У грамадскай свядомасці аб работніку ДАІ склалася наступнае меркаванне: стаіць каля дарогі чалавек у форме з паласатым жазлом у руцэ, спыняе машыны і выпісвае штрафы. І гэтым уся яго работа абмяжоўваецца.
Шэсць тон медзі
Часткова гэта, магчыма, і праўда. У паўсядзённай службе «на дарозе» супрацоўнікі ДАІ займаюцца руцінай, правяраючы машыны, якія рухаюцца міма іх або знаходзяцца на стаянцы. Усё дакладна. Арганізацыя бяспекі дарожнага руху з'яўляецца галоўным складнікам іх службы, а паколькі аўтамабілі і, па азначэнні, пешаходы непасрэдна ўдзельнічаюць у руху, то яны ўваходзяць у сферу інтарэсаў інспектараў ДАІ.
Але ці такая аднастайная іх праца? Быць можа, у ёй ёсць аспекты, аб якіх мы нічога не ведаем? Каб атрымаць адказы на гэтыя пытанні, я звярнуўся ў ДАІ УУС Мінаблвыканкама.
— Вядома, не толькі дзяжурствам на дарогах мы займаемся, — кажа намеснік начальніка спецпадраздзялення па забеспячэнні бяспекі дарожнага руху падпалкоўнік міліцыі Віталь Молчан. — Мы суправаджаем грузы, а летам — аўтобусы з дзецьмі, якія едуць у лагеры адпачынку. Акрамя таго, даглядаем транспарт на прадмет правозу забароненых прадметаў. Напрыклад, зусім нядаўна спынілі грузавік. З выгляду нічога незвычайнага, дакументы ў парадку. Але кіроўца неяк дзіўна нерваваўся. Паглядзелі ўнутр прычэпа. Стаяць скрынкі, нічога асаблівага, звярнулі ўвагу на адну дэталь: бакавыя барты, абабітыя знутры фанерай, паступова нібы звужаюцца да кабіны. Сталі вывучаць больш уважліва. Аказалася, паміж фанерай і вонкавым тэнтам быў зазор, у якім схавалі ліставую медзь. І яшчэ большы зазор — у паўтара метра — быў зроблены паміж кабінай і пярэднім бортам. Шэсць тон медзі было схавана ў тым грузавіку! І выявілі гэта нашы супрацоўнікі. Дарэчы, падобных выпадкаў нямала.
Цікавыя іншамаркі
Разам з падпалкоўнікам міліцыі Віталем Молчанам і старшым інспектарам названага спецпадраздзялення капітанам міліцыі Дзмітрыем Юруцем мы выязджаем для праверкі пастоў. Мае спадарожнікі не проста едуць з «пункта А ў пункт Б». Яны жыва цікавяцца аўтамабілямі з замежнымі нумарамі. Калі я пытаюся, чым гэта выклікана, мне зноў дае тлумачэнне Віталь Молчан:
— Даволі часта на тэрыторыю Беларусі прыганяюць транспартныя сродкі, якія маюць не вельмі чыстую, а часам адкрыта крымінальную біяграфію. І прадаюць іх тут за параўнальна невысокую цану — абы хутчэй збыць. Нашы грамадзяне купляюць такія тавары, прывабіўшыся прыдатным коштам. Здагадваючыся, што пры пераафармленні аўтамабіля яго могуць «прабіць» у ДАІ і ўсплывуць негатыўныя факты, многія ездзяць і далей на замежных нумарах. Правяраючы падобныя машыны, мы можам устанавіць факт крадзяжу.
Нібы ў працяг тэмы, перад намі аказваецца легкавік «Шэўрале» з расійскімі нумарамі. Мы рухаемся за гэтай машынай. Збочваем у завулкі пасёлка Бараўляны. «Шэўрале» спыняецца, капітан міліцыі Юруць ідзе правяраць дакументы.
Кіроўца, нават на мой неспрактыкаваны погляд, неяк залішне мітуслівы. Высвятляецца, што ён грамадзянін Беларусі, але дакументаў на аўтамабіль у яго пры сабе няма. Кажа, пакінуў у іншай машыне. Старшы інспектар Юруць садзіцца да яго, мы з падпалкоўнікам міліцыі Молчанам едзем следам. Прыязджаем да яшчэ адной іншамаркі, але і там няма дакументаў на «Шэўрале». Кіроўца кажа, што дакументы знаходзяцца дома, і ён зараз іх прынясе. Але яго не адпускаюць дадому, мяркуючы, што можа збегчы, і прапаноўваюць патэлефанаваць таму, хто прынясе дакументы. Альбо — праехаць у УУС і там ва ўсім разабрацца. У рэшце рэшт, высвятляецца, што дакументы ў кіроўцы першапачаткова былі пры сабе, але на машыну не аформлена страхоўка, і ўладальнік «Шэўрале», баючыся штрафу, спрабаваў выкруціцца, мяркуючы, што супрацоўнікі ДАІ не будуць такія скрупулёзныя. Памыліўся, і ў выніку быў складзены адміністрацыйны пратакол за адсутнасць страхавога поліса.
— Навошта падманваў? — кажа з дакорам Віталь Молчан, калі мы ўжо паехалі далей. — Зразумела ж было, што мы пра ўсё даведаемся. Вось таму, што многія спрабуюць падмануць супрацоўнікаў міліцыі замест таго, каб сумленна прызнаць віну, міжволі пачынаеш на ўсіх глядзець з падазрэннем.
Мы спыняем яшчэ адну машыну з расійскімі нумарамі, але там усё ў парадку, і мы мірна раз'язджаемся.
— Скажыце, а ці няма дыскрымінацыі ў тым, што вы адмыслова спыняеце аўто з расійскімі нумарамі? — пытаюся я.
— Па-першае, — спакойна адказвае Віталь Молчан, — мы спыняем любыя машыны, якія выклікаюць у нас падазрэнне. І нумары на іх могуць быць розныя. Уявіце, якую важную і добрую справу мы робім: вяртаем маёмасць грамадзянам суседняй краіны. Многія людзі прад'яўляюць да нас прэтэнзіі за залішнюю, як ім здаецца, строгасць. А мала хто ведае, якія задаволеныя і шчаслівыя ўладальнікі аўтамабіляў, калі атрымліваюць назад сваіх «жалезных коней». Многія ўжо і надзею страцілі, а тут такі падарунак! Таму мы нікога спецыяльна не пераследуем, а проста робім сваю работу.
Дзіцячыя крэслы
Мы выязджаем за горад, дзе каля вёскі Белыя лужы Віталь Молчан правярае сваіх падначаленых. Служба, як гаворыцца, ідзе ў штатным рэжыме.
Далей я далучаюся да экіпажа старшага інспектара Юрыя Сеўрукова, дзе знаходзяцца яшчэ двое супрацоўнікаў, і разам з імі працягваю дзяжурства.
На маё пытанне, што дастаўляе зараз найбольшую праблему, Юрый Сеўрукоў кажа:
— Улічваючы сезон, вядома, «галаўны боль» — гэта шыны. Дарога часта слізкая, тармазны шлях даўжэе, а людзі працягваюць ездзіць на летняй гуме і спадзяюцца так праездзіць усю зіму. А гэта — адна з галоўных крыніц небяспекі. Некаторыя спрабуюць камбінаваць: ставяць зімовыя шыны толькі на пярэднія колы, а заднія пакідаюць у летнім або «дэмісезонным» абутку. Але гэта таксама можа стварыць аварыйную сітуацыю. Таму сочым за коламі ў першую чаргу. Яшчэ, вядома, шмат праблем з пешаходамі. Цямнее рана, а людзі за горадам прывыклі хадзіць па дарозе па сваіх правілах. Часта ідуць не насустрач, а па руху транспарту. Не абазначаюць сябе святлоадбівальнымі элементамі. Пераходзяць дарогу там, дзе ім захочацца. Зноў жа, п'яныя часта становяцца віноўнікамі ДТЗ, выскокваючы на праезную частку, а то і засынаючы проста на ёй. Таму з пешаходамі вядзецца пастаянная прафілактычная работа.
— А цяпер куды мы едзем? — пацікавіўся я, убачыўшы наперадзе школу.
— Праверым машыны на наяўнасць дзіцячых крэслаў, — тлумачыць старшы інспектар Сеўрукоў. — Большасць бацькоў — людзі дысцыплінаваныя, адказныя, і дзяцей возяць у адпаведнасці з правіламі. Але трапляюцца і тыя, хто імі грэбуе. Некаторыя так проста і заяўляюць: маё дзіця, як хачу, так і важу! Ведалі б яны, што адбываецца з непрышпіленымі дзецьмі падчас сутыкнення. Іх шпурляе па ўсім салоне — страшнае відовішча. Калі б гора-бацькі ўбачылі гэта збоку, бягом пабеглі б купляць крэсла.
Мы праязджаем уздоўж шэрагу аўтамабіляў, прыпаркаваных каля школы. Адзін з інспектараў заўважае, што ў легкавой машыне, якая праехала міма нас, дзіця сядзіць не прышпіленае. Разварочваемся, едзем за гэтым аўто. Падаецца гукавы сігнал, і легкавушка паслухмяна збочвае на стаянку.
За рулём — маладая жанчына. Ззаду яе сядзіць дзяўчынка прыкладна сямі гадоў. Ні дзіцячага крэсла, ні бустара — утрымліваючай прылады, у салоне няма. Інспектар Віктар Якубчык пачынае выпісваць штраф, адначасова тлумачачы парушальніцы ступень яе віны. Жанчына згодна ківае, твар у яе вінаваты. У сваё апраўданне яна кажа, што ёсць яшчэ «сямейная» машына, адразу з двума дзіцячымі крэсламі. А ў гэтай яна проста выскачыла «па-хуткаму», забраць дачку са школы. На першы раз штраф — 0,5 базавай велічыні. Але калі парушэнне будзе зафіксавана паўторна, штраф складзе ад 2 да 5 базавых велічынь. Зразумела, што танней купіць крэсла, чым «нарывацца на непрыемнасці». Маладая маці ўсё гэта разумее і кажа, што крэсла будзе ўстаноўлена ў машыну неадкладна.
Другі інспектар, лейтэнант міліцыі Дзмітрый Галабурда, тым часам паказвае яшчэ адной машыне збочыць на стаянку. Прычына? Кіроўца не быў прышпілены рамянём бяспекі. Таксама выпісваецца штраф і праводзіцца тлумачальная гутарка. Парушальнік згаджаецца: вінаваты, больш не буду. Пры гэтым жыццярадасна размаўляе па тэлефоне: відаць, штраф яго не моцна засмуціў. Аднак жа, аб рамяні бяспекі цяпер ён наўрад ці забудзе.
Зімовыя сюрпрызы
Едзем далей. Працягваем гаворку.
— Вось зараз пахаладала, многія машыны глухнуць на дарозе, — кажа юрый Сеўрукоў. — Людзі спыняюцца, уключаюць аварыйныя агні — і часта не ведаюць, што ім рабіць далей. Зіма, ноч, мароз... Да бяды недалёка. Мы прыходзім такім кіроўцам на дапамогу. Выклікаем эвакуатар, дастаўляем пасажыраў у населены пункт, каб не змерзлі. Калі трэба, выклікаем і медыцынскую службу. Многіх людзей такім чынам выратавалі, яны потым пішуць нам падзякі.
Раптам мы рэзка з'язджаем убок і тармозім. Віктар Якубчык выходзіць з машыны, спыняе нейкую дзяўчыну. Што такое? Аказваецца, яна перабегла дарогу ў неналежным месцы. Я і не заўважыў, але ў інспектараў вока на такія рэчы спрактыкаванае.
Раней я звярнуў увагу на тое, як яны глядзяць на дарогу, на праязджаючыя машыны: хутка, учэпіста, як адсочваючы радарам. Вось і гэтую парушальніцу «запеленгавалі» імгненна, і тут жа зрэагавалі.
Інспектар Якубчык, пагаварыўшы з дзяўчынай, адпускае яе. Я цікаўлюся, у чым справа?
— Цяжарная, спяшаецца на абследаванне, — тлумачыць інспектар.
— Яе не сталі штрафаваць?
— Абмежаваліся вуснай заўвагай, — кажа Віктар Якубчык. — Гэтая мера ўнушэння, дарэчы, прадугледжана заканадаўствам.
Паступае паведамленне па радыёстанцыі. Грузавік з'ехаў у кювет, трэба арганізаваць «калідор», пакуль яго будуць выцягваць. Едзем туды.
Сапраўды, МАЗ, гружаны пяском, спыніўся на абочыне. Але збоку да дарогі прылягаў тоўсты пласт снегу, і цяжкі самазвал адным бокам сцягнула ўніз. Засеў моцна, самому не выбрацца. Чакаем, калі прыедуць на дапамогу машыны з арганізацыі, у якой лічыцца МАЗ, што трапіў у пастку. Хутка прыязджаюць два аўтафургоны. Юрый Сеўрукоў пераганяе службовую машыну за грузавікі і спыняе сустрэчныя машыны. Кіроўцы, разумеючы, што затрымліваюць рух на трасе, спяшаюцца. Яны чапляюць МАЗ тросамі адразу за дзве машыны і заднім ходам выцягваюць на дарогу. Уся аперацыя займае не больш за пяць хвілін. «Хвост» ззаду нас выстраіўся не такі ўжо і доўгі. Ледзьве МАЗ аказваецца на дарозе, інспектары даюць сігнал: можна ехаць. Праз хвіліну траса становіцца чыстай. Дакладнасці дзеянняў супрацоўнікаў ДПС можна пазайздросціць.
На гэтым я сваё «дзяжурства» скончыў. А інспектары засталіся несці службу. Няпростую, разнастайную і такую ўсім патрэбную. Не ведаю, якія высновы зрабілі вы, прачытаўшы гэты рэпартаж, а я пераканаўся асабіста: пакуль гэтыя людзі на дарозе, мы можам адчуваць сябе ў поўнай бяспецы.
Сяргей КУЛАКОЎ
Разбіраемся разам з урачом па медыцынскай прафілактыцы.
Набіраюць абароты махлярскія дзеянні з удзелам дзяцей.
Ужо традыцыя з нагоды Дня роднай мовы прапаноўваць чытачам праверыць свае веды.