Вы тут

Фотаздымак з гісторыяй. «Не поле перасці...»


Са здымка, зробленнага невядомым фатографам у гады Першай сусветнай вайны, на нас пазіраюць мае прадзед Нічыпар Сідарэвіч і прабабка Барбара Сідарэвіч. Дакладны час, калі быў зроблены гэты фотаздымак, таксама застаўся невядомы, толькі ведаю, што сфатаграфаваліся мае продкі ў адным з рыжскіх фотаатэлье.


Прадзед нарадзіўся каля вёскі Пагост цяперашняга Вілейскага раёна, быў мабілізаваны і ваяваў на Заходнім фронце. Разам з царскай арміяй ён апынуўся ў Рызе. У 1915 годзе кайзераўскія войскі ўшчыльную падышлі да гэтага горада і да верасня 1917-га, пакуль горад не быў імі захоплены, у віры прыфрантавога жыцця мой прадзед пазнаёміўся са сваёй будучай жонкай. Дзесьці тады яны і зрабілі гэты фотаздымак. Прадзед Нічыпар, як і належыць вайскоўцу, з салдацкай выпраўкай, падцягнуты і важны, з падкручанымі ўверх вусікамі, а прабабка — поўная велічы і жаноцкасці. Тады яны, напэўна, марылі аб спакойным жыцці, думалі, хутка скончацца гады ваеннага ліхалецця і пачнецца мірнае жыццё. Але лёс падрыхтаваў для іх яшчэ больш выпрабаванняў.

Няма звестак, ці ўдзельнічаў прадзед у Грамадзянскай вайне і на чыім баку. У час перамір'я паміж Савецкай Расіяй і Латвіяй прадзед с прабабкай прыехалі пагасціць на яго радзіму ў Беларусь. Назад ужо іх не выпусцілі: пасля падпісання Рыжскай дамовы межы былі закрытыя, і яны назаўсёды засталіся ў БССР. Барбара была ў адчаі — родныя, хата, асабістыя рэчы — усё засталіся на тым баку мяжы. У яе не было нават цёплай вопраткі. Нейкім цудам удалося пераправіць з Латвіі ў Беларусь некалькі клункаў.

Толькі пачалі абжывацца, як новы ўдар. Менавіта каля вёскі Пагост па землях, на якіх стаяў невялічкі бацькоўскі хутар, прайшла дзяржаўная мяжа паміж Польшчай і Краінай Саветаў. Быў выдадзены загад — пакінуць хату і хутка з'ехаць. На ўсё пра ўсё далі дзень! Тады ўлада не цырымонілася, ніякія довады, накшталт таго, як можна з сям'ёй перабірацца ў нікуды, не браліся ў разлік.

Пераехалі ў суседнюю вёску Леснікі — раскінулася яна сярод высокага сасновага лесу, які з усіх бакоў шчыльна ахоўваў яе ад навакольнага свету. Пачалі ўсё нанова: паціху пабудавалі дом, завялі гаспадарку, нарадзіліся дзеткі. Калі арганізаваўся калгас «Вольны шлях», прадзеда Нічыпара, які лічыўся «ненадзейным», узялі працаваць пастухом. Большай пасады былому афіцэру царскай арміі не даверылі. Прабабка Барбара лічылася гарадской кабетай, бо нарадзілася і маладыя гады правяла ў Рызе, таму ісці ў калгас яе дужа не прымушалі. Займалася выхаваннем пецярых дзяцей, вучыла іх чытаць і пісаць. Старэйшыя дочкі дапамагалі ёй па хатняй гаспадарцы.

І вось 1937 год. У адну летнюю ноч 13 ліпеня большасць мужчын, са слоў прабабулі Барбары, былі арыштаваны і вывезены ў невядомым напрамку. Быццам бы днём раней з боку Польшчы адбыўся ўзброены напад на памежную заставу, якая знаходзілася за некалькі кіламетраў ад Леснікоў. Палічылі, што калгаснікі мелі да гэтага прамое дачыненне. Згодна са звесткамі Беларускага мемарыяла, Сідарэвіч Нічыпар Іванавіч, беларус, калгаснік, жыхар вескі Леснікі, быў абвінавачаны ў шпіянажы на карысць Польшчы і прыгавораны да вышэйшай меры пакарання. Расстраляны 29 лістапада 1938 года і пахаваны ў Мінску. Пасмяротна рэабілітаваны ў 1989 годзе. Большай інфармацыі прабабка Барбара пра свайго мужа так і не атрымала. Гэты фотаздымак — усё, што ад яго засталося.

Потым пачалася Вялікая Айчынная вайна. Вёска была глухая, і немцаў тут бачылі значна радзей, чым партызанаў. Мясцовыя жыхары пяклі для лясных ваяк хлеб, нават адзін час у Лесніках знаходзіўся штаб партызанскага злучэння. У 1943 годзе падчас аблавы, калі акупацыйныя ўлады вывозілі моладзь у Германію, вёску акружылі нямецкія салдаты і пачалі хапаць усіх без разбору. Сыны прабабкі Барбары былі на фронце, а дочкі лёгка маглі патрапіць на прымусовыя работы. Тады старэйшая дачка, мая родная бабуля Алена, звярнулася да нямецкага афіцэра і праз перакладчыка давяла, што яе маці Барбара — гарадская жыхарка, родам з Рыгі, і без дачок яна тут прападзе. Самае цікавае, што нямецкі афіцэр дазволіў застацца пры ёй дзвюм малодшым дочкам. А мая бабуля Алена Сідарэвіч вымушана была адправіцца ў далёкую Нямеччыну...

Пасля вайны, калі Латвія адышла да Савецкага Саюза, прабабка Барбара ўжо не пажадала вяртацца на радзіму. Казала: сюды я прыехала паненкай у шыкоўных уборах, а назад паеду ў хустачцы і лахманах? Так і дажыла свой век на Беларусі. Гадавала праўнукаў, вучыла іх пісьму, і да самай старасці так і не кінула сваёй звычкі з далёкага гарадскога мінулага — курыць папяросы.

Віталь Жураўскі, г. Жодзіна.

Шаноўныя чытачы! Конкурс «Фотаздымак з гісторыяй» працягваецца. Мы па-ранейшаму чакаем ад вас цікавых фота з сямейнага альбома. Здымкі (не больш за тры) з невялікай гісторыяй дасылайце з адпаведнай пазнакай на адрас: вуліца Б. Хмяльніцкага, 10а, 220013, г. Мінск або іnfо@zvіаzdа.bу. Найлепшага аўтара чакае прыз. Арыгіналы дасланых фотаздымкаў абавязкова вяртаюцца.

Загаловак у газеце: Не поле перасці...

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».