Вы тут

«Шанц на працаўладкаванне павінен быць у кожнага»


Валожынская раённая газета «Працоўная слава» працягвае сачыць за сітуацыяй з працаўладкаваннем беспрацоўных грамадзян у раёне. На мінулым тыдні нашы калегі пабывалі на чарговым пасяджэнні пастаяннай камісіі па каардынацыі работы па садзейнічанні занятасці насельніцтва ў рамках рэалізацыі нормаў дэкрэта аб садзейнічанні занятасці насельніцтва, што створана ў раёне.


У ім удзельнічалі кіраўнікі і прадстаўнікі розных службаў. Былі разгледжаны пратаколы, дзе адлюстравана работа з грамадзянамі па пацвярджэнні іх занятасці ў квартале, які папярэднічаў фарміраванню базы даных. Справа ў тым, што тыя, хто фігуруе ў спісах людзей, не занятых у эканоміцы, і з'яўляецца ўласнікам жылля, з 1 студзеня павінны стапрацэнтна аплачваць кошт камунальных паслуг: гарачае водазабеспячэнне, цеплазабеспячэнне, газазабеспячэнне (пры наяўнасці індывідуальных газавых ацяпляльных прыбораў), што адпавядае поўнаму пакрыццю расходаў дзяржавы на іх аказанне. Перш чым прымаць рашэнне адносна асобных грамадзян, члены камісіі дэталёва разгледзелі ўсе абставіны і выключылі са спіса тых, хто меў на гэта важкія падставы.

Як адзначыў старшыня камісіі Пётр БІБІК, жыхары раёна актыўна звярталіся ў камісію з дакументамі-пацвярджэннямі занятасці. У першую чаргу тыя, хто працуе ці вучыцца за мяжой ці мае прысядзібны ўчастак, а таксама шматдзетныя бацькі і бацькі дзяцей, якім не споўнілася сем гадоў. У зборы інфармацыі прынялі ўдзел розныя службы. Вялікую работу ў гэтым кірунку правялі старшыні і спецыялісты сельвыканкамаў. І не дзіўна: у сельскай мясцовасці кожны чалавек на віду. Таму даведацца, чаму некаторыя нідзе не працуюць, лёгка. Многія вяскоўцы апрацоўваюць зямлю, займаюцца рамесніцтвам ці аказваюць агратурыстычныя паслугі.

Першапачаткова ў базе фігуравалі каля 2 тысяч грамадзян. У выніку праведзенай работы 1005 чалавек прызнаны занятымі ў эканоміцы. Адносна тых, хто па-ранейшаму застаецца ў спісе, работа працягваецца. На пасяджэнне, напрыклад, запрасілі чатырох жыхароў райцэнтра (патэнцыйных плацельшчыкаў), якія на працягу многіх гадоў не могуць знайсці сябе ў прафесійным плане. Прычыны такога становішча часцей за ўсё банальныя: злоўжыванне алкаголем, неаднаразовае адбыванне пакарання за тое ці іншае злачынства, лячэнне ў ЛПП. Сакратар камісіі Марына ІОДА заўважыла: «Нягледзячы на тое што гэтыя людзі разгубіліся на жыццёвай дарозе, мы абавязаны даць ім яшчэ адзін шанц і дапамагчы замацавацца ў адной з арганізацый, дзе ёсць вакансіі».

Напрыклад, 57-гадоваму мужчыну далі накіраванне ў РУП «Валожынскі жылкамунгас». Ён, дарэчы, ужо шмат гадоў перабіваецца часовымі заробкамі. Пасля таго як яму растлумачылі сітуацыю з аплатай камунальных паслуг, выказаў гатоўнасць афіцыйна працаўладкавацца. На жаль, далёка не кожны з тых, каму неаднойчы спрабавалі дапамагчы, цэніць гэты клопат. Іх незадаволенасць любой з прапанаваных работ наводзіць на думку пра тое, што ёсць сярод нас сапраўдныя тунеядцы. Што ж, магчыма, сумы за камуналку прымусяць задумацца...

Загаловак у газеце: Разгубіліся на жыццёвай дарозе? Шанц на працаўладкаванне павінен быць у кожнага

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.