Вы тут

З якімі сацыяльнымі праблемамі сутыкаецца наша краіна?


Працягласць жыцця становіцца большай, але вядзе да старэння насельніцтва. І гэта характэрна не толькі для нашай краіны. Прагназуецца, што ў 2030 годзе мы дасягнём сярэдняй працягласці жыцця ў 78,7 года. Плюсы і мінусы такой сусветнай тэндэнцыі абмеркавалі на сесіі «Паляпшэнне якасці жыцця праз здароўе, запатрабаваную адукацыю, дастойную працу». На ёй закранулі і іншыя сацыяльныя пытанні.


Валерый Кавалькоў.

Намеснік міністра працы і сацыяльнай абароны Беларусі, кіраўнік міжведамаснай рабочай групы па сацыяльных пытаннях Савета па ўстойлівым развіцці Валерый КАВАЛЬКОЎ звярнуў увагу на канцэпцыю Нацыянальнай стратэгіі ўстойлівага развіцця да 2035 года. У ёй абазначана, што асноўныя намаганні ўрада будуць засяроджаны на стварэнні ўмоў для прадукцыйнай занятасці, якая дастойна аплачваецца, забеспячэнні ўстойлівага росту даходаў насельніцтва і годнай старасці, развітой сістэмы сацыяльнай абароны ўразлівых катэгорый грамадзян.

У Беларусі добрыя стартавыя пазіцыі, адзначае намеснік міністра, у трэцім квартале 2018 года толькі 5,6 % насельніцтва афіцыйна адносіліся да катэгорыі малазабяспечаных. Гэты паказчык удвая ніжэйшы за сярэдні па краінах СНД і Усходняй Еўропы.

Сур'ёзныя вынікі былі дасягнуты па недапушчэнні неабгрунтаванай дыферэнцыяцыі даходаў насельніцтва. З 2000 года дыферэнцыяцыя захоўваецца на невысокім узроўні. Індэкс канцэнтрацыі даходаў за апошнія 17 гадоў знізіўся з 0,31 да 0,27.

Стварэнне высокапрадукцыйных рабочых месцаў наўпрост звязана з індустрыялізацыяй рэгіёнаў, асваеннем новых вытворчасцяў. Пунктамі росту з'яўляюцца сфера ІТ-паслуг, фінансавая і навукова-прафесійная дзейнасць. Па словах намесніка міністра, асаблівая роля будзе адводзіцца такім формам занятасці, як малое і сярэдняе прадпрымальніцтва, сямейны бізнес, самазанятасць насельніцтва. Іх развіццё будзе садзейнічаць спрашчэнню доступу да фінансавых паслуг, лічыць Валерый Кавалькоў.

Міністр працы і сацыяльнай абароны Беларусі Ірына КАСЦЕВІЧ падкрэсліла, што пытанні сацыяльнай справядлівасці «залатой ніткай» праходзяць праз Парадак-2030. Але яна звярнула ўвагу на тое, што, на жаль, назіраецца рост колькасці грамадзян з інваліднасцю. І гэта выклік для нашай краіны. Плюс сёння ва ўсім свеце, і ў Беларусі таксама, назіраецца старэнне насельніцтва. Каля 15 % — гэта грамадзяне, старэйшыя за 65 гадоў. Прагноз да 2020 года паказвае, што гэта катэгорыя павялічыцца да 20 %. Гэта таксама выклік.

Ірына Касцевіч.

Ірына Касцевіч расказала, што ўжо ідзе распрацоўка Нацыянальнай стратэгіі актыўнага даўгалецця, дзе будуць абазначаны асноўныя напрамкі: спорт, здароўе, адукацыя, культура. Тэму пра актыўную старасць працягнула загадчыца аддзела развіцця інавацыйных формаў сацыяльнага абслугоўвання Навукова-даследчага інстытута працы Мінпрацы Наталля МІЛЬКОТА.

Наталля Мількота.

Па класіфікацыі ААН, насельніцтва з'яўляецца старым, калі пажылых больш за 7 %. Беларусь гэты парог ужо перавысіла ў два разы, а хутка пераскочыць нават і ў тры. На рэгіянальным узроўні сітуацыя нават выразнейшая. Напрыклад, у Зэльвенскім раёне Гродзенскай вобласці ўдзельная вага насельніцтва, старэйшага за працаздольны ўзрост, на пачатак 2018 года складала 38,1 %, у Свіслацкім — 37,2 %. Калі паглядзець на асобныя населеныя пункты, то ў гарадскім пасёлку Азярышча Гарадоцкага раёна, напрыклад, гэта лічба ўжо на ўзроўні 44,7 %. Старэнне ў сельскай мясцовасці пачалося раней і ідзе хутчэй. У многіх сельскіх рэгіёнах удзельная вага людзей старэйшага ўзросту складае больш за 40 %, звяртае ўвагу эксперт. Гэтыя тэрыторыі могуць жыць і развівацца, быць устойлівымі толькі ў той сітуацыі, калі патэнцыял пажылых людзей будзе выкарыстоўвацца па-іншаму.

Змяняецца само ўспрыманне пажылога чалавека. Агульны акцэнт у канцэпцыях актыўнага даўгалецця і здаровага старэння зроблены на патэнцыяле пажылых людзей. Новае бачанне паказвае адначасова і ўразлівасць, патрэбу сацыяльнай абароны, і вялікія, часта недаацэненыя магчымасці. Гэта наўпрост суадносіцца з МУР.

Рэктар Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта інфарматыкі і радыёэлектронікі Вадзім БОГУШ лічыць, што шмат у чым дасягненне Мэт устойлівага развіцця залежыць ад таго, як будзе працаваць сістэма адукацыі. Ён адзначае, што МУР праніклі ў змест адукацыйных праграм на ўсіх узроўнях. Пачынаючы ад дашкольнай адукацыі, дзе вучаць рацыянальна выкарыстоўваць рэсурсы, і заканчваючы спецыялізаванымі навуковымі даследаваннямі ў ВНУ.

Вадзім Богуш.

На думку Вадзіма Богуша, вышэйшая школа ў сучасных умовах атрымлівае дадатковыя задачы, звязаныя не толькі з навуковым і інавацыйным развіццём, але і з пэўным сацыяльным абавязкам. Неабходна фарміраваць так званыя кампетэнцыі ХХІ стагоддзя: крэатыўнасць, крытычнае мысленне, камунікатыўнасць. Будучаму супрацоўніку трэба быць інфармацыйна адукаваным і валодаць інфармацыйна-камунікацыйнымі тэхналогіямі. Менавіта таму летась былі распрацаваны асноўныя напрамкі ўдасканалення адукацыі ў ІКТ-сферы, каментуе рэктар БДУІРа.

Намеснік міністра аховы здароўя — галоўны дзяржаўны санітарны ўрач Беларусі, член Савета па ўстойлівым развіцці Наталля ЖУКАВА звярнула ўвагу на дэмаграфію. У нашай краіне адзначаецца зніжэнне смяротнасці, а таксама колькасці хворых на розныя інфекцыі. Сістэма вакцынацыі дазваляе захоўваць здароўе і дабрабыт насельніцтва. Разам з тым застаюцца некаторыя пагрозы і рызыкі, на якія варта звярнуць дадатковую ўвагу. Напрыклад, ВІЧ-інфіцыраваныя.

Наталля Жукава.

Пытанні гендару закранула выконваючая абавязкі кіраўніка офіса Фонда ААН у галіне народанасельніцтва (ЮНФПА) у Беларусі Гульнара КАДЫРКУЛАВА. Яна лічыць, што намаганні па дасягненні гендарнай роўнасці (Мэта № 5) паўплываюць і на дасягненні іншых паказчыкаў устойлівага развіцця, як, напрыклад, памяншэнне эканамічнай і сацыяльна-культурнай няроўнасці.

Гульнара Кадыркулава.

Беларусь займае высокія пазіцыі ў рэйтынгах гендарнай роўнасці за кошт добрага ўзроўню адукацыі жанчын, занятасці на рынку працы, доступу да паслуг аховы здароўя. Як тлумачыць Гульнара Кадыркулава, гэта садзейнічае таму, што многія жанчыны перш, чым стварыць сям'ю, робяць прафесійную кар'еру, каб быць эканамічна незалежнымі. У той жа час яны працягваюць несці нагрузку, звязаную з выхаваннем дзяцей і доглядам пажылых членаў сям'і. Многія жанчыны рэалізуюць сваё права на адпачынак па доглядзе дзіцяці ў поўным аб'ёме. Але калі яны вяртаюцца на працу, то, як правіла, атрымліваецца, што ў параўнанні са сваімі калегамі-мужчынамі яны страцілі магчымасці кар'ернага росту, на якія маглі разлічваць раней.

Якая роля бізнесу можа быць у вырашэнні сацыяльных пытанняў, расказаў кіраўнік офіса сеткі Глабальнага дагавора ААН у Беларусі, дырэктар фонду «Добра», каардынатар партнёрскай групы ўстойлівага развіцця па ўзаемадзеянні з бізнесам Аляксандр СКРАБОЎСКІ. Ён растлумачыў, што дабрачыннасць — неад'емная частка бізнесу, але гэта толькі элемент, і не самы эфектыўны. Ёсць яшчэ карпаратыўная сацыяльная адказнасць — гэта дадатковы добраахвотны ўклад бізнесу ў развіццё грамадства ці навакольнай тэрыторыі. Часцей за ўсё гэта грошы, але не абавязкова. Рэсурсы ідуць на рэалізацыю праектаў, карысных для грамадства, і наўпрост ніяк не звязаныя з дзейнасцю кампаніі.

Аляксандр Скрабоўскі.

Існуе яшчэ адзін варыянт, калі бізнес разумее, што гэты сацыяльны праект лепш рэалізоўваць па бізнес-механіцы, працягваць на ім зарабляць грошы. І менавіта гэта забяспечыць устойлівасць праекта і не будзе патрабаваць у далейшым пошуку дадатковых фінансавых рэсурсаў.

У гэтым разе сацыяльнае прадпрымальніцтва не з'яўляецца панацэяй — гэта толькі яшчэ адзін інструмент. На думку Аляксандра Скрабоўскага, гэта трэба ўлічваць пры распрацоўцы законапраектаў. Неабходна ў цэлым выбудоўваць сістэму, калі бізнесу будзе зручна працаваць з сацыяльнымі праблемамі.

Дырэктар фонду прывёў прыклад праекта «ТатаЗАЛ». Ён накіраваны на тое, каб таты больш часу праводзілі з дзецьмі ў спартыўных залах. Зараз ён ахоплівае каля дзясятка школ па Беларусі і нават некалькі за межамі краіны. Першапачаткова бізнес падтрымаў ідэю на тры залы, а аўтары праекта на гэтыя грошы зрабілі восем. Да таго ж таты, якія прыходзяць туды з дзецьмі, часта самі з'яўляюцца бізнесменамі, таму могуць ужо ад імя сваёй кампаніі адкрыць новы зал пад гэты праект ці асабіста падтрымаць далейшае развіццё. Аляксандр Скрабоўскі адзначае, што гэта ініцыятыва паказвае выдатнае ўзаемадзеянне з мясцовай уладай. Пілотны праект быў запушчаны ў Гомельскай вобласці, далей пайшоў па Беларусі, і мясцовая ўлада дала памяшканні на базе школ. А арэнда — гэта асноўныя выдаткі.

Надзея АНІСОВІЧ

Фота Таццяны ТКАЧОВАЙ

Загаловак у газеце: Пытанні гендару, актыўнага даўгалецця і здароўя

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».