Вы тут

Як тата ў дэкрэце пячэ бліны і заплятае коскі


— Жонка ў адпачынку, дзеці крыху прыхварэлі. Таму сёння нас так шмат, — сустракае гасцей Сяргей ГАРБУНОЎ. — Гэта рэдкасць! Звычайна ўсе па сваіх справах: праца, школа, садок. Днём дома толькі я і Макар.

Сяргей — той рэдкі тата, які ўваходзіць у 1 % беларускіх мужчын, што сядзяць у водпуску па доглядзе дзіцяці. Мы даведаліся, ці лёгка бацьку асвоіць бліны і прычоскі і што яму дапамагае «выжыць» у дэкрэце.


«З чатырма дзецьмі не паспяваеш часам паесці!»

У сталічнай сям'і Гарбуновых чацвёра дзяцей: Макар, Любава, Аліна і Максім.

— Максім спяшаецца на навучальна-вытворчай камбінат. Ён адзін з Заводскага раёна вучыцца на сацработніка. Зараз едзе ў прытулак дапамагаць. Летам была практыка ў доме састарэлых. Яму падабаецца, — ганарыцца сынам Яўгенія. — Максім вучыць японскую мову. Амаль скончыў мастацкую школу — за тры месяцы да выпуску кінуў. Падлеткі!

— Сядайце, будзем каву піць, — заве да стала гаспадар. — Усё гатова.

— А ты спытаў, каму з цукрам, каму без? — усміхаецца жонка. — Ці ўсім як сабе зрабіў?

— Галоўнае — смачна, — адказвае Сяргей. — Спадзяюся, госці на дыетах не сядзяць? Мы з Жэняй, напрыклад, ужо месяц як пачалі рыхтавацца да лета. Заўсёды робім гэта калектыўна. Аднаму цяжка. Худзеем па дыеце Дзюкана, — тлумачыць мужчына. — У падрабязнасці лезці не буду — вам гэта не трэба. А мне матуля, калі пазваніў ёй па скайпе, аднойчы сказала: «Сынок, у цябе твар у экран не ўлазіць». Вось гэта быў сігнал!

— Мы ўжо другі раз худзеем. Зараз пакажу, якія былі раней. Не пазнаеце, — гартае фотаздымкі на планшэце Яўгенія.

— Першы раз я скінуў 18 кілаграмаў! А потым наступіў Новы год, аліўе — сарваліся! Але нічога, мы вопытныя, нагонім. Так, Макар? — бярэ малога на рукі бацька. — З чатырма дзецьмі не паспяваеш часам паесці!

«Амаль усю мэблю ў кватэры зрабіў Сяргей»

— Усю мэблю, што бачыце ў кватэры, зрабіў Сяргей. Стол, шафа ў гасцінай, кухня — усё сам! — хваліць мужа Яўгенія. — На першым паверсе дома і ў ліфце звярніце ўвагу на люстэркі — таксама яго рук справа.

— Мне Любава дапамагае, — сціпла кажа гаспадар. — Яна татава дачка! Можа гадзінамі сядзець у інструментах. Цвікі, шрубы перабірае. Макар падрасце — справа пойдзе яшчэ хутчэй.

— У гэтую кватэру мы пераехалі ў мінулым годзе. Атрымалі ключы ў лютым, а ў маі ўжо перавезлі рэчы. Мы былі дзесьці пятай сям'ёй, якая засялілася ў новы дом. Да гэтага жылі з маёй матуляй на 20 квадратных метрах. Было цесна. Зараз па пакоях можна на скейце ганяць, — расказвае гаспадыня.

— Кватэру атрымалі пустую — адны сцены. Рамонт зрабілі просценькі. З малымі дзецьмі праз два гады многае прыйдзецца мяняць. Але нават пры такім раскладзе працы яшчэ шмат. Не ўсё адразу, — дзеліцца Сяргей. — Па спецыяльнасці я сталяр, будаўнічы цясляр. Ва Украіне была свая невялікая вытворчасць мэблі. («Аліна, забяры ў Макара Любавіны духі! А то ён зараз сабе ў вочы пырсне», — ён заўважае ў руках сына небяспечную «цацку».)
У Мінску да дэкрэтнага адпачынку таксама працаваў у кампаніі, якая займаецца мэбляй.

«Каб заваяваць жанчыну, трэба пасябраваць з яе дзецьмі»

— Мы з Жэняй пазнаёміліся праз інтэрнэт. Абое фанацелі ад адной анлайн-гульні. Я з Херсонскай вобласці, яна — з Мінска. Сучасныя тэхналогіі твораць цуды! — успамінае Сяргей. — Жэня яшчэ той канспіратар. Сваю фатаграфію на аватарку не ставіла, імя таксама пазначыла чужое. Стала цікава, што за гулец у нас тут? Мяне ўразіла, як неардынарна разважае дзяўчына для сваіх 28 гадоў.

— Акуратней! Неўтаймоўная энергія, — ловіць Макара і Любаву, якія «пралятаюць» каля стала таты. — Не дадуць спакойна ўспомніць сваю маладосць. (Смяецца.) — 1 снежня мы пазнаёміліся, а 21-га — згулялі віртуальнае вяселле. Вядома, гэта ўсё жарты. Сур'ёзныя крокі пачаліся пазней, калі дамовіліся сустрэцца ўжывую. Жэня вельмі саромелася, нават хавалася! Але я «даціснуў». Вось, разам ужо сем гадоў.

— Ён адразу да мамы згоды на шлюб пайшоў прасіць. Што яна, што я — абедзве не чакалі, — уступае жонка. — Мама пытае: «Ты добра падумала? Ты ўвогуле падумала?» У мяне тады ўжо былі Аліна і Максім. Новыя стасункі — сур'ёзны крок.

— Назаўжды ў Беларусь Сяргей прыехаў у маі, — працягвае Яўгенія. — Памятаю, на вуліцы вецер, дождж. Нашы людзі ў куртках, а ён з цягніка ў шортах выходзіць.

— Я спытаў: як апранацца? Жэня адказала «па-вясенняму». Я так і зрабіў! На Херсоншчыне людзі ў гэты час ужо купаюцца і загараюць, — тлумачыць мужчына.

Пра ўзаемаадносіны са старэйшымі дзецьмі Яўгеніі Сяргей адказвае з гумарам:

— Як там кажуць? Каб заваяваць жанчыну, трэба пасябраваць з яе дзецьмі! Таму выбару ў мяне не было, — усміхаецца. — Максім і Аліна тады былі меншымі, і знайсці да іх падыход было прасцей. Да таго ж я сам са шматдзетнай сям'і. Нас у бацькоў было чацвёра, няньчыў малодшых сястру і брата. Дзіцячую псіхалогію крыху на той момант разумеў.

«Матуля, усё смачна, але давай наступны раз тата будзе гатаваць»

— З Любавай у дэкрэце сядзела я. Макар нарадзіўся, калі дачцэ было два гады дзевяць месяцаў. Аўтаматычна мой «адпачынак» працягнуўся. У Сяргея на той момант была цяжкая сітуацыя — фірма амаль абанкруцілася. І менавіта тады нам паступіла прапанова на льготны крэдыт на кватэру. Каб яго атрымаць, па нашым заканадаўстве абодва бацькі павінны быць працаўладкаваныя. Шукаць мужу новую работу — няма часу. Ды і я ўжо не магла больш сядзець дома! Грудзьмі Макара я карміла літаральна некалькі месяцаў. Так у пяць з паловай месяцаў я выйшла на работу, а сын перайшоў у надзейныя рукі таты, — расказвае Яўгенія.

— Жэня працуе намеснікам дырэктара аднаго з мінскіх гіпермаркетаў. Графік у яе тры праз тры, таму спачатку мы ўсё паспяхова сумяшчалі. То яна, то я заступалі на «змену», — жартуе бацька. — Цешча была на падхваце. Але калі Макар падрос і стаў патрабаваць да сябе больш увагі, стала складаней. Яшчэ і за Любавай нагляд патрэбен!

— Зараз, кажу з чыстым сумленнем, Сяргей у паўнавартасным дэкрэтным водпуску. Усё робіць сам. У свае выхадныя я нават не ўстаю завесці Любаву ў сад, — расказвае жанчына.

— Што ты тут намаляваў? Сонейка? Прыгожа! — падае Макару фламастары Сяргей. — Дачушка, не чапай! Гэта не цацкі! — забірае ў Любавы аб'ектыў нашага фатографа.

— Любава ў нас яшчэ той кадр, таму большасць гісторый будзе менавіта пра яе, — кажа гаспадыня. — Неяк папрасіла яна мяне спячы бліны. Есць і кажа: «Матуля, усё смачна, але давай наступны раз тата будзе гатаваць».

— Каронная страва Сяргея — смажаная бульба з цыбуляй! — уступае Аліна. — Чабурэкі смачныя атрымліваюцца.

— Па гатаванні ў мяне ніякіх праблем няма. Прачытаў рэцэпт — зрабіў. Галоўнае — жаданне! — лічыць мужчына. — Аліна вельмі дапамагае. І з малымі, і на кухні. Любава, нажніцы табе не патрэбныя. Тут вугал проста трэба адрываць. Бачыш? — тлумачыць бацька, адкрываючы дачцэ ёгурт. — Сынок, піць будзеш?

— Я працавала 30 і 31 снежня ўвесь дзень. Сяргей цалкам прыгатаваў святочны стол. І гэта з малым на руках! — горда кажа Яўгенія.

«Чалавеку, які прыдумаў памперсы, трэба Нобелеўскую прэмію даць!»

— У нас ёсць дзяжурства па прыборцы сярод членаў сям'і. Макара, праўда, гэта не датычыцца, Любава корміць катоў. У панядзелак і аўторак дзяжурыць Аліна, у сераду, чацвер — Максім. Мы з Сяргеем — у пятніцу і на выхадных, — расказвае гаспадыня. — Дзяжурны мые посуд, ходзіць у краму па прадукты, прыбірае за жывёламі, выносіць смецце. Гэты метад мы перанялі ў іншай шматдзетнай сям'і. У іх дзевяць дзяцей: трое сваіх, шасцёра прыёмных. Схема, вядома, прыжылася не адразу. Былі незадаволеныя, але прызвычаіліся.

— Дзякуй часу, што бытавая тэхніка дайшла да нябачаных цудаў і дапамагае выжыць мужчыне ў дэкрэце! — дадае Сяргей. — А чалавеку, які прыдумаў памперсы, трэба наогул Нобелеўскую прэмію даць!

— Дарэчы, аб прыборцы. Прыходжу аднойчы з работы, гляджу — балкон у нейкіх карычнева-жоўтых палосках. «Гэта я морквай малявала, пакуль тата Макара спаць укладваў. А потым морква зламалася», — пачула ў апраўданне ад Любавы. Балкон «нянька» і «мастачка» мылі разам, — успамінае Яўгенія.

— Такое было ўсяго аднойчы, — абараняецца тата. — Увогуле, я прынцыпова рэжымны чалавек. Калі адбой у 22 гадзіны, то ўсе да гэтага часу павінны быць у ложку. А вось жонка ў гэтым плане мякчэйшая. Прычоскі Любаве раблю таксама я. Калісьці ўдзельнічаў у татавым злёце — на хуткасць плёў коску. Нешта нават выйграў. Адзінае, што мне не давяраюць, — гэта адзяваць малодшых дзяцей. Адзенне ў сад, на вуліцу, паліклініку раскладвае па стосіках жонка. Чаму? Калі выбірае ўборы тата, мама жахаецца! То колеры адзін да аднаго не пасуюць, то яшчэ што. Мне галоўнае, каб малым цёпла і зручна было! А матулі — каб яшчэ і прыгожа.

Нездарма ў вядомай песні гаворыцца «Тата можа, тата можа ўсё што заўгодна... Толькі мамай, толькі мамай не можа быць». Мама ёсць мама. Калі Жэня прыходзіць з працы, малы павісне ў яе на шыі і не адпускае: «Макаркіна матуля!»

Цікава, што, калі Жэня была ў дэкрэце, я разважаў: «Цудоўны час! Ляжы сабе на канапе, спі!» На самай справе гэта вельмі цяжкая праца! Іншы раз нейкі «дзэн» шукаць трэба, каб не сарвацца, — жартуе тата. — Я рыбалку люблю.

— Мужчына дзеліцца: жонка, седзячы дома з Любавай, заўсёды прасіла, каб ён ёй часцей тэлефанаваў: «Ты ж там усюды ходзіш, раскажы апошнія навіны?»

— Скажу шчыра, гэта раздражняла. Зараз тэлефаную жонцы: «Жэня, што дзе новага?!»

На пытанне, ці пайшоў бы Сяргей яшчэ раз у дэкрэтны адпачынак, мужчына адказвае пасля хвіліннай паўзы:

— Я ўжо хачу паўнавартасна працаваць, дарабіць нарэшце рамонт. Мару пра домік у вёсцы, Жэня — пра паездку на мора. Думаю, што на пятае дзіця пакуль не адважымся. Але хто ведае, як яно будзе?! Я — чалавек актыўны. Заўсёды за любы рух, акрамя галадоўкі! — смяецца мужчына і звяртаецца да малога: «Дружа мой, нешта мы загуляліся. У кагосьці па графіку ўжо павінен быць дзённы сон. Пойдзем, сынок, укладвацца спаць».

Кацярына АСМЫКОВІЧ

Фота Ганны ЗАНКАВІЧ

Загаловак у газеце: «Тата можа ўсё што заўгодна...»

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Ірына Даўгала: Сям’я для беларусаў застаецца найвышэйшай каштоўнасцю

Ірына Даўгала: Сям’я для беларусаў застаецца найвышэйшай каштоўнасцю

«Сям’я закладвае ў чалавеку мараль, здольнасць спраўляцца з выпрабаваннямі, патэнцыял для развіцця, яна навучае любові, самаахвярнасці, культуры».

Грамадства

Што трэба ведаць тым, хто адпачывае каля вадаёмаў

Што трэба ведаць тым, хто адпачывае каля вадаёмаў

Нават пры наяўнасці на пляжы ратавальнай станцыі не варта грэбаваць элементарнымі правіламі бяспекі.