Вы тут

Бенгалія: нектар для слыху


Паліграфічны камбінат імя Якуба Коласа выдаў унікальную кнігу: пад адной вокладкай сабраны пераклады легендарнага верша лаўрэата Нобелеўскай прэміі ў галіне літаратуры за 1913 год Рабіндраната Тагора «Мая залатая Бенгалія» на мовы народаў свету. 62 тэксты на 50 мовах — на бенгальскай і пераклады на 49 моў. Чаму 62 тэксты? На некаторыя мовы — па два і болей перакладаў.


Верш быў напісаны на самым пачатку ХХ стагоддзя. А ўжо ў 1970-я гады, калі з'явілася на карце свету краіна Бангладэш, твор бенгальскага, індыйскага пісьменніка стаў гімнам незалежнай і суверэннай дзяржавы. «Мая залатая Бенгалія, / Я закаханы павек. / Заўжды тваё неба, паветра / Ў душы маёй граюць на флейце. / О маці, лясы твае мангавыя / Сакавік водарам поіць, ах!» — прамаўляе Рабіндранат Тагор праз пераклад лаўрэата Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь Міколы Мятліцкага.

Каб скласці кнігу, ідэя якой належыць беларускаму інжынеру і грамадзяніну Бангладэш Музахідулу Ісламу, які жыве і працуе ў Мінску, спатрэбілася стварыць Міжнародны рэдакцыйны савет. У яго ўвайшлі казахстанскі літаратуразнаўца Святлана Ананьева, беларуская перакладчыца Марыя Кобец, старшыня Астраханскага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Расіі Юрый Шчарбакоў, публіцысты, пісьменнікі, перакладчыкі з Дагестана (Расійская Федэрацыя) Керымхан Умаханаў і Марат Гаджыеў, журналіст з Бангладэш Рыаз Хайдар. Прадмову да кнігі напісаў прадстаўнік ЮНІСЕФ у Беларусі Рашэд Мустафа Сарвар. У якасці ілюстрацыі да зборніка выкарыстаны рэпрадукцыі цыкла малюнкаў славутага бангладэшскага мастака Зайнула Абедзіна «Голад у Бенгаліі ў 1943 годзе».

Хто ж далучыўся да працы над кнігай, ахвяраваўшы свой час на пераўвасабленне твора Рабіндраната Тагора? Сярод перакладчыкаў — вядомыя ў сваіх нацыянальных літаратурах: заслужаны работнік культуры Кабардзіна-Балкарыі Саліх Гуртуеў, народны пісьменнік Удмурціі Вячаслаў Ар-Сяргі, народны паэт Чувашскай Рэспублікі Валерый Тургай, башкірка Зульфія Хананава, народны паэт Татарстана, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Расійскай Федэрацыі Рэнат Харыс, шорская паэтэса Любоў Арбачакова, марыйскі пісьменнік Генадзь Аяр-Сабанцаў... Ёсць у кнізе пераклады на такія мовы, як карэйская, кітайская, хіндзі, урду, на мовы народаў Еўропы — італьянскую, грэчаскую, польскую, сербскую, македонскую і іншыя. Ёсць пераклад нават на мову лух'я, на якой гавораць у афрыканскіх краінах Кеніі і Угандзе (па розных падліках гавораць на гэтай мове ад 5 да 10 мільёнаў чалавек). Перакладчык на лух'я — паэт Хілары Майнг.

На беларускую мову «Маю залатую Бенгалію» пераклалі Сяргей Панізнік, Надзея Салодкая, Навум Гальпяровіч, Марыя Кобец і Мікола Мятліцкі. «... Матуля, вуснаў тваіх словы / Для слыху майго — нектар, / Ах! / Матуля, калі чало тваё светлае агортвае смутак, / О родная, я слёзы глытаю», — прамаўляе Рабіндранат Тагор, захоплены прыгажосцямі роднай прасторы, ды разам з тым і занепакоены лёсам бенгальскага народа, лёсам роднай старонкі. Праз кнігу аднаго верша «Мая залатая Бенгалія» на мовах свету» нечым няўлоўным (а хіба мастацтва, паэзію можна практычна вымераць?!) Бангладэш, бангладэшцы, бенгальцы становяцца бліжэй да нашага беларускага святла, да нашых прыгожых прастораў. Дарэчы, упершыню творы Рабіндраната Тагора загучалі па-беларуску яшчэ ў 1920-я гады. Адзін з першых перакладчыкаў — народны паэт Беларусі Якуб Колас.

Застаецца заўважыць, што кніга аднаго верша Рабіндраната Тагора выйшла якраз у пярэдадзень ХХVІ Мінскай міжнароднай кніжнай выстаўкі-кірмашу, на якую прыедуць і госці — пісьменнікі і кнігавыдаўцы з 34 краін свету.

Мікола БЕРЛЕЖ

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Брэстчына адзначыла юбілей

Брэстчына адзначыла юбілей

Падарункі да свята і слаўная гісторыя.

Музыка

Святлана Агарвал: Музыка — гэта мая душа

Святлана Агарвал: Музыка — гэта мая душа

Спявачка апявае каларыт і шматграннасць беларускай і індыйскай культур.