Вы тут

Ірына Бараноўская: Дзеці пайшлі за мной


Вучаніца Рэнальда Кныша, настаўніца Вольгі Уласавай, лаўрэат спецыяльнай прэміі Прэзідэнта аб сваім прызванні быць трэнерам.

У студзені старшы трэнер-выкладчык аддзялення скачкоў на батуце Гродзенскай СДЮШАР № 3 Ірына Бараноўская стала лаўрэатам спецыяльнай прэміі Прэзідэнта «Беларускі спартыўны Алімп». Настаўнік трэніруе батутыстаў ужо каля 30 гадоў. Яна пачынала сваю дзейнасць са спартыўнай гімнастыкі, але потым разам са шматлікімі дзецьмі перайшла ў батут. Адна з першых вучаніц Ірыны Робертаўны — Вольга Уласава, цяпер настаўнік алімпійскага чэмпіёна Уладзіслава Ганчарова. А сама Ірына Бараноўская ў дзяцінстве трэніравалася з яшчэ больш вядомым трэнерам — Рэнальдам Кнышам, у адной зале з алімпійскай чэмпіёнкай Вольгай Корбут. Аб адносінах з вялікімі ў свеце спорту, сакрэтах трэнерскага майстэрства і першых эмоцыях пасля ўручэння прэміі Ірына Робертаўна расказала ў інтэрв'ю нашай газеце.


Пра Прэзідэнта, Кныша і Корбут

— Ірына Робертаўна, успомніце, як даведаліся пра такую прыемную для сябе навіну?

— У канцы года дырэктар нашай СДЮШАР традыцыйна падводзіў вынікі. Не афіцыйна, не пры ўсіх ён сказаў мне: «Рыхтуйцеся ў Мінск, купляйце новы касцюм, у вас узнагароджванне ў Прэзідэнта». Я спачатку наогул не зразумела, што гэта мне.

Цырымонія ўручэння ў Мінску была вельмі ўрачыстая, было вельмі хвалююча, але я адчула гонар, таму што моцных трэнераў па батуце ў нас у краіне шмат, ёсць з каго выбіраць.

— Вы марылі пра сустрэчу з Прэзідэнтам?

— Мне здавалася, што гэта нездзяйсняльна, таму не было такіх думак. Я проста выконваю сваю работу, як усе людзі, тым больш да мяне прыходзяць дзеці. Аляксандр Рыгоравіч кожнаму ўручаў граматы, сказаў кожнаму асобныя словы. Мне было сказана, што ён вельмі ганарыцца нашым відам спорту, Прэзідэнт падзякаваў за алімпійскага чэмпіёна. Наогул, віншаванняў было шмат, яны гучалі ад вучняў, калег, сяброў, знаёмых. Патэлефанавала нават мой першы трэнер, было вельмі прыемна.

— Колькі гадоў вы прысвяцілі трэнерству?

— Я пачынала працаваць у сваім відзе спорту, у гімнастыцы. Тады нават не ведала, што ёсць такі від спорту, як скачкі на батуце, ён толькі пачынаў развівацца. Але так атрымалася, што я вучылася з першым майстрам спорту па скачках на батуце ў Гродне і ён жартам або ўсур'ёз сказаў: «Прыходзьце да нас працаваць». Адзін раз сказаў, другі, трэці. І нават не магу растлумачыць чаму, але я пагадзілася. У мяне былі добрыя групы на гімнастыцы, з гэтымі ж групамі я і пайшла на батут. Дзеці пайшлі за мной. Дарэчы, дзіця, якое пайшло за мной, — Вольга Рудая, цяпер яна Вольга Анатолеўна Уласава, галоўны трэнер нацыянальнай зборнай і нашага алімпійскага чэмпіёна Уладзіслава Ганчарова.

— Што вы бачылі тады ў гэтай маленькай дзяўчынцы?

— Яна была вельмі працаздольнай, смелай, магла спакойна ў тым узросце прымаць рашэнне, ёй можна было штосьці даручыць, адказная дзяўчынка. Калі была маленькай, паказвала вельмі добрыя вынікі, хутка вучыла новыя элементы, акрамя таго, Воля была з добрым характарам.

— А самі вы трэніраваліся ў яшчэ больш вядомага спецыяліста — Рэнальда Іванавіча Кныша...

— Так, а побач займалася Воля Корбут. Рэнальд Іванавіч праводзіў шыкоўныя размінкі, якія мы і цяпер памятаем, ён рабіў вельмі сур'ёзныя, цікавыя агульнафізічныя трэніроўкі. Заўсёды даваў добрыя парады. Калі я прыйшла на батут, працавала па методыцы гімнастыкі, гэта значыць, па методыках Кныша.

— Часта вучні Рэнальда Іванавіча казалі аб яго няпростым характары.

— Любы трэнер са сваімі складанасцямі. Сказаць, што мяне гэта моцна закранула, я не магу, можа быць, таму што сама я была з цяжкім характарам. Нядаўна мы сустракаліся з Рэнальдам Іванавічам, размаўлялі, ён даў шмат каштоўных парад. Расказаў, як трэніраваў, як ён бачыць гэты працэс, успомніў, як рыхтаваў Корбут, і падзяліўся меркаваннем, як бы ён рабіў гэта цяпер. Кныш вельмі добры псіхолаг, большасць яго парад датычылася менавіта дысцыпліны, таго, як ён бачыць дзяцей і сам працэс трэніроўкі, ролю трэнера ў гэтым працэсе. Я паслухала, але для мяне не вельмі прымальныя яго падыходы. Кныш мог вельмі добра паставіць тэхніку, у яго матэматычны склад розуму, і ён мог пралічыць, ці зможа зрабіць Вольга Корбут тую ж пятлю, якую ён прыдумаў менавіта для яе. Рэнальд Іванавіч рабіў вельмі шмат практыкаванняў, якія падводзяць да складаных элементаў. Дарэчы, першыя ямы з паралонам зрабіў менавіта Кныш.

— А якой тады была Вольга Корбут?

— Яна была старэйшая за нас, калі я пачынала трэніравацца ў гэтай жа зале. Вольга яшчэ не была такой тытулаванай, але ў яе ўжо былі нейкія вынікі. А яе росквіт прыйшоўся дзесьці на мой 5 клас, Вольга тады прыехала з Алімпіяды. Але мы перадзяваліся ў адной раздзявальні, трэніраваліся ў адной зале, сказаць, што ў яе былі нейкія прывілеі, — не. Корбут таксама выходзіла на пастраенне, як усе, яна вельмі добра з намі кантактавала, магла пажартаваць, даць параду.

Мы нават не хадзілі ў адпачынак

— У маладосці вы бачылі сябе трэнерам ці хацелі дасягнуць вялікіх вынікаў як спартсменка?

— Да гэтага часу памятаю, і цяпер, калі сустракаліся з Рэнальдам Іванавічам, успаміналі, ён спытаў у мяне: «Ты хочаш стаць алімпійскай чэмпіёнкай?» Я сказала не, не хачу. Мала, хто з дзяцей так адказвае. Вельмі шмат трэба было трэніравацца, гэта было не па мне, хоць казалі, што ў мяне добрыя даныя. Тады мне не хапіла працавітасці і ўседлівасці, адкуль гэтыя якасці з'явіліся, калі я стала працаваць трэнерам, не ведаю. Мяне ўвесь час трэба было прымушаць, матываваць, сама прыйсці ў залу і трэніравацца я не магла. Ды і трэнерам не збіралася я станавіцца. Калі скончыла тэхнікум фізкультуры, сказала, што ў залу больш не пайду, уладкавалася інструктарам па спорце на гродзенскую фабрыку цацак. Папрацавала паўгода і зразумела, што даросламу насельніцтву спорт наогул не патрэбны. Мне захацелася пайсці назад на гімнастыку, прыйшла ўладкоўвацца ў ДЮСШ № 3. У залу да Рэнальда Іванавіча пайсці пасаромелася.

— Зараз маладыя трэнеры кажуць пра маленькую зарплату, у ваш час такія размовы былі?

— У наш час таксама не многія заставаліся пасля вучобы працаваць трэнерам. Пачынаюцца сямейныя праблемы, таму што трэба ўвесь час ездзіць на спаборніцтвы, у маладосці мы нават не хадзілі ў адпачынак, таму што дзяцей пакідаць нельга, бо праз месяц прыйдзецца ўсё пачынаць спачатку. Вытрымаць гэта маглі не ўсе, трэба было сваіх дзяцей пакідаць на некага. Шмат хто пайшоў туды, дзе было больш зручна.

— Часта ў мінулым вядомыя спартсмены не хочуць працаваць з маленькімі дзецьмі.

— А дарэмна, яны павінны праз гэта прайсці, прачуць. Ідэальны варыянт, як Вольга Уласава і Улад, яна яго знайшла, выхавала і вывела на алімп. Я да гэтага часу працую і з маленькімі, і з вялікімі.

Іншая справа, што не ўсе спартсмены могуць стаць добрымі трэнерамі, гэта не ўсім дадзена. І гэта, дарэчы, відаць адразу, ёсць у трэнера задаткі ці не. Каб быў вынік, трэба вельмі шмат часу праводзіць у зале, не проста прыйшоў, адпрацаваў і пайшоў. Перад спаборніцтвамі, можа, і два разы на дзень трэба патрэніраваць, хоць гэта і не аплачваецца.

— А па дзіцяці за некалькі трэніровак можна сказаць, ці зможа яно вырасці ў спартсмена высокага ўзроўню?

— Ёсць дзеці, якія вылучаюцца, але не ўсе адораныя дзеці становяцца чэмпіёнамі, таму што таленавітыя, як правіла, вельмі лянівыя. Калі знойдзецца той чалавек, які прымусіць іх працаваць, то з іх нешта будзе. А ёсць дзеці быццам бы з не вельмі добрымі данымі, але сваёй працаздольнасцю яны могуць дасягнуць многага.

«Ніколі не кажу, што вашы дзеці будуць чэмпіёнамі»

— Што вы адчуваеце, калі вучні дасягаюць поспехаў?

— Спачатку радасць, таму што радуюцца вучні. Радуешся перш за ўсё за іх, за тое, што яны дасягнулі сваіх мэт. Потым спусташэнне і стомленасць, але гэта літаральна адзін дзень, потым прыязджаеш у залу і пачынаеш ставіць новыя элементы, таму што наперадзе стаяць новыя мэты, новыя задачы, спаборніцтвы.

— Бываюць канфлікты з вучнямі?

— Сур'ёзных ніколі не было, і з бацькамі таксама, больш рабочыя моманты. Калі ты працуеш з маленькімі дзецьмі, бываюць нейкія прэтэнзіі ў бацькоў, гэта нармальна. Не ўсе дзеці могуць скакаць, я імкнуся растлумачыць гэта, не дацягваць да дарослага ўзросту, прапаную іншы від спорту. І ніколі нікому нічога не абяцаю — ні бацькам, ні дзецям. Ніколі не кажу, што вашы дзеці будуць чэмпіёнамі.

— У чым заключаецца ваш сакрэт падрыхтоўкі паспяховых спартсменаў (вучні Бараноўскай неаднаразова станавіліся прызёрамі чэмпіянатаў свету і Еўропы)?

— Трэба вельмі гэтага хацець. Калі я стала старшым трэнерам, пачала хацець, каб мае дзеці былі найлепшымі, важна самой сабе даказаць, што я змагу давесці сваіх спартсменаў да высокага ўзроўню. Ну і, вядома, перш за ўсё трэба любіць сваю працу і яшчэ працаваць, усяго толькі працаваць. (Усміхаецца.)

— Колькі часу вы сёння праводзіце ў зале?

— Чатыры гадзіны раніцай і чатыры гадзіны вечарам, адзін выхадны ў тыдзень. Сёлета нават у адпачынку была, упершыню за доўгія гады.

— У чым вы чэрпаеце сілы?

— Дзеці прымушаюць працаваць, яны ж прыходзяць, значыць, ты павінен ім нешта даць, хочаш гэтага ці не. Калі не, то трэба ўжо не прыходзіць, а ісці на пенсію, спакойна сядзець дома. Часам прыходзіш у залу і думаеш, напэўна, сёння не атрымаецца. А потым глядзіш — у дзяцей гараць вочы, і ты пачынаеш працаваць. Мне цікава, калі ў дзяцей, якія нічога не ўмелі, раптам пачынае атрымлівацца.

— Быў момант, калі вы хацелі кінуць і больш не прыходзіць у залу?

— Так, і я ўладкавалася на падпрацоўку ў школу, вытрымала паўгода. Пасля гэтага сысці нават не спрабавала.

— Чым вы займаецеся звычайна за межамі залы?

— Люблю ездзіць адпачываць, падарожнічаць, люблю экскурсіі, таму, калі іду ў адпачынак, заўсёды імкнуся куды-небудзь з'ездзіць, нешта паглядзець, не езджу два разы ў адно і тое ж месца. Люблю лазню, люблю вязаць, паколькі сям'і ў мяне няма, дзяцей няма, люблю чытаць, глядзець кіно, нашы выступленні ў інтэрнэце. Калі іду адпачываць, не люблю спорт. Усё хачу пачаць займацца ёгай, але час супадае з маімі трэніроўкамі.

Р. S. Адказваючы на пытанні, Ірына Робертаўна глядзела мне ў вочы, але нейкім чынам у полі яе зроку знаходзіліся і ўсе чатыры батуты ў зале. Яна бачыла, хто з вучняў недакруціў сальта, хто сагнуў ногі і недацягнуў насочкі. Па ходзе гутаркі яна тлумачыла не толькі мне, але і ім, як рабіць правільна, за гадзіну размовы да яе падыходзіла каля дзясятка вучняў, а яна ні разу не падвысіла голасу, як гэта часта можна сустрэць на трэніроўках, і не пакінула без увагі ні аднаго пытання.

Мінск — Гродна — Мінск

Дар'я Лабажэвіч

Фота Ганны Занкавіч

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Сёння пачаў работу УНС у новым статусе

Сёння пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.