Кіраўнік Нацыянальнай асамблеі Венесуэлы Хуан Гуаіда абвясціў сябе часова выконваючым абавязкі прэзідэнта краіны і прынёс прысягу. Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп заявіў, што прызнае яго як кіраўніка краіны.
Выступаючы перад удзельнікамі шматтысячнага мітынгу ў Каракасе, Гуаіда заявіў, што бярэ на сябе прэзідэнцкія абавязкі, каб "дамагчыся заканчэння ўзурпацыі ўлады, сфармаваць пераходны ўрад і правесці сумленныя выбары".
Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп выпусціў заяву, у якой афіцыйна прызнаў Гуаіда ў якасці в.а. кіраўніка дзяржавы.
"Народ Венесуэлы смела выступіў супраць Мадуры і яго рэжыму і запатрабаваў свабоды і законнасці", - гаворыцца ў заяве амерыканскага прэзідэнта.
Трамп назваў Мадуру нелегітымным прэзідэнтам і заявіў, што парламент краіны - гэта адзіная легітымная галіна ўлады, законна абраная народам Венесуэлы.
Арганізацыя амерыканскіх дзяржаў, якая аб'ядноўвае краіны Паўночнай і Паўднёвай Амерыкі, таксама прызнала Хуана Гуаіда новым лідарам краіны.
"Нашы віншаванні @jguaido як выканаўцу абавязкаў прэзідэнта Венесуэлы. Вы атрымалі наша поўнае прызнанне, каб пачаць вяртанне дэмакратыі ў краіне", - напісаў у "Твітары" генеральны сакратар арганізацыі Луіс Альмагра.
Нікалас Мадура, які ў студзені заступіў на другі прэзідэнцкі тэрмін, у сераду разарваў дыпламатычныя адносіны з ЗША, даўшы амерыканскім дыпламатам 72 гадзіны на тое, каб пакінуць краіну.
Хто такі Хуан Гуаіда?
35-гадовы Гуаіда быў параўнальна незаўважнай фігурай у венесуэльскай палітыцы да таго часу, пакуль у студзені не заняў пасаду кіраўніка Нацыянальнай асамблеі - венесуэльскага парламента, які знаходзіцца пад кантролем апазіцыі.
Падчас свайго знаходжання ў парламенце Гуаіда ініцыяваў расследаванне шэрагу карупцыйных спраў, звязаных з адміністрацыяй Мадуры.
Стаўшы спікерам, Гуаіда неўзабаве паставіў пад пытанне легітымнасць праўлення Мадуры і заявіў, што мае канстытуцыйнае права ўзяць прэзідэнцкую ўладу ў свае рукі да наступных выбараў.
Гуаіда, інжынер па адукацыі, у студэнцкія гады быў палітычным актывістам. Ён узначальваў пратэсты супраць сацыялістычнага ўраду Уга Чавеса.
Яго прызначэнне спікерам парламента дало фрагментаванай венесуэльскай апазіцыі магчымасць аб'яднацца.
Як рэагуе Мадура?
"Ідзіце! Пакіньце Венесуэлу. Тут у людзей ёсць годнасць", - цытуе агенцтва Рэйтар эмацыйны зварот Мадура да амерыканскіх дыпламатычных дэлегацый.
У амерыканскіх дыпламатаў ёсць 72 гадзіны на тое, каб пакінуць краіну.
Мадура, які заступіў на другі прэзідэнцкі тэрмін у пачатку студзеня, назваў палітыку Дональда Трампа экстрэмісцкай, а тое, што адбываецца ў краіне - спробай незаконнага перавароту.
Выступаючы перад прыхільнікамі ў Каракасе, Мадура запатрабаваў ад ваенных вернасці.
"Слухай маю каманду. Максімум вернасці, максімум адзінства, максімум дысцыпліны. Мы пераможам у гэтай бітве разам", - цытуе Нікаласа Мадура агенцтва Франс прэс.
Мадура атрымаў перамогу на выбарах прэзідэнта Венесуэлы ў маі мінулага года, але прыняў прысягу толькі ў студзені гэтага. Для яго гэта ўжо другі прэзідэнцкі тэрмін.
Апазіцыя заклікала байкатаваць сакавіцкія выбары, на якіх перамог Мадура, а ЗША і некаторыя краіны ЕС не прызналі вынікі галасавання.
Улады Калумбіі, Бразіліі і Перу таксама прызналі Гуаіда прэзідэнтам Венесуэлы. Мексіка адрэагавала, заклікаўшы венесуэльцаў абраць ўладу з дапамогай законных механізмаў.
Суд над парламентам на фоне пратэстаў
Тым часам Вярхоўны суд Венесуэлы абвясціў аб пачатку крымінальнага расследавання ў дачыненні да апазіцыйнага парламента краіны.
У Венесуэле трэці дзень працягваюцца пратэстныя акцыі. Як паведамляюць мясцовая паліцыя і няўрадавыя арганізацыі, падчас дэманстрацый у ноч на сераду загінулі як мінімум чатыры чалавекі.
Паведамляецца, што сярод загінулых - 16-гадовы падлетак, які атрымаў смяротнае агнястрэльнае раненне падчас адной з дэманстрацый у ноч на сераду.
Як паведамляюць венесуэльскія СМІ, масавыя антыўрадавыя дэманстрацыі ў сераду павінны прайсці ў многіх гарадах краіны.
Новая хваля пратэстаў у Венесуэле пачалася ў панядзелак, калі міністэрства абароны краіны паведаміла аб няўдалай спробе ваеннага бунту ў сталіцы, Каракасе.
Улады краіны паведамілі аб арышце 27 чалавек па справе аб спробе паўстання.
Фота Reuters
Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.
Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».