Вы тут

Аб што ў нас разбіваюцца любоўныя лодкі


Сям'я — сярод галоўных каштоўнасцяў беларусаў. Разам з тым, у краіне штогод распадаецца кожны другі шлюб. Чаму мы не можам зберагчы самае дарагое і якія наступствы маюць кожныя няўдалыя адносіны?


Фота носіць ілюстрацыйны характар.

У пошуках вінаватых

Кандыдат юрыдычных навук, дацэнт кафедры сацыялогіі факультэта філасофіі і сацыяльных навук БДУ Святлана БУРАВА пачала вывучаць тэму распаду беларускіх сем'яў яшчэ напрыканцы 70-х.

— Тады жанчыны адважваліся на развод з-за таго, што «муж п'е і б'е». Здрада і ўмяшальніцтва ў сямейныя справы трэціх асоб таксмама былі распаўсюджанай прычынай, каб сысці. На другім месцы — прэтэнзіі матэрыяльнага характару: нізкія даходы, дрэннае жыллё, беспрацоўе аднаго з сужэнцаў. Трэцяя група прычын уключала сексуальную дысгармонію, бясплоднасць, фізічныя захворванні.

У 2008-м сацыёлаг працавала над вялікім нацыянальным даследаваннем — «Прычыны сямейнага няшчасця ў Беларусі».

— Галоўная прычына разладу цяпер — грошы і матэрыяльныя каштоўнасці. Незадаволенасць узнікае, таму што адзін з партнёраў, на думку іншага, не ўмее зарабляць ці траціць, не імкнецца да большага і г. д. Далей ідуць праблемы, якія датычацца ўзаемаразумення ў сям'і. Людзі паводзяць сябе эгаістычна, не слухаюць партнёра, не дапамагаюць яму. Прэтэнзіі наконт дзяцей у асноўным выказваюць жанчыны: бацька часам увогуле не прымае ніякага ўдзелу ў выхаванні. Акрамя таго, у сувязі з разбурэннем гендарных стэрэатыпаў, падзел хатніх абавязкаў таксама можа стаць прычынай пастаянных сварак. Жанчына больш не хоча ў адзіночку цягнуць на сабе работу, дом, дзяцей і мужа. П'янства, наркаманія і іншыя дрэнныя звычкі па-ранейшаму застаюцца ў спісе, — кажа Святлана. — А «несумяшчальнасць характараў», якая так часта называецца прычынай разводаў, не бывае ў прынцыпе. Кажуць, калі выпадковых мужчыну і жанчыну пасяліць на бязлюдным востраве, яны ў любым выпадку паміж сабой дамовяцца і будуць жыць у згодзе.

Значыць, у нашых умовах гэта таксама магчыма. Іншая справа, чым большы выбар, тым складаней выбраць. Менавіта ў мегаполісах самы вялікі працэнт людзей-адзіночак.

Разам з тым навукоўцы акцэнтуюць увагу на размежаванні ўнутраных прычын і знешніх фактараў, якія прыводзяць да разводаў.

— Сацыяльныя ўмовы таксама не ідэальныя для трываласці шлюбаў. Напрыклад, інтэнсіўнае зацягванне жанчын у прафесійную і вытворчую дзейнасць выгадна дзяржаве і сям'і ў эканамічным плане, але не спрыяе дэмаграфічнай сітуацыі. Работа — асноўны «канкурэнт» сям'і. Менавіта эканамічна незалежныя жанчыны, калі яны не задаволеныя стасункамі, часцей патрабуюць скасавання шлюбу, — кажа Святлана. — Сама працэдура разводу ў наш час максімальна спрошчаная. Да таго ж цяпер у грамадстве ліберальнае стаўленне да тых, хто развёўся. Помню 60-я гады, калі распад сям'і ўспрымаўся як трагедыя, як ганьба. Ніхто гэтым не ганарыўся — наадварот. А сёння з гэтага робяць сенсацыю, на якой можна зарабіць паболей грошай. Менавіта падрабязнасці разводаў артыстаў, палітыкаў і спартсменаў у прэсе і на тэлебачанні робяць рэйтынгі і «збіраюць касу». Такая абстаноўка толькі падштурхоўвае да неабдуманых дзеянняў. Калі ты кожны дзень бачыш такое, бясконцую чараду шлюбаў і разводаў, то і сам мімаволі пачнеш думаць: «Ім можна, а мне нельга? І я развядуся, знайду кагосьці лепей». Дзе добрыя прыклады? Іх сапраўды не хапае.

Даследаванні жыццёвых каштоўнасцяў беларусаў паказваюць: сям'я ў нас на першым месцы. Так было заўсёды. Але цяпер у гэтае паняцце ўкладваецца зусім іншы сэнс, чым 50 гадоў таму. Само паняцце сям'і стала размытым. Раней з сям'ёй звязвалі пачуццё любові і павагі, падтрымку, сумеснае вядзенне побыту, нараджэнне дзяцей. Цяпер гэта проста кола блізкіх людзей, нават не абавязкова кроўных сваякоў.

— Праблем падкідвае і віртуальная рэальнасць, якая зацягвае людзей усё больш, асабліва моладзь. Раней «у грамадства» мы выходзілі ўсёй сям'ёй. Муж, жонка і дзеці ўспрымаліся неадрыўна. Зараз мы ператвараемся ў індывідуалістаў: не хочам быць добрымі для мужа і дзяцей, нам важна, колькі «лайкаў» паставяць незнаёмцы пад фота ў «Фэйсбуку» ці «Інстаграме».

Па статыстыцы часцей за ўсё сем'і распадаюцца ў першыя пяць гадоў. Сутыкнуўшыся з першымі цяжкасцямі, людзі адступаюць. Мяркуюць: калі ў самым пачатку праблемы, то і далей яны будуць працягвацца. Але гэта не так.

— Любыя адносіны можна ўявіць як графік з крывой. Даследаванні паказваюць: у самым пачатку, калі паміж людзьмі адбываецца фізічнае прыцягненне і росквіт эмоцый, лінія знаходзіцца ўверсе. З цягам часу, калі ўзнікаюць так званая «бытавуха» і шэрыя будні, яна апускаецца ўніз. Ёсць дно, якога можна дасягнуць у момант крызісных сітуацый — нараджэнне дзіцяці, смерць блізкіх, хвароба. Калі людзі разам перажываюць гэтыя падзеі, то становяцца па-сапраўднаму роднымі. Пасля гэтага, як правіла, назіраецца ўздым. Задавальненне ад адносін на новым узроўні яшчэ большае, чым напачатку, паколькі цяпер партнёры дасягнулі глыбейшага паразумення з розных бакоў. У доўгія адносіны трэба ўкладвацца для таго, каб быць шчаслівым не толькі зараз, але і праз 20, 30, 50 гадоў.

Навука стварэння

— Калі мы хочам выхаваць пакаленне з трывалымі поглядамі на сям'ю, то працаваць над гэтым трэба сістэмна, пачынаючы са школы, — упэўнена сацыёлаг. — Цяперашняе маладое пакаленне, якое падыходзіць да ўзросту ўступлення ў шлюб, звычайна не ведае толкам, як трэба будаваць адносіны. Пік разводаў у нас якраз прыйшоўся на канец 90-х — пачатак 2000-х. Сённяшнія хлопцы і дзяўчаты ўспрымаюць развод як норму. Натуральна, што яны не бачаць сэнсу ўкладвацца ў доўгатэрміновыя адносіны — у многіх перад вачыма прыклад бацькоўскіх няўдач.

Кожны год Святлана Бурава прапаноўвае сваім студэнтам напісаць эсэ на тэму «Гісторыя кахання, якая мяне ўразіла». Умова — расказаць пра рэальна існуючую пару. «Прыкладаў з жыцця ўсё менш. У лепшым выпадку, пішуць пра сваіх бабуль і дзядуль, а менш пра бацькоў», — сумна канстатуе жанчына.

Аднак, на яе думку, выхад з сітуацыі ёсць. Напрыканцы 80-х у беларускіх школах пачалі ўводзіць прадмет «Этыка і псіхалогія сямейнага жыцця».

— Нам неабходна вярнуцца да гэтай ідэі. Цяпер, калі інфармацыйнае поле такое шырокае, мы ведаем «усё пра ўсіх». А як будаваць адносіны з тымі, хто побач, не ведаем. Пазітыўную ўстаноўку на сям'ю трэба закладваць да таго, як чалавек паспее нарабіць памылак, — у школе. Каб, уступаючы ў дарослае жыццё, кожны ведаў, навошта ўкладвацца ў трывалыя адносіны, якія спакусы яго падсцерагаюць на шляху да шчаслівай сям'і і як іх пазбегнуць. Гэта не менш важна, чым зрабіць удалую кар'еру.

Перад судом — да псіхолага

Калі зазірнуць на адзін з самых папулярных беларускіх форумаў, то ў раздзеле пра разводы можна ўбачыць толькі тры тэмы — «як прымусіць былога мужа плаціць аліменты», «як пазбегнуць выплаты аліментаў» і «як адсудзіць маёмасць/што рабіць з ільготным крэдытам, калі разводзішся/дайце кантакты юрыста па шлюбаразводных працэсах». Пра тое, як захаваць сям'ю, дзе знайсці ў сабе сілы, каб жыць далей, і як не адбіць у дзяцей жаданне жаніцца, гаворка не ідзе. А між іншым у сталіцы працуе Мінскі гарадскі цэнтр сацыяльнага абслугоўвання сям'і і дзяцей. Па бясплатную псіхалагічную кансультацыю сюды могуць звярнуцца ў тым ліку і пары, у якіх наспеў крызіс сямейных адносінаў.

— Стасункі зводзяцца выключна да назапашвання крыўд, крыку, нежадання ісці на ўступкі. Людзі не могуць выйсці з канфлікту цывілізаванымі метадамі. Пэўны час яны церпяць, а пасля або звяртаюцца да псіхолага, або адразу падаюць заяву на развод, — кажа загадчык аддзялення псіхалагічнай дапамогі сем'ям і дзецям Наталля ПАЧЭПКА. — Адкуль такая непрымальнасць да іншых? Мы ўсе неўсвядомлена пераносім бацькоўскую мадэль пабудовы адносін на сябе. Калі маці пастаянна крычала на бацьку, то вялікая верагоднасць, што і дачка будзе «піліць» свайго мужа. Аднак, калі ў сям'і партнёра былі зусім іншыя парадкі, мірыцца з такімі паводзінамі ён не стане.

Па словах псіхолага, канфлікт — гэта  норма жыцця.

— Медыятары лічаць, што спрэчак не бывае толькі на могілках, і гэта сапраўды так. Увесь свет — гэта сутыкненне супрацьлеглых поглядаў, мэт, інтарэсаў. Таму нагод для канфліктаў шмат, асабліва ў сям'і. Праўда, да з'яўлення дзяцей яны лёгкія, пасля папаўнення — абстаноўка абвастраецца. Сем'і, дзе партнёры гатовыя да работы над сабой і ідуць на кампрамісы, спраўляюцца з усім самастойна. Такіх у наш час мала. Адсюль і вынікае такі вялікі працэнт разводаў.

Прыходзяць на кансультацыі парамі, разам з дзецьмі. Бывае, жанчыны спрабуюць разабрацца ў сямейных праблемах без прысутнасці мужа. Хоць мужчыны таксама не рэдкія госці ў цэнтры. І ўсё ж часцей незадаволеныя адносінамі менавіта прадстаўніцы слабога полу.

Вечная жаночая прэтэнзія «пакахала аднаго чалавека, а пасля вяселля яго быццам падмянілі» разбіраецца псіхолагамі цэнтра пастаянна:

— Калі мы выбіраем партнёра, то прымяняем у дачыненні да яго адны крытэрыі. Ці правільней сказаць, што па першым часе мы даём волю эмоцыям і фізічнаму прыцягненню, не прыслухоўваемся да розуму і на многае заплюшчваем вочы. Першыя некалькі гадоў сумеснага жыцця ў сям'і адбываюцца натуральныя прыціркі. Ідэальны вобраз з нашай галавы дапаўняюць рысы рэальнага чалавека, якім з'яўляецца наш партнёр. Калі ў гэты перыяд пара знойдзе ў сабе сілы пагаварыць і прыйсці да кансэнсусу, то шлюб выйдзе на новы ўзровень. Не — яны разбягуцца ў пошуках новых «ідэалаў», — тлумачыць Наталля. — Наступнае выпрабаванне — нараджэнне дзяцей. Жанчыне цяпер мала таго, што мужчына прыгожы і моцны, ёй трэба, каб ён быў і добрым бацькам. А гэтых якасцяў у яго можа проста не аказацца. Аднымі крыкамі «чаму ты мне не дапамагаеш?» праблему не вырашыць, зноў патрэбны канструктыўны дыялог.

Яшчэ адна тыповая сітуацыя, якую даводзіцца разбіраць: людзі доўга жывуць у канфліктах і «пужаюць» адно аднаго разводам.

— Для іх гэтае слова — магчымасць дасягнуць сваёй мэты. «Калі не знойдзеш новую работу, я з табой развядуся» ці «Калі не перастанеш сябраваць з Пецем, сыду да мамы». Замест таго, каб сесці і спакойна абмеркаваць праблему, сужэнцам прасцей кідацца фразамі пра развод.

Асобна можна разглядаць канфлікты, якія ўзнікаюць у маладых з бацькамі сужэнца. Вядома, усе мамы і таты жадаюць сваім дзецям толькі лепшага, але часта ў гэтым імкненні дапамагчы яны заходзяць занадта далёка.

— Важна з самага пачатку ставіць кропкі над «і», выбудоўваючы сямейныя межы. Шматлікія канфлікты ўзнікаюць, калі ў пары нараджаецца дзіця і наваспечаныя бабулі і дзядулі пачынаюць занадта апякаць немаўля. Але па законе адказнасць за жыццё і здароўе дзіцяці нясуць бацькі. Калі яны звернуцца да старэйшых па параду, тыя павінны падказаць. Не — няма чаго ўмешвацца. Бабулі і дзядулі патрэбны, каб песціць унукаў, а для выхавання ёсць мама і тата.

Увогуле, многія не могуць справіцца з сумесным выхаваннем дзяцей. Аднойчы ў цэнтр прыйшла шматдзетная пара. Траіх выгадавалі без праблем, а вось чацвёртае дзіця стала камнем спатыкнення. Здавалася б, дарослыя людзі з вялікім вопытам, якія разам праз многае прайшлі. Але здалі нервы, яны стаміліся і перасталі «чуць» адно аднаго.

Таксама дзеці часта бываюць не толькі прычынай, але і ахвярай бацькоўскіх канфліктаў.

— Калі сужэнцы «ваююць» між сабой, яны або не звяртаюць увагі на дзетак зусім, або выкарыстоўваюць іх як зброю: «Я забяру» і «Я адсуджу». Гэтым самым нярэдка даводзяць маленькіх да неўрозаў ці нават больш сур'ёзных псіхічных захворванняў.

Як бачна, праблемы ў сем'ях бываюць розныя. Чым можа дапамагчы псіхолаг, па сутнасці чужы чалавек?

— Спецыялісты не даюць гатовых формул шчаслівых адносін, не раяць дзейнічаць тым ці іншым чынам. Сакрэт у тым, што кожны можа сам знайсці рашэнне. Задача кваліфікаваных псіхолагаў — задаць правільныя пытанні, — тлумачыць Наталля. — Калі сварацца двое, ніхто не хоча ставіць сябе на месца іншага. Яны даказваюць сваю «праўду» да хрыпаты і кажуць, што «так рабіць нельга», але вынік гэтых «высвятленняў» адносін нулявы. Куды эфектыўней стварыць сітуацыю, у якой людзі ўбачаць сябе збоку і самі зробяць пэўныя высновы.

Ганна КУРАК

Загаловак у газеце: Двое — гэта занадта?

Выбар рэдакцыі

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.