Вы тут

Нацыянальнаму мастацкаму музею споўнілася 80


У дзень 80-годдзя нашага найстарэйшага музея, 24 студзеня, нават пафас выразу «храм мастацтва» аказаўся арганічным — бо такім ён сапраўды стаў з 1939 года, калі пастановай Савета Народных Камісараў БССР была створана Дзяржаўная карцінная галерэя.

Ужо хутка, у 57-м, «калі людзі яшчэ жылі, умоўна, у бараках», як кажа сённяшні дырэктар Уладзімір Пракапцоў, з вуліцы Карла Маркса галерэя перамясцілася ў спецыяльна створаны будынак на Леніна — у той, дзе музей знаходзіцца сёння. І не проста знаходзіцца, а паступова пашыраецца: праз асваенне новых тэрыторый Нацыянальны мастацкі хутка стане цэлым музейным кварталам. Для тых 30 тысяч адзінак з фонду — мы, дарэчы, маем адзін з найбагацейшых збораў Усходняй Еўропы, — а таксама для выставак-гасцей, рэстаўрацыйнай майстэрні, арт-кавярні, Ночы музеяў тут з'яўляецца ўсё больш прыдатнага месца.

Нацыянальны мастацкі трымае марку і застаецца самай аўтарытэтнай для прафесіяналаў пляцоўкай краіны — сваю лепту ў станаўленне такога вобраза ўклалі чатыры яго дырэктары Мікалай Міхалап, Алена Аладава, Юрый Карачун і Уладзімір Пракапцоў. І што мы маем? Музей спалучае класічнае разуменне мастацтва з павагай да сучасных веянняў і прымае каля 350 тысяч наведвальнікаў у год.

Высокія патрабаванні да твораў не перашкаджаюць установе з калонамі і скульптурамі павесіць на сцяну, напрыклад, выяву Чужога на палатне ў класічным стылі. Такі баланс паміж прагай высокага і прагай зямнога, акадэмічным і папулярным, сур'ёзным і простым здольны не толькі Нацыянальны мастацкі, а ў прынцыпе музейную справу зрабіць больш прыцягальнай для наведвальніка.


Святкаванне 80-годдзя пачалося з увекавечання будынка на Карла Маркса, дзе «пачынаўся» Нацыянальны мастацкі. 24 студзеня тут была адкрыта мемарыяльная дошка, якая паказвае мінаку, што «ў гэтым будынку ў 1939—1941 гадах знаходзілася Дзяржаўная карцінная галерэя БССР».

А ўжо праз гадзіну ў самім музеі быў прэзентаваны яго ўласны гімн, прытрыманы спецыяльна да юбілею паэткай Алінай Легастаевай і кампазітаркай Алінай Безэнсон.

Спецыяльным госцем — а гасцей, ды з падарункамі, у гэты дзень у музеі было даволі — стаў Вальмен Аладаў, сын знакамітай дырэктаркі Алены Аладавай, якая, як ніхто, самааддана адпрацавала дзеля ўзбагачэння калекцыі музея.

«Я, напэўна, адзіны з вас, хто помніць адкрыццё Карціннай галерэі на вуліцы Карла Маркса. І дакладна адзіны, хто сустракаў Новы год на свяце, які яшчэ да пачатку вайны работнікі галерэі паспелі арганізаваць», — сказаў Вальмен Аладаў, сам знакаміты архітэктар, і дадаў, што трэба разумець: не толькі для Беларусі ці Савецкага Саюза, а і для сусветнай практыкі стварэнне такой установы было ўнікальнай з'явай.

«Мастацкі музей — той будынак, куды людзі ходзяць усё жыццё і ніяк не могуць спыніцца. Сёння нельга не ўспомніць Алену Аладаву і яе подзвіг, які ўласна і сфарміраваў гэтае месца», — выступіў народны мастак Уладзімір Тоўсцік, які, апроч іншага, успомніў, як кампазітар Мікалай Аладаў, муж Алены Васілеўны, казаў, што піша музыку, каб жонка здолела давесці музей да той кандыцыі, да якой хоча.


Зараз у Нацыянальным мастацкім можна паглядзець некалькі спецыяльных выставак. Па-першае, адразу дзве аўтаркі, якія, па словах Уладзіміра Тоўсціка, «неслі асаблівае разуменне беларускага менталітэту», прадстаўлены ў экспазіцыі «Жывапісныя мелодыі» — Раіса Кудрэвіч і Валяр'яна Жолтак (на фота кадр менавіта з гэтай выстаўкі). Апроч таго, што гэта ў цэлым у трэндзе — звяртацца да жаночай творчасці, выстаўка прымеркавана да стагоддзя мастачак.

Асобна выстаўлены творы з калекцыі знакамітай Лідзіі Русланавай. Экспазіцыя так і называецца «Спявачка Лідзія Русланава. Лёс калекцыі» і паказвае ў тым ліку тое, што наведвальнікі пакуль не бачылі.

Бясцэнныя экспанаты выстаўляюцца пад назвай «Адкрыццё сапраўднага» і паказваюць звычайна незаўважную працу рэстаўратараў, якія складаюць асобны штат музея. Цікава, што ў дзень 80-годдзя Нацыянальнаму мастацкаму быў зроблены каштоўны падарунак — невялікі складаны абраз прыкладна ХVІ стагоддзя, пяць гадоў таму адрэстаўраваны прафесіяналамі самога музея.

На наступным тыдні — мы ўжо згадвалі сумяшчэнне музеем класічнага з сучасным — у гэтых сценах сваю ўласную выстаўку адкрые сам Барыс Грабеншчыкоў. Так, лідар «Акварыума» не толькі спявае, але і піша, і выстаўляе свае работы. Да 80-годдзя ўстановы таксама далучылася наша шакаладная вытворчасць: цяпер у крамах можна набыць спецыяльны гатунак шакаладу з выявай музея і цукеркі з выявамі «Незнаёмкі» Івана Крамскога і слуцкіх паясоў на прысвечаных Нацыянальнаму мастацкаму пакунках. А тэлеканал «Беларусь 3» між тым паказвае васьмісерыйны фільм «Дом, дзе жыве мастацтва» пра гісторыю музея.

Загаловак у газеце: Трэці ўзрост

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».