Вы тут

Дазволь сабе быць несур'ёзным


— Добры дзень! Дык вось як усё выглядае! — мужчына жвава ўваходзіць у кабінку да псіхолага. — Ніколі раней не сустракаўся з псіхолагам сам-насам, а тут рашыўся, адстаяў у чарзе, каб да вас патрапіць.


У Мінску ўжо некалькі гадоў запар праводзяцца сацыяльныя выстаўкі-кірмашы «50+», падчас якіх кожны ахвотны любога ўзросту мае магчымасць бясплатна пракансультавацца ў псіхолага, тэрапеўта, герыятра, эндакрынолага, кардыёлага.

...Мужчына зайшоў у кабінку да псіхолага вельмі асцярожна. Ён прысеў на крэсла і моўчкі глядзеў на мяне.

— Калі ласка, раскажыце, што ў вас здарылася, — прапанавала я.

— Як? — здзіўлена ўсклікнуў мужчына. — А вы хіба не бачыце па мне, што здарылася? Я думаў, што псіхолагі бачаць кожнага чалавека наскрозь!

Давялося тлумачыць наведвальніку, што гэта не зусім так. Пасля гэтага ён расказаў аб праблемах у сям'і.

— Жонка лічыць, што я мушу аб усім здагадвацца сам, без усякіх яе тлумачэнняў і абмеркаванняў за «сталом перагавораў!», — прамовіў ён, і адразу ж заўсміхаўся, бо зразумеў: сам толькі што менавіта так сябе павёў, спадзеючыся, што псіхолаг пра ўсё здагадаецца з першага позірку. Добра, дарэчы, што, клапоцячыся аб захаванні сям'і, ён звярнуўся па псіхалагічную дапамогу. Такія мужчыны заслугоўваюць павагі.

Перада мною наступная наведвальніца — жвавая, сімпатычная жанчына. Некалькі гадоў таму з-за праблем са здароўем ёй давялося звольніцца з работы. Калісьці яна перажывала, што на пенсіі не будзе чым заняцца. Але прайшло ўжо некалькі гадоў, а жыццё яе па-ранейшаму вельмі актыўнае. Жанчына выступае з лекцыямі, дзеліцца карыснай інфармацыяй з людзьмі сталага веку, навучае іх карыстацца камп'ютарам і інтэрнэтам. У мяне яна кансультавалася, як зрабіць сваё жыццё яшчэ больш насычаным (бо часам гэтаму замінала яе залішняя сарамлівасць), каб дапамагаць іншым людзям, — і гэта нягледзячы на праблемы са здароўем, якія, на жаль, нікуды не зніклі. Можна толькі падзякаваць такім пенсіянерам!

Убачыць, адчуць, асэнсаваць свае памкненні, жаданні, мары. Азірнуцца навокал. Заўважыць, што дзеці (а можа нават і ўнукі) ужо даўно сталі дарослымі і самастойнымі. Заняцца самаўдасканаленнем, паглыбіцца ў свой унутраны свет. Знайсці, заўважыць аднадумцаў, загарэцца ідэямі. Смела распачаць штосьці новае. Убачыць тых, хто мае патрэбу ў дапамозе. Падтрымаць таго, хто сумняваецца ў сваіх сілах... Усё гэта можна зрабіць самастойна або... звярнуцца да псіхолага па кансультацыю — ён дакладна дасць патрэбную параду.

Псіхалагічная дапамога ў нас вельмі запатрабаваная, таму на сацыяльных выстаўках яна аказваецца бясплатна і ананімна. Людзі прыходзяць з разнастайнымі праблемамі і пытаннямі, часам вельмі сур'ёзнымі, вырашэнне якіх патрабуе шматдзённай працы з прафесіяналам. Падчас выстаўкі спецыялісты аказваюць першую псіхалагічную дапамогу і раяць чалавеку, куды варта звярнуцца далей.

Кансультуючы наведвальнікаў, заўважыла, дарэчы, адну тыповую рэч: некаторыя з іх нібыта апраўдваюцца за свае захапленні. Бывае, што чалавек выконвае сур'ёзную работу, займае адказную пасаду, а падчас адпачынку любіць пачытаць «бульварныя» раманы і дэтэктывы, паглядзець забаўляльныя перадачы, паразгадваць красворды. Сябры і сваякі асуджаюць яго, бо лічаць такія заняткі занадта «легкадумнымі». У чалавека ўзнікае пачуццё віны за тое, што дазволіў сабе быць недастаткова сур'ёзным.

Але ж усім нам варта больш прыслухоўвацца да сябе, да ўнутранага голасу, і часцей дазваляць сабе быць шчаслівымі.

Калі мой пляменнік быў маленькі, ён, як і ўсе дзеці, вельмі любіў глядзець мультфільмы. Я ўключала тэлевізар і садзілася глядзець мультыкі разам з ім, каб потым іх абмеркаваць. «Я ведаю, ты ўключаеш іх для сябе! — смяяўся хлопчык. — Але ты — дарослая, таму ты робіш выгляд, што ўключаеш іх для мяне!» І ён меў рацыю...

Марына Баброўская

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».