Вы тут

Ці існуе патэнцыйная пагроза для пажылых жыхароў вёсак?


У міліцэйскіх зводках усё часцей з'яўляюцца звесткі аб здарэннях, ахвярамі якіх становяцца пажылыя жыхары сельскіх населеных пунктаў. Бывае, што зладзеі нападаюць нават у дамах, здзяйсняюць крадзяжы і разбой. Нярэдка такое нашэсце мае трагічны фінал. Карэспандэнт «Звязды» адправілася ў рэйд з участковым інспектарам Гродзенскага раёна, каб даведацца, наколькі небяспечна пражыванне адзінокіх пажылых у сельскай мясцовасці і як забяспечваецца правапарадак.


Чужыя тут не ходзяць

— Адзінокія — самая ўразлівая катэгорыя насельніцтва, асабліва ў вёсках, — зазначае па дарозе інспектар Іван БРЫКАЧ. — Але яны не застаюцца па-за ўвагай. Іх рэгулярна наведваюць назіральныя камісіі, у склад якіх уваходзяць прадстаўнікі сельскага Савета, сацыяльных і медыцынскіх службаў, МНС, міліцыі. Вядома, экстранныя выклікі таксама бываюць. Але яны часцей за ўсё датычацца хуткай дапамогі.

Вёска Табала — адна з аддаленых у Верцялішкаўскім сельсавеце. У гэты зімовы час тут даволі ціха, нават не чуваць брэху сабак. Але назваць гэтую вёску закінутай ці вымерлай нельга,
бо большасць дамоў выглядаюць абжытымі. На адным з падворкаў завіхаецца жанчына сталага ўзросту — цягне ў хату мяшок з дровамі. Дапамога ўчастковага аказалася вельмі дарэчы. Іван Аляксеевіч запісвае нумар свайго мабільнага тэлефона ў запісную кніжку пенсіянеркі.

— У нас ціха, страху няма, — кажа жанчына. — Суседзі ў мяне добрыя, абы чужыя не хадзілі. А калі такая сітуацыя здарыцца, каму тэлефанаваць? Участковаму.

Праўда, пенсіянерка прыгадала, што некалі, гадоў, можа, дзесяць таму, у яе з падворка скралі матацыкл. Ні злодзея, ні сам матацыкл знайсці не ўдалося. Але апошнія гады аб выпадках крадзяжоў тут не чулі.

— Спакуса для зладзеяў — пустыя дамы, якія на зіму пакідаюць нашчадкі былых жыхароў. Летам яны прыязджаюць сюды, жывуць, некаторыя робяць нарыхтоўкі. Таму назіраем і за такімі дамамі, — адзначае Іван Брыкач. — Але апошнім часам падобных выпадкаў не назіралася. Можа, таму, што гаспадары часцей наведваюцца, ды і саміх пакінутых дамоў менш.

У вёсцы Жытомля заходзім да пенсіянеркі Алены Паўлаўны. Яе дом амаль на ўскрайку. Жанчына расказала, што раней былі выпадкі крадзяжу. У яе, напрыклад, веласіпед з-пад хаты ноччу скралі. А яшчэ неяк чыгунную ванну з падворка выцягнулі.

— І як толькі сілы хапіла яе вывалачы? — здзіўляецца жанчына. — Мне здавалася, што гэтую ванну і пяць чалавек не падыме!..

Зараз такіх выпадкаў няма. Алена Паўлаўна прызналася, што часам нават забывае і дом замкнуць на ноч. А навошта? Усіх жыхароў добра ведае, і яе тут усе паважаюць. Асабліва дапамагае сусед, што жыве насупраць. Што датычыцца чужых, іх зімой тут амаль не бывае, рэзюмуе пенсіянерка.

Інспектар звяртае ўвагу на неабходнасць зачыняць дзверы на ключ у любым выпадку. Бо даць адпор злодзею, калі ён пракрадзецца ў дом, будзе складана. Нават такім баявым жанчынам, як Алена Паўлаўна.

Суседка — куніца

Адзіночныя хутары, якіх некалі было даволі шмат у раёне, паступова знікаюць. Жыць на іх і нязручна, і небяспечна. Але ёсць смельчакі, што застаюцца, нягледзячы на адсутнасць цывілізацыі. Як ні дзіўна, але на адным з такіх хутароў пражывае жанчына даволі сталага ўзросту, да якой мы і накіраваліся.

Вакол дома пенсіянеркі Любові Канстанцінаўны на сотні метраў — толькі лес ды поле. Між тым дарога не самая горшая. Спыняемся каля драўлянай хаты. Дзверы ў сенцы чамусьці адчыненыя. Гаспадыня адгукаецца на грук. Кажа, што нядаўна прыязджаў брат і дзверы не зачыніў.

Чаму яна апынулася тут адна? Любоў Канстанцінаўна адказвае проста: яна ўцякла ад сваёй радні, якая засталася ў Маскве. У расійскай сталіцы жанчына апынулася з мужам-ваенным, нарадзіла дзяцей, зараз і ўнукаў мае. Але цесната і выпіўкі сваякоў вымусілі яе вярнуцца на сваю малую радзіму, у вёску Казіміраўка. Купіла стары хутар, прывяла яго ў парадак: уставіла вокны, дзверы, прыбрала. І вось ужо амаль 20 гадоў жыве на сваёй радзіме. Нават на зіму не хоча вяртацца да сям'і. Жанчыну не палохае адсутнасць электрычнасці і ўсяго, што з гэтым звязана. Яна згодна паліць дровы ў печы і слухаць радыё замест тэлевізара. Любоў Канстанцінаўна не бачыць асаблівай небяспекі ў адзінокім пражыванні. Спадзяецца, што ўсё самае горшае, што паграджала яе спакою, засталося ў мінулым.

— Сюды мала хто заходзіць, — кажа жанчына. — Мая суседка — толькі куніца. Часта вечарам прыходзіць і залазіць на гарышча, чуваць, там начуе, можа, дзе і малых выводзіць, але пакуль не бачыла. Ліса часцяком прабягае, касулі. Бабры непадалёку дроў навалілі, сын прыязджаў, крыху нарыхтаваў.

Небяспечная катэгорыя

Праваахоўныя органы перш за ўсё звяртаюць увагу на правапарадак.

— У кожнай вёсцы ёсць некалькі чалавек, якія пастаянна п'юць. Многія з іх не працуюць, па вуліцах бадзяюцца, ствараюць небяспеку аднавяскоўцам альбо самі могуць стаць ахвярамі дарожных аварый ці марозу, — рэзюмуе Іван Брыкач.

Да такіх жыхароў інспектар наведваецца пастаянна. На гэты раз дом Наталлі і Казіміра, якія жывуць ў вёсцы Галаўнічы, на замку. Праўда, крыху пазней жанчыну знаходзім у суседзяў. Тут разам з мужам і яго сям'ёй жыве яе дачка Яна. Але ні яе, ні яшчэ траіх дзяцей, Наталля з мужам не выхоўвалі, усе яны раслі ў інтэрнатах ды прыёмных сем'ях. На аднаго сына, які не дасягнуў паўналецця, маці выплачвае аліменты. Інспектару паведаміла, што ў яе ці то адгул, ці то выхадны. Запэўніла, што хутка завершыць выплаты як абавязаная асоба.

Інспектар прапануе зайсці ў дом да Аляксандра, які жыве непадалёк. Мужчына таксама не так даўно вярнуўся з лячэбна-працоўнага прафілакторыя. Але не гэты факт непакоіць участковага інспектара, а тое, што дом зноў стаў мясцовым прытонам. А там, дзе п'янка, і да крыміналу недалёка.

— Сам Аляксандр прыехаў у вёску з горада пасля раздзелу спадчыны, купіў дом... Для праваахоўных органаў такія «перасяленцы» не вельмі пажаданыя. А вось мясцовыя жыхары да такога кантынгенту прызвычаіліся і часта наймаюць іх для дапамогі ў сваёй гаспадарцы. Карыстаюцца іх паслугамі ў асноўным адзінокія пенсіянеры.

Як адзначыў намеснік начальніка Гродзенскага РАУС Валерый ШАМРУК, у сельскіх населеных пунктах нямала выпадкаў хатняга гвалту. Напрыклад, у вёсцы Галавачы жыве сям'я, дзе сын на працягу амаль двух гадоў збіваў сваю састарэлую маці. Яна некалькі разоў звярталася ў міліцыю, і сына каралі штрафамі. На падставе сістэматычных выпадкаў у сакавіку мінулага года супраць сына-агрэсара была заведзена крымінальная справа.

Дарэчы, у мінулым годзе колькасць крымінальных спраў у раёне скарацілася амаль удвая. А вось колькасць зваротаў па сямейна-бытавых канфліктах не змяншаецца і ўжо некалькі гадоў застаецца на адным узроўні. Па словах Валерыя Шамрука, найбольш зваротаў назіраецца ў выхадныя дні, калі раённыя інспектары выязджаюць па выкліках па тры-чатыры разы ў суткі.

Маргарыта УШКЕВІЧ

Фота аўтара

Загаловак у газеце: Патэнцыйная пагроза

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».