Вы тут

Беларусь гатова да наплыву замежнікаў?


Бязвізавы рэжым пачаў даваць нядрэнныя вынікі: экспарт турпаслуг за мінулы год павялічыўся на 13—14 працэнтаў. Як паведаміў намеснік дырэктара Дэпартамента па турызме Міністэрства спорту і турызму Віталь Грыцэвіч, летась заходне-паўднёвую мяжу Беларусі перасекла 4,7 мільёна замежных гасцей. Наогул жа краіну наведала больш за 12 мільёнаў чалавек.


Запрашаем на завод

Натуральна, найчасцей нас адорваюць увагай турысты з Расіі. Сярэдні час іх знаходжання ў «сінявокай» складае каля пяці дзён. Але пачала прырастаць колькасць падарожнікаў з Прыбалтыкі і Польшчы, а таксама больш аддаленых краін. Карыстаюцца папулярнасцю туры выхаднога дня, прычым госці едуць не толькі паглядзець на беларускую архітэктуру і прыроду — запатрабаваны і прамысловы турызм. Адзін з самых раскручаных тураў — на БелАЗ. Плануецца надалей развіваць гэтую галіну. Але найперш трэба вырашыць праблему з прафесійнай падрыхтоўкай спецыялістаў, якія будуць вадзіць турыстаў па прадпрыемствах. Справа ў тым, што «левых» людзей дапускаць на вытворчасць нельга, а супрацоўнікам фабрык і заводаў часам не хапае ведаў, як працаваць з падарожнікамі.

Паступова інфраструктура перастройваецца пад новыя запатрабаванні рынку. Напрыклад, на Брэстчыне, у раёнах, дзе дзейнічае бязвізавы рэжым, летась з'явілася 37 новых аграсядзіб. У меню рэстаранаў можна ўбачыць інфармацыю на літоўскай і польскай мовах. Недалёка ад Белавежскай пушчы будуецца агратурыстычны комплекс, які зможа прыняць звыш 130 гасцей.

Віталь Грыцэвіч адзначыў, што разглядаецца пытанне аб аб'яднанні гродзенскай і брэсцкай бязвізавых зон, што дазволіць затрымаць турыста на нашай тэрыторыі на больш працяглы час. Так, сёння замежнікі ў сярэднім праводзяць у Беларусі каля двух дзён, але ў будучым з пашырэннем даступных для наведвання без віз тэрыторый ён зможа выпраўляцца па новых маршрутах.

Прырастае колькасць турыстаў у тым ліку і дзякуючы разнастайным міжнародным мерапрыемствам. Толькі за мінулы год у нас было праведзена больш за 70 буйных спартыўных спаборніцтваў. Ужо сёння можна запісацца на новую экскурсію «Мінск — спартыўны» і больш даведацца пра аб'екты, якія будуць задзейнічаны падчас ІІ Еўрапейскіх гульняў.

Белавежская Пушча супраць Вялікага Усцюга

Сёння трэба паклапаціцца пра падрыхтоўку спецыялістаў для розных галін, якія змогуць абслугоўваць замежных турыстаў. Так, калі з англамоўнымі экскурсаводамі справа больш-менш вырашана, то гідаў, якія валодаюць арганізатарскімі якасцямі і здольныя аператыўна вырашаць разнастайныя праблемы, пакуль не хапае. Персанал з веданнем моў спатрэбіцца ў гасцініцах, пунктах харчавання. Неабходныя кіроўцы, здольныя разумець замежнікаў, а таксама «палявыя інструктары», да якіх будуць звяртацца аматары актыўнага адпачынку (напрыклад, велападарожжаў і байдарак).

Неабходна ўлічваць і сезонныя наплывы турыстаў. Напрыклад, Мінск прызналі адным з найлепшых месцаў для навагодніх канікул. Гасцініцы былі загружаны больш чым на 70 працэнтаў. Вось і задачка на будучыню не толькі для гарадскога кіраўніцтва, але і прадстаўнікоў бізнесу: як скарыстаць такую папулярнасць і які прадукт стварыць на наступны навагодні сезон.

Гарачымі выдаліся Каляды і для Белавежскай пушчы. Мясцовы Дзед Мароз аказаўся нават больш запатрабаваны за расійскага ў Вялікім Усцюгу і быў прызнаны самым папулярным казачным персанажам у краінах СНД. Між іншым, такая слава дабавіла турбот беларускаму чароўнаму дзеду: ён ледзьве спраўляўся з «нашэсцем» турыстаў. На працягу толькі аднаго дня ў канцы снежня да яго прыехала больш за 140 аўтобусаў!

Наогул, у параўнанні з леташнімі святамі, колькасць гасцей у Беларусі павялічылася амаль у паўтара раза.

Стаўка на спа і сумесныя маршруты

Пакуль у Беларусі не так многа кампаній, якія займаюцца экспартам турпаслуг. На далёкіх рынках працаваць надта дорага, цяжка прадаць свой прадукт, бо канкурэнцыя вельмі вялікая. Да таго ж не хапае спецыялістаў, знаёмых з сучаснай сістэмай страхавання, анлайн-браніравання, апрацоўкі дакументацыі.

Але пэўныя захады робяцца. Як паведаміў старшыня праўлення Рэспубліканскага саюза турыстычнай індустрыі Філіп Гулы, летась пра Беларусь турыстычную было заяўлена нават далёка ў свеце — у Амерыцы, Аб'яднаных Арабскіх Эміратах, Індыі. Штуршком для развіцця міжнароднага турызму маглі б паслужыць сумесныя расійска-беларускія маршруты. Напрыклад, у кітайцаў запатрабаваны напрамак Мінск — Масква — Санкт-Пецярбург. Ёсць цікавасць да такіх падарожжаў і ў гасцей з Захаду. Сёлета беларускі і расійскі саюзы туріндустрыі былі прынятыя ў Еўрапейскую экскурсійную асацыяцыю, а значыць, цераз нашу тэрыторыю праз некаторы час пачнуць ездзіць аўтобусы з вялікімі арганізаванымі ці зборнымі групамі замежных турыстаў.

Сярод планаў на будучыню — «амаладжэнне» кантынгенту санаторыяў. Каб завабіць з СНД людзей ва ўзросце 30—55 гадоў, давядзецца ўкладаць у санаторыі новыя рэсурсы, рабіць стаўку на аздараўленне, спа-працэдуры і дыягностыку.

Паколькі турыстычныя паслугі амаль нідзе не крэдытуюцца, разглядаецца пытанне аб стварэнні фінансава-крэдытнага цэнтра, які будзе падтрымліваць гэту галіну.

Алена ДЗЯДЗЮЛЯ

Фота Ліны МАЛІНІНАЙ

Загаловак у газеце: Задачкі на будучыню

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Актрыса НАДТ імя М. Горкага — пра шлях да сцэны і натхненне.

Грамадства

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

Тата і мама — два самыя важныя чалавекі ў жыцці кожнага дзіцяці.