Вы тут

Што цікавага паглядзець па тэлебачанні на наступным тыдні


Экскурсія

Кожную нядзелю сацыякультурны канал «Беларусь 3» расказвае «Арт-гісторыі» ў цыкле праграм, прысвечаным 80-годдзю Нацыянальнага мастацкага музея. З першых вуснаў — ад навуковых супрацоўнікаў музея — гледачы могуць даведацца пра самыя розныя калекцыі, ад старажытнага іканапісу да рэдкіх і ўнікальных узораў рускага, еўрапейскага і ўсходняга мастацтва ХІХ—ХХ стагоддзяў, і пра тое, які след у свеце пакінуў той ці іншы мастацкі твор. Напрыклад, даследчык старажытнабеларускага мастацтва Дзмітрый  Салодкі расказаў пра беларускія познасярэднявечныя іконы на прыкладзе некалькіх абразоў Маці Божай Адзігітрыі і навучыў «счытваць» з іх пэўныя сакральныя коды. Іншымі «Арт-гісторыямі» падзеляцца знаўца рускага і беларускага мастацтва ХІХ—ХХ стагоддзяў Надзея Усава, спецыяліст па ўсходняй мастацкай культуры Мікіта Моніч, мастацтвазнаўца Наталля Сяліцкая і загадчыца аддзела сучаснага беларускага мастацтва Кацярына Ізафатава.

Дарэчы, усе гэтыя гісторыі можна не толькі ўбачыць, але і паслухаць у падкастах — аўдыяверсіях праграмы, якія будуць змяшчацца на сайце тэлеканала www.3 bеlаrus.bу па аўторках.

Дата

8 лютага адзначыць 70-годдзе вядомая актрыса тэатра і кіно, народная артыстка Расіі Ірына Мураўёва. Гледачы розных узростаў ведаюць і любяць яе па фільмах «Чыста англійскае забойства», «Карнавал», «Масква слязам не верыць», «Самая абаяльная і прывабная», «Артыстка з Грыбава», «Гэта жанчына ў акне» і многіх іншых, па серыяле «Не нарадзіся прыгожай», папулярнай у свой час дзіцячай тэлепраграме «Будзільнік», мультфільмах «Сабака ў ботах» і «Кошкін дом», па мноству рознахарактарных тэатральных пастановак... І мала хто з прыхільнікаў паверыць, што стаць прафесійнай актрысай Мураўёвай удалося далёка
не адразу — з першай спробы ўсе тэатральныя інстытуты адмовілі ёй, а на другі год дзяўчына ледзьве паспела ўскочыць у апошні вагон і паступіла ў вучэбную студыю пры Цэнтральным дзіцячым тэатры, а пасля ўсё ж такі скончыла Дзяржаўны інстытут тэатральнага мастацтва. Час расставіў усё на свае месцы, і ад невялікіх эпізодаў актрыса лагічна перайшла да цэнтральных роляў, за якія яе, уласна, палюбілі гледачы, — у 1982-м часопіс «Савецкі экран» нават назваў Мураўёву найлепшай актрысай года, а крыху пазней «Самую абаяльную і прывабную» паглядзела звыш 80 мільёнаў чалавек! Больш за 40 гадоў актрыса пражыла з адным мужам — рэжысёрам Леанідам Эйдліным, і выхавала дваіх сыноў, прычым не ў тэатральным закуліссі ці на здымачнай пляцоўцы, а дома, з лёгкасцю адмаўляючыся ад заманлівых прапаноў, калі гаворка ішла пра сям'ю...

Уласна, што тут яшчэ дадаць. 9 лютага не прапусціце на АНТ меладраму «Самая абаяльная і прывабная», а таксама падрыхтаваны расійскімі тэлевізійнікамі да юбілею актрысы дакументальны фільм «Больш сонца, менш суму».

Анекдот

Праект «Анекдот-шоу», рэалізаваны паводле добра забытага старога «Белага папугая» ўсюдыісным і неўтаймоўным экс-гульцом КВЗ, рэзідэнтам «Камедзі Клаб», шоўменам, акцёрам і рэжысёрам Вадзімам Галыгіным, — гэта своеасаблівы гумарыстычны спарынг з удзелам запрошаных зорак — людзей тэатра і кіно, спартсменаў, палітыкаў, тэлеперсон і г. д. Пераможцу ў паядынку вызначае адмысловы «смехамер» — прылада, якая замярае гучнасць смеху гледачоў у зале. Пераможца атрымлівае асаблівы прыз — прэмію «Залатая рыдлёўка».

Што цікава, амаль год шоу выходзіла ў інтэрнэт-прасторы — у відэатрансляцыях сацыяльнай сеткі «Аднакласнікі» (прычым пілотны выпуск набраў больш як чатыры мільёны праглядаў!). Толькі ў канцы 2018-га праграма пераехала на расійскі канал Рэн-ТБ, а ўжо адтуль трапіла ў эфір СТБ і, адпаведна, на вочы землякам. Мяркуйце самі, наколькі гэта смешна або сумна — па нядзелях, у 23.30.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Сёння пачаў работу УНС у новым статусе

Сёння пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.