Вы тут

Транспартнай міліцыі спаўняецца 100 год


Гэта дата знакавая. Цэлае стагоддзе слаўнай гісторыі, багатай на подзвігі і здзяйсненні.  18 лютага 1919 года Усерасійскім Цэнтральным выканаўчым камітэтам былі прынятыя Дэкрэт «Аб арганізацыі чыгуначнай міліцыі і чыгуначнай аховы», а таксама Палажэнні «Аб рабоча-сялянскай чыгуначнай міліцыі» і «Аб чыгуначнай ахове». На чыгуначную міліцыю былі ўскладзеныя функцыі аховы грамадскага парадку на станцыях, барацьба з бандытызмам, рабаваннямі, крадзяжамі, спекуляцыяй, хуліганствам і дзіцячай беспрытульнасцю. Хапала і іншых задач, з якімі супрацоўнікі міліцыі спраўляліся заўсёды паспяхова.


Падчас Вялікай Айчыннай вайны абавязкі органаў транспартнай міліцыі значна пашырыліся. Да іх функцый дадаліся наступныя: забеспячэнне арганізаванай эвакуацыі насельніцтва, прамысловых прадпрыемстваў і розных гаспадарчых грузаў. Акрамя таго, міліцыянеры займаліся выяўленнем на чыгуначных магістралях варожых агентаў, дыверсантаў, дэзерціраў і марадзёраў.

Ужо ў першыя гадзіны вайны прыйшлося ўступіць у бой супрацоўнікам лінейнага аддзялення міліцыі на станцыі Брэст. Абарону вакзала ўзначаліў начальнік лінаддзялення старшы лейтэнант міліцыі Андрэй Вараб'ёў. Работнікі міліцыі ператварылі будынак вакзала ў апорны пункт супраціўлення. Многія з іх загінулі, у тым ліку і Андрэй Вараб'ёў. Гераізм супрацоўнікаў транспартнай міліцыі падчас Вялікай Айчыннай вайны назаўжды застанецца ў памяці нашага народа.

У далейшым назва падраздзялення, яго структура і колькасць перажывала розныя змены. Але сутнасць работы заставалася ранейшай — ахова парадку на ўсёй лініі чыгункі. У 1971 годзе ў сувязі з утварэннем падраздзяленняў міліцыі на паветраным транспарце Дараддзел міліцыі на Беларускай чыгунцы быў пераўтвораны ў Беларускі аддзел транспартнай міліцыі, а ў 1976-м — у Беларускае ўпраўленне транспартнай міліцыі.

У цяперашнім сваім выглядзе ўпраўленне арганізацыі забеспячэння грамадскай бяспекі на аб'ектах транспарту МУС Рэспублікі Беларусь (УАЗГБАТ) — гэта буйная, добра абсталяваная служба, якая адказвае за парадак на чыгуначным і паветраным транспарце.

Трэнды сучаснасці

Аб задачах упраўлення, яго дасягненнях і штодзённай працы расказаў начальнік УАЗГБАТ палкоўнік міліцыі Вадзім Фядотаў.

— Вадзім Валер'евіч, скажыце, з якімі відамі злачынстваў вашым супрацоўнікам даводзіцца сутыкацца найчасцей?

— Асноўная маса — гэта крадзяжы, у першую чаргу, на вакзалах. Самі разумееце: транзіт пасажыраў, часта адбываецца стоўпатварэнне людзей, усе спяшаюцца, таму злачынны элемент карыстаецца, так бы мовіць, зручным выпадкам, каб пажывіцца. Сітуацыя ўскладняецца яшчэ і тым, што абакрадзены чалавек можа выявіць крадзеж ужо на тэрыторыі іншай дзяржавы. Акрамя таго, складаней шукаць сведак — многія папросту раз'язджаюцца. Але, нягледзячы на ўсё гэта, транспартная міліцыя вылучаецца высокай раскрывальнасцю злачынстваў. Напрыклад, па лічбах статыстыкі можна прасачыць, што колькасць розных правапарушэнняў, у тым ліку і крадзяжоў, няўхільна зніжаецца. Калі ўзяць паказчык па лініі ўсіх нашых службаў, то агульная злачыннасць знізілася з 932 выпадкаў у 2014 годзе да 684 у 2018-м. Па лініі крымінальнага вышуку ў аналагічныя гады — з 513 да 492. Па крадзяжах — з 356 да 343. Пры гэтым трэба памятаць, што з кожным годам паток і транспарту, і пасажыраў расце, што яшчэ больш ускладняе работу.

— Якім спосабам вам удалося дамагчыся такіх паказчыкаў?

— Перш за ўсё, гэта работа з аператыўнымі базамі, з тымі данымі, якія ёсць у нас на кожнага злачынца. Плюс нястомная пільнасць нашых супрацоўнікаў. За ўсімі падазронымі асобамі вядзецца пастаянны кантроль. Ёсць магчымасць адсочваць маршрут гэтага кантынгенту. Такая работа дае пэўны вынік.

— Значыць, прафесіі цягніковага злодзея ў нашай краіне больш не існуе?

— Можна сказаць і так.

— А дзяўчаты, якія ўсыплялі пасажыраў і абкрадалі іх, так званыя клафеліншчыцы, яшчэ «працуюць» на цягніках?

— Сапраўды, раней такая з'ява назіралася на чыгунцы. Але цяпер пра яе можна забыць. За апошнія гады не зафіксавана ні аднаго падобнага выпадку.

— Легенда з цяжкіх 90-х?

— Прыкладна.

— Як атрымалася выкараніць гэтую «з'яву»?

— Былі прафілактычныя ўлікі, базы даных. Асобы, пра якіх мы гаворым, як правіла, працавалі тэрытарыяльна, іх было няцяжка адсачыць. Праводзілася мэтанакіраваная аператыўная работа — і «клафеліншчыцы» зніклі з нашых цягнікоў.

— А асабліва небяспечных злачынцаў вашым супрацоўнікам прыходзіцца затрымліваць?

— Даволі часта. Вы ж разумееце, што праз вакзалы праходзіць велізарная колькасць чалавек, у тым ліку і злачынцаў, якія знаходзяцца ў вышуку за здзяйсненне цяжкіх злачынстваў. І яны, натуральна, трапляюць у поле зроку міліцыі.

— Гэта значыць, міліцыянеры паспяваюць заўважыць сярод сотняў пасажыраў злачынца і затрымаць яго?

— Безумоўна. І яшчэ ўлічыце, што нашы супрацоўнікі, як правіла, заўсёды працуюць пры дэфіцыце часу. Усё адбываецца ў сціслыя тэрміны, напрыклад падчас стаянкі цягніка, і трэба паспець не толькі выявіць злачынца па партрэтным падабенстве, але і своечасова зрэагаваць.

— Можна пазайздросціць навыкам міліцыянераў, якія сярод мноства асоб за нейкія хвіліны паспяваюць выявіць пэўнага чалавека.

— Для гэтага супрацоўнікі, як і ў іншых падраздзяленнях, праходзяць спецыяльнае навучанне. Ну, вядома, і асабістыя якасці, такія як назіральнасць, канцэнтрацыя ўвагі, адыгрываюць важную ролю.

— А крадзеж грузаў на чыгуначным транспарце назіраецца?

— За апошнія пяць гадоў не зафіксавана ніводнага такога выпадку. Хоць раней было нават створана спецыяльнае падраздзяленне па барацьбе з гэтым відам злачынстваў.

— Скажыце, Вадзім Валер'евіч, а якія асаблівыя функцыі па забеспячэнні бяспекі жыцця і здароўя пасажыраў на чыгунцы выконвае ваша падраздзяленне?

— Мы, напрыклад, нясём узмоцненую службу падчас грамадска значных падзей. Перад апошнім чэмпіянатам свету па футболе мы правялі сумесныя вучэнні з расійскімі калегамі на прадмет аператыўнасці і каардынацыі дзеянняў. Дзякуючы ўсебаковай падрыхтоўцы атрымліваецца своечасова засцерагчы грамадзян ад агрэсіўных балельшчыкаў. Акрамя таго, немалая работа вядзецца непасрэдна з машыністамі цягнікоў. Ідзе падрабязны аналіз іх дзеянняў. Улічваюцца не толькі відавочныя выпадкі наездаў, але і іх прадухіленне, калі яны гіпатэтычна маглі здарыцца. Гэта дазваляе скласці максімальна аб'ектыўную карціну бяспекі чыгуначнага руху.

— Як усебакова вы падыходзіце да пытання.

— Інакш нельга, гаворка ідзе аб жыцці людзей. Акрамя работы з машыністамі, мы таксама вядзём прафілактыку сярод насельніцтва. Нягледзячы на тое, што многія небяспечныя ўчасткі пуцей агароджаны, некаторыя несвядомыя грамадзяне ўсё роўна ходзяць так, як ім бліжэй. Лезуць цераз агароджы, ідуць напрасткі — ствараюць аварыйную сітуацыю для сябе і навакольных. А можна ж выйсці на пяць хвілін раней і абысці небяспечны ўчастак! Мы тлумачым грамадзянам памылковасць іх паводзін, праводзім рэйды, штрафуем. Прыцягваем і адміністрацыйны рэсурс. Намі рыхтуецца наглядная агітацыя, дэманструем ролікі па тэлебачанні. Усё гэта дазволіла нам знізіць колькасць дарожна-транспартных здарэнняў на чыгунцы з 24 у 2014 годзе да 12 у 2018-м.

— Добрыя навіны. Пагаворым цяпер аб паветраным транспарце. Якія задачы там выконваюць супрацоўнікі?

— Мы ўдзельнічаем у перадпалётным надглядзе, у забеспячэнні парадку на тэрыторыі аэрапорта. Людзі знаходзяцца ў дарозе, многія нервуюцца, адчуваюць стрэс, і таму даводзіцца разбірацца з рознымі канфліктамі. Акрамя таго, аператыўна рэагуем на запыты пілотаў, калі, напрыклад, на борце здараецца які-небудзь інцыдэнт.

— Прывядзіце прыклад...

— Не так даўно за курэнне здымалі пасажыра і прыцягвалі да адказнасці.

— Курэнне ў самалёце — такая цяжкая правіннасць, каб здымаць пасажыра з рэйса?

— Гэта нават двайная правіннасць! Па-першае, парушэнне бяспекі палётаў. Па-другое, самалёт — грамадскае месца, і курыць у ім забаронена. Так што і пілоты, і мы дзейнічалі строга па інструкцыі. І потым, на борце падчас палёту дробязяў няма, гэта трэба памятаць усім.

— Чым яшчэ займаюцца вашы супрацоўнікі ў аэрапортах?

— Асаблівая ўвага аддаецца безгаспадарным рэчам. Міліцыянер глядзіць — стаіць нейчая сумка. Трэба ўстанавіць, хто яе гаспадар — і як мага хутчэй. І тут сітуацыі розныя бываюць. Хтосьці проста адсунуў сумку ад сябе або адышоў на нейкі час. А то і забыўся — такое нярэдка здараецца. Праводзіцца апытанне сярод пасажыраў на прадмет устанаўлення гаспадара. Некаторыя злуюцца, рэагуюць нервова. Але ў асноўным нашы супрацоўнікі сустракаюць разуменне сярод пасажыраў.

— Людзі ж бачаць, што гэтая работа накіравана на забеспячэнне іх бяспекі!

— Менавіта так, — кажа палкоўнік міліцыі Фядотаў. — Уся наша работа падпарадкавана адной мэце — ахове бяспекі людзей. Дзе б гэта ні адбывалася, на вакзале, у цягніку ці ў аэрапорце, супрацоўнікі транспартнай міліцыі заўсёды выконваюць свае абавязкі сумленна, упэўнена і надзейна.

Сяргей КУЛАКОЎ

Загаловак у газеце: Ахова бяспекі на зямлі і ў небе

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».