Вы тут

Беларуска-польская повязь, якую паказвае той самы лаўрэат фестывалю ІDFА


Зусім нядаўна, у лістападзе мінулага года, здарылася важнае: новы фільм мастацтвазнаўцы Таццяны Бембель і рэжысёра Андрэя Куцілы «Су́ма», праца над якім заняла больш за чатыры гады, быў названы найлепшай сярэднеметражнай карцінай на кінафестывалі ІDFА, то-бок атрымаў галоўную ўзнагароду ў сваёй катэгорыі. Для дакументалістаў форум у Амстэрдаме — што Каны для ігравога кіно. Прызнанне на такой аўтарытэтнай пляцоўцы дае нагоду ганарыцца не толькі аўтарам, але і краіне (краінам) вытворчасці. Мы і ганарымся, а заадно расказваем, што гэта за «Сума».


Дакументальнае кіно, можа, і не вельмі добра вядомае масавай публіцы (яшчэ менш, чым масавай публіцы вядомае беларускае ў прынцыпе), таму паведамляю: Андрэй Куціла знаходзіцца на перадавой айчыннай дакументалістыкі. Назваць толькі карціны «Госці», «25», «Цар гары», «Стрыптыз і вайна», а цяпер яшчэ і «Сума» — і вымалёўваюцца далікатна-гарэзлівы почырк, закрананне як прыватнага, так і глабальнага, шматзначная кінамова, перамогі на міжнародных кінафестывалях ды іншыя прыемныя кінааматарам рэчы.

«Сума» і па вытворчасці, і па тэме — фільм беларуска-польскі. Ён расказвае пра стрымана-пачуццёвае сяброўства паміж знакамітым польскім мастаком Анджэем Струмілам, што жыве ва ўласным доме ў вёсцы, і мінчанкай Марыяй, якая час ад часу з вялікага горада прыязджае да яго ў госці. У стужцы, на шчасце, гэта выглядае адным працяглым візітам, а розныя тэматычныя паслядоўнасці пераплятаюцца ў іх сумесных днях. Хаця лепш сказаць не сумесных, а днях, праведзеных побач, бо на экране кожны з персанажаў больш стасуецца з наваколлем, чым адно з адным.

Сябра FІРRЕSСІ Дар'я Амяльковіч, дарэчы, параўнала галоўных персанажаў стужкі з сяброўствам Польшчы і Беларусі, маўляў, старой і разумнай Польшчы з маладой і прыгожай Беларуссю, галоўныя дасягненні якой яшчэ наперадзе.

І гэтую думку цалкам можна развіваць праз, напрыклад, эпізод, дзе спадар Анджэй дае Марыі парады наконт малявання як знак таго, што адной краіне ў другой ёсць чаму павучыцца.

Ці праз пэўнае ажыўленне, якое адбываецца ў валоданнях Струмілы з прыездам Марыі, — тут вам успомніцца статыстыка, што паказвае колькасць беларусаў, якія яшчэ больш «ажыўляюць» Польшчу вучобай, працай і шоп-турамі, хоць з іншага боку гэта гучыць і забаўна. Карацей, як звычайна з добрым кіно, значэнні ідуць далёка за межы таго, што ў яго закладзена.

Але ўсё ж перадусім фільм «Сума» — гэта дзіўнага кшталту і надзвычайнай тонкасці чалавечыя стасункі ды своеасаблівае паветра Струмілавага свету, а з аўтарскага пункту гледжання — спроба сродкамі кіно ўсё гэта не паказаць / расказаць, а перадаць. Як уласціва рэжысёру, далікатна, ненавязліва, паўтонамі, не абвяшчэннямі, а моваю, не праз літаральныя словы, а праз здагадкі.

Эратычны складнік, напрыклад, — Анджэю Струмілу за 90 — перададзены так, што даводзіцца яшчэ задумацца, ці не звар'яцеў ты, разгледзеўшы яго (трэба паўтарыць, што ў фільме гаворка ідзе пра вельмі прыгожую і высокую сувязь).

І гэты складнік толькі адзін з: хітраспляценні пяцідзесяці хвілін хронаметражу ўмяшчаюць у сябе матэрыял — прычым у асноўным сузіральнага кшталту, — на якім можна пабудаваць не адну сэнсавую канцэпцыю. І канцоўка падыдзе пад кожную.

У свеце Анджэя Струмілы, куды з задавальненнем з'язджае ад мужа Марыя, ёсць коні, уласная галерэя з вобразамі смерці на палотнах, пустая сінагога, дзе мастаку хочацца крыху памедытаваць (спяваючы сваю ўласную мантру), драўляны моцны дом і магнітафон — ледзь не адзіная тут пластмасавая рэч, ды і тая ў рэшце рэшт заядае, зажаваўшы касетную плёнку (гэта і ёсць канцоўка).

У гэтых запаволеных эпізодах можна прасачыць паралельныя паслядоўнасці, кожная з якіх працуе на адпаведнае рэчышча: магічнае, цыклічнае, жыццёва-смерцевае, пачуццёвае, натуральна-ненатуральнае ці якое-небудзь яшчэ.

Усё гэта прыгожа — асабліва не адарвешся — рассцілаецца па валоданнях Анджэя Струмілы і аб'ядноўваецца Куцілавым тэмпарытмам. Нават паказ палотнаў — а мастацтва ў мастацтве рызыкуе глядзецца пратакольна і «атэлебачваць» кіно — становіцца часткай не зусім дасяжнай, але вельмі прыемнай таямніцы.

Нехта абяцаў, што ў фільме даволі мудрасці знакамітай асобы — асабліва не спадзявайцеся, рэдкія выразы, якія то перарываюцца, то не маюць сэнсавай насычанасці, ведамі не ўзбагачаюць. Таму што фільму «Сума» — такому, які ён ёсць, — чалавечыя словы не вельмі пасуюць: нейкія рэчы можна не паказаць / расказаць, а толькі перадаць.

З-за ўмення рэжысёра распараджацца сродкамі кіно першая ў катэгорыі ўзнагарода кінафестывалю ІDFА мае быць не апошняй.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».