Вы тут

«Беларусы — самы антынацысцкі народ...»


Здаецца, ужо прайшло шмат часу пасля завяршэння Вялікай Айчыннай вайны, але жывуць успаміны, якія не дазваляюць прапускаць памятныя даты. Чаму пра падзеі, якія адбываліся больш за паўстагоддзя таму, трэба гаварыць і сёння? І шукаць тое, што пакуль не прамоўлена, у архівах, сярод стосаў папер і фотаздымкаў...


На базе Нацыянальнага архіва Рэспублікі Беларусь у межах праграмы XXVІ Мінскай міжнароднай кніжнай выстаўкі-кірмашу ўдзельнікі круглага стала, прысвечанага 75-годдзю вызвалення Беларусі ад нацысцкіх захопнікаў, абмеркавалі актуальныя пытанні захавання памяці і гістарычнай праўды народа аб гісторыі Вялікай Айчыннай вайны. Гаворка ішла ў тым ліку пра неабходнасць новых выданняў па гэтай тэме.

Аляксандр Каваленя, акадэмік-сакратар Аддзялення гуманітарных навук і мастацтваў Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, член-карэспандэнт НАН Беларусі, доктар гістарычных навук, прафесар:

— Сёння мы адчуваем, што павінны займацца навукова-папулярнай літаратурай — час патрабуе. Існуе шмат людзей і арганізацый, якія імкнуцца размыць нацыянальную памяць беларусаў. Наша асноўная задача — выхоўваць праз гістарычную памяць маладое пакаленне. Лозунгамі не выхоўваюць — выхоўваюць сур'ёзным удзелам і прыкладам. Трэба падумаць, як зацікавіць чытача, якім чынам падаць той ці іншы матэрыял, каб гэта чапляла душу. Гаворачы пра падзеі Вялікай Айчыннай вайны, мы не павінны забываць людзей, на чыіх плячах стваралася сапраўдная героіка народа. Нам трэба помніць пра гэтую повязь пакаленняў і эпох.

Ігар Марзалюк, старшыня камісіі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь па адукацыі, культуры і навуцы, член-карэспандэнт Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, доктар гістарычных навук, прафесар:

— Беларускі народ — гэта адзіны народ ва Усходне-Цэнтральнай Еўропе, для якога слова «вайна» — падзеі 1941—1945 гадоў — на ўзроўні геннай памяці. Ва ўсіх цывілізаваных краінах ёсць гістарычная палітыка і ёсць абсалютна акрэсленыя месцы гістарычнай памяці, якія з'яўляюцца знакавымі з'явамі. Скажу пра заканадаўства Федэратыўнай Рэспублікі Германія, дзе пытанні гістарычнай памяці вельмі жорстка кантралююцца — і фальсіфікацыі, хлусня не абвяшчаюцца свабодай слова, асабліва што звязана з адмаўленнем фактаў злачынстваў і выкарыстаннем нацысцкай сімволікі. Я з задавальннем пераклаў бы на беларускую і рускую мовы закон ФРГ і ўзаконіў бы тут. Ёсць рэчы, якія ў прыстойным грамадстве рабіць нельга. Ніякай палітычнай мэтазгоднасцю і высокімі ідэямі злачынствы супраць чалавецтва не апраўдваюцца.

За што ваявалі беларусы? Сёння вельмі папулярная наскрозь ілжывая ідэя, якая сцвярджае, што нашы продкі сталі ахвярамі паміж молатам і кавадлам, і нібыта нічога не разумелі. Нядаўна прачытаў, што «на першай фазе вайны 98 % беларусаў падтрымлівалі немцаў і толькі 2 % змагаліся за сталінскі рэжым». Але чым была вайна з самага пачатку? Гэта чарговы разрыў адзінай тэрыторыі, гэта акупацыя розных частак па-рознаму, гэта пацыфікацыйныя дзеянні на Палессі з боку ўкраінскіх нацыяналістаў, не толькі супраць палякаў, гэта этнічныя зачысткі Віцебшчыны, якія праводзіліся латышскімі паліцэйскімі батальёнамі (пра што публікаваліся звесткі не ў адным зборніку). Пра такія рэчы нельга забываць. Але не для таго, каб памнажаць нянавісць і злобу. Гэта наўпрост праўдзівае адлюстраванне падзей, каб было зразумела, чаму пятнаццацігадовыя хлопцы бралі ў рукі зброю. Вельмі часта кажуць, што не было ніякага беларускага партызанскага руху, не было беларускай суб'ектнасці ў гэтым. Некаторыя сцвярджаюць, што змаганне было за нейкія сусветныя ідэалы і савецкую радзіму. Так, але вобраз Беларусі як рэспублікі быў суб'ектаваны. Некаторыя ўвогуле лічаць, што ўсе партызаны былі бандытамі. Безумоўна, былі крымінальнікі са зброяй у руках, якія рабавалі ўсіх. Але ж калі гэта выстаўляецца ў найлепшых традыцыях гебельсаўскай прапаганды — гэта абраза і знявага тых людзей, якія сапраўды змагаліся з ворагам. Гэта плявок у твар Янку Брылю, Алесю Адамовічу, Васілю Быкаву. Цікавы момант, на які звычайна не звяртаюць увагу: беларусы — самы антынацысцкі народ Усходне-Цэнтральнай Еўропы. Колькасць калабарацыяністаў, здраднікаў і тых, хто супрацоўнічаў з нацыстамі, у нас найменшая з усіх астатніх еўрапейскіх краін. Калі гісторык, ці публіцыст, ці журналіст памнажае эскалацыю нянавісці, то ён нясе адказнасць у разы большую. Для таго, каб хтосьці пайшоў забіваць, патрэбна стварыць вобраз ворага.

Аляксей Літвін, загадчык аддзела ваеннай гісторыі Беларусі Інстытута гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, доктар гістарычных навук, прафесар:

— Трэба ведаць праўду пра кожную падзею ў дэталях. Нельга прапаведаваць глыбокія філасофскія ідэі, калі мы — гісторыкі — не разабраліся ў фактах. Бо наша задача — знайсці праўду. Нас паважаюць толькі тады, калі можам прадставіць нейкую фактуру і версіі, якіх можа быць колькі заўгодна. Напрыклад, мы кажам: «Беларусь-партызанка», а што за гэтым? Чаму ў нас партызанская барацьба была законная? Савецкі Саюз не склаў зброю, як некаторыя краіны. Усім, хто крытыкуе партызанскія дзеянні, раю пачытаць нямецкія дакументы.

Павінна быць некалькі ўзроўняў — глыбокае гістарычнае даследаванне, папулярызацыя гісторыі, і ўсё гэта мае быць падтрымана дзяржаўнай праграмай. У гэтай сувязі мне бачыцца вялікім крокам перавыданне серыі кніг «Памяць», бо гэта будзе новы ўзровень.

Уладзімір Андрыевіч, дырэктар выдавецтва «Беларуская Энцыклапедыя імя Петруся Броўкі»:

— З улікам сучасных тэхналогій, кліпавасці падачы інфармацыі, візуальнага ўспрымання работа выдавецтва павінна таксама мяняцца. У нашых планах — адметнае сучаснае выданне «Энцыклапедыі спаленых вёсак Беларусі». Магчымасці ёсць: мы маем досвед, і трэба спрабаваць, трэба рызыкаваць, трэба ісці наперад. Другі праект, што плануецца, — ілюстраваная энцыклапедыя «Партызаны Беларусі». Здавалася б — шмат напісана, паказана і расказана. Але побач з героікай існавала цэласнае жыццё партызанскага руху на тэрыторыі Беларусі. Можна было б звярнуцца да серыі «Памяць» — выдаць яе ў электронным варыянце. Таксама мяркуем выдаць кнігу пра канцлагер у Масюкоўшчыне.

У Беларусі не да канца ўсвядомілі ўрокі вайны, таму серыя «Беларусь. Трагедыя і праўда памяці» будзе працягвацца. Мы бяром на сябе функцыю «лакаматыва», будзем выдаваць кнігі на дзвюх ці трох мовах, каб беларускую пазіцыю ўспрынялі і за межамі нашай краіны.

...Насамрэч, чытацкі запыт ёсць, такія кнігі выклікаюць эмоцыі, асабліва ў моладзі, сцвярджаюць гісторыкі. Успомніць хоць бы кнігі «З верай у перамогу. Беларусь у Вялікай Айчыннай вайне» ці «Боль і гнеў. Халакост і Супраціўленне ў Навагрудку», што прэзентавалі сёлета на выстаўцы. У розныя перыяды да апісання вайны падыходзілі па-рознаму. Новыя архівы могуць нарадзіць новыя погляды. Але беларускія вучоныя запэўніваюць: нават пры новых канцэпцыях не адкідваецца тое, што ўжо было напрацавана.

Яўгенія ШЫЦЬКА

Выбар рэдакцыі

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.