Сёння на мінскі лёд выйшлі танцавальныя пары. Самыя моцныя фігурысты кантынента прадэманстравалі публіцы свой рытмічны танец. Заўтра пасля адвольнага танца ўдзельнікі разыграюць медалі ў гэтым відзе праграмы.
А сёння лідарства захапілі французы Габрыэла Пападакіс і Гіём Сізерон. Суддзі ацанілі іх пракат на 84,79 бала, што з'яўляецца новым сусветным рэкордам.
На другой пазіцыі ў танцавальных пар размясціліся расіяне Аляксандра Сцяпанава і Іван Букін (81,37 бала). "Пакуль нічога не разбіралі, але па рэакцыі залы і трэнераў вельмі задаволеныя сённяшнім днём і праведзенай працай, - адзначыла Аляксандра пасля пракату. - Вельмі прыемна атрымаць больш за 80 балаў за кароткі танец. Ваніны эмоцыі сведчаць аб гэтым".
Адзначым, што ў расійскай пары ўжо ёсць дзве еўрапейскія “бронзы” - з леташняга хатняга турніру і з чэмпіянату Еўропы-2015 у Стакгольме.
Трэцюю пазіцыю пакуль займаюць італьянцы Шарлен Гіньяр і Марка Фабры (79,05).
Прыемна адзначыць, што ў адвольную праграму адабраўся і беларускі дуэт Ганна Кублікава і Юрый Гуліцкі. Пасля рытмічнага танца яны займаюць 19-ю пазіцыю. 57,08 бала - гэта найлепшы вынік беларускай пары ў сезоне. "Мы задаволеныя сваім пракатам, зрабілі ўсе элементы чыста і без памылак. Мы знаходзіліся на зборах у Маскве, таму прыляцелі толькі 22 студзеня перад стартам турніру, але хутка адаптаваліся да" Мінск-Арэны", - расказаў Юрый Гуліцкі.
Ганна Кублікава таксама адзначыла падтрымку гледачоў і свой чысты пракат. "Балельшчыкі на трыбунах вельмі эмацыйна перажываюць. Да старту некалькі дзён перажывалі і мы, як усё складзецца, а сёння выйшлі на лёд зусім спакойнымі, добра, што хапіла сіл на ўсю праграму", - сказала яна.
Беларускія спартсмены адзначылі, што справіліся з пастаўленай задачай на чэмпіянаце і спадзяюцца значна прыбавіць у майстэрстве пасля сёлетняга турніру.
Ну а пазней на лёд выйшлі прадстаўніцы адзіночнага жаночага катання. Яны разыгралі ўзнагароды чэмпіянату Еўропы. У адвольнай праграме дзяўчаты з групы лідараў дапусцілі досыць шмат памылак, выключэннем не стала нават алімпійская чэмпіёнка Аліна Загітава, якая дапусціла падзенне, у выніку яна стала сярэбраным прызёрам. А вось другая расіянка Соф'я Самадурава паказала ідэальнае катанне, узрадаваўшы мінскую публіку і падняўшы ўсю "Мінск-Арэну" на ногі. Менавіта вучаніца Аляксея Мішына і стала чэмпіёнкай Еўропы, гэта першы тытул для Соф'і. “Па-першае, я хачу падзякаваць гледачам за вашу падтрымку, было вельмі крута катацца ў Мінску. Па-другое, дзякуй маім трэнерам за праведзеную работу. Па-трэцяе, хацелася б сказаць вялікі дзякуй маёй сям'і, я вас вельмі люблю. Я не думала пра тое ці стану чэмпіёнкай, з самай раніцы настройвалася толькі на свой пракат, хацела зрабіць яго чыстым, думаю, гэта атрымалася і праца дала свой плён”.
Бронзавым прызёрам стала Вівека Ліндфарс з Фінляндыі.
Дар’я ЛАБАЖЭВІЧ
Фота Ганны ЗАНКАВІЧ
Прадухіліць і дапамагчы.
Лета — спрыяльны час, каб звазіць дзіця на канікулах адпачыць.
Тут спяваюць на «жаўруковай мове».