Вы тут

Без чаго не будзе Фенікса


Напрыканцы мінулага года ў выдавецтве «Янушкевіч» пабачыла свет новая кніга Юліі Шаровай, пісьменніцы, якая раней атрымала вядомасць дзякуючы свайму дэбютнаму раману «Don Giovanni, або Памілаваны свавольнік» (2012 г.) — твору адметнаму і цікаваму, што адразу засведчыў: у літаратуру прыйшла аўтарка са сваім почыркам, нестандартным бачаннем і цэлым арсеналам мастацкіх прыёмаў і сродкаў.


Навінка — «Вяртанне Ліліт» — адразу прыцягнула ўвагу чытачоў і крытыкаў. Адны паспяшаліся назваць твор сучасным феміністычным маніфестам, другія заявілі, што перад намі — беларускі «Майстар і Маргарыта», трэція ўвогуле выказалі непрыманне, абвінаваціўшы Юлію Шарову ледзь не ў акультызме і слугаванні цёмным сілам. Хаця варта прызнаць, што і мастацкае афармленне кнігі, і найперш сам змест сапраўды маюць правакацыйны, дэманстратыўны характар. «Астрапсіхалагічны раман у 4-х частках» — так гучыць жанравае азначэнне твора, дадзенае самой пісьменніцай. Знешні выгляд выдання таксама мае адпаведную стылістыку — на франтальнай вокладцы нас сустракаюць знакі задыяка, а на адваротнай замест звыклых аўтабіяграфічных звестак пад фотаздымкам пададзены гараскоп пісьменніцы, дзе ёсць такія радкі: «…Асцэндэнт у Шалях мог бы зрабіць аўтарку ўзорам мудрасці і ўзважанасці, але Плутон у 1-м доме прымушае перастройваць уласнае жыццё і дзеля гэтага рашуча ламаць наяўныя рамкі. Бо без вогнішча, на якім згарыць старое, не будзе Фенікса».

Усё гэта адначасова і выклікае цікавасць, і бянтэжыць. Чытачу давядзецца набрацца трывання і звыкаць да словазлучэнняў кшталту «натальны дом», «рэтраградная Венера», «прагрэсіўны Месяц», а таксама пакрысе знаёміцца з арканамі Таро — Умеркаванасцю, Імператрыцай, Пустэльнікам ды іншымі. Эзатэрычная аблямоўка, як свядомы літаратурны ход, выдатна спраўляецца са сваёй задачай, пакідае запамінальнае ўражанне.

Дык хто ж яна такая, галоўная гераіня твора, воляю аўтаркі перанесеная ў сучасны Мінск?

Згодна з большасцю апакрыфічных крыніц, Ліліт — гэта першая жонка Адама, створаная Богам адначасова з мужам, якая збегла, не пажадаўшы падпарадкоўвацца мужчынскай уладзе (чым не правобраз феміністкі?). У розныя часы і эпохі яе ўяўлялі як начную здань, у выглядзе савы, надзялялі дэманічнымі рысамі. У версіі Юліі Шаровай Бог і Д’ябал прымушаюць непакорлівую Ліліт падпісаць «угоду», у адпаведнасці з якой яна не можа быць «вольным духам», а таму асуджана вечна блукаць па свеце, мяняючы фізічныя абалонкі. Як сапраўдная тагасветная істота, яна валодае звышздольнасцямі, у прыватнасці «празорлівасці і наслання», але, згодна з падпісанай дамовай, пазбаўлена магчымасці завесці сям’ю і нарадзіць дзіця.

Такім чынам, павандраваўшы па стагоддзях і эпохах, змяніўшы не адно аблічча, Ліліт апынаецца ў сталіцы сучаснай Беларусі. Цяпер яна сукуб — маладая дзяўчына, што па начах спакушае адзінокіх, прагных да жаночай ласкі мужчын. Але гэта толькі адно з увасабленняў — на працягу ўсяго рамана, змушаная знешнімі варункамі, яна мяняе «носьбітку»: «…Я тысячы разоў памірала і ўцелаўлялася зноў. Я нашу ў сабе тысячы гісторый. Некаторыя з іх ад пачатку былі не маімі, але я брала адказнасць за чужы лёс, выпраўляла яго дзе магла». Кожная з чатырох частак рамана прысвечаны адной з абалонак, прычым Ліліт пераўвасабляецца не толькі ў жанчын — аднойчы нават становіцца юнаком-трансгендарам.

Па-майстэрску сплятаючы вязьмо са стужак навін, службовых запісак, крымінальных хронік, запісаў у блогах, аўтарка пакрысе перакрыжоўвае, зводзіць у адно сюжэтныя лініі сваіх герояў. Таму тэкст варта чытаць уважліва, не прапускаючы ніводнай дэталі, бо кожная з іх можа быць вельмі важнай для разумення твора ў цэлым.

Якія толькі каларытныя персанажы не насяляюць Мінск Юліі Шаровай: кот-тэлепат Мурмур, які любіць збягяць ад гаспадароў, каб паслухаць канцэрты класічнай музыкі ў філармоніі; розныя цёмныя сутнасці, што ўсяляюцца ў людзей і жывуць так шмат гадоў, чынячы навакольным розныя кепствы; нават выгнаны анёл, таемны ахоўнік краю, які жыве сярод людзей, працуе праграмістам, мае белы білет і любіць шпацыраваць па дахах шматпавярховікаў. Падчас чытання неаднойчы ўзнікае думка: а ці не валодае і пісьменніца дарам гіпнозу, бо як інакш можна настолькі «ўцягнуць» чытача ў свой абсурдны, нелагічны і непрымальны з гледзішча здаровага сэнсу сусвет, прымусіць успрымаць яго як дадзенасць і нават суперажываць выдуманым героям?

Відаць, гэта і дазваляе паставіць «Вяртанне Ліліт» у адзін шэраг са знакамітым булгакаўскім творам. Уважаючы на знешняе, дэкаратыўнае падабенства — вядзьмарства, умяшанне звышнатуральнага ў штодзённасць, прысутнасць выбітных персанажаў накшталт незвычайнага катá-фамільяра, гэтыя творы яднаюць іншыя важныя элементы, а менавіта: сатырычнае адлюстраванне жыцця літаратурнай багемы і наяўнасць тэксту ў тэксце. У дадзеным выпадку ў тканку аповеду адмыслова ўплецены нягеглы графаманскі раман журналіста газеты «Наша нядоля» Юрася Карповіча і таленавіты твор Янкі Ключынскага (аднаго з увасабленняў Ліліт, праз якога тая апісвае мінскія падзеі часоў нямецкай акупацыі і Халакосту, сведкай і удзельніцай якіх яна сама была калісьці).

«Вяртанне Ліліт» — гэта квітэсэнцыя тыповых вобразаў, з якіх складаецца сталічная інтэлектуальная эліта. Таму, магчыма, праз дзесяцігоддзі, як і ў выпадку з «Майстрам і Маргарытай», мы пабачым, што даследчыкі на падставе рамана Юліі Шаровай зоймуцца ўзнаўленнем культурнай і грамадска-палітычнай атмасферы ...наццатых гадоў XXI стагоддзя, выкажуць здагадкі, хто паслужыў прататыпам папулярнай блогеркі Галі Плавінскай, хто такія насамрэч былі крытык Лідзія Алоўнікава і літаратарка Сафійка, і дзе месцілася Культавая Кнігарня, у якой тусаваўся сталічны бамонд…

Але ўдумлівы чытач, абазнаны ў сусветнай літаратуры, не абмяжуецца гэтым павярхоўным параўнаннем, а згадае Італа Кальвіна («Замак скрыжаваных лёсаў», «Карчма скрыжываных лёсаў») і Міларада Павіча («Апошняе каханне ў Канстанцінопалі») — пісьменнікаў, проза якіх тэматычна і стылёва пераклікаецца з прадметам нашай сённяшняй гутаркі. Нельга таксама не ўспомніць «Іствікскую» дылогію Джона Апдайка і «Альтыста Данілава» Уладзіміра Арлова — творы, дзе пануе амаль такі ж самы «фантастычны рэалізм».

Дык на падставе чаго раман займеў ярлык «феміністычны»? Сапраўды, гэта раман пра сучасных дачок Евы, пра пошукі імі асабістага шчасця і, канечне, крыху пра тое, якія ўсё-ткі «…некаторыя мужчыны і не зусім людзі, а проста целы, занятыя дэманамі з апраметнай». У творы амаль няма станоўчых персанажаў мужчынскага полу, хіба толькі дзівакаваты Лукаш, ды і той — анёл. Усе астатнія — хто эгаістычны маніпулятар, хто бяздарны выпівоха… Маладзіцы і кабеты ж — звычайна ахвяры хатняга гвалту, маці-адзіночкі, з неўладкаваным асабістым лёсам…

Бадай, адзіны пасіянарны зямны жаночы персанаж, варты ганаровага звання «феміністка», — дзяўчына Вераніка, «уратаваная» звыш, якая не падпарадкоўваецца абставінам, а рашуча і бескампрамісна мяняе свой лёс, змагаецца за магчымасць самарэалізацыі і за сваё каханне. Таму і суперажываеш ёй, бо інтрыга захавана да самага хэпі-энду, прычым гісторыя шчасліва завяршаецца толькі для Веранікі і Лукаша, астатнія ж персанажы, у тым ліку і Ліліт, застаюцца на раздарожжы, пакідаючы чытачу права самому ўявіць іх далейшы лёс.

І ўсё ж падаецца, што, нягледзячы на сатырычнасць і гратэскавасць (асабліва ў першых частках рамана), «Вяртанне Ліліт» — насамрэч надзвычай песімістычны і змрочны твор, бо ў ім адлюстраваны цёмны, інфернальны бок чалавечай душы: усе комплексы, страхі, драмы і няўдачы тут пададзены да вусцішнасці вобразна і красамоўна. Характарыстыка ж «феміністычны раман» у дадзеным выпадку падаецца занадта вузкай і спрошчанай, гэта хутчэй маркетынгавы ход, адказ на модныя павевы. Бо праблемы, якія ўздымае Юлія Шарова ў сваім творы, — універсальныя, аднолькавыя і для жанчын, і для мужчын, актуальныя ва ўсе часы і пры любых палітычных і грамадскіх умовах, а менавіта: свабода асобы, права на самавызначэнне і рэалізацыю сваіх здольнасцей.

Але ж як разарваць замкнёнае кола — вобраз, які высноўвае Шарова, распавядаючы пра кругаварот інкарнацый галоўнай гераіні? Магчыма, адказ нам прапаноўвае сама Ліліт, даючы параду анёлу: «Калі ўжо неба над гэтым краем занадта цяжкое для тваіх плячэй, то чаму б не стаць проста шчаслівым чалавекам і не пражыць у радасці колькі дзясяткаў гадоў?».

Зрэшты, вырашаць, што рабіць, кожны будзе сам.

Янка ЛАЙКОЎ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».