Вы тут

Адзін з найбуйнейшых кінафестываляў свету адкрываецца сёння


Усе кінематаграфічныя дарогі зараз вядуць у Берлін: сёння, 7 лютага, тут пачынаецца 69 Міжнародны берлінскі кінафестываль, адзін з найгалоўнейшых кінафорумаў свету. Міжнароднае журы, якое прысуджае Залатога мядзведзя і Сярэбраных мядзведзяў (некалькі) сёлета ўзначальвае французская актрыса Жульет Бінош, вядомая па ролях у фільмах Кшыштафа Кесьлёўскага, Міхаэля Ханэке, Абаса Кіарастамі, Клер Дэні, Аліўе Асаяса ды іншых аўтараў.


69-ы фестываль знамянальны хаця б тым, што апошні год ім кіруе нязменны Дзіцер Кослік. Прафесійны кінематаграфічны свет даўно правакуе перамены: нямецкія рэжысёры нават падпісвалі калектыўнае, у выніку апублікаванае ў часопісе Spiegel, пісьмо з заклікам даць Берлінале новае жыццё. Кослік у сваю чаргу паабяцаў не прадляваць кантракт, тэрмін дзеяння якога канчаецца ў 2019-м.

Тым не менш форум у Берліне застаецца адным з самых чаканых кінасмотраў свету. У мінулым годзе, напрыклад, сюды акрэдытавалася 3800 журнаістаў, што перадавалі навіны з месца падзей па ўсёй, лічы, планеце. Агулам жа штогадова фестываль навадвае каля трохсот тысяч гасцей.
У дні фестываля, з 7 да 14 лютага, у Берліне маюць адбыцца прэм’еры новых фільмаў Агнешкі Холанд, Чжана Імоў, Франсуа Азона, Фаціха Акіна, Дэні Катэ, Андрэ Цешынэ, якія ўдзельнічаюць у асноўнай конкурснай праграме, што складаецца з 23 фільмаў.

Апроч асноўнага конкурса фестываль паказвае конкурсныя секцыі “Панарама”, “Форум”, “Рэтраспектыва” і іншыя.

Івэнты і праграма Берлінале ў пэўным сэнсе фарміруюць будучыя арыентыры сусветнага кінематографа, новыя пазіцыі ў нацыянальных пракатах (у тым ліку беларускім) і перавагі фестывальных адборшчыкаў.

Што будзе адбывацца і што будзе паказвацца на Берлінале, “Звязда” будзе сачыць уласнымі вачыма.

Ірэна КАЦЯЛОВІЧ

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.