Вы тут

Ці страшны «гендар»?


Дасягненне гендарнай роўнасці ў Беларусі — працэс, шчыра кажучы, неадназначны. Многія і сёння думаюць, што гэта выключна еўрапейскі вопыт, які не мае дачынення да нашай краіны. І ўсё ж у беларускім грамадстве і дзяржаве наспела неабходнасць прыцягваць мужчын і хлопчыкаў да прасоўвання гэтых ідэй.


Сёння неабходна разбіць стэрэатып аб тым, што сям'я — гэта клопат жанчыны. Тым не менш гендарная палітыка Беларусі — гэта палітыка не ў інтарэсах жанчын, а палітыка раўнапраўя, роўных магчымасцяў мужчын і жанчын. Пра гэта гаварылі на рэгіянальным форуме ЮНФПА «Далучэнне мужчын і хлопчыкаў да прасоўвання роўнасці» Іаана Казана-Вішнявецкі, пастаянны каардынатар ААН у Беларусі, і Валерый Кавалькоў, намеснік міністра працы і сацабароны і член Савета па ўстойлівым развіцці Рэспублікі Беларусь.

— Сёння назіраецца паступовае змяненне ў грамадстве ўспрымання асобы бацькі. Усё больш бацькаў уключаюцца ў пытанні па доглядзе і развіцці дзяцей, гэта пазітыўная тэндэнцыя, — адзначыў ён. — Паспяхова развіваецца праект «Тата-школы», які рэалізуецца нашымі тэрытарыяльнымі цэнтрамі па ўсёй краіне. Павышаецца актыўнасць мясцовых ініцыятыў па святкаванні Міжнароднага дня бацькі.

Па даных даследавання, якое было праведзена ў 2018 годзе па міжнароднай метадалогіі «Пакаленне-гендар», больш за палову мужчын і жанчын адзначылі, што клопат аб доме і дзецях з'яўляецца агульнай задачай. Пазіцыя, што мужчына павінен больш удзельнічаць у выхаванні дзяцей, знаходзіць водгук і на заканадаўчым узроўні: у Працоўны кодэкс нашай краіны будзе ўнесеная папраўка, што наймальнік будзе абавязаны даць бацьку адпачынак на 14 дзён у першыя 6 месяцаў жыцця дзіцяці. Намеснік міністра таксама сказаў, што ў Працоўны кодэкс унесены новы артыкул «дыстанцыйная занятасць», якая дапаможа жанчынам і мужчынам сумяшчаць сямейныя абавязкі і работу.

Гендарны разрыў у нашай краіне паступова скарачаецца. Гэта пацвярджаецца і міжнароднымі рэйтынгамі. Паводле версіі сусветнага эканамічнага форуму 2017 года, Беларусь паднялася ў рэйтынгу гендарнага разрыву адразу на 4 пазіцыі, сёння наша краіна займае 26 месца з 144 краін. Жанчыны ў Беларусі сёння лідзіруюць у такіх абласцях, як узровень адукацыі (у тым ліку сярод занятых у эканоміцы), удзел на рынку працы. У эканоміцы ў Беларусі сёння 52 % жанчын.

Фіёна Гіб, пасол Вялікабрытаніі ў Беларусі, лічыць, што ў пытаннях ліквідацыі хатняга гвалту мы павінны шукаць шляхі вырашэння ў разрыве стэрэатыпаў, якія глыбока ўкараніліся ў грамадстве, што патрабуе сацыяльных змен, а гэта немагчыма зрабіць без прыцягнення мужчын і хлопчыкаў:

— Нядаўна праводзіліся даследаванні датычна ўключэння жанчын у бізнес, павелічэння занятасці. Апыталі жанчын і атрымалі даволі цікавыя вынікі. Многія жанчыны скардзіліся на тое, што яны сутыкаюцца з дыскрымінацыяй: на сайтах пры прыёме на работу ў прыватных арганізацыях прад'яўляюць патрабаванні да знешнасці і ўзросту (бландзінка ад 21 да 35 гадоў).

Пасол упэўненая: для таго каб разбурыць гэтыя стэрэатыпы, трэба, каб людзі разумелі, што можна паводзіць сябе па-іншаму і думаць па-іншаму. Важна, каб мужчыны былі часткай такой гендарнай рэформы. Урад павінен займацца пытаннямі гендарнай роўнасці, гэта неабходна адлюстраваць і ў нацыянальных праграмах навучання.

Начальнік галоўнага ўпраўлення аховы правапарадку і прафілактыкі МГБ МУС, палкоўнік міліцыі Раман Мельнік таксама адзначыў, што гвалт патрабуе актыўнага ўмяшання як з боку дзяржавы, так і з боку грамадства:

— Асабліва ярка падзел па палавой прыкмеце выяўляецца пры аналізе фактаў гвалту ў сям'і. Мужчыны летась склалі 90 % ад усіх абвінавачаных у здзяйсненні злачынстваў у дачыненні да членаў сям'і, у той жа час больш за 80 % пацярпелых — гэта жанчыны і дзяўчынкі. Абсалютная большасць вінаватых у здзяйсненні адміністрацыйных правапарушэнняў у побыце — гэта таксама мужчыны, а пацярпелыя — жанчыны.

Вольга Пралюк

Выбар рэдакцыі

Жыллё

Па якіх крытэрыях дамы ўваходзяць у праграму па капрамонце?

Па якіх крытэрыях дамы ўваходзяць у праграму па капрамонце?

Пра ўсе тонкасці правядзення капітальнага рамонту расказалі спецыялісты.

Рэгіёны

Самы працяглы ўрок гістарычнай праўды і сяброўства

Самы працяглы ўрок гістарычнай праўды і сяброўства

Удзельнікі «Цягніка Памяці» папярэдніх гадоў дзеляцца сваімі ўражаннямі ад праекта.

Экалогія

Якія прагнозы на лета робяць метэаролагі?

Якія прагнозы на лета робяць метэаролагі?

Тры месяцы суцэльнай спякоты нам не абяцаюць

Гараскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

У пачатку тыдня да Ракаў могуць падступна падкрасціся трывогі і сумневы.