Вы тут

Сара Тысдэйл. Вершы



Сара Тысдэйл

(1884–1933)

Амерыканская паэтка Сара Тысдэйл нарадзілася 8 жніўня 1884 года ў сям’і, што адносілася да забяспечанага сярэдняга класа. Большую частку жыцця правяла ў Сэнт–Луісе, штат Місуры, і толькі апошнія гады жыла ў Нью–Ёрку. З дзяцінства ў яе было слабае здароўе, і толькі ў 9 гадоў яна змагла пайсці ў школу. У 1898 годзе яна паступіла ў Мэры–інстытут, але ўжо ў 1899 годзе перавялася ў Хосмер–хол, які і скончыла ў 1903 годзе.

Першы верш Тысдэйл быў надрукаваны ў мясцовай газеце «Reedy's Mirror» у 1907 годзе, і ў тым жа годзе пабачыў свет яе першы зборнік вершаў «Санеты да Д’юз і іншыя вершы» («Sonnets to Duse and Other Poems»). Другі зборнік, «Алена Траянская і іншыя вершы» («Helen of Troy and Other Poems») выйшаў у 1911 годзе і быў добра прыняты крытыкай, што адзначыла лірычнае майстэрства аўтаркі і рамантычную тэматыку.

У 1913 годзе Тысдэйл закахалася ў паэта Нікаласа Вэйчэла Ліндсэя (1879–1931). Ён штодня пісаў ёй лісты, але ў 1914 годзе паэтка выйшла замуж за Эрнста Філсінгера, багатага экспарцёра, з якім, аднак, развялася ў 1929 годзе. Ліндсэй заставаўся яе сябрам да канца жыцця.

У 1915 годзе выйшаў трэці зборнік Тысдэйл, «Рэкі, што цякуць у мора» («Rivers to the Sea»), а ў 1918 годзе яе зборнік «Любоўныя песні» (Love Songs) атрымаў тры прэміі: прэмію Паэтычнай суполкі Калумбійскага ўніверсітэта, Пулітцэраўскую прэмію за паэзію і штогадовую прэмію Амерыканскай паэтычнай суполкі.

У 1933 годзе Тысдэйл выдала апошні зборнік «Дзіўная перамога» («Strange Victory») і ў тым жа годзе скончыла жыццё самагубствам. Ліндсэй зрабіў тое самае на два гады раней. Пасля смерці Тысдэйл з’явілася легенда, што яе верш «I Shall Not Care» быў напісаны як развітальная цыдулка былому каханаму. Але напраўду верш быў надрукаваны яшчэ ў 1915 годзе ў зборніку «Рэкі, што цякуць у мора».

Ганна Янкута


Але не да мяне

У веснім садзе вецер сціх,

І дрэвы ў пахкім сне.

Спакой знайшоў свой шлях да іх —

Але не да мяне.

 

Бо толькі на яго грудзях

Мяне спакой кране.

Любоў да ўсіх знайшла свой шлях —

Але не да мяне.

 

Вецер

Шалее вецер у душы,

Дае ён снам уночы бой.

У свеце я спакой знайду

Адно з табой?

 

Мне вецер мудрасць падарыў,

Ён над душой шалеў жывой:

Спакою ў свеце не знайду

Я і з табой.

 

Мне будзе ўсё адно

Калі памру я, нада мною травень

З вясновых ліўняў вытча палатно.

Ты ўкленчыш ля труны з разбітым сэрцам —

Мне будзе ўсё адно.

 

Спазнаю я спакой, вядомы дрэвам,

Калі залева вымые лісты.

Тады я буду з халаднейшым сэрцам,

Чым сёння ты.

 

Мудрасць

Калі з падстрэленым крылом

Змагацца скончу я са злом

І зразумею, што ў жыцці

Ад кампрамісаў не сысці,

Калі зірну я лёсу ў твар

І мудрасць атрымаю ў дар,

Жыццё пакажа: праўда ёсць,

Ды возьме плату — маладосць.

 

Алена Траянская

Успырхваюць з зямлі на тле зары

Пажарамі раскінутыя крылы.

У пахавальным вогнішчы палае

Той горад, што мяне сустрэў у бляску

І пакрысе пачаў занепадаць.

Я — тая, што красу мілуе й нішчыць.

Нашто багі мяне абралі зброяй

Для гневу? Бо з дзявоцтва я нясу

Адно пакуты — і багі дагэтуль

Маё жыццё так горка берагуць.

Яны ўзвялі мяне на гэты ложак,

І на пякучым ветры я аслабла,

Але з маіх грудзей не вырваць дух.

Алімп для іншых смерць падрыхтаваў:

Яны спачнуць, калі растане дзень,

І заўтра болей іх не патрывожыць.

Я ж не спачну, бо паўсмяротны лёс

Дзялю з багамі, злымі да суперніц.

Зрабілі вы мне жорсткі падарунак,

Матуля–Леда й Лебедзь, бацька мой,

Адна красу дала, другі — пакуту:

Яшчэ ніколі нічыя дачка

Не несла ў свет такія руйнаванні,

Не турбавала небасхіл пажарам,

Што рвецца ўвысь, абы крануцца зор

І іх прыцьміць да самага світанку.

Замала праз мяне ліецца слёз?

Я прагну смерці. Ды ў жыцця больш моцы:

Як абысціся мне без песень ветру

І вабных пахаў, што плывуць ад мора?

Як я магу не ўбачыць больш вясны?

Не пацягну я рукі да магілы,

Не буду змрок нябыту асвятляць.

Ці ёсць у тых, што ў Елісейскіх далях

Блукаюць сцежкай смерці, пачуццё,

Якое раздзірае грудзі жарсцю,

І вусны, што чакаюць пацалункаў?

Я буду жыць, каб грэкаў зваяваць,

Каб той, хто ненавідзіць — палюбіў.

Ды досыць мрой. Я супыняю плач

Над лёсам, што змушае ўсіх мужчын

Кахаць мой рот і не зважаць на песні,

Што рэхам адгукаюцца ў душы.

Я не злуюся больш. Даволі мрой —

Пакуль траянцы з грэкамі не ўбачаць

За прыгажосцю цела штось яшчэ,

Ва ўсіх марах, на ўсіх архіпелагах,

На ўсёй зямлі, што ёсць пад гэтым сонцам,

Да вечнай ночы, да канца стагоддзяў

Мужчыны будуць марнаваць жыццё,

Мной трызнячы як найвышэйшай мэтай,

Самой красой, якую больш не ўбачыць,

І будуць прачынацца з маім імем

На вуснах, з маім тварам — уваччу.

Мяне заўсёды будуць маляваць

Як яркі пробліск: мільгане ўначы —

І зноў няма. Уявіць кожны сам

Мяне наноў — ці з пасмамі, якія

Цямнеюць, быццам ноч, і, быццам мора,

Люструюць зоры; ці з такой касой,

Што золатам гарыць — бы помніць горан.

Стаяць я буду да змяркання свету

У іх вачах, дзе скачуць цені мрой.

 

Чакаю я, калі з мячом ён прыйдзе —

Той цар, якому здрадзіла я; ён

Мяне шукае — ды забіць не зможа.

Я стану перад ім, зірнуўшы ў вочы,

Адкрыўшы грудзі і яму, і сонцу.

Яму не стане сіл запляміць кроўю

Такую белату — і меч падзе,

І ўскрыкне цар, мяне абняўшы моцна,

І на руках да Спарты панясе.

Я буду жыць, каб грэкаў зваяваць!

 

Беатрычэ

Ты пеўчых адашлі — я прагну цішы,

Бо не наклічуць сон, не сцішаць боль.

Завесь акно — няхай пануе змрок,

Каб знала я, як вусцішна ў магіле.

Сядае сонца, бо ў чырвоных промнях

Твой сілуэт гарыць у пазалоце:

Ты — як Уршуля на алтарнай шырме.

Адсунь жа свечку і сядай ля ложка —

Бо досыць мне святых і багамольцаў.

Як мітусяцца думкі ў галаве:

З’явіліся, сышлі — і так па коле.

Душу вымае злая ліхаманка,

І там, ля габеленаў, смерць стаіць.

 

Арнэла, я скажу — бо хутка вусны

Замоўкнуць да сканчэння ўсіх часоў:

Сустрэч з любоўю не пужайся ты,

Бо потым на сустрэчу смерць пакліча.

Як хочацца цяпер, на ложку смерці,

Каб я была бліжэйшай да людзей,

А не глядзела ў свет праз вітражы,

Што ўсё фарбуюць сінім і зялёным

І квапяцца на яснае святло.

З натоўпам не даводзілася мне

Прайсці пад вокнамі свайго палаца,

І толькі часам рыцар у брані

Праедзе міма, і мяне заўважыць,

І, усміхнуўшыся, махне рукой,

А я тады адразу адвярнуся —

У жаху і ва ўладзе дзіўных мар.

Ах, мары, што адказу не чакаюць!

Каб здзейсніць іх, патрэбна працаваць,

Але жыццё маё — асенні дзень,

Што поўны цішы і туманных сноў.

 

Пра што я? Зноў забылася, пра што...

Цяпер здаецца мне, што я дзіця,

Якое так даўно гуляла ў садзе,

А за сцяною хтось на трубах граў —

Відаць, Мадонну неслі пад мурамі,

Сцягі луналі па–над морам кветак.

Намаляваных Панну і Дзіця,

Што першы раз спазналі слодыч сонца,

Суправаджалі да алтарнай нішы,

Каб там у цемры назаўжды замкнуць.

Я назбірала руж у колер сукні,

Святой Альжбетаю сябе ўявіўшы —

Яна віно ператварыла ў ружы, —

І вось падчас гульні з’явіўся хлопчык,

Які маўчаў і на мяне глядзеў,

Нібыта дзесьці ў далечы, за мной,

Стаяць у бляску шэрагі анёлаў.

Тады ён вельмі мала гаварыў,

І потым я ніколі больш не чула

Таго, хто апяваў мяне шматкроць.

Яму хапала назіраць за мной,

На ютрані шукаць маіх вачэй,

Каб адчувала я яго прысутнасць.

Калі б ён мне хоць раз падаў руку

Ці слова мовіў — я змагла б яго

І пакахаць: ён меў дзівосны позірк.

 

Ты тут, Арнэла? Я цябе не бачу.

Няўжо ў гадзіну смерці ўсім самотна?

 

Вакол агні, дрыготкія агні.

Хто гэтыя жанчыны і мужчыны?

Ці ім чуваць, што я табе кажу?

Хаця ў жыцці я злога не чыніла —

І ўсё ж не трэба слухаць ім мяне.

 

Няўжо ў зіхоткім я плыву тумане?

Мяне ўздымі — да сонца час ляцець!

Пераклад з англійскай Ганны Янкуты

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.