Вы тут

Заўтра споўніцца 60 гадоў актрысе Наталлі Вавілавай


26 студзеня споўніцца 60 гадоў актрысе Наталлі Вавілавай, якая запомнілася мільёнам савецкіх гледачоў па ролі Аляксандры ў фільме «Масква слязам не верыць». Карціна Уладзіміра Мяньшова тады стала лідарам пракату — за год яе паглядзелі 90 мільёнаў чалавек, а праз год нават далі «Оскара» як найлепшай замежнай кінастужцы.


«Вучань лекара».

Калі на ролю галоўнай гераіні і яе сябровак прэтэндавалі многія актрысы, то дачку Аляксандру рэжысёр зацвердзіў фактычна без проб, бо не хацеў бачыць у ролі нікога іншага. Але сказаць, што Наталля Вавілава прачнулася знакамітай пасля «Масквы...», будзе не зусім праўдай.

Першая роля Наталлі адбылася яшчэ ў 14 гадоў — тады асістэнт рэжысёра Юліі Сонцавай шукаў акцёраў для фільма «Такія высокія горы» (1974 год), прысвечанага знакамітаму педагогу Сухамлінскаму. Там дзяўчыне дастаўся невялікі эпізод, але яе ўсмешку і выразныя вочы многія запомнілі.

Дзякуючы гэтай рабоце юную Наташу знайшлі сярод тысяч маскоўскіх школьнікаў і запрасілі ў наступную карціну, прычым якраз у Мяньшова — у ягоным фільме «Розыгрыш», дзе яна сыграла ролю школьніцы Таі Пятровай і імгненна стала папулярнай. Аднак бацькі дзяўчыны былі катэгарычна супраць, каб тая мела справу з кіно — яны хацелі, каб дачка працягнула дынастыю і працавала на ніве дыпламатыі, нават запісалі яе на курсы стэнаграфістаў пры Міністэрстве замежных спраў. Угаварыць бацькоў Вавілавай удалося... выканаўцу ролі Гошы, Аляксею Баталаву. Супраць абаяння куміра тыя не ўстаялі і выпусцілі дачку з-пад дамашняга арышту на здымачную пляцоўку.

Якраз пасля гэтага фільма Вавілава канчаткова вырашыла звязаць лёс з кінематографам, скончыла УДІК і стала актрысай. А яшчэ менавіта на здымачнай пляцоўцы фільма «Масква слязам не верыць» актрыса знайшла першага — і, што рэдкасць па цяперашнім часе, адзінага свайго мужа Самвела Гаспарава, які доўгі час працаваў у роднай Грузіі шафёрам грузавіка і трапіў у кіно таксама выпадкова. Ён прыехаў у Маскву, цяжка перажываючы развод з першай жонкай, пазнаёміўся тут са студэнтамі-рэжысёрамі, і тыя былі так уражаны шматлікімі жыццёвымі гісторыямі новага сябра, што параілі паступаць на рэжысёрскае аддзяленне інстытута кінематаграфіі, якое Гаспараў і скончыў, дарэчы, на адным курсе з Мяньшовым. Нягледзячы на 20-гадовую розніцу ва ўзросце, паміж Наталляй і Самвелам разгарэўся нежартоўны раман, які лагічна перацёк у шчаслівую сям'ю.

«Масква слязам не верыць».

...Потым у творчай біяграфіі актрысы былі фільмы «Цяжкая вада», «Вучань лекара», «Цягнік па-за раскладам», «Не хадзіце, дзеўкі, замуж» і іншыя, агулам больш за два дзясяткі карцін — але імклівы кар'ерны ўзлёт нечакана перарваўся ўсяго праз некалькі гадоў.

У 1986 годзе Наталля для здымак у гістарычным фільме «Мікалай Падвойскі» пачала вучыцца ездзіць верхам на кані — па сюжэце гэта рабіла яе гераіня. Праз два месяцы наведвання коннай школы актрыса даволі ўпэўнена трымалася ў сядле. Аднак літаральна праз тры дні здымак здарылася непрадбачанае: замест каня, на якім звычайна ездзіла Наталля, ёй вывелі іншую жывёлу, у якой доўгі час балела спіна. Варта толькі было актрысе сесці на каня, той ад болю стаў на дыбкі і скінуў наезніцу на зямлю... Амаль месяц Наталля праляжала ў шпіталі, але падкасіла яе нават не траўма, а подласць рэжысёра фільма, які маліў не выносіць інцыдэнт за межы здымачнай пляцоўкі і абяцаў дачакацца выздараўлення актрысы, а сам усяго праз тыдзень замяніў яе на іншую кандыдатку і спакойна працягнуў работу. Каб дапамагчы любай жонцы перажыць расчараванне ў людзях, Самвел Гаспараў ахвяраваў уласнай кар'ерай і, адмовіўшыся ад шэрагу перспектыўных праектаў, павёз Наталлю на некалькі месяцаў у падарожжа па Еўропе. Пасля вяртання, каб вярнуць актрысе ўпэўненасць у творчых сілах, муж зняў яе ва ўласным фільме «Сцярвятнікі на дарогах», аднак яго вытворчасць прыпала на пачатак 90-х, калі расійскае кіно перажывала глыбокі крызіс, таму фільм не трапіў у пракат і пакрыўся пылам на паліцах. Пасля карціны «Справа Сухава-Кабыліна» (1991) Наталля Вавілава вырашыла больш не з'яўляцца на кіна- і тэлеэкране. І цвёрда трымае слова: яна сёння адмаўляецца ад інтэрв'ю і здымак, балазе, прадзюсарская работа мужа дазваляе цалкам прысвяціць сябе дому і сям'і, а таксама дабрачыннасці.

Загаловак у газеце: Аляксандра, якую мы страцілі

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Прадаўцы кватэр пагаджаюцца на зніжкі

Прадаўцы кватэр пагаджаюцца на зніжкі

Уласнікі карэктуюць свае прапановы.

Грамадства

Як людзі з інваліднасцю робяць свет лепшым

Як людзі з інваліднасцю робяць свет лепшым

«Нашы работы — жывыя, з энергетыкай любові і дабра».