Вы тут

Цікавыя навіны замежжа


Японкі ігнаруюць Дзень святога Валянціна

Японскія жанчыны сталі адмаўляцца ад традыцыі дарыць мужчынам-калегам шакалад у Дзень святога Валянціна. Шмат каму прыходзіцца марнаваць на такія прэзенты тысячы іен, каб пазбегнуць папрокаў і абраз, паведамляе The Guardіan.

У Японіі такая практыка называецца gіrі choco або «абавязковы шакалад». Мяркуецца, што мужчыны павінны адказаць 14 сакавіка ў Белы дзень — падзея, прыдуманая вытворцамі цукерак для павышэння продажу. Даследаванні паказваюць, што 60 % японскіх жанчын сёлета купяць шакалад 14 лютага для сябе, больш за 56 % збіраюцца падарыць яго членам сям'і, 35 % — партнёрам. Столькі ж вырашылі парадаваць калег па рабоце. Як адзначае выданне, для многіх японак традыцыя становіцца непад'ёмнай. Некаторыя кампаніі цяпер забараняюць такога роду дарэнні.

Газета дадае, што ў сярэдзіне 1950-х гадоў у Японіі пачалося камерцыйнае распаўсюджванне падарункаў на Дзень святога Валянціна, што прывяло да з'яўлення шматмільённага рынку. Некаторыя вытворцы атрымліваюць значную долю гадавога прыбытку за некалькі дзён.


Багацей не забыўся пра родную вёску

У Кітаі мультымільянер наведаў родную вёску ў дні святкавання Новага года Свінні па ўсходнім календары і раздаў мясцовым жыхарам падарункі на мільёны юаняў, паведамляе South Chіna Mornіng Post.

Чжэн Дацын, кіраўнік карпарацыі Xіnjіang Tіandі Group, прыбыў у вёску Дзінцыцяа ў правінцыі Сычуань на верталёце і правёў на малой радзіме некалькі дзён. Увесь гэты час 60-гадовы бізнесмен сустракаўся з аднавяскоўцамі і адорваў тых, хто дасягнуў 50-гадовага ўзросту. Паводле слоў старасты вёскі, Чжэн раздаў каля дзевяці мільёнаў юаняў наяўнымі, а таксама падарыў землякам бытавую тэхніку на суму ў тры мільёны юаняў.

Акрамя падарункаў Чжэн зладзіў для самых старэйшых жыхароў вёскі катанне на верталёце. На борт пускалі мужчын і жанчын старэйшых за 60, перад палётам яны павінны былі прайсці агляд у лекара. «Ён разбагацеў, але не забыўся пра жыхароў сваёй вёскі. Такіх людзей цяпер раз, два і аблічыўся», — заявіў адзін з жыхароў Дзінцыцяа.

Чжэн нарадзіўся ў беднай вясковай сям'і ў 1959 годзе. У 1985 годзе ён паехаў ва Урумчы з некалькімі манетамі ў кашальку, а ўжо праз дзесяць гадоў заснаваў кампанію. Цяпер у складзе карпарацыі Чжэна 16 кампаній — энергетычных, будаўнічых і іншых. У 2005 годзе ён займаў 146-ы радок у рэйтынгу самых багатых кітайцаў па версіі Forbes.


Сумленны француз атрымаў залаты злітак

Жыхар французскага горада Ван вярнуў пасылку, якая трапіла да яго памылкова, і атрымаў ва ўзнагароду злітак золата, паведамляе выданне The Local.

27-гадовы Жульен замовіў па пошце бікіні для жонкі і не здзівіўся, калі яму прынеслі пасылку. Ён не гледзячы распісаўся ў квітанцыі і толькі пазней звярнуў увагу на паказаную каштоўнасць адпраўлення. Яна складала 20 тысяч еўра. Калі мужчына адкрыў скрынку, высветлілася, што замест бікіні там ляжаць зліткі золата вагой ад 20 да 30 грамаў і некалькі луідораў — залатых манет Францыі XVІІ і XVІІІ стагоддзяў. Жульен вырашыў асабіста адвезці пасылку правільнаму атрымальніку, адрас якога быў паказаны на квітанцыі, але нікога не знайшоў. Тады ён зайшоў у паліцыю і пакінуў золата там. Праз некалькі дзён адрасата ўдалося адшукаць, і ён атрымаў адпраўленне.

Адпраўнік пасылкі, французская Нацыянальная асацыяцыя золата, вырашыла ўзнагародзіць мужчыну за сумленнасць. Яму ўручылі злітак золата, вага і каштоўнасць якога не паведамляецца.

Іван КУПАРВАС

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».