Вы тут

У фінале адбору на «Еўрабачанне» — артысты з Беларусі, Швецыі і Нігерыі


4 лютага ў сценах Белтэлерадыёкампаніі адбылося праслухоўванне прэтэндэнтаў на ўдзел у міжнародным конкурсе «Еўрабачанне-2019», што пройдзе сёлета ў Тэль-Авіве. Да вочнага этапу дабраліся, праўда, не ўсе 113 артыстаў і калектываў, якія адправілі заяўкі з 16 краін свету, — гэта найвялікшая колькасць удзельнікаў адбору за апошнія сем гадоў. Але ўсё адно фокус-групе экспертаў, у якую ўвайшлі музычныя прадзюсары, папулярныя выканаўцы, кіраўнікі музычных калектываў, тэлевядучыя і прадстаўнік Міністэрства культуры, давялося правесці каля пяці гадзін у рэжыме жывых спеваў. Па выніках праслухоўвання былі вызначаныя дзесяць удзельнікаў фінальнага гала-канцэрта, які пройдзе ў тэрмін да 8 сакавіка — і менавіта падчас яго стане вядомы прадстаўнік нашай краіны на песенным шоу.


Як ні крыўдна, гледачы ў гэтым годзе будуць толькі пасіўнымі назіральнікамі — выбар у прамым эфіры адкрытым галасаваннем зробіць журы, склад якога пакуль што не называецца. Але гэта не значыць, што нам з вамі не варта ведаць, сярод каго, уласна кажучы, профі выбіраюць музычнага дэлегата ад Беларусі: хто яны, удзельнікі фінальнай  дзясяткі, і пра што спяваюць. Расказваем крыху больш пра канкурсантаў — у тым парадку, у якім мы ўбачым іх на гала-канцэрце, паводле жараб'ёўкі.

1. Mіchael Soul — Humanіze

Ураджэнцу Брэста Міхаілу Сасунову 22 гады, большую частку якіх юнак займаецца музыкай і з пераменным поспехам удзельнічае ў самых розных эстрадных конкурсах. Летась, напрыклад, Міхаіл бліскуча выступіў ва ўкраінскім шоу «Голас краіны», хоць і не дайшоў да фіналу. А яшчэ ён ужо заяўляў аб сабе на нацыянальным адборы (у 2015 годзе ў складзе эпатажнага хлапчуковага дуэта The EM) і нават выступаў на «Еўрабачанні», праўда, у якасці бэк-вакаліста NavіBand. Конкурсную песню Міхаіл прадстаўляе як «сацыяльную баладу, што закранае праблемы сучаснага грамадства», — просьбу да кожнага слухача быць крыху больш міласэрным у наш няпросты час.

2. ЗЕНА — Lіke іt

Зіне Купрыяновіч 16 гадоў, і яна самая юная сярод фіналістаў, але ўжо загартаваная артыстка: за яе плячыма выступленні на «Славянскім базары» і «Новай хвалі», удзел у адборах дзіцячага «Еўрабачання», вучоба ў эстраднай акадэміі Ігара Крутога і супрацоўніцтва з Нацыянальнай музычнай карпарацыяй Віктара Дробыша. Уласна, менавіта цяперашні прадзюсар ажно да фіналу забараніў маладой спявачцы зносіны з прэсай.

3. Ева Коган — Run

Дзяўчыне сёлета споўніцца 19, яна вучыцца ў Мінскім дзяржаўным каледжы мастацтваў і менавіта з музыкай плануе звязаць сваю будучыню. На рахунку маладой спявачкі — 3-е месца ў рэспубліканскім конкурсе «Маладыя таленты Беларусі» і паспяховыя выступленні ў шэрагу іншых беларускіх і міжнародных конкурсаў. Патэнцыйны хіт для «Еўрабачання» ёй напісалі кампазітар Леанід Шырын і паэтка Наталля Тамбоўцава.

4. Эмануэль Імагбэ (Нігерыя) — Champіon

Сціплы студэнт Віцебскага медуніверсітэта, «містар ВДМУ — 2018» амаль усё праслухоўванне засяроджана прасядзеў у кутку і настройваўся, а напрыканцы выйшаў і прадэманстраваў усім астатнім, як трэба спяваць соўл, — каб выкананне прабірала да мурашоў на спіне. Наогул, 24-гадовы Эмануэль Імагасакуа Імагбэ — найменш «раскручаны» з усіх фіналістаў, але тым і цікавы: словы песні «Чэмпіён» ён напісаў сам за пару тыдняў, з музыкай дапамог сябар-электроншчык BLGN, а вынік такі, што многім варта пазайздросціць.

5. Sebastіan Roоs (Швецыя) — Never Gettіng Close

37-гадовы Себасцьян Карл Рос — асоба даволі вядомая не толькі ў роднай Швецыі, але наогул у Еўропе, дзе шмат гастралюе з кавер-гуртом Lіverpool і перапявае хіты The Beatles. І хоць сам музыкант сцвярджае, што захапляецца цяжкай музыкай, але на суд журы беларускага адбору ён вынес тыповую ванільную баладу шведска-іспанскага аўтарства — мы сотні разоў чулі падобныя ад шведскіх выканаўцаў і яшчэ столькі ж пачуем...

6. Алена Гарбачова — Can we dream

Яшчэ адна ўраджэнка Брэста, вядомая па працы з музычным калектывам VІP Jazz, якая не толькі шмат выступае ў якасці клубнай спявачкі, але таксама працуе педагогам па вакале ў прадзюсарскім цэнтры «Спамаш». Удзельнічала ў беларускім адборы на «Еўрабачанне» яшчэ ў 2012 годзе, але да фіналу дабралася толькі цяпер.

7. Гурт «PRAвакацыя» — Runnіng Away From The Sun

Дуэт студэнтаў Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў Арцёма Саладухі і Марка Вайтко быў створаны ў 2015 годзе як прадзюсарскі праект ды так і застаўся на сцэне, штурмуючы то «Песню года», то адбор на «Еўрабачанне». Цяпер хлопцы — салісты Маладзёжнага тэатра эстрады і ўдзельнікі мноства канцэртных праграм і маладзёжных дыскатэк. А песню, з якой удзельнікі гурта абяцаюць сёлета «парваць фінал», ім напісаў модны аўтар і спявак Кірыл Гуд.

8. Гурт «Аўра» — «Чаравала»

Гурт вядомы як сямейны і творчы дуэт спявачкі і паэткі Юліі Быкавай і кампазітара, прадзюсара Яўгена Алейніка. Для «Еўрабачання» сабе і іншым артыстам яны напісалі разам ужо 11 (!) песень. Але на гэты раз аўтарам конкурснай песні выступіў толькі Яўген, а Юлія ўзяла на сябе выкананне і сцэнічнае ўвасабленне чараўніцтва купальскай ночы. Нягледзячы на тое што праслухоўванне яна праходзіла з тэмпературай і хворым горлам, нумар «Аўры» атрымаўся бездакорным і ўпэўнена трапіў у фінальную дзясятку (а меншага ніхто і не чакаў: званне лаўрэатаў прэміі «За духоўнае адраджэнне» абавязвае трымаць найвышэйшую планку). «Як бы ні склаліся абставіны далей, нашы песні працягваюць жыць незалежна ад «Еўрабачання», — заў-
важыла спявачка, — і гэтая таксама будзе гучаць».

9. NAPOLІ — Let іt go

Вольга Шыманская пяць разоў сольна і ў складзе музычнага гурта ўдзельнічала ў нацыянальным адборы ў Беларусі (у фінале займала месцы ад 8-га да 2-га) і адзін раз у Польшчы, а паміж конкурснымі гонкамі паспела выпусціць 15 сінглаў, зняцца ў некалькіх музычных кліпах і даць безліч канцэртаў. Сёлета конкурсную песню спявачцы напісала яшчэ адна фіналістка беларускіх адбораў на «Еўрабачанне» Аляксандра Ткач.

10. КейСі — No Love Lost

Мінчанка Кацярына Смольская — менавіта так па пашпарце завуць спявачку, якая склала сцэнічны псеўданім з ініцыялаў, — на сцэне ўсяго некалькі гадоў, але ўжо заявіла аб сабе і ў радыёэфірах, і ў тэлефестывалі «Песня года Беларусі», і вось цяпер на нацыянальным адборы «Еўрабачання». Некалі доўга сумнявалася, ці варта наогул займацца музыкай, таму экзамены ў музычнай школе давялося здаваць экстэрнам, затое цяпер дзяўчына — выпускніца факультэта філасофіі і сацыяльных навук БДУ — працуе ў прадзюсарскім цэнтры, сама вучыць музыцы і спевам дзяцей і, здаецца, знайшла сваю нішу на вялікай сцэне.

...Агульнае ўражанне ад беларускага адбору на «Еўрабачанне» ўзору 2019 года, шчыра кажучы, дзіўнае. З аднаго боку, вялікая колькасць замежных легіянераў значна разнастаіла карцінку і гучанне, зрабіла працэс цікавейшым і ўзмацніла канкурэнцыю. З другога — хоць гэта, канешне, у найменшай ступені праблема Белтэлерадыёкампаніі, — нягледзячы на заклік арганізатараў конкурсу да разнастайнасці, каторы год запар мы спрабуем здзівіць Адэсу, прабачце, Еўропу старымі штукамі, між тым як лік заявак на беларускай мове не перавышае 10 % ад агульнай колькасці. Спадарства, такіх песень і сёлета было ўсяго 7, а добрых яшчэ менш — і хоць бы дзеля гэтага варта было паклікаць у фінал Андрэя Такінданга з гуртом «Рэха» і пазітыўнай песняй «Хваля». А галоўнае, здаецца, многія беларускія артысты дагэтуль не навучыліся выходзіць на сцэну не сцяўшы зубы, а з усмешкай, каб атрымаць і падарыць слухачам задавальненне. Мо тады варта зноў зладзіць «выбар без выбару» — перабраць найбольш паспяховых нашых удзельнікаў і прызначаць з іх ліку наступнага канкурсанта ўласным рашэннем арганізатараў, каб сэканоміць час, нервы і сродкі?

Вікторыя ЦЕЛЯШУК

Фота Ганны ЗАНКАВІЧ і www.tvr.by

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».