Вы тут

З якім пытаннем вы звярнуліся б да мясцовай улады?


Пэўныя праблемы, якія патрабуюць дапамогі ад мясцовай улады, час ад часу з'яўляюцца ў кожнай сям'і. Некаторыя грамадзяне ў такім выпадку адразу звяртаюцца ў выканкамы (часам залішняя актыўнасць нават можа нагадваць асаблівы від залежнасці), а іншыя трываюць да апошняга. Карэспандэнт «МС» пацікавіўся ў чытачоў: «З якім пытаннем яны звярнуліся б да мясцовай улады?» Свае думкі выказалі жыхары невялікіх населеных пунктаў, буйных гарадоў і тыя, хто непасрэдна вырашае надзённыя праблемы грамадзян.


Алена ГАРДЗЕЕВА, настаўніца, г. Свіслач, Гродзенская вобласць:

— Мясцовая адміністрацыя з'яўляецца для мяне пэўнай «гарантыяй» — лічу, што з пытаннямі, якія хвалююць, я, несумненна, магу да яе звярнуцца. Сярод маіх уласных праблем наступная: працую ў вёсцы, і мне даводзіцца дабірацца на работу за 50 кіламетраў ад месца пражывання. Не дзіўна, што найбольш мяне хвалюе наяўнасць транспартных зносін паміж раённым цэнтрам і вёскамі. Транспарт з вёсак ходзіць толькі некалькі разоў на тыдзень. З гэтай нагоды хачу запытаць: «Ці ёсць магчымасць палепшыць транспартную сувязь паміж вёскамі і горадам?» З цэнтрам раёна звязаны амаль усе справы вясковых жыхароў — прыём урача, наведванне органаў улады, аплата паслуг і гэтак далей. Для мяне, маладой дзяўчыны, важна, як я магу адпачыць у вольны час. З гэтым у нашай мясцовасці таксама складана, бо няма ўладкаваных пляцовак — кафэ, спартыўных залаў, забаўляльных цэнтраў. Маю на ўвазе не толькі канкрэтную вёску, але і ўвогуле сам раённы цэнтр. Яшчэ адно пытанне да мясцовай улады гучала б наступным чынам: «Чаму мала ўвагі ўдзяляецца асвятленню мясцовасці ў цёмны час сутак?» У большай ступені асвятляюцца толькі цэнтральныя вуліцы. Разумею — усім трэба эканоміць. Але ж дзецям складана вяртацца ўвечары з дадатковых заняткаў у спартыўных секцыях, музычных школах і гуртках.

Наталля ЛАПЦЁНАК, пенсіянерка, г. Мінск:

— Я пражываю ў прыватным доме, таму мяне як уладальніцу такога роду маёмасці вельмі цікавяць пытанні зносу сядзібнай забудовы. Чытаю навіны, адсочваю такую тэматыку. Калі раённая адміністрацыя праводзіць сходы з грамадзянамі па абмеркаванні планаў зносу дамоў, заўсёды стараюся ўдзельнічаць у іх. Хто ведае, можа, і маёй хаты тое датычыцца? Але пакуль гэта навала мяне мінае. Найбольш актуальныя для мяне тры пытанні, з якімі б я звярнулася да мясцовай улады і спецыяльных службаў. Першае — расчыстка дарог. Завулкі, вуліцы дрэнна чысцяцца ад снегу, не пасыпаюцца, таму можна лёгка ўпасці на снежна-ледзяных калдобінах. Па-другое, у прыватным сектары амаль няма ўладкаваных тратуарных дарожак для пешаходаў. Калі ідзём з унукам, нам вельмі складана размінуцца з машынамі, якія ездзяць па вузкіх вулачках. А гэта пагроза для пешаходаў.  У сродках масавай інфармацыі вельмі часта ўзнімаюцца праблемы асобнага збору смецця, але для жыхароў прыватнага сектара ўмоў для гэтага не зрабілі. Чаму нельга ўстанавіць спецыяльныя кантэйнеры пад кожны від смецця? Можа, новы кіраўнік адміністрацыі Заводскага раёна сталіцы, якога павінны прызначыць, зверне ўвагу на гэтыя праблемы.

Аляксандр КАЗАК, старшыня Бярозавіцкага сельвыканкама, Пінскі раён, Брэсцкая вобласць:

— Асноўнае пытанне, з якім да мяне як прадстаўніка мясцовай улады апошнім часам звяртаюцца, гэта адлоў бяздомных жывёл — сабак, катоў. Складаная тэма, бо мы павінны выклікаць спецыяльныя службы з гарадской ЖКГ. І зразумела, іх спецыялісты не прыязджаюць адразу па першым званку — ім хапае і іншай работы. Было б добра, калі б існавала спецыяльнае падраздзяленне, якое займалася б менавіта пытаннем бяздомных жывёл. Гэта праблема характэрная не толькі для нашай вёскі, але і ўсяго рэгіёна... Увогуле ж у пасёлку пражываюць 600 чалавек. Сярод шэрагу пытанняў грамадзян — асвятленне вуліц, замена ліній электраперадачы, дрэнныя дарогі і іншыя.

Марыя ДАДАЛКА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».