Вы тут

«Цікава было пачуць кампетэнтныя адказы»


Аляксандр КЛІЦУНОЎ, галоўны рэдактар газеты «Витебские вести»:

— Сёння адбылася сапраўды вялікая размова з Прэзідэнтам. Як заўсёды, гутарка была адкрытая, шчырая. Слова «шчырасць» сёння гучала не адзін раз, нават з вуснаў кіраўніка дзяржавы. Размова шмат у чым датычылася пытанняў міжнароднай палітыкі, пачынаючы ад саюзных адносін з Расіяй да пытанняў Венесуэлы, Сірыі. Адносна ўнутранай палітыкі трэба заўважыць, што больш за 2000 пытанняў адрасавалі грамадзяне Аляксандру Лукашэнку. Яны будуць перададзены ў Адміністрацыю Прэзідэнта і стануць асновай для складання чарговага Паслання беларускаму народу і Нацыянальнаму сходу. Таму я ўпэўнены, што пытанні знойдуць сваё адлюстраванне ў адным са знакавых дакументаў. Сімвалічна, што гутарка скончылася на тэме сям'і, дзяцінства, віншавання жанчын з надыходзячым святам 8 сакавіка.

Ігар КАРПЕНКА, міністр адукацыі:

— Самае галоўнае, што дзяржава — гэта велізарны карабель. Дзе ўсё ўзаемазвязана, і кожная галіна звязана адна з адной. Ад таго, як спрацуе эканоміка, як будзе напоўнены бюджэт, так, адпаведна, будзе і расці заробак у той жа бюджэтнай сферы, што таксама немалаважна для сістэмы адукацыі. Зноў жа мы кажам пра якасць падрыхтоўкі спецыялістаў для таго, каб тыя ж галіны эканомікі актыўна развіваліся, каб спецыялісты былі сапраўднымі драйверамі гэтага ўстойлівага эканамічнага росту. Усё ўзаемазвязана, і, напэўна, гэты пасыл быў дастаткова сур'ёзным. І мне падаецца, ва ўнісон гучала тэма пошуку нацыянальнай ідэі, якая б усіх аб'яднала, якая б сапраўды аб'ядноўвала людзей. У сістэме адукацыі, яе канцэпцыі ўстойлівага развіцця ёсць таксама пэўны элемент, які можа легчы ў аснову гэтай нацыянальнай ідэі.

Сяргей СЫРАНКОЎ, першы намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення па адукацыі Магілёўскага аблвыканкама:

— Беларусы заўсёды цанілі стабільнасць і ўпэўненасць у заўтрашнім дні, у тым ліку і ў вырашэнні такіх стратэгічных пытанняў, як выстройванне дыпламатычных адносін з Расійскай Федэрацыяй і Еўрасаюзам. Словы Прэзідэнта пра гонку ўзбраенняў і пра тое, што Беларусь ніколі не будзе пагражаць Польшчы вайной, лічу сведчаннем таго, што Рэспубліка Беларусь з'яўляецца сёння гарантам міру і бяспекі. Спадабаўся таксама адказ на пытанне, якім чынам можна павысіць дабрабыт беларусаў. Прэзідэнт параіў проста пачаць працаваць. Гэта вельмі актуальна ва ўмовах сённяшняй самазанятасці.

Алег КАНДРАЦЕНКА, дырэктар ІТ-кампаніі LWO:

— Было шмат важных тэм. Для кожнага яны былі свае, для кожнага яны былі пра набалелае. Яшчэ да з'яўлення ПВТ мы бралі проста рубель, укладвалі ў новы прадукт, распрацоўвалі праграму. І гэты рубель поўнасцю аддавалі на заробкі і на падаткі, дык потым па нашых правілах дагэтуль дзейнічаюць, 18 працэнтаў павінны былі прыплаціць. Гэта значыць, укладваеш 10 мільёнаў долараў і 1,8 мільёна яшчэ зверху. ПВТ самае галоўнае што зрабіў — дазволіў нам па-сумленнаму плаціць падаткі і пры гэтым не сыходзіць у глыбокія мінусы адразу, ствараць прадукт. Таму тое, што трэба, я ўпэўнены, ІТ-галіна не проста адпрацуе, яна яшчэ і зробіць лепш.

Сяргей МАЗАЙЛА, дырэктар тэлерадыёвяшчальнага канала «Гродна Плюс», дэпутат Гродзенскага гарадскога Савета дэпутатаў:

— Першае ўражанне па выніках гутаркі: не было тэмы, аб якой бы нельга было гаварыць, прычым у зале знаходзіліся як прадстаўнікі дзяржаўных, так і недзяржаўных сродкаў масавай інфармацыі, не толькі беларускія.

Другое: Прэзідэнт сам папрасіў, каб гэта былі не адказы на пытанні, а сапраўдная гутарка. На канструктыўныя прапановы, нягледзячы на тое, ад каго яны ішлі, рэагаваў станоўча і тыя, што патрабуюць прапрацоўкі, даручаў кіраўніку Адміністрацыі. Калі я з некаторымі момантамі быў нязгодны, даводзіў контраргументы, даваў тлумачэнні.

Размова не абмяжоўвалася Беларуссю, падчас гутаркі выйшлі на міжнародныя пытанні, закранаючы Грузію, Украіну, Азербайджан і Кітай.

Наталля НОВІКАВА, загадчыца аддзела магілёўскага інфармацыйнага агенцтва «Магілёўскія ведамасці»:

— Такія размовы дазваляюць падымаць праблемы, якія даўно наспелі ў грамадстве і патрабуюць адказу. Зваротная сувязь вельмі важная як для ўлады, так і для простых людзей. І мне імпануе тое, што магчымасць задаць пытанне кіраўніку краіны існуе ў прадстаўнікоў розных слаёў насельніцтва. Апошнім часам людзі сталі вельмі цікавіцца знешняй і ўнутранай палітыкай нашай краіны і суседніх. Грамадзян хвалюе, якое месца на палітычнай карце займае Беларусь у адносінах да Расіі. І Прэзідэнт даў з гэтай нагоды вычарпальны адказ.

Юрый ДОЎНАР, першы намеснік галоўнага рэдактара газеты «Прессбол»:

— Я ўпершыню прысутнічаў на такім мерапрыемстве, але нашу газету часта запрашаюць на такога роду сустрэчы. Было цікава паглядзець на шэраг СМІ, якія прысутнічалі, на калег з Украіны, Расіі, Грузіі. Я прадстаўнік спартыўнага выдання, яно вузкаспецыялізаванае. Але спорт — гэта заўсёды актуальная сфера. Я задаў пытанне Прэзідэнту пра хакей, бо зараз адбываюцца значныя матчы, адзін з іх будзе ў суботу. Цікава было пачуць кампетэнтнае меркаванне кіраўніка дзяржавы.

Фота БЕЛТА

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Чым прывабіць людзей да вёскі?

Чым прывабіць людзей да вёскі?

Месца для працавітых і смелых.

Грамадства

Знізіць аварыйнасць і траўматызм

Знізіць аварыйнасць і траўматызм

Што змяняецца для аматараў сродкаў персанальнай мабільнасці?