Вы тут

Наперад у мінулае?


Я ўжо неяк згадваў, што зараз у трэндзе — мода 1990-х гадоў. Розныя модныя дамы, дызайнеры ўсімі сіламі рэкламуюць тое, што некалі насілі бацькі цяперашніх тынэйджараў. Памятаеце, я расказваў пра «татаў стыль»: пра красоўкі і расцягнутыя світары? («13-гадовая Каця, прыйшоўшы дадому і ўбачыўшы маці ў сваёй школьнай форме, зразумела, што сёння яна будзе начаваць у бабулі».) І вось жа што дзіўна! Раней мы імкнуліся зазірнуць у будучыню, уяўляючы яе на свой капыл, марачы пра «прыгожае далёка». А цяпер, выходзіць, нас цягне назад, у мінулае? Выпадковасць? Не думаю, як любіць паўтараць адна вядомая тэлеперсона.


За ўсім гэтым стаяць найперш разлік і грошы. Новыя трэнды — гэта не больш, чым, напрыклад, вяртанне туфляў з круглым ці квадратным носам праз колькі гадоў. («Усе маркетолагі і мерчандайзеры свету бяссільныя супраць мужыка са спісам пакупак».) Напрыклад, купальнікі ў стылі 1990-х з высока выразанымі трусікамі — апошні трэнд пляжнай моды. Раней лічылася, што насіць іх могуць толькі дзяўчаты з бездакорнымі фігурамі. А што, не так? Не, спрабуюць даказаць мне! Нядаўна 90-кілаграмовая амерыканская мадэль Эшлі Грэм знялася на пляжы ў малюсенькім бікіні. Нягледзячы на цэлюліт... («Усё, што я ведаю пра Вольгу Бузаву і Анастасію Валачкову, я даведаўся супраць сваёй волі».) Зрэшты, улічваючы, што па версіі Forbes, амерыканка ўваходзіць у дзясятку самых багатых манекеншчыц, чаго саромецца — за такія мільёны...

Так, я гатовы да хрыпаты даказваць, што самы сапраўдны смак не ў цяперашніх прадуктаў, а ў ранейшых — напітках «Байкал» і «Тархун», «Кішынёўскім» хлебе і балгарскім кетчупе, трубачках з заварным крэмам за 22 капейкі. Так, тады і цукар быў саладзейшы і батон смачнейшы! («У дзяцінстве мы хварэлі радзей, чым нашы дзеці. Вось думаю... Што было лячэбным? Смала... Гудрон... Кветкі акацыі... Зялёныя «драўляныя» ранеткі... Ці кіслыя попкі мурашоў?..») Адносна прадуктаў — гэта абсалютная праўда, хоць тут ёсць і больш важны момант. Гаворка ідзе пра наша дзяцінства... Пра гульні. («У дзяцінстве на перапынках мы кідаліся мокрымі анучамі. Упэўнены, цяпер для гэтага ёсць спецыяльная праграма для айфона».) Пра першыя пачуцці. («Калі я сёння прачытаў статус «Малады сексуальны хлопец 14 гадоў шукае непрадказальную палкую дзяўчыну 14—15 гадоў для сур'ёзных адносін», то зразумеў, што мне ўжо ў прынцыпе пазняк мітусіцца. Адбегаў, як той казаў, дзядуля».) Пра самастойнасць. («— Мама, я іду дадому. Што-небудзь купіць трэба? — Кватэру сабе, сынок, нарэшце купі і жыві асобна ад нас!») Канешне, не ўсё тады было такім вясёлкавым, прынамсі, як нам самім уяўлялася. («Можа, ноч менавіта таму і стала сівой, што Юра Шатуноў давяраў ёй свае тайны?») Памятаеце выступленне колішняга ўдзельніка КВЗ, а цяпер вядомага стэндапера Івана Абрамава? «Мы ж менавіта таму ніколі не любілі з бацькамі хадзіць па пакупкі, бо прыгадайце: мы ішлі на рынак з жаданнем купіць сабе крутую касуху з балахонам, а табе куплялі якасны пухавік, які, самае галоўнае, попу прыкрывае і твае перспектывы з дзяўчатамі на наступныя дзесяць гадоў, таму што бралі на выраст, а ты так і не вырас».

Вы хочаце, каб апошняе вярнулася? Вось і я не. А нам гэта навязваюць, прыкрываючыся настальгіяй. Таму яшчэ больш здзіўлены тым, што на змену модзе на 1990-я гады прыходзіць чарговы трэнд — на... 1980-я! Іх яшчэ называюць «яркімі». Не ведаю, чаму. («У СССР сексу не было. Ну, у мяне дакладна не было».) Адзін дэфіцыт чаго варты. («Дарэчы, памятаю тыя часы, калі адзінай цацкай, якую можна было знайсці ў ежы, была пластмасавая лічба ў кавалку сыру».) А цяпер візажысты, стылісты, майстры па прычосках, фатографы рэкламуюць кожны сваю «дзялянку», маўляў, будзь модны. («Бабуля з унучкай два тыдні гулялі «ў школу». І толькі напрыканцы другога тыдня бабуля даведалася, што робіць за яе дамашнія заданні».) Таму мой адказ — ха-ха. («Хто касету перамотваў алоўкам, той спінер не купляе».)

Яшчэ адзін чарговы «развод», заснаваны на настальгіі, — флэшмоб «Я 10 гадоў таму», які пракаціўся па ўсім свеце, у тым ліку і ў нас. Па яго ўмовах трэба было ў сеціве выкласці дзве фатаграфіі — цяперашняга дня і дзесяцігадовай даўніны. Вось, маўляў, які я быў і які стаў. («Перыядычна фоткаю вынік свайго пахудзення. Пакуль што ўсё «да».) Амаль адразу пасля запуску флэшмоба пачалі гаварыць, што гэта цудоўны спосаб абнавіць звесткі пра карыстальнікаў, якімі могуць скарыстацца і кіберзлачынцы ў тым ліку. («— Любы, перад нашым вяселлем я хацела б ва ўсім пакаяцца... — Але ж ты ўсё мне ўжо расказала?! — Ну, ведаеш... З'явілася свежая інфармацыя...»)

...«Мінулае не вернецца, і не дапаможа сляза» — па-ранейшаму спявае вечна малады (?!) Аляксандр Саладуха, адначасова (?!) нагадваючы пра настальгію па мінулым і абвяргаючы магчымасць вяртання ў яго. Ці хацеў бы я патрапіць у ранейшыя часы? Насамрэч пытанне не такое і простае. Але, мабыць, усё ж не... Хіба толькі, каб была машына часу, скокнуў бы ў мінулае на непрацяглы час. Каб убачыць маладых бацькоў, каб яшчэ раз адчуць яго — смак сапраўднага дзяцінства...

Кастусь ХАЦЕЛАЎ-ЗМАГЕЛАЎ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».