«Зімой мы чытаем артыкулы па тэме і нагульваем тлушчык. Я за халады звычайна пяць-сем кілаграмаў набіраю. Але першы аб'ект — і ўсё ўлятае», — жартуе Арцём КОРЗУН. Печы ён складае ўжо больш за дзесяць гадоў. Прызнаецца: праца цяжкая. Але прафесія запатрабаваная. Мы распыталі майстра, што самае складанае ў яго рабоце, якія сёння густы ў заказчыкаў і ці пагадзіўся б ён памяняцца месцамі з праграмістам.
У пячной справе Арцём, лічы, з дзяцінства.
— Усё пачалася з таго, што бацька мой, Антон Львовіч, купіў лецішча. Трэба было скласці печ, а спецыяліста няма. Таму ён вырашыў рабіць сам, па кніжцы — атрымалася з трэцяга разу. Потым сусед прыйшоў і папрасіў сабе печ. Так і пайшло. Бацька прысвяціў гэтаму ўсё сваё жыццё. Мне рамяство фактычна дасталося ў спадчыну.
Адмысловых курсаў для печнікоў Арцём не заканчваў — са школьных гадоў быў у таты на падсобных работах, пераймаў вопыт. Першыя заказы шукаў праз аб'явы ў газеце, штосьці па дробязі падкідваў бацька — рамонт топкі, коміна.
— Цяпер практычна ўсе кліенты звяртаюцца да мяне па рэкамендацыі. Самая найлепшая рэкламная акцыя — гэта добрая печ. Я гатовы патраціць лішні дзень-два, каб зрабіць усё як след, — кажа мужчына.
Паралельна ён працуе інжынерам-электронікам (некалі скончыў БНТУ, факультэт інфармацыйных тэхналогій і робататэхнікі). Тлумачыць: цалкам пераключыцца на печы немагчыма — гэта вельмі цяжка фізічна.
— Нерэальна зрабіць больш за 15 аб'ектаў за сезон, вы проста не вытрымаеце. Летась у мяне была печка за печкай, адну заканчваў, адразу ехаў класці другую, сям'ю практычна не бачыў. Дзякуй жонцы Надзеі, якая церпіць мае раз'езды і выхоўвае дзяцей, — усміхаецца. — Калі б не было разумення з яе боку, магчыма, мне б давялося кінуць любімую справу.
Сезон у печнікоў цягнецца з красавіка да канца лістапада. У астатні час з-за халадоў класці печ няма сэнсу — яна проста не высахне і не ўстаіцца. На канструкцыі прасцейшыя ў майстра ідзе чатыры дні, на складаныя — 10—12 дзён. «Вось тут з прамавугольнай цэглы тачылася круглая, потым шліфавалася ўсё ўручную. Таму і часу пайшло шмат», — паказвае Арцём на фота адну са сваіх работ.
У яго альбоме некалькі дзясяткаў здымкаў. «Гэта я яшчэ даўно не абнаўляў, — заўважае суразмоўнік і паказвае чарговую печ. — Яна каштавала 5,5 тысячы еўра, практычна як машына. Мы рабілі яе ўдвух з братам сем дзён. Я пахудзеў за гэты час на 11 кілаграмаў! Амаль уначы прыязджаў дадому, клаўся спаць, а ў тры раніцы ўжо прачынаўся, бо ў галаве далей «складваліся» рады».
Якія печы найбольш папулярныя? Майстар кажа, што попытам карыстаецца ўсё: і каміны, і барбекю. У модзе таксама камінапеч Кузняцова.
— А гадоў дзесяць таму заказчыкам было без розніцы — толькі б яна грэла. Раней цагліны прадавалі крывыя, складаны дызайн рэалізаваць не атрымалася б, — тлумачыць мужчына.
Дарэчы, пра заказчыкаў. Сярод іх ёсць і звычайныя вясковыя бабулі (Арцём згадвае часы, калі яму прапаноўвалі заплаціць за працу бульбай), і заможныя людзі. Колькі будзе каштаваць печ, залежыць ад складанасці работы і матэрыялаў. Напрыклад, латвійская цэгла прадаецца па 1,5 еўра за штуку, а віцебская — па 60 капеек. Багатым кліентам, праўда, цана не важная, для іх галоўнае — увасобіць у жыццё сваю мару.
— Усе заказы незвычайныя, — кажа Арцём. — Работа творчая, пастаянна чамусьці даводзіцца вучыцца.
Жартуе, што рамантыкі ў гэтай прафесіі няма. Спіш, дзе даводзіцца, ясі, што знойдзеш. Аднойчы ехаў да кліента ў вёску, той запэўніў: наконт ежы можаце не клапаціцца, у мяне ўсё ёсць. А насамрэч быў склад тушонкі. Шэсць дзён толькі ёй і харчаваліся. Арцём смяецца, што пасля на гэтыя бляшанкі глядзець не мог.
Самы складаны этап у рабоце — роўна выкласці першы рад, а далей ужо працэс сам пойдзе. У камп'ютарнай праграме можна дакладна разлічыць, колькі цаглінак спатрэбіцца на печ — плюс-мінус 10 штук. Хоць айчынныя часам даводзіцца браць з запасам у 20—30 працэнтаў — партыі могуць значна адрознівацца па характарыстыках. Наогул многае з матэрыялаў прывозіцца з Расіі ці Еўропы.
— Узяць літыя дзверцы. У нас як выраблялі іх ва ўмоўным 1963 годзе, так і цяпер працягваюць. Так, яны добрыя, роўныя. Але асартымент вельмі маленькі. Заказчыкам хочацца дзверцы са шклом, рознымі ўзорамі, а ў нас гэтага няма.
Колькі печ можа праслужыць? Арцём называе тэрмін эксплуатацыі — 50—60 гадоў.
— Лепш за ўсё, вядома, карыстацца печчу штодзень. Калі яна на лецішчы і паліцца рэдка, гэта не так добра. Мы за 30 гадоў рабілі капрамонт сваёй тры разы: «выграбалі топку» і нанова яе збіралі, — дзеліцца майстра. — Вось нядаўна ў заказчыкаў быў: дзеці фактычна сапсавалі печ. У сына быў дзень нараджэння, яны паехалі кампаніяй на лецішча, напіхалі поўную топку дроў. Не ведалі, што халодную печ трэба паступова праграваць, каб яна расшырылася. А канструкцыю «расцягнула» ад гэтага ўсплёску энергіі, і пайшоў агонь. Добра, яшчэ своечасова заўважылі.
На заказ мужчына выязджае з поўнай машынай інструментаў: балгаркі, дыскі, паліроўкі, дрылі, насадкі, пілы... І заўсёды працуе з памочнікам. «Калі людзі чуюць, што падсобнаму рабочаму плацяць 50 долараў у дзень, не разумеюць, за што так многа. Але ж гэта цяжкая праца: пясок сеяць, цэглу насіць, раствор замешваць. Калі заказчык дужы, ён можа і сам дапамагаць».
Арцём дзеліцца назіраннямі: класці печы часта бяруцца муляры. У іх атрымліваецца ідэальная кладка — рука ж на будоўлі набіта. Але што павінна быць унутры, муляр не заўсёды разумее, таму, бывае, печ складзена цудоўна, а не дзейнічае.
Мінусы прафесіі? Майстар уздыхае: ні на што іншае часу не застаецца. Раней ёй быў заядлым рыбаком. Ёсць і лодкі, і матор, і спінінгі, але ўжо два гады не да гэтага.
— Калі хочаш заставацца запатрабаваным, трэба шмат працаваць. Тут не ў грашах справа, прагі нажывы ў мяне няма — людзі чакаюць. Альбо ты бярэшся, альбо знойдуць іншага, — тлумачыць суразмоўнік.
— Не хацелася змяніць усё на ўтульнае крэсла ў офісе?
— Офіс я не пераношу, мне патрэбна свабода. Ды і з маёй работай лёгка трымаць сябе ў форме, — усміхаецца мужчына.
Дзеці яго яшчэ малыя: сыну чатыры гады, дачцэ — дзевяць.
— Ці хачу, каб нашчадак працягнуў справу? Складанае пытанне. Нас бацька не прымушаў. Да гэта трэба прыйсці, работа павінна табе падабацца.
Майстар упэўнены, што, калі ўкладаць душу, прыбытак будзе ў любой справе. «Але печніком трэба гадоў дзесяць папрацаваць, каб асвоіць прафесію як след. Не чакайце, што толькі скончыце курсы, і адразу пасыплюцца «бабкі». Усё прыходзіць з вопытам».
Наталля ЛУБНЕЎСКАЯ
6 кастрычніка архівісты адзначылі сваё прафесійнае свята.
У поўным аб’ёме задаволена патрэба краіны ў калійных і каменных солях, торфе, сапрапелі, будаўнічым камені, падземных водах.
Цэны на ліквіднае жыллё ў сталіцы выраслі на 5 працэнтаў.