Вы тут

Мастацтва перавозак*


Капыльскаму філіялу «Аўтамабільны парк № 21» адкрытага акцыянернага таварыства «Мінаблаўтатранс» ёсць што паказаць і чым здзівіць гасцей раёна, турыстаў.


Нядаўна на дарогах Капыльшчыны пачалі курсіраваць тры пасажырскія аўтобусы маркі «МАЗ» з выявай знакамітых землякоў. На адным з іх — партрэт Героя Беларусі Міхаіла Высоцкага — заснавальніка айчыннага машынабудавання. Доўгі час Міхаіл Сцяпанавіч працаваў галоўным канструктарам Мінскага аўтамабільнага завода. А нарадзіўся ён у вёсцы Семежава Капыльскага раёна. І гэты аўтобус — сведчанне таго, што на малой радзіме не забываюць пра вядомага земляка і аддаюць яму даніну павагі.

Капыльская зямля багатая на людзей, якія ўнеслі ўклад у развіццё раёна, Мінскай вобласці, краіны. На борце яшчэ аднаго аўтобуса змешчаны партрэт ураджэнца Капыля Зміцера Жылуновіча.

— Зміцера Хведаравіча ведаюць пад псеўданімам Цішка Гартны як драматурга, празаіка, паэта, журналіста, крытыка. У 1919 годзе ён быў старшынёй Часовага рабоча-сялянскага ўрада Савецкай Беларусі, які праіснаваў літаральна некалькі месяцаў. Партрэт з'явіўся летась напярэдадні 100-годдзя БССР, як даніна памяці чалавеку, які стаяў каля вытокаў беларускай дзяржаўнасці, — расказаў дырэктар філіяла Уладзімір САХАР.

Кіроўцы Аляксандр Ганчар, Ігар Рудзеня, Аляксандр Зорыч — прызнаныя майстры сваёй прафесіі.

Помняць і шануюць на Капыльшчыне і яшчэ аднаго земляка — паэта-песенніка Адама Русака, які нарадзіўся ў невялікай вёсачцы Малінаўка. Яго партрэт аздобіў трэці аўтобус. На адным баку — словы песні «Бывайце здаровы», з другога — не менш вядомай і папулярнай песні «Ой, бярозы ды сосны, партызанскія сёстры».

Знамянальна, што партрэт і надпісы з'явіліся летась напярэдадні Дня беларускага пісьменства, які сімвалізуе пераемнасць традыцый, повязь розных пакаленняў, адзінства друкаванага слова з гісторыяй і культурай беларускага народа.

Начальнік дыягнастычнай станцыі № 123 Аляксандр Балажынскі

Пагадзіцеся, прыемна ехаць на такім транспарце, які стаў брэндам Капыльшчыны, дапамагае больш даведацца аб мінулым гэтага шчодрага на таленты краю. А яшчэ, на маю думку, такім чынам мясцовыя транспартнікі садзейнічаюць прыцягненню турыстаў: апошнім часам у раёне распрацавана шмат цікавых турыстычных маршрутаў.

Наогул, калектыў імкнецца развівацца, удасканальвацца, пры гэтым захоўваючы традыцыі, усё лепшае ад сваіх папярэднікаў, з кожным годам павялічвае аб'ёмы пасажырскіх і грузавых перавозак. На сённяшні дзень у філіяле штодзень выходзяць у рэйс 26 аўтобусаў, якія абслугоўваюць тры гарадскія маршруты, 21 прыгарадны і тры міжгароднія. Акрамя таго, 24 грузавыя аўтамабілі ажыццяўляюць грузавыя перавозкі не толькі ў межах Капыльскага раёна, але і па Мінскай вобласці, Беларусі, працуюць на знакавых рэспубліканскіх будоўлях, як напрыклад, Нежынскі горна-ўзбагачальны камбінат у Любанскім раёне. На гарадскіх, прыгарадных і міжгародніх перавозках дзейнічае аўтаматызаваная сістэма дыспетчарскага кіравання.

У аўтапарку працуе дыягнастычная станцыя № 123, аснашчаная сучасным абсталяваннем. Яе паслугі карыстаюцца вялікім попытам. Дзяржаўны тэхнічны агляд тут праходзяць не толькі транспартныя сродкі з Капыльскага раёна, але і навакольных — Салігорскага, Нясвіжскага, Клецкага, Слуцкага. Аўтаўладальнікі ведаюць, што на станцыі працуюць прафесіяналы высокага класа, якім можна даверыцца, і яны зробяць усё як мае быць, своечасова, якасна.

Аўтапарк аказвае таксама экскурсійна-турыстычныя паслугі па заяўках насельніцтва, прадпрыемстваў, арганізацый. Тут можна заказаць аўтобус, які даставіць у любы пункт Міншчыны, краіны дзяцей і дарослых.

Перавозкі грузаў і пасажыраў — гэта свайго роду мастацтва. Неабходна людзей даставіць па любым адрасе хутка, своечасова, без надзвычайных здарэнняў. І бяспека пасажыраў залежыць ад майстэрства і прафесіяналізму кіроўцы.

На борце гэтага аўтобуса напісаны словы з шырока вядомай песні «Бывайце здаровы, жывіце багата» і партрэт яе аўтара земляка-паэта Адама Русака.

— Людзі — наш залаты фонд. Менавіта яны сваёй добрасумленнай працай, прафесіяналізмам ствараюць імідж прадпрыемства, — упэўнены Уладзімір Яўгенавіч. — Кіроўца аўтобуса Іван Каляда працуе ў аўтапарку больш за сорак гадоў. Іван Васілевіч удастоены звання «Ганаровы транспартнік Рэспублікі Беларусь». У нас шмат кіроўцаў, якія водзяць аўтобусы больш за 35, 40 гадоў. У прыватнасці, Віктар Лойка, Мікалай Шыдлоўскі, Анатоль Шчурскі, Аляксандр Сердзюкоў. Арцём Русаковіч, Дзмітрый Баран — маладыя кіроўцы, але ўжо зарэкамендавалі сябе з найлепшага боку. На грузавых машынах шмат гадоў працуюць Уладзімір Варчэня, Алег Дунай, Мікалай Мяцельскі. Мы ганарымся моцнымі традыцыямі, якія закладваліся прадстаўнікамі розных пакаленняў, працоўнымі дынастыямі Рудніцкіх, Варчэняў, Ткачукоў-Струнеўскіх, Каласко.

Разам з тым на прадпрыемстве разумеюць: для плённай працы неабходна стварыць і адпаведныя ўмовы. Напрыклад, прафесійнаму росту садзейнічае сістэма даплат за класнасць і майстэрства. Адміністрацыя сумесна з прафсаюзным камітэтам імкнуцца штогод паляпшаць умовы працы і адпачынку сваіх работнікаў. Для іх уладкаваны раздзявалка, душавая, пакой для прыёму ежы з неабходнай бытавой тэхнікай, буфет. У клубе праводзяцца культурныя мерапрыемствы, святы. Неаднаразова каманда аўтапарка займала прызавыя месцы ў спаборніцтвах, алімпіядах «Мінаблаўтатранса», раённага і абласнога ўзроўняў.

УНП 601076063

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Актрыса НАДТ імя М. Горкага — пра шлях да сцэны і натхненне.

Грамадства

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

Тата і мама — два самыя важныя чалавекі ў жыцці кожнага дзіцяці.