Вы тут

Маладая пара — пра работу і жыццё ў вёсцы


«У гарадскіх — ралі, а ў нас — гонкі на камбайнах», — жартуюць Кацярына СТРАЛКОВІЧ і Максім ПАПЛАЎСКІ, калі расказваюць пра сваю работу. Яны працуюць у гаспадарцы «Вішнявецкі-Агра» Стаўбцоўскага раёна. Ён механізатар, яна сакратар. Любяць вясковае жыццё і не гатовыя мяняць яго на сталічнае. Пра тое, ці можна на вёсцы нармальна зарабіць і як на спартакіядзе сустрэць каханне, пара расказала «Чырвонцы. Чырвонай змене».


Максім прыйшоў у сельскую гаспадарку 14 гадоў таму. Яго бацька працаваў кіроўцам у калгасе, таму хлопец ужо з дзяцінства катаўся на трактарах. Скончыў абласны аграрна-тэхнічны прафесійны ліцэй у Дзяржынску і ўладкаваўся ў роднай вёсцы Аталезь. А год таму перавёўся ў Вішнявец.

— Зімой працую як механізатар і кіроўца. Нядаўна, напрыклад, на пагрузчыку кармы на ферме развозіў. А прыходзіць вясна — саджуся на трактар. Мне тут цікава, — кажа Максім.

— Ведаеце, ён фанацее ад тэхнікі, — далучаецца да размовы Кацярына. — Прыходзіць уборачная кампанія, ён пачынае па інтэрнэце шукаць, глядзіць камбайны сучасныя, якія за мяжой бываюць. Быццам на рабоце не хапае яму. (Усміхаецца.)

Дзяўчына ў гаспадарцы працуе восем гадоў. Сама яна родам з Вішняўца.

Гэтым летам Кацярына змяніла кабінет сакратара на кабіну камбайна — працавала ў пары з Максімам. «Сама ў шоку», — смяецца яна.

— Ніколі дагэтуль дзяўчат у памочніках не было, — прызнаецца хлопец. — Калі прыйшоў сюды працаваць, мала каго ведаў. Вось і прапанаваў Каці. Сказаў: «Там добра заплацяць. Я ж столькі гадоў на камбайне, усё ведаю, навучу».

— Дырэктар пагадзіўся. А я, што, адмаўляцца буду? Але, напэўна, гэта ўсё ж такі не жаночая справа. Ранкам я чысціла камбайн: працірала шкло, падмятала. І трэба было, каб на працягу ўсяго дня парадак у кабіне заставаўся — Максім вельмі ахайны. А пасля рапсу тэхніка ж моцна забруджваецца, чорнае ўсё... Дапамагала таксама разгружаць камбайн: там нескладана — трэба толькі націснуць на кнопачку.

— Добра, што ў нас кандыцыянер быў. У папярэдняй гаспадарцы без яго ездзіў — вельмі спякотна: калі на вуліцы плюс 30, то ў кабіне ўсе 50. Я за жніво на пяць кілаграмаў худнеў. А тут сядзіш з камфортам, як у машыне.

Максім напарніцу хваліць: усю ўборачную дзень у дзень прабыла. Праўда, бядуе, што праз засуху ўсяго тысячу тон нажалі. Былі б іншыя ўмовы надвор'я, маглі б і дзве ўзяць. Іх экіпаж, дарэчы, быў узнагароджаны як адзін з найлепшых на конкурсе «Маладая Міншчына — за ўраджай», які арганізуюць абласны БРСМ і прафсаюз пры падтрымцы аблвыканкама.

— У нас канкурэнцыя паміж гаспадаркамі жорсткая, — прызнаецца Кацярына. — Пра лічбы ўборачнай кожны тыдзень у раённай газеце паведамляюць. А вынікі па гаспадарцы штодзень вывешваюць у гаражы.

...А пазнаёмілася пара каля дзесяці гадоў таму — на зімніх спаборніцтвах. Але раз'ехаліся тады, так і не абмяняўшыся нумарамі. А праз тры гады зноў сустрэліся на турбазе.

— Я яго не пазнала, — успамінае Кацярына. — Іншая каманда выступала, а мы чакалі на траве. І неяк побач селі, спіна да спіны. Слова за слова, расказваю яму, як пазнаёмілася тры гады таму з хлопцам. А Максім мне: гэта ж я быў. Пасля і пачалі сустракацца. Ведаеце, зачапіў тым, што высокі, падцягнуты. Плюс адзенне ў яго было ярка-зялёнае, складана не заўважыць.

— А я яшчэ пасля першай сустрэчы хацеў прыехаць да яе ў вёску, але ўсё адцягваў.

— Ты не мог тры гады з Аталезя прыехаць? — здзіўляецца дзяўчына.

— Ну, далекавата. 30 кіламетраў, — вінавата пасміхаецца Максім.

Спаборніцтвы, дарэчы, нікуды не зніклі. Праз пару дзён пара едзе на спартакіяду сярод гаспадарак раёна.

— Мы ў настольны тэніс гуляем, — удакладняе Кацярына. — Максім летась, праўда, крыху не дацягнуў, а я стала найлепшай. Але цяпер будзем браць першыя месцы.

Ці можна на вёсцы нармальна зарабляць? Максім у гэтым упэўнены. Зімой, вядома, заробкі ў гаспадарцы невысокія, але падчас нарыхтоўкі кармоў камбайнер можа добрыя грошы атрымаць. Дый іншыя бонусы ёсць: збожжа выдзяляюць бясплатна, падарункі да свят даюць, прадуктовыя наборы.

Але рабочых месцаў, акрамя як у сельскай гаспадарцы, у вёсцы мала. Кацярына не хавае: многія адсюль з'язджаюць у сталіцу.

— А вы не хочаце?

— Ведаеце, калі б мне прапанавалі зараз у горад ехаць, я не пагадзілася б. Хоць жыла неяк у Мінску. У вёсцы — прырода, свой дом. Я люблю кветкаводства: вырошчваю ў палісадніку ружы, ліліі.

Дзяўчыну вясковае жыццё задавальняе. Адзіны мінус — няма забаў. Ні басейна, ні кіно (хоць апошняе было некалі). Таму многія ідуць з работы дадому і сядзяць у інтэрнэце: сумна. 

— Раней дыскатэкі кожную суботу праводзілі. Разумею, іх закрылі, бо моладзь перастала хадзіць. А перастала, бо дыджэя няма. Да нас неяк са Стаўбцоў прыязджалі праводзіць дыскатэку — з дымам, святлом — вось гэта было цікава, — дзеліцца дзяўчына. — На шчасце, у нас ёсць машына. Калі Максім за рулём, калі я. На Новы год у Нясвіж паехалі, там боўлінг працуе. У кіно таксама туды ж выбіраемся.

— А на шопінг куды?

— Апошні раз ездзілі ў Баранавічы на рынак. А так звычайна на «Ждановічы» ў Мінск.

Ёсць у пары сумеснае хобі — рыбалка. Ходзяць на платнае возера ў суседнюю вёску або на Нёман: на рацэ Максім шчупакоў ловіць.

— Не так страшна ў вёсках, як здаецца, — жартуе Кацярына.

Дый перспектыва абзавесціся сваім домам ёсць. Гаспадарка якраз некалькі новых будаваць збіралася...

Наталля ЛУБНЕЎСКАЯ

Фота Ганны ЗАНКАВІЧ

Стаўбцоўскі раён

Загаловак у газеце: Зладжаны экіпаж

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Прадаўцы кватэр пагаджаюцца на зніжкі

Прадаўцы кватэр пагаджаюцца на зніжкі

Уласнікі карэктуюць свае прапановы.

Грамадства

Як людзі з інваліднасцю робяць свет лепшым

Як людзі з інваліднасцю робяць свет лепшым

«Нашы работы — жывыя, з энергетыкай любові і дабра».