Вы тут

20 капеек за бутэльку


Дэпазітная сістэма запрацуе з 2020 года.

Яе магчымасці разгледзелі падчас круглага стала ў ніжняй палаце парламента. Дэпутаты разам з прадстаўнікамі міністэрстваў, вытворчасці, гандлю абмеркавалі перспектывы на найбліжэйшыя гады, а таксама даведаліся пра літоўскі вопыт укаранення падобнай сістэмы.


Кантэйнерная сістэма, якая зараз працуе ў нас, дазваляе збіраць толькі 40 — 60 % матэрыялаў на другасную перапрацоўку. У той жа час дэпазітная павышае ўзровень да 80 — 95 %. Старшыня Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі па пытаннях экалогіі, прыродакарыстання і чарнобыльскай катастрофы Таццяна КАНАНЧУК каментуе, што пластык — велізарная экалагічная пагроза для планеты. Дэпазітная (залогавая) сістэма дазваляе памяншаць колькасць адходаў. Гэта, у сваю чаргу, памяншае негатыўнае ўздзеянне на навакольнае асяроддзе, на здароўе чалавека. «Дзякуючы дэпазітнай (залогавай) сістэме другасная сыравіна даволі высокай якасці. Яна ўжо адсартаваная, чыстая. Тое, што трапляе ў нашы кантэйнеры, потым праходзіць сарціроўку, і сыравіна мае вельмі нізкія характарыстыкі якасці. Для вытворцаў, якія выкарыстоўваюць гэту сыравіну, ад якасці залежыць канкурэнтаздольнасць прадукцыі».

Плануецца, што дэпазіт у 20 капеек будзе накладацца на шкляную, ПЭТ і алюмініевую ўпакоўку аб'ёмам ад 100 мілілітраў да трох літраў. Сюды не ўваходзяць бутэлькі з-пад малочнай прадукцыі і лякарстваў.

Сістэма будзе працаваць па двух кірунках. Па-першае, у крамах паставяць тараматы. Такія аўтаматы даюць магчымасць атрымаць ці наўпрост грошы за тару, ці зніжку на адпаведную суму на наступную пакупку. Другі варыянт — здаць бутэлькі ў пункты прыёму, якія захаваюцца.

На думку Таццяны Кананчук, варта адмаўляцца ад пластыка, а дакладней ад «той упаковачнай тары, якая не падлягае перапрацоўцы. Гэта практычна ўвесь аднаразовы посуд, кубачкі з-пад смятаны і гэтак далей. Адмаўляцца трэба паступова, бо гэта ўсё ідзе ў смецце. Перапрацоўцы такое не падлягае. А 300 гадоў і болей раскладання пластыку ў зямлі — гэта не аднаму будучаму пакаленню мы наносім шкоду».

Начальнік упраўлення па каардынацыі дзейнасці ў сферы абарачэння з другаснымі матэрыяльнымі рэсурсамі дзяржаўнай установы «Аператар другасных матэрыяльных рэсурсаў» Анатоль ШАГУН растлумачыў, што для пакупнікоў на цэнніку будзе асобна вылучаны памер дэпазіту. Па разліках, увядзенне сістэмы нямоцна паўплывае на індэкс спажывецкіх цэн: з улікам залогу ён павялічыцца на 0,14 %, а без уліку — на 0,04 %. Таксама эксперт звярнуў увагу на бонусы: «Сістэма не патрабуе ад нас бюджэтнага фінансавання. Яна мінімум у два разы павялічыць аб'ём збору тары і скароціць на 10 % аб'ём захавання ДМР (другасных матэрыяльных рэсурсаў. — «Зв.»). Яна скароціць затраты на сарціроўку, на інвестыцыі і ў тым ліку знізіць плацяжы насельніцтва за паслугу з абарачэннем ЦБА. Плюс яна дазволіць стварыць каля 1500 рабочых месцаў. У асноўным у гандлі ў месцах прыёму. І гэта сістэма дазволіць павялічыць прыкладна на 0,1 % ВУП».

Пры гэтым Анатоль Шагун дадае, што такая сістэма — крок да шматабаротнай упакоўкі, якая з'яўляецца больш карыснай з пункту гледжання экалогіі.

Надзея АНІСОВІЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».