму, што ёсць асаблівасці ў дастаўцы грузаў у пэўную краіну. Па словах прадстаўніка МНС, узніклі пытанні з афармленнем грузаў пры іх перавозцы ва Украіне, калі ён ішоў у Данецкую і Луганскую вобласці. Былі патрабаванні ў Міжнароднага камітэта Чырвонага Крыжа, якому гэта дапамога перадавалася на тэрыторыі Украіны. У вырашэнні гэтага пытання садзейнічаў пасол Беларусі.

— Асаблівасць адносін сірыйскай улады да гуманітарнай дапамогі ў тым, што яе ніколі не адпраўляюць на склад. Яна адразу выдаецца тым, хто мае патрэбу, — каму і куды вырашаецца ва ўзаемадзеянні з пасольствам. Я два разы прымаў удзел у гэтых місіях. Мы на самалёце прылятаем, груз размяркоўваецца па машынах, і яны адразу едуць у мячэць, бальніцу. І мы самі перадавалі дапамогу людзям. За тым, каб гэта было хутка і лёгка, і стаіць вялікая праца дыпламатаў, — расказаў Віталь Навіцкі.

Звычайна дастаўка грузаў у Сірыю займае 28—30 дзён. І магчыма, у гэты час у адзін з сірыйскіх партоў прыбыў (або прыбудзе ў найбліжэйшыя дні) чацвёрты гуманітарны груз, які быў сфарміраваны і адпраўлены з Беларусі ў канцы снежня. І, як заўсёды, пры яго разгрузцы і перадачы супрацоўнікі МНС разлічваюць на дапамогу беларускага пасольства.

Толькі ў апошнія гады па рашэнні Прэзідэнта Беларусі былі рэалізаваны гуманітарныя праекты ў шэрагу краін свету, сярод якіх В'етнам, Грузія, Малдова, Украіна, Эквадор.

Варта адзначыць, што мы імкнёмся аказаць дапамогу ўсім, хто да нас звяртаецца. Відавочна, што буйным прыродным ці тэхнагенным катастрофам можна супрацьстаяць толькі разам. Салідарная пазіцыя Беларусі заўсёды выклікае падзяку.

Напрыклад, мінулае лета, як вы памятаеце, было сухім і спякотным. Ад гэтага пакутавалі не толькі мы, але і краіны Балтыі і Скандынавіі. У Швецыі і Латвіі распачаліся буйныя лясныя пажары. Улічваючы, што на тушэнне пажараў сваімі сіламі Латвіі спатрэбіцца шмат часу, афіцыйная Рыга па дыпламатычных каналах звярнулася да нас па дапамогу. Безумоўна, мы аператыўна адрэагавалі, і верталёт беларускага МНС прымаў удзел у тушэнні пажараў. Што датычыцца Швецыі, то мы праз пасольства ў Стакгольме прапанавалі дапамагчы ў тушэнні пажараў і там, за што шведскі прэм'ер шчыра падзякаваў.

З гэтых прыкладаў бачна, што мы гатовы дапамагчы ўсім, каму патрэбна падтрымка ў складаны час.

Мы прыходзім на дапамогу не толькі з-за прыродных катастроф. Беларусь не можа заставацца абыякавай да цяжкай гуманітарнай абстаноўкі ў Сірыі з-за працяглага ўзброенага канфлікту.

У 2015—2018 гадах сірыйскаму боку былі перададзены тры партыі гуманітарнай дапамогі — прадукты харчавання, лекі, дзіцячая вопратка і абутак. Як вы ведаеце, менавіта ў гэты час ажыццяўляецца чарговая акцыя па адпраўцы гуманітарнага грузу з Беларусі ў Сірыю. Міністэрства замежных спраў, пасольства Беларусі ў Дамаску аказваюць МНС неабходнае садзейнічанне ў фарміраванні і дастаўцы гэтых гуманітарных грузаў.

Беларусь штогод ажыццяўляе гуманітарныя акцыі па арганізацыі адпачынку і аздараўлення дзяцей з краін, якія пацярпелі ад ваенных дзеянняў ці прыродных катастроф. У нас ужо праходзілі аздараўленне дзеці з Сірыі, Японіі, Кітая, і гэтую практыку плануецца працягнуць. МЗС і пасольствы актыўна ўзаемадзейнічаюць у гэтым кірунку з Міністэрствам адукацыі.

Каментарый у тэму

Сапраўдным беларускім «Артэкам» празвалі дзіцячы адукацыйна-аздараўленчы цэнтр «Зубраня», які размясціўся на маляўнічым беразе Нарачы. За два апошнія гады яго наведалі 3500 хлопцаў і дзяўчат з 16 краін свету. Пазнаёміцца з «Зубранём» яны змаглі пры непасрэднай дапамозе беларускіх пасольстваў і дыпламатаў.

На працягу сямі гадоў цэнтр запрашае паправіць здароўе дзяцей з Японіі, якія пацярпелі ад аварыі на станцыі «Фукусіма». Кожны год у нашу краіну прыязджае каля 120 хлопцаў і дзяўчат. Ініцыятарам праекта выступіў былы пасол Беларусі ў Японіі Сяргей Рахманаў. Сёння гэту справу працягвае кіраўнік пасольства Руслан Есін.

Усе арганізацыйныя пытанні па адпачынку, у першую чаргу, вырашае дыпламатычнае прадстаўніцтва. Асабіста займаўся падрыхтоўкай аздараўлення дзяцей з палаючага рэгіёна былы пасол у Сірыйскай Арабскай Рэспубліцы Аляксандр Панамароў. Летась да нас прыехалі
500 сірыйскіх дзяцей. Арганізаваць візіт, які, на думку многіх юнакоў і дзяўчат, стаў найлепшай падзеяй, што адбылася за апошні час у іх жыцці, было складана. «У краіне, дзе ідуць ваенныя дзеянні, цяжка сабраць дзяцей, забяспечыць пералёт. Яны ляцелі праз Бейрут, — расказвае Надзея АНУФРЫЕВА, дырэктар цэнтра «Зубраня». — У студзені 2018 года праводзілася змена «Інтэлект.Творчасць. Спорт», калі сірыйскія і беларускія дзеці ўдзельнічалі ў алімпіядах па разнастайных навуках, і ў музычных, балетных, вакальных, спартыўных спаборніцтвах. Атрымалася не толькі аздараўленчая праграма, але і адукацыйная».

Таксама супрацоўнічае з беларускім «Артэкам» пасольства нашай краіны ў Туркменістане і яго кіраўнік Алег Табанюхаў. Тры гады ў лагер прыязджаюць дзеці са школы імя А. С. Пушкіна, што ў Ашгабаце. Тут карысць яны атрымліваюць у квадраце — удасканальваюць і рускую мову, і здароўе. Пастаянна пры непасрэдным удзеле пасольства выдзяляецца квота на наведванне цэнтра дзецям з беларускамоўнай гімназіі ў Вільнюсе. Працуе лагер і над супрацоўніцтвам з Кітаем. Налета, па планах, наведаюць Мядзельшчыну больш за 100 дзяцей з Паднябеснай.

Такое міжкультурнае ўзаемадзеянне, арганізаванае пры дапамозе дыпламатаў, не толькі дае магчымасць замежным гасцям паправіць здароўе і пазнаёміцца з Беларуссю, але і ўзбагачае айчынную моладзь. Падчас сумесных змен падрастаючае пакаленне беларусаў развівае крос-культурныя камунікацыйныя веды і практыкуе замежныя мовы.

— Нядаўна вы параўналі службу дыпламатаў з ваеннай, бо яны «вядуць баталіі на палітычнай, эканамічнай і гуманітарнай міжнародных пляцоўках». Якім чынам сёння МЗС супрацоўнічае з ведамствамі, якія непасрэдна адказваюць за бяспеку нашай краіны?

– Палітычныя, ваенныя і іншыя аспекты нацыянальнай, рэгіянальнай і міжнароднай бяспекі звязаны паміж сабой. У забеспячэнне бяспекі ўцягнутыя ўсе дзяржаўныя органы. Таму для МЗС цеснае ўзаемадзеянне з міністэрствамі і ведамствамі так званага сілавога блока, але і не толькі з імі — неад'емны элемент штодзённай дзейнасці. Па ўсіх пытаннях, якія закранаюць нацыянальную і міжнародную бяспеку, мы працуем у цеснай звязцы.

Вы ведаеце прымаўку, што пакуль не пачалі гаварыць гарматы, слова належыць дыпламатам, і я б дадаў, што, калі пачалі гаварыць, то дыпламаты абавязаны працаваць разам з Міністэрствам абароны. Так, сумесна з гэтым ведамствам мы вырашаем задачы па выкананні нацыянальных абавязацельстваў па міжнародных дагаворах і пагадненнях у галіне кантролю над узбраеннямі і раззбраення, напрыклад, па Дагаворы аб звычайных узброеных сілах у Еўропе. («Звязда»: У гэтай галіне Беларусь таксама выконвае абавязацельствы па Дагаворы па адкрытым небе, Венскім дакуменце 2011 года аб мерах умацавання даверу і бяспекі, Канвенцыі аб забароне супрацьпяхотных мін і шэрагу іншых). Добрым прыкладам нашага супрацоўніцтва стала поўнае знішчэнне ў Беларусі супрацьпяхотных мін у рамках адпаведнай Канвенцыі.

Мы аказваем садзейнічанне ў пашырэнні штату ваенных дыпламатаў Беларусі. У прыватнасці, па дыпламатычных каналах праводзім працэдуру ўзгаднення з замежнымі краінамі прызначэння адпаведных прадстаўнікоў пры нашых замежных установах.

МЗС па дыпламатычных каналах узгадняе палёты паветраных суднаў Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь праз тэрыторыю замежных дзяржаў і, наадварот, у рамках выканання рэйсаў ваеннага паветранага транспарту іншых краін праз беларускую тэрыторыю.

А вось яшчэ адзін цікавы, на мой погляд, прыклад супрацоўніцтва. Летась сумесна з калегамі з Міністэрства абароны было арганізавана наведванне прадстаўнікамі замежнага дыпламатычнага корпуса 120-й асобнай гвардзейскай механізаванай брыгады Паўночна-Заходняга аператыўнага камандавання. Мерапрыемства дазволіла прадэманстраваць высокую арганізаванасць і абараназдольнасць нашых вайскоўцаў, а таксама гатоўнасць да ўзаемадзеяння па забеспячэнні стабільнасці ў рэгіёне. Замежныя дыпламаты асабліва падкрэслівалі адкрытасць беларускага боку ў ваеннай вобласці.

З Камітэтам дзяржаўнай бяспекі ўзаемадзейнічаем па пытаннях барацьбы з міжнародным тэрарызмам і выканання глабальных антытэрарыстычных канвенцый ААН.

Разам з Дзяржкамваенпрамам, КДБ, Дзяржаўным мытным камітэтам і шэрагам іншых ведамстваў прымаем неабходныя меры для недапушчэння распаўсюджвання матэрыялаў, тавараў і тэхналогій, якія могуць быць выкарыстаны для стварэння зброі масавага знішчэння.

Мы ўжо закраналі сёння тэму цеснага супрацоўніцтва з МНС у рамках акцый па дастаўцы гуманітарнай дапамогі з Беларусі замежным дзяржавам.

Па пытаннях міжнародна-прававога ўсталявання Дзяржаўнай мяжы МЗС шчыльна працуе з Дзяржаўным пагранічным камітэтам, Дзяржкаммаёмасці, Мінтрансам, Мінпрыроды, мясцовымі органамі ўлады. У гэтай справе пагранічнікі, дыпламаты, геадэзісты, картографы, іншыя спецыялісты — адзіная каманда.

Каментарый у тэму

Узважаную шматвектарную палітыку міжнароднага супрацоўніцтва ў рамках сваёй кампетэнцыі выбудоўвае Дзяржпагранкамітэт. Планамерная і паступальная работа ў гэтым кірунку праводзіцца ў цесным узаемадзеянні і пры падтрымцы МЗС, якое ў цэлым адказвае за знешнепалітычнае забеспячэнне пагранічнай бяспекі.

— Адным з кірункаў сумеснай з МЗС дзейнасці з'яўляецца дэлімітацыя і дэмаркацыя граніцы, дзе ў адпаведнасці з заканадаўствам Рэспублікі Беларусь Дзяржпагранкамітэт удзельнічае ва ўсталяванні Дзяржаўнай граніцы, а таксама выконвае задачы па праверцы праходжання і арганізацыі яе ўтрымання, — расказвае Раман ПОДЛІНЕЎ, начальнік упраўлення міжнароднага супрацоўніцтва Дзяржаўнага пагранічнага камітэта.

З 1992 да 1997 года пагранічнае ведамства разам з МЗС актыўна ўдзельнічала ў рабоце сумесных з іншымі дзяржавамі камісій па дэлімітацыі граніцы з Літоўскай Рэспублікай, Латвійскай Рэспублікай і Украінай.

Работа ў гэтым кірунку працягваецца і сёння. Так, у 2008 годзе завершана дэмаркацыя мяжы з Літвой, у 2009 годзе — з Латвіяй. Вядуцца работы па дэмаркацыі беларуска-ўкраінскага ўчастка граніцы, якія плануецца завяршыць да 2026 года.

Дзяржпагранкамітэт ва ўзаемадзеянні з МЗС удзельнічае ў распрацоўцы праектаў, звязаных з рэжымам Дзяржаўнай граніцы і супрацоўніцтвам па пагранічных пытаннях.

— З Расійскай Федэрацыяй нарматыўная прававая база налічвае больш за 20 дакументаў. Яны прадугледжваюць, што ва ўмовах адкрытасці мяжы паміж Рэспублікай Беларусь і Расійскай Федэрацыяй нашы дзяржавы будуць ажыццяўляць належныя меры на сваіх межах з трэцімі краінамі для бяспекі адзін аднаго і супрацоўнічаць у вырашэнні пагранічных пытанняў, — адзначае Раман Подлінеў.

Яшчэ адным важным кірункам сумеснай дзейнасці Дзяржпагранкамітэта і МЗС з'яўляецца прыцягненне міжнароднай тэхнічнай дапамогі для павышэння пагранічнай бяспекі. Асноўнымі донарамі выступаюць Еўрапейскі саюз, Міжнародная арганізацыя па міграцыі, ПРААН, УВКБ ААН, АБСЕ, а таксама Дзярждэпартамент і Міністэрства энергетыкі ЗША.

— У гэтым пытанні мы ўзаемадзейнічаем больш за 15 гадоў. За гэты час агульны аб'ём прыцягнутай дапамогі ў інтарэсах пагранічнага ведамства складае больш за 50 мільёнаў еўра. Пры гэтым, значны ўклад у прадстаўленне інтарэсаў пагранічнікаў уносяць замежныя ўстановы Рэспублікі Беларусь, — прыводзіць лічбу Раман Подлінеў.

Ведаеце, паслядоўная і адказная знешняя палітыка Беларусі, пра якую сёння добра вядома на міжнароднай арэне, — гэта вынік у тым ліку эфектыўнага міжведамаснага ўзаемадзеяння і сумеснай працы. Таму, карыстаючыся магчымасцю, хацеў бы падзякаваць калегам з іншых ведамстваў за плённае супрацоўніцтва з МЗС.

— Хто з былых ці сённяшніх дзеячаў на знешнепалітычнай сусветнай арэне з'яўляецца аўтарытэтам менавіта для вас?

– На шчасце, у маім асяроддзі нямала людзей, да якіх я адчуваю пачуццё глыбокай павагі і прызнання. Іх вылучаюць асаблівыя якасці — асабістыя і прафесійныя, якія мне імпануюць, якія імкнуся пераймаць і па меры магчымасці «рэтрансляваць».

Адукаванасць, сумленнасць, адказнасць і адданасць сваёй справе, чуласць і ўвага да людзей — вось толькі некаторыя з іх.

Хацеў бы адзначыць выдатных беларускіх дыпламатаў, якія ўнеслі неацэнны ўклад у станаўленне нацыянальнай дыпламатычнай службы і беларускай дзяржаўнасці. Асабіста для мяне яны з'яўляюцца прыкладамі мудрасці і дальнабачнасці, сапраўднага патрыятызму і адданасці Айчыне. У іх ліку перш за ўсё назаву Кузьму Венедзіктавіча Кісялёва, Анатоля Емяльянавіча Гурыновіча.

Гэты спіс можна працягваць. Галоўнае, што, на мой погляд, аб'ядноўвае гэтых людзей, — кожны з іх у свой час і на сваёй пасадзе спрыяў стварэнню трывалага знешнепалітычнага падмурка нашай краіны, умацаванню яе суверэнітэту, адстойваў нацыянальныя прыярытэты і садзейнічаў уваходжанню беларускай дзяржавы ў сусветную супольнасць у якасці паўнапраўнага члена. Не ў апошнюю чаргу дзякуючы ім Беларусь здолела заняць «свой пачэсны пасад між народамі», які сённяшні МЗС імкнецца актыўна захоўваць і ўмацоўваць.


Упершыню ў сваёй гісторыі супрацоўнікі МЗС будуць адзначаць Дзень дыпламатычнага работніка менавіта 22 студзеня. Той знакавы нумар «Звязды», дарэчы, знайшла ў архівах старшыня Клуба ветэранаў Міністэрства замежных спраў Зоя Калантай.

А ў кастрычніку мінулага года выйшаў Указ Прэзідэнта, згодна з якім дыпламаты афіцыйна атрымалі прафесійнае свята, а таксама — эмблемы, сцяг, нагрудныя знакі і форменнае адзенне. Гэта падзея служыць не толькі захаванню традыцый, умацаванню прэстыжу дыпламатычнай працы, але і з'яўляецца прызнаннем заслуг беларускага знешнепалітычнага ведамства перад нашай дзяржавай і народам.

Марыя ДАДАЛКА

Вольга МЯДЗВЕДЗЕВА

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.