Вы тут

Як зрабіць беларускія тэрыторыі больш чыстымі і экалагічна бяспечнымі?


Гэта абмеркавалі ўдзельнікі калегіі Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя.


Навядзём парадак разам

— У плане навядзення парадку на зямлі мы нарэшце адарваліся ад сухіх лічбаў, гэта праца стала жывой, набыла характар рэальнага ўзаемадзеяння з суб'ектамі гаспадарання, — адзначыў міністр прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Андрэй ХУДЫК. — Але пакуль сказаць, што паўсюль наведзены ідэальны парадак, нельга.

Міністр упэўнены: сёлета неабходна працягваць кампанію «Добраўпарадкуем малую радзіму», задзейнічаць яшчэ больш людзей і рэсурсаў. А стымулам для актыўных дзеянняў павінна стаць увядзенне рэйтынга экалагічнага развіцця рэгіёнаў, які будзе адлюстроўваць намаганні мясцовых органаў улады па забеспячэнні спрыяльнага наваколля і высокай якасці жыцця насельніцтва.

Стратэгічныя рэсурсы

У мінулым годзе запасы нафты прыраслі на 638 тыс. тон, ці 106,3% ад устаноўленага паказчыка. Акрамя таго, быў забяспечаны прырост прамысловых запасаў некаторых відаў пяску, пясчана-гравійнай сумесі, торфу, трэпелу, глін.

Праблемнымі, паводле слоў намесніка міністра Андрэя ХМЕЛЯ, застаюцца пытанні ўцягвання ў эканоміку такіх карысных выкапняў, як падземныя воды і сыравіна для будаўнічай галіны. Неабходна павысіць экспарт беларускіх падземных вод — як прэсных, так і мінеральных — і актыўна ўцягваць у абарот мясцовую сыравіну для будаўнічай галіны, каб скараціць яе ўвоз з іншых краін.

Які прагноз?

2018 год праходзіў пад знакам мадэрнізацыі дзейнасці гідраметэаралагічнай службы краіны. Прынятыя меры паспрыялі павышэнню апраўдвальнасці прагнозаў надвор'я. Сёння на наступныя суткі яна складае 97,1 % (у 2017 г. — 96,3 %), на трое сутак — 97 % (у 2017 г. — 96,2 %). З 36 да 59 гадзін узрасла і своечасовасць папярэджанняў аб неспрыяльных і небяспечных метэаралагічных з'явах.

Віды: каштоўныя і шкодныя

Для захавання папуляцыі еўрапейскага вугра адобраны праект «Распрацаваць комплекс мерапрыемстваў, накіраваных на падтрыманне ўстойлівага стану еўрапейскага вугра на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь». Па словах Андрэя Худыка, сёння неабходна працягнуць работу для зняцця забароны на продаж лічынак гэтай рыбы, якая ўведзена ў краінах Еўрапейскага саюза.

Адзін з асноўных ворагаў сярод інвазійных раслін — баршчэўнік Сасноўскага — хоць і здае свае пазіцыі, але не паўсюль. Пакуль што знізіць колькасць месцаў яго росту не атрымліваецца ў Віцебскай і Мінскай абласцях. Акрамя Магілёўскай вобласці і Мінска, у другіх рэгіёнах краіны вырасла плошча, якую займае сумнік канадскі, а ў Гродзенскай — эхінацысціс шыпаваты.

— Правядзенне мерапрыемстваў па рэгуляванні колькасці інвазійных відаў павінна ісці больш актыўна, — падкрэсліў міністр. Гэта магчыма пры выкарыстанні найбольш эфектыўнага хімічнага ці камбінаванага спосаба знішчэння раслін, уцягванні ў гаспадарчы абарот земляў, якія не выкарыстоўваюцца.

Як ачысціць ваду і паветра

У 2018 годзе аб'ём выкідаў забруджвальных рэчываў у атмасфернае паветра ад стацыянарных і мабільных крыніц знізіўся на 5,5 тыс. тон і склаў 1238 тыс. тон. Па словах першага намесніка міністра Іі МАЛКІНАЙ, гэтаму паспрыяла правядзенне 177 прыродаахоўных мерапрыемстваў, у тым ліку мадэрнізацыя ачышчальнага абсталявання на некаторых прадпрыемствах краіны. У найбліжэйшыя два гады неабходна таксама ўкараніць аўтаматызаваныя сістэмы кантролю выкідаў і распрацаваць сістэму збору і апрацоўкі такой інфармацыі.

Зніжэнне скіду недастаткова ачышчаных сцёкавых вод у паверхневыя водныя аб'екты — яшчэ адна задача, на рашэнне якой трэба накіраваць значныя рэсурсы, лічыць Андрэй Хмель. У мінулым годзе аб'ём такіх вод скараціўся на 28,6 % да ўзроўню 2015 года і склаў 4,069 млн м3. Нягледзячы на пэўныя поспехі, у краіне застаюцца і праблемныя раёны — Дзяржынскі, Валожынскі, Салігорскі (68,1 % скідаў зафіксавана ў Мінскай вобласці).

— Начальнікам адпаведных інспекцый неабходна звярнуць увагу на гэту праблему і ва ўзаемадзеянні з камунальнымі прадпрыемствамі прыняць неабходныя меры, — падкрэсліў Андрэй Хмель.

Смеццевая праблема

У 2018 годзе ўзровень вымання другасных матэрыяльных рэсурсаў са складу камунальных адходаў склаў 19 % (у 2017 г. — 17 %). Але гэтага, на думку Андрэя Худыка, недастаткова. Тым больш што ў краіне ёсць раёны, напрыклад Смалявіцкі і Салігорскі, дзе гэты паказчык меншы за 10 %.

Міністр расказаў пра выпадкі, калі ў схемах абыходжання з адходамі не была прадугледжана перадача на дасартаванне смецця з кантэйнераў для ДМР і яно вывозілася непасрэдна на палігон. Для паляпшэння вымання ДМР у Мінпрыроды лічаць патрэбным ствараць магутнасці па сартаванні адходаў у тых раёнах, дзе яны адсутнічаюць; павялічваць загрузку станцый сартавання; устанавіць забарону ў схемах абыходжання з ЦКА вывазу змяшаных адходаў без папярэдняга сартавання.

Акрамя гэтых пытанняў, па словах міністра, неабходна выпрацаваць падыходы па паэтапным замяшчэнні поліэтыленавай тары, у тым ліку вады і напояў, шкляной.

* * *

Асаблівае значэнне мае праца па давядзенні да грамадскасці своечасовай, аб'ектыўнай і прафесійнай інфармацыі аб сітуацыі ў галіне экалагічнай бяспекі, падкрэсліў міністр. І гэта работа на апярэджанне, у якую павінны ўключацца ўсе — ад кіраўнікоў у цэнтральным апараце Мінпрыроды да кожнага інспектара ў раёне.

Падчас калегіі намеснік прэм'ер-міністра Беларусі Міхаіл РУСЫ абазначыў ключавыя задачы для Мінпрыроды на 2019 год. Сярод іх — распрацоўка прапаноў па вывадзе з абароту пластыкавай тары; азеляненне і навядзенне парадку на зямлі; вырашэнне праблем, звязаных з абыходжаннем з адходамі, асабліва небяспечнымі; больш якасная прапрацоўка праектаў дакументаў нарматыўна-прававой базы; актывізацыя экспарту паслуг, а таксама праца па захаванні біяразнастайнасці.

Вераніка КОЛАСАВА

Загаловак у газеце: Агульная справа

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Актрыса НАДТ імя М. Горкага — пра шлях да сцэны і натхненне.

Грамадства

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

Тата і мама — два самыя важныя чалавекі ў жыцці кожнага дзіцяці.