Вы тут

Як даць штуршок развіццю гарадоў-спадарожнікаў?


Сенатары разам са спецыялістамі шукаюць выйсце з будаўнічага крызісу.

Развіваць інфраструктуру ў гарадах-спадарожніках Мінска неабходна за кошт бюджэтаў як Мінскай вобласці, так і сталіцы. Такая прапанова прагучала падчас абмеркавання праблемных пытанняў у будаўнічай галіне за круглым сталом, арганізаваным Пастаяннай камісіяй Савета Рэспублікі па эканоміцы, бюджэце і фінансах на базе індустрыяльнага парка «Вялікі камень».


— Сёння не будзе забароненых тэм, — падкрэсліў старшыня Пастаяннай камісіі Уладзімір ПАНЦЮХОЎ (на фота). — У будаўнічай галіне надышоў крызіс, і нам неабходна праманіторыць практыку прымянення закона «Аб архітэктурнай, горадабудаўнічай і будаўнічай дзейнасці ў Рэспубліцы Беларусь».

Праца ў гэтым кірунку будзе весціся на працягу года, парламентарыі спадзяюцца, што здолеюць такім чынам удасканаліць заканадаўства ў будаўнічай сферы і гэта дапаможа вырашыць праблему.

Так, у прыватнасці, размова за круглым сталом у кітайска-беларускім індустрыяльным парку была прысвечана забудове гарадоў-спадарожнікаў Мінска. Тэмпы рэалізацыі адпаведнай праграмы, прынятай яшчэ ў 2014 годзе, — недастатковыя. Таму на яе рэалізацыю прапануецца перанакіраваць частку сродкаў са сталічнага бюджэту.

— Самая вялікая праблема — у комплексным развіцці тэрыторыі гарадоў-спадарожнікаў. Так, напэўна, ні для кога не сакрэт, што ў нас у першую чаргу адстае сацыяльны складнік, — расказаў намеснік старшыні камітэта па архітэктуры і будаўніцтве Міннаблвыканкама, галоўны архітэктар Мінскай вобласці Вадзім Нікалаенка. — Паколькі развіваем гарады-спадарожнікі для вырашэння жыллёвай праблемы мінчан, то тут адназначна неабходна падключацца Мінску і ўкладвацца ў гэта.

Вадзім Нікалаенка расказаў, што ў Мінскай вобласці каля паўтара мільёна жыхароў, з іх 90 тысяч чалавек маюць патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў. У раёнах не хапае дзіцячых садкоў і школ, напрыклад, у Мінскім раёне не хапае 14 садкоў. Сёння развіццё гарадоў-спадарожнікаў знаходзіцца ў ступары, бо бюджэт Мінаблвыканкама не можа фінансаваць і будаўніцтва жылля, і інфраструктуру.

Спецыялісты лічаць, што для людзей сёння важнае не толькі набыццё кватэры, але і набыццё зручнага асяроддзя.

— Горадабудаўнічая дзейнасць дае магчымасць асвойваць тэрыторыі, — лічыць дырэктар Беларускага навукова-даследчага і праектнага інстытута горадабудаўніцтва Аляксандр ХІЖНЯК. — Аднак сучасны рынак патрабуе новых падыходаў. Патэнцыйныя пакупнікі хочуць зручнае знаходжанне свайго жылля, добрую планіроўку і від дома, дзіцячую пляцоўку і абавязкова дзіцячыя садкі, школы і паліклінікі, а таксама дастатковую колькасць гандлёвых аб'ектаў. Таму развіццё рэгіёна залежыць ад развіцця інфраструктуры і наяўнасці працы.

Для развіцця раёна неабходна дапамагаць маладым спецыялістам будаваць свой уласны дом. Такую думку выказала член Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па эканоміцы, бюджэце і фінансах, дырэктар ААТ «Азярыцкі-Агра» Ніна ЖАЛЯЗНОВА.

— Мы будуем жыллё за кошт крэдытаў прадпрыемства, — расказала сенатар. — Першыя сем гадоў яно лічыцца службовым, і толькі потым спецыяліст мае магчымасць выкупіць яго. Калі ж чалавек будзе мець магчымасць адразу пабудаваць уласны дом, зрабіць там рамонт і пасадзіць сад, то яму ўжо будзе цяжка пакінуць сваю малую радзіму. Таму мая прапанова: выдзяляць ільготны крэдыт для сям'і спецыяліста, які прыходзіць да нас працаваць. Гэта неабходна, каб замацаваць людзей на гэтай зямлі, каб маладыя людзі, якія набраліся ў нас вопыту, не пакідалі сваю гаспадарку.

За круглым сталом абмяркоўваліся і праблемы інвестараў, якія набываюць пляцоўкі для будоўлі. Але апошнія з-за адсутнасці інфраструктуры непрыгодныя для рэалізацыі задуманага. Гэтая акалічнасць стрымлівае інвестарскую актыўнасць. Удзельнікі абмеркавання казалі, што неабходна ствараць паўнавартасныя інвестыцыйныя пляцоўкі, на якія б маглі прыходзіць інвестары са сваімі праектамі. Каб развіваць рэгіён разам з бізнесам, а не толькі за кошт бюджэту, трэба пераходзіць да больш гнуткага горадабудаўнічага планавання.

Старшыня Смалявіцкага райвыканкама Міхаіл ЗАГОРЦАЎ прапанаваў стварыць асобную інвестыцыйную праграму для развіцця гарадоў-спадарожнікаў, бо на сённяшні дзень у Смалявічы пераехала толькі 148 сем'яў з Мінска, а далейшае будаўніцтва жылля замарожана з-за адсутнасці неабходнай інфраструктуры. Таксама старшыня райвыканкама лічыць, што ўвагу трэба ўдзяліць і прыцягненню людзей на працу ў Смалявіцкі раён.

— Толькі ў індустрыяльным парку «Вялікі камень» плануецца стварыць 3,5 тысячы рабочых месцаў, — падкрэсліў Міхаіл Загорцаў. — Нам ужо зараз трэба займацца стварэннем прывабных умоў для гэтых людзей.

Развіццё гарадоў-спадарожнікаў дапамагло б не толькі вырашыць праблемы перанаселенасці сталіцы, развіцця рэгіёнаў, але і нарадзіла б своеасаблівы будаўнічы бум, а значыць, і выхад з крызісу ў гэтай галіне (або адзін з іх) быў бы знойдзены. У жыцці за межамі мегаполіса, але побач з ім, ёсць свае значныя перавагі.

Нагадаем, нядаўна Прэзідэнт краіны Аляксандр Лукашэнка на нарадзе з актывам сталіцы раскрытыкаваў тэмпы рэалізацыі праграмы па развіцці гарадоў-спадарожнікаў Мінска. Лідар Беларусі лічыць, што гарады-спадарожнікі і індустрыяльны парк — гэта вектары развіцця і разгрузкі сталіцы.

Наталля ТАЛІВІНСКАЯ

 Смалявіцкі раён

Фота Андрэя САЗОНАВА

Загаловак у газеце: За межамі мегаполіса, але побач з ім

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».