Вы тут

Ці дасяжны рай?


Адной з кніг, прадстаўленых на ХХVІ Мінскай міжнароднай кніжнай выстаўцы-кірмашы, быў твор звяздоўца Уладзіміра Хількевіча «Затрымацца ля варотаў раю» выдавецтва «Четыре четверти». «Раман пра любоў у навелах» — так характарызуюць кнігу яе ўкладальнікі. Аднак, прачытаўшы выданне, пачынаеш думаць, што каханне — не зусім тое, што мы прызвычаіліся пра яго думаць...


Кніга захапіла мяне з самага пралога. Чытаеш — і яскрава ўяўляеш сваю ўласную знаёмую вясковую бабулю Маню. Адзінокую, да якой няма каму завітаць. Вось стаіць яна, у пацёртым кажушку, стаптаных ботах, хустцы, нацягнутай на вочы. Адна-адзінюткая — і ў той жа час не адна, бо разам з ёй, над ёй, космас і зоры. І нястомны вецер у пасмах валасоў, што выбіліся з-пад завязанай яшчэ зранку хусткі; нябачнае цяпер сонца — якое паспела шчодра пазалаціць яе спрацаваны твар. Баба Маня пра наваколле і суладдзе з ім ведае нашмат больш, чым усе мы, гарадскія жыхары ХХІ стагоддзя. І нават крышачку-злёгку зайздросціцца ёй: яе свабодзе і спалучанасці з касмічна-зорнай прасторай. Зайздросцілася б, каб не падсвядомае адчуванне татальнай пакінутасці і болю, што прыгняздзіліся глыбока на дне яе сэрца. Праўда, яна і не пакутуе ад іх надта. Бо проста не ведае, як можа быць іначай.

Розніца ў тым, што галоўную гераіню кнігі завуць не Маня, а Васілінка. І што яна зусім не адзінокая, а мае пяць дзяцей, якіх гадуе — і выгадавала сама!

Пэўны парадокс кнігі, які кідаецца ў вочы амаль усім чытачам, заключаецца ў тым, што яна напісаная на рускай мове, але пры гэтым на сто працэнтаў з'яўляецца кнігай пра нашу вёску, дзе, як вядома, карыстаюцца беларускай мовай. Часта аўтар наўмысна пакідае ў гутарцы герояў тутэйшыя, мясцовыя словы, не ў змозе вырваць гэтыя сакавітыя, яскравыя парасткі з агульнай тканкі твора.

Мяркую, кніга будзе цікавая як тым, хто ведае штосьці пра беларускую вёску — вырас там, прыязджае на лета, стала жыве, — так і тым, хто пра вёску нашу не ведае зусім нічога, але даведацца хоча. Гэта разгорнуты атлас, даведнік, вароты ў рай — гартайце, чытайце, спазнавайце, што такое беларуская вёска. Пазнавайце ў ёй сябе, замілоўвайцеся ці імкніцеся дыстанцыявацца — уласную ролю зразумееце самі.

Вельмі цікава было б даведацца, адкуль узяў аўтар звесткі пра ўсе звычаі, традыцыі, песні? Ці сам перажываў, бачыў? Ці вось так, па драбнічках, збіраў з розных крыніц народны фальклор, каб потым увасобіць у сапраўднай энцыклапедыі вясковага жыцця.

Кніга, натуральна, складаецца не з адных традыцый. Як і праанансавана ў падзагалоўку, дзе напісана пра любоў у навелах, тут шчыльна пераплецены драматургіі лёсаў розных людзей. На авансцэне твора не толькі Васілінка, але і ўсе яе дзеці — кожны па чарзе ў прысвечаным яму раздзеле, — і муж Адам. Ці сустрэлі яны каханне? На гэта пытанне няма дакладнага адказу. Аднак відавочна, што яны па-свойму шукалі шчаслівай долі, хоць бы на частцы адмеранага шляху выбудоўвалі адносіны з меркаванымі палавінкамі. Тут каханне, не выказанае словамі, не відавочнае, пачуццё, хутчэй, насуперак, чым дзякуючы. Можа, у гэтым яго характэрнасць і для многіх іншых беларусаў? Бо ў нас часта не прынята гаварыць пра добрае, на словах падтрымліваць адно аднаго, выказваць шчырасць і падтрымку.

Пакручастая лінія драматургіі пайшла так, што ў выніку атрымаўся твор пра... не вельмі шчаслівых людзей. Так, Васілінка здолела падняць сваіх пяцярых дзяцей, выгадаваць, нягледзячы на ліхалецці ХХ стагоддзя. Ці была яна шчаслівай? Парадокс у тым, што пра гэта неяк не прынята было думаць.

Асабіста для мяне тут вельмі рэзануе, што і мае сваякі, якія жылі ў тыя часы і пазней расказвалі пра іх, не лічылі сябе шчаслівымі... «Сталін пракляты вывозіў нас у Сібір», — вось што зусім нярэдка чую я ад іх. «А потым мы разжываліся, па адным паленцы з лесу вазілі на хату. Ох, як было трудна...»

Аўтару важна аналізаваць час, і не толькі наш, а і той, які ўжо адышоў і палягае ў падмурку сучаснасці. З гэтай задачай Уладзімір Хількевіч выдатна справіўся. Дзякуй за шчырасць. І за магчымасць зірнуць на нас усіх збоку, прычым праўдзіва.

У сярэдзіне твора крыху бракуе дынамікі. Аўтар роўна апавядае пра лёсы розных дзяцей Васілінкі — і чытач ужо амаль гатовы страціць да іх цікавасць. Бо і сам ведае нямала такіх лёсаў. Цудоўнай кульмінацыяй твору з'яўляецца атрыманне Васілінкай ліста ад мужа, у смерць якога яна адна ніколі не верыла... Значыць, жывы. Ён піша — пасля бяздонных вечароў і начэй яе чакання, — і як цяпер гэта вытрымаць? Каб дадаць у кнігу яшчэ некалькі момантаў, дзе напружанне рэзка ўзрастае, твор стаў бы яшчэ мацнейшым. Прыгадваецца хіба што выпадак, калі Васілінка ледзь-ледзь паспела ўратаваць свайго сына, каб пан не адсек яму руку за тое, што той узяў крыху кашы з агульнага катла, — выкупіла яе... каштоўным поясам. І як на базары яшчэ адно яе дзіця мінакі збілі па твары мокрай рыбай — за крадзеж. Такая рэальнасць. Такія лёсы.

Я заўсёды радуюся, калі з'яўляецца яшчэ адна кніга пра нашу з вамі Беларусь. Такую, якая яна ёсць, без прыкрас і дадумак. І тады, нават калі здарыцца сусветны патоп ці пажар, але ацалее хоць бы адзін асобнік — людзі, якія прыйдуць пасля, якія не бачылі яе такой, даведаюцца. І, можа быць, палюбяць. «Затрымацца ля варотаў раю» — акурат вартае гэтай задачы выданне. Дзякуй аўтару за праўдзівы летапіс культуры, атмасферы і лёсаў.

Ніна ШЧАРБАЧЭВІЧ, фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?