Лявон Анацка ніколі не займаўся прафесійным спортам, а ў 54 гады вырашыў паспрабаваць сябе ў сутачным бегу. Сёння ён наведаў больш за 15 краін, прыняў удзел у шасцідзесяці забегах і ўстанавіў рэкорд Беларусі ў шасцісутачным бегу. За 2018 год Лявон прайшоў ці прабег 3650 км, гэта, прыкладна, па 10 км кожны дзень. У інтэрв'ю нашай газеце ён расказаў, для чаго пераадольвае такія адлегласці і як падтрымлівае сябе ў форме.
«Некаторыя лічаць мяне не зусім здаровым»
— Лявон, раскажыце, чаму менавіта ў 54 гады вы пачалі займацца бегам?
— Сябар яшчэ гадоў 10 таму запрашаў паўдзельнічаць у марафоне, а ў мяне то дзеці былі малыя, то бацькі хворыя, то работа. Пасля ён зноў звярнуўся з такой прапановай, прабегчы 42 км. Я кажу: неяк мала, каб сто якіх або суткі. А сам пра сябе думаю: які з мяне бягун? Вось у грыбы хаджу, на ровары езджу. За суткі добра натупаю. Чатыры гады таму ў Маладзечне быў забег у 100 км на 12 гадзін. Гарачынёй у 34 градусы вырашыў паспрабаваць сябе. За 12 гадзін натупаў 66 км і неяк не стаміўся. Украінец з гэтага забегу ў Маладзечне запрасіў мяне на сутачны забег у Кіеў, і я паехаў у сваіх лідскіх тапках, якія мы робім на фабрыцы. Хадзіў, хадзіў, і да раніцы 100 км нахадзіў. Пакуль маладыя набегаліся і спаць пайшлі ці на масаж, я далей хадзіў і выйшаў на шостае месца ў абсалюце, на другое ў сваім узросце. А пасля гляджу, яны ўжо прачнуліся і пачалі мяне даганяць, думаю, трэба і мне тады пабегаць, і так у мяне за суткі выйшла
136 км. Наступны старт, праз паўгода, быў ужо двое сутак, і так пайшло.
— А ў 2017 годзе вы ўжо ўзялі ўдзел у чэмпіянаце свету па сутачным бегу.
— Ён праходзіў у Белфасце, гэта была вельмі цікавая паездка, 500 удзельнікаў з розных краін свету. Я адзіны беларус, паехаў туды, не ведаючы мовы, і паставіў рэкорд — 165 км. У сваім узросце заняў чацвёртае месца. Пасля Белфаста ў мяне з'явілася думка, каб і ў Лідзе зрабіць такое свята, сабраць усіх гэтых спартсменаў. 27 верасня мінулага года ў Лідзе мы стварылі міжнародны клуб ультрамарафону (пакуль там толькі 16 чалавек, сярод іх беларусы, украінцы, расіяне і нават адзін афрыканец) і правялі падобны фестываль на адны, двое і трое сутак.
Ведаеце, некаторыя лічаць мяне нават не зусім здаровым, не разумеюць, як можна сто долараў аддаць і яшчэ двое сутак бегаць. Калі ты аддаеш грошы на цыгарэты або застолле, пасля якога яшчэ таблетак трэба купіць, гэта — нармальна, а калі траціш грошы, каб пабыць з людзьмі свайго складу мыслення, разважаюць вось так. За суткі, пакуль бяжыш, ты знаёмішся з людзьмі, можаш штосьці ім расказаць, падтрымаць адно аднаго. Ультрамарафон — гэта не толькі спаборніцтва, тут вырашальны, акрамя фізічнага стану, яшчэ і духоўны, эмацыянальны. Бо прабегчы 600 разоў па адным і тым жа крузе не кожны вытрымае.
— Траса ультрамарафону заўсёды праходзіць толькі па стадыёне?
— Ёсць і больш цікавыя, складаныя — па перасечанай мясцовасці. Бяжыш ноччу, і ўсялякае можа здарыцца. Звычайна забегі праходзяць у нейкім адведзеным парку, дзе круг — паўтара кіламетра, на ім размешчаны палаткі ўсіх спартсменаў, тут можна схадзіць у прыбіральню, недзе адпачыць. Калі ўсе знаходзяцца ў адным месцы, гэта ўсё фіксуецца. Так больш надзейна, бо ўсе бачаць адно аднаго, калі штосьці здарылася, можна дапамагчы. І, вядома, лягчэй весці падлік.
Суткі — гэта афіцыйная дыстанцыя, але яе пакуль няма ў праграме Алімпіяды, хоць на Гульнях у Лондане была размова, каб уключыць сутачны бег у праграму.
«Няшчасны чалавек суткі не пабяжыць»
— Які асабісты рэкорд вы маеце сёння?
— 179 км, я пакрысе падрастаю, але, каб атрымаць першы разрад, трэба за суткі прабегчы 190 км, для кандыдата ў майстры спорту — 220 км, у майстра — 240 км. Але гэта ўжо для моладзі. Я кажу так: пакуль не прабягу ў Нью-Ёрку пяць тысяч км за 52 дні, ні пра якую хуткасць не думаю, проста працую на трываласць. Самае складанае ў пераходзе ад марафону да ультрамарафону — навучыцца бегчы павольна. Бо калі ў марафоне можна не есці, не піць — проста бегчы, то на сутачным марафоне так не вытрымаеш. Галоўнае, не бегчы хутка першыя 100 км, а далей усё пойдзе.
— Што паспяваеце зрабіць за гэтыя суткі, пакуль бежыце?
— У залежнасці ад таго, якая дыстанцыя. Калі гэта — чэмпіянат свету, то тут нічога не будзеш мудрыць: не спаць, і толькі наперад. Калі гэта шасцісутачны забег, тут можна трошкі з сапернікамі пагуляцца. Напрыклад, у Італіі я так і зрабіў. Там мне пашчасціла пабіць рэкорд Беларусі ў шасцісутачным забегу — 721 км.
Я прыехаў на гэты забег стомлены, бо прыляцеў за чатыры дні да старту. Прыляцеў у Рым, а забег быў у Палікора. Ну, думаю, як гэта быць у Італіі і не пабываць у Ватыкане. Пабываў, а потым з самымі таннымі білетамі на аўтобусах і цягніках, а недзе і пешшу, дабраўся да месца старту. Прыйшоў за дзве гадзіны да пачатку, ноч перад гэтым спаў на чыгуначным вакзале. Вядома, у першы дзень не змог хутка бегчы, таму пасля шасці гадзін на дыстанцыі вырашыў трохі паспаць. Такім чынам, у першы дзень прабег толькі 113 км, у адрозненне ад лідара, іспанца, які прабег 190 км. Я быў тады недзе 17-м з 30 удзельнікаў. На другі дзень ужо стаў 10-м, потым 6-м, 5-м і вось, у перадапошні дзень, падабраўся да гэтага іспанца і яшчэ на 20 км яго абагнаў. Я кажу гэта да таго, што трэба ўмець пакінуць сілы на апошні дзень і пралічыць, як будуць паводзіць сябе канкурэнты.
Зараз мне цікава паспрабаваць сябе ў дзесяцісутачным забегу ў Нью-Ёрку, я атрымаў запрашэнне на гэты марафон. Трапіць туды вельмі цяжка, запрашэнне абы-каму не дадуць, але арганізатары прааналізавалі маю статыстыку і вырашылі запрасіць. Зараз вырашаю пытанні з візай.
— Што вы б назвалі самым важным у ультрамарафоне?
— Каб чалавек быў станоўчы эмацыянальна. Заўсёды кажу: няшчасны чалавек суткі не пабяжыць.
Калі бяжыш ноччу, цяжка дачакацца ўзыхода сонца. Калі кладзешся спаць, самае складанае потым падняцца, арганізм ужо не хоча бегчы, пераламаць сябе вельмі складана.
«Багацеюць не прыбыткам, а расходам»
— Усе паездкі вы аплачваеце за свае грошы?
— Так, тыдзень таму я яшчэ быў рабочым лідскай абутковай фабрыкі, атрымліваў невялікі заробак, але жыву па такім прынцыпе — багацеюць не прыбыткам, а расходам, гэта і праўда так.
— Дарэчы, як трэба харчавацца марафонцу?
— Гарбату не п'ю, каву таксама. Кашы наеўся, цыбуляй закусіў. У маім звыклым рацыёне — разынкі, яблыкі, лімон, імбір. Магу з'есці мяса, але для марафонца лепей нават сала. Ужываю алей, цудоўная рэч для мяне — кефір, хлеб. Я адчуваю, што ў мяне ўсё працуе. Ежа — гэта вельмі важна, калі не працуе страўнік або працуе не так, як трэба, то ні да якога бегу няма спраў.
— Што вы звычайна бераце з сабой на забег?
— Спальнік, хлеб, соль, ваду, капусту, разынкі, імбір, мёд — усё натуральнае. Неяк не было ўжо чаго есці ў Капенгагене, гляджу — айва расце, а яе ніхто не збірае, я айвы набраў.
«Наша мова не горшая за іншыя, з ёй можна выжыць»
— Колькі краін вы ўжо аб'ездзілі?
— Вялікабрытанія, Грэцыя, Іспанія, Італія, Данія, Эстонія, Латвія, Польшча, Румынія, Малдова, Украіна, Расія, Літва, Венгрыя, Швецыя. Больш за ўсё спадабалася Данія, сціплая краіна з такой жа архітэктурай. Калі я падарожнічаю, стараюся рабіць не так, як нашы багатыя турысты, мяне не цікавяць пяцізоркавыя гатэлі. Так жыццё чужой краіны не ўбачыш. Я бяру заплечнік і іду па вуліцах, запытваюся ў людзей. Дарэчы, англійскай мовы не ведаю, да ўсіх звяртаюся на беларускай. Важна не тое, што мы гаворым, а тое — як мы гаворым. Наша мова не горшая за іншыя, з ёй можна выжыць.
— Як вы трэніруецеся?
— У мяне ўся трэніроўка заўсёды была ў працы. Я адзін будаваў хату, потым другую. Праязджаю на ровары каля 25 км, потым цэлы дзень іду па лесе, набіраю два вядры лісічак, назаўтра іх здаю. За дзень я мог зарабіць тыднёвы заробак на працы. Напрыклад, тыя ж ягады, калі было больш часу, вядро ягад я рукамі набіраў, мне гэта прыносіла задавальненне.
— У дзяцінстве спортам наогул не займаліся?
— Я шмат хварэў, да дзесяці гадоў некалькі разоў на запаленне лёгкіх. Потым, калі пайшоў у інстытут, пачаў загартоўвацца, абціраўся снегам, потым у палонцы купаўся. Цяпер па снезе басанож хаджу. З дзяцінства быў вельмі маленечкі,
у 9 класе — 154 см. Мне параілі пайсці на лёгкую атлетыку. Два гады я пабегаў. За год на 12 см падрос, але спартыўных вынікаў не паказваў.
— Ці змянілася здароўе, калі пачалі займацца марафонам?
— Вядома, яно стала значна лепшым. За тры гады ў мяне каля 60 стартаў. Ні ў адным з іх я не перавышаў свае магчымасці. Я заўсёды адчуваю свой арганізм, слухаю яго, паважаю, гэта вельмі важна. Трэба слухаць сябе і не глядзець ні на кога. Гэта і ў бегу, і ў жыцці. Я ніколі не стаўлю будзільнікаў, нават калі трэба на самалёт. Мне нешта дапамагае, у сне я вырашаю многія свае задачы, кладуся спаць, і да мяне прыходзяць думкі, кажуць, гэта бацькі, дзяды і прадзеды нам дапамагаюць. Я ў гэта веру.
«За ўсё жыццё я выкурыў пачку «Космасу»
— Разумею, што дрэнных звычак у вас ніколі не было?
— Прызнаюся, некалі пасля школы курыў, за ўсё жыццё я выкурыў пачку «Космасу», тады гэта былі самыя дарагія цыгарэты. Хадзіў на танцы, віно нейкае пілі, але ў мяне да гэтага ніколі не было асаблівага жадання. На сённяшні дзень перад ядой магу трохі выпіць натуральнага віна, але ж не бутэльку.
— А якія звычкі ў вас сфарміраваў бег?
— Я цяпер больш па-філасофску гляджу на ўсё. Ведаю, куды б я ні паехаў, атрымаецца нават лепш, чым я планаваў, будзе не так, як я хацеў, можа — горш, але нешта будзе нашмат лепш, чым я думаў. Па жыцці я цяпер аптыміст.
— Ці падтрымлівае вас сям'я?
— Як я разумею, тут два моманты. Па-першае, дзеці лічаць, што тата не шануе сваё здароўе, а па-другое, што яму грошы дзяваць няма куды. Але прама такое ў лоб яны мне не кажуць. Атрымліваецца, не надта падтрымліваюць, але і не перашкаджаюць.
— А як ставяцца да вашага захаплення аднагодкі, сябры?
— Трошкі з падазрэннем, а хтосьці і падтрымлівае. Я ўсім кажу: вы рабіце, як хочаце, галоўнае, каб маглі адчуваць сябе здаровымі, шчаслівымі, багатымі і пажадана ў канцы жыцця. І мама мая казала, не важна, як чалавек жыве, важна, як ён дажывае. Колькі мы пакінулі сабе здароўя, сродкаў, эмацыянальнага настрою.
Дар'я Лабажэвіч
Сімпозіум літаратараў, які традыцыйна ладзіцца ў рамках Мінскай міжнароднай кніжнай выстаўкі-кірмашу і збірае пісьменнікаў, кнігавыдаўцоў, прадстаўнікоў творчай інтэлігенцыі з розных краін, сёлета меў незвычайную назву «Пісьменнік і час. Някніжны свет».
Відэакадры масавага забойства пацыентаў у магілёўскай псіхіятрычнай бальніцы фігуравалі ў абвінавачванні супраць фашыстаў на Нюрнбергскім працэсе.
Ужо традыцыя з нагоды Дня роднай мовы прапаноўваць чытачам праверыць свае веды.