У Беларусі пражывае больш за 568 тысяч людзей з інваліднасцю, з іх амаль 32 тысячы складаюць дзеці да 18 гадоў. Многія з гэтых людзей маюць патрэбу ў тэхнічных сродках рэабілітацыі. Якім чынам іх можна атрымаць і ці маюцца льготы па іх аплаце, нам расказалі ў Міністэрстве працы і сацыяльнай абароны.
Пратэзна-артапедычныя і іншыя сродкі рэабілітацыі значна аблягчаюць жыццё людзям з абмежаванымі магчымасцямі. Усяго ў Дзяржаўны рэестр тэхнічных сродкаў сацыяльнай рэабілітацыі ўваходзяць 72 пазіцыі — крэсла-каляска з электрапрыводам, апорны кій, спецыяльны супрацьпролежневы матрац, пратэзы верхніх і ніжніх канечнасцяў, бандажныя вырабы, слыхавыя апараты і многія іншыя прадметы. Забеспячэнне імі людзей, якія маюць такую патрэбу, праводзіцца па заяўным прынцыпе.
Куды звяртацца?
Патрэбу ў тэхнічных сродках рэабілітацыі для чалавека вызначае медыка-рэабілітацыйная экспертная камісія (МРЭК) альбо ўрачэбна-кансультатыўная камісія (УКК).
Для забеспячэння сродкамі рэабілітацыі неабходна звярнуцца з заявай у мясцовы орган па працы, занятасці і сацыяльнай абароне, прадставіўшы наступныя дакументы:
Дарэчы, не ўсе сродкі рэабілітацыі можна атрымаць у органах сацыяльнай абароны. Па мыліцы, пратэзы і артэзы верхніх і ніжніх канечнасцяў і тулава, экзапратэзы малочнай залозы з ліфамі, артапедычны абутак і некаторыя іншыя сродкі рэабілітацыі прыйдзецца звяртацца ў Беларускі пратэзна-артапедычны аднаўленчы цэнтр у Мінску ці ў яго філіялы ў рэгіёнах.
Каб людзям з інваліднасцю І, ІІ групы і дзецям-інвалідам выдзелілі слыхавыя апараты, кантактныя лінзы, лупы, тэст-палоскі для вызначэння ўзроўню цукру ў крыві, глюкометр ці інсулінавыя шпрыцы, неабходна звяртацца ў мясцовыя органы аховы здароўя.
Бываюць выпадкі, калі інваліду складана самастойна прыехаць і падаць дакументы. За яго гэта могуць зрабіць сваякі. А на дом да адзінокага чалавека можа быць накіраваны сацыяльны работнік, які прыме заяву. Акрамя таго, інваліды І групы і інваліды-калясачнікі для атрымання сродкаў рэабілітацыі маюць права бясплатна скарыстацца сацыяльным таксі.
Што наконт аплаты?
Сродкі рэабілітацыі могуць выдзяляцца бясплатна, а таксама на льготных умовах — з аплатай 20, 25 і 50 працэнтаў кошту. Таксама маюцца пэўныя катэгорыі грамадзян, якія павінны набываць сродкі рэабілітацыі за поўны кошт у арганізацыі-вытворцы або ў арганізацыі, якая гандлюе імі. Умовы аплаты ў кожным канкрэтным выпадку лепш удакладніць у раённым упраўленні па працы, занятасці і сацыяльнай абароне (у сталіцы — у раённым упраўленні сацыяльнай абароны).
Тэрмін выкарыстання
Важна памятаць, што сродкі тэхнічнай рэабілітацыі маюць свой тэрмін выкарыстання. Так, напрыклад, для пакаёвых калясак гэты тэрмін складае пяць гадоў, для прагулачных — чатыры гады. Для многіх з іх прадугледжана магчымасць рамонту — на працягу года з моманту атрымання забяспечваецца гарантыйны рамонт. Па заканчэнні гэтага тэрміну органы сацыяльнай абароны яшчэ раз бясплатна адрамантуюць сродак тэхнічнай рэабілітацыі.
У выпадку калі тэрмін эксплуатацыі сродку рэабілітацыі не мінуў, але ў чалавека змяніліся антрапаметрычныя параметры, палепшыўся альбо пагоршыўся стан здароўя, у выніку чаго немагчыма выкарыстоўваць наяўны сродак рэабілітацыі, пры наяўнасці індывідуальнай праграмы рэабілітацыі інваліда ці заключэння УКК магчыма выдача новага. Пры гэтым выдадзены раней сродак рэабілітацыі трэба будзе вярнуць.
Святлана Бусько
А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.
Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.
«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».