Вы тут

Лета будзе краснае... Але спачатку — вясна


Цікавы ліст даслала ў рэдакцыю настаўніца-пенсіянерка Эмілія Ю. з Дзяржыншчыны. У ім яна просіць растлумачыць, ці заўжды рускае слова «красный» трэба перадаваць праз беларускае «чырвоны». Як лічыць наша чытачка, знакамітая Страказа з байкі Крылова праспявала ўсё ж «лета краснае»... І па-беларуску — таксама, бо слова гэтае здавён бытавала ў беларускіх вёсках, сустракалася ў народных песнях. Спявалі ж «Вясна красна на дварэ».

А вось Генадзь Анціпенка і Ганна Новік цікавяцца, ці правільна пісаць «гэта не адказвае патрабаванням» і дзе ж усё-такі памылка: у словазлучэнні «паўтара года» ці ў «паўтары гады».

Як заўжды, на моўныя пытанні чытачоў адказваюць стыльрэдактары «Звязды» Алесь Саламевіч і Леў Глушыцкі.

1. Шаноўная спадарыня Эмілія, безумоўна, мае рацыю: рускае красный і беларускае красны ў адпаведным значэнні падкрэсліваюць зусім не колер, а прыгажосць.

У «Тлумачальным слоўніку беларускай мовы» красны ў значэнні 'прыгожы' падаецца з пазнакай «нар.-паэт.» — «народна-паэтычнае слова», і яно сапраўды часта адносіцца менавіта да пораў года. Акрамя прыкладу з Якуба Коласа (Маладая вясна, // Залатая пара! // Будзь красна і ясна, // Не шкадуй нам дабра), які прыводзіць названы слоўнік, можна згадаць радкі Васіля Віткі: Яшчэ няспелае, дачаснае // Упала ніцам // І запалала лета краснае // Усё ў суніцах.

Як відаць, слова «красны» ёсць не толькі ў народнай мове, яно сустракаецца і ў літаратуры: у перакладной — таксама. Славутыя радкі Аляксандра Пушкіна Юрка Гаўрук перастварыў па-беларуску так: Ох, лета краснае! Я рад цябе любіць, // Але завошта? — пыл, ды заедзь, ды спякота.

2. Словазлучэнне адказваць патрабаванням складзена памылкова, пад уплывам рускай мовы, у якой можна отвечать — і на распространенные вопросы, і требованиям. У нашай мове на пытанні адказваюць. А вось патрабаванням можна толькі адпавядаць (альбо не...).

Блытаніна ўзнікае і ў выпадку, калі пад уплывам рускага слова отказать у беларускай мове адказваюць у нейкай просьбе. У ёй, зазначым, можна толькі адмаўляць...

3. Слова паўтара выкарыстоўваецца з назоўнікамі мужчынскага і ніякага роду ў родным склоне. Таму пішам і кажам: паўтара года, паўтара кіламетра, паўтара вядра і гэтак далей. З назоўнікамі жаночага роду выкарыстоўваецца слова паўтары (склон застаецца той самы): паўтары хвіліны, паўтары старонкі, паўтары талеркі.

Такім чынам, казаць і пісаць паўтары гады і да т. п., вядома ж, няправільна.

Выбар рэдакцыі

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.