Вы тут

«Знаем — намі пройдзеных пуцін не забыць, ня зьнішчыць, не закрэсьліць…»



На хвалі часу, у плыні жыцця

Праект Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі, Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры, Беларускага дзяржаўнага архіва-музея літаратуры і мастацтва, часопіса «Маладосць»


«Знаем — намі пройдзеных пуцін

не забыць, ня зьнішчыць, не закрэсьліць…»

Да 100–годдзя ўтварэння літаратурнага аб’яднання «Маладняк» (1923–1928) — «На хвалі часу, у плыні жыцця», праект Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі, Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры, Беларускага дзяржаўнага архіва–музея літаратуры і мастацтва, часопіса «Маладосць»

О, выходзь, маладняцкая раць,

На прасторах маёўкі спраўляць!

Наша сонца сягоння гарыць

Цветам яркай румянай зары.

На прасторах зялёных палёў

Усё цвіце — расцвітае, жыве,

Усюды радасць і звон галасоў,

Усіх прыволле сягоння заве.

В. Маракоў. Са зборніка «На залатым пакосе»

1937 год… Усяго за два дні 29 і 30 кастрычніка было забіта больш за сто прадстаўнікоў беларускай інтэлігенцыі. Сярод іх — вядомыя на той час пісьменнікі Валеры Маракоў, Алесь Дудар, Міхась Зарэцкі, Міхась Чарот, Анатоль Вольны. За кожным прозвішчам — складаны і драматычны лёс расстралянага і закатаванага. Гэтыя людзі свята верылі ў ідэалы дабра і справядлівасці, змагаліся за іх, але аказаліся захопленыя сістэмай сталінскіх рэпрэсій. Сярод знішчаных аўтараў — члены літаратурнага аб’яднання «Маладняк», якое злучыла ў 1920–х гадах вялікую колькасць таленавітых пісьменнікаў. З яго выйшлі такія знакамітыя асобы, як Пятрусь Броўка, Міхаcь Лынькоў, Уладзімір Дубоўка, Янка Скрыган, Пятро Глебка і іншыя.

Нацыянальная бібліятэка Беларусі распачынае працу над доўгатэрміновым праектам «На хвалі часу, у плыні жыцця», прысвечаным узнікненню літаратурнага аб’яднання «Маладняк» (1923–1928) і яго ўдзельнікам. Мы вырашылі пачаць рыхтавацца да юбілейнай даты загадзя. Бібліятэка прапануе шырокаму колу чытачоў, даследчыкам гісторыі літаратуры выдатныя магчымасці пазнаёміцца з творчасцю таленавітай плеяды пісьменнікаў, якія пачалі сваю творчасць, будучы членамі гэтай арганізацыі. Да ажыццяўлення праекта далучыўся Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры, плануючы арганізацыю выставак, прысвечаных пісьменнікам–юбілярам, якія ўваходзілі ў аб’яднанне «Маладняк». Музей з удзелам Нацыянальнай бібліятэкі збіраецца наладзіць і серыю імпрэз, прысвечаных «маладнякоўцам»–юбілярам, што будзе цікава наведвальнікам музея і аматарам беларускай літаратуры. У межах праекта пройдуць вечарыны, прысвечаныя В. Маракову, А. Бабарэку, А. Дудару, М. Лужаніну і іншым пісьменнікам з удзелам літаратуразнаўцаў, даследчыкаў гісторыі беларускай літаратуры. Пра крокі нашага праекта можна будзе даведвацца са старонак часопіса «Маладосць», які прымае ўдзел у яго рэалізацыі.

Сёлета мы адзначаем знамянальную для нашай краіны дату — 100–годдзе ўтварэння Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі. Са з’яўленнем маладой краіны назіралася станаўленне беларускай савецкай літаратуры, якая абапіралася на творчыя дасягненні пісьменнікаў дакастрычніцкай пары. Культурна–гістарычнае жыццё беларускага народа ў пачатку ХХ стагоддзя традыцыйна характарызуецца як нацыянальнае адраджэнне. Асабліва значны быў «нашаніўскі перыяд», у час якога фарміравалася нацыянальная самасвядомасць беларускага народа. Ужо ў пачатку ХХ стагоддзя пачалі ўзнікаць шматлікія культурна–асветніцкія і грамадскія гурткі, таварыствы і клубы, якія вызначаліся як асяродкі нацыянальнага адраджэння. Напрыклад, Гродзенскі гурток беларускай моладзі (1909–1913), сярод удзельнікаў якога была Людвіка Сівіцкая (Зоська Верас). У нейкай ступені творчыя аб’яднанні «Маладняк» і «Узвышша» сталі працягам усеагульнай моды на гурткі і таварыствы, якія пачалі з’яўляцца яшчэ ў першыя дзесяцігоддзі стагоддзя. Хваля беларусізацыі 1920–х станоўча паўплывала на развіццё беларускай літаратуры, што патрабавала фарміравання арганізацыйнасці літаратурнай справы. Такім чынам, узнікае «Маладняк» як адказ на гэтыя патрэбы.

Пленум ЦК «Маладняка». 25 сакавіка 1925 года.

Аб’яднанне паўстала як гурток маладых паэтаў пры часопісе «Маладняк». Датай яго стварэння лічыцца 28 лістапада 1923 года, калі ў мінскім камсамольскім клубе «КІМ» сабраліся шэсць маладых пісьменнікаў: М. Чарот, А. Вольны, А. Дудар, А. Александровіч, А. Бабарэка, Я. Пушча — і вырашылі стварыць літаратурнае аб’яднанне.

Арганізуюцца філіялы «Маладняка» ў Маскве, Віцебску, Полацку, Магілёве і іншых гарадах, а потым афармляецца Усебеларускае аб’яднанне паэтаў і пісьменнікаў «Маладняк». Нягледзячы на тое, што спачатку арганізацыя не мела ні належнага фінансавання, ні ўласнага будынка, яе папулярнасць сярод моладзі расла вельмі хутка, і ўжо ў 1925–1926 гадах колькасць сяброў дасягала 500 чалавек, колькасць філіялаў — 12 (у іншых гарадах і мястэчках), фактычна гэта была «кузня» пісьменніцкіх кадраў.

Але не ўсё так вясёлкава выглядала на самой справе. Актыў арганізацыі складалі некалькі дзясяткаў пісьменнікаў, якія гуртаваліся ў асноўным у Мінску пры часопісе «Маладняк», а таксама па некалькі пісьменнікаў у правінцыі, бо не ўсе «маладнякоўцы» былі літаратарамі. Гэта была хутчэй грамадска–палітычная, культурна–асветніцкая суполка, таму часта ў аб’яднанне залічваліся тыя, хто ніколі не пісаў і пісаць не збіраўся. Арганізацыя будавалася як партыйная ячэйка са сходамі, пратаколамі, ствараліся акруговыя філіі. Такім чынам, назіраўся масавы прыход у аб’яднанне моладзі з асяродку рабочых і сялян, іншы раз вельмі далёкіх ад літаратурнай творчасці.

Спіс сяброў Полацкай філіі. З фондаў БДАМЛМ.

Алесь Дудар, фарміруючы Полацкую філію Усебеларускага згуртавання, сутыкнуўся з праблемай: спрабуючы актывізаваць літаратурнае жыццё на Полаччыне, ён не мог знайсці пісьменнікаў і зацікаўленых літаратурай людзей, якія былі б здольныя скласці яго ядро. На пачатку жніўня 1925 года філію ўзначаліў старэйшы, больш вопытны Валяр’ян Сянкевіч — настаўнік з 18–гадовым стажам, адзін з заснавальнікаў Віцебскага краязнаўчага таварыства. Ён быў таленавітым арганізатарам і за вельмі кароткі час арганізаваў працу філіі.

Дэкларацыя аб’яднання гучала так: «“Маладняк” — гэта ўсебеларускае аб’яднанне паэтаў і пісьменнікаў, якія згуртаваліся дзеля таго, каб ідэі матэрыялізму, марксізму і ленінізму ажыццявіць ў беларускай мастацкай творчасці… Асноваю нашай мастацкай формы, у якой мы ажыццяўляем нашы ідэі, з’яўляецца мастацка–праўдзівы вобраз, аб’ектыўна адпавядаючы рэальнасці. На розныя сучасныя мастацка–фармальныя напрамкі мы глядзім, як на тэхніку мастацкай творчасці. Наш асноўны прынцып: форма павінна адпавядаць зместу, выкладанне — тэме» (1924, 20 снежня).

Дpyкaвaны opгaн аб’яднання — чacoпic «Мaлaдняк», — выходзіў з 1923 года. У лicтaпaдзe 1928 года арганізацыя была pэapгaнiзaвaнaя ў Бeлapycкyю acaцыяцыю пpaлeтapcкix пicьмeннiкaў; часопіс «Маладняк», як яе орган, выходзіў да 1932 года. У межах праекта «На хвалі часу, у плыні жыцця» можна пазнаёміцца з паўнатэкставымі выпускамі часопіса, якія выходзілі ў час дзеяння літаб’яднання, а таксама з часопісамі філій арганізацыі: «Аршанскі маладняк», «Маладняк Барысаўшчыны», «Світанне» (літ. зборнік Віцебскай філіі), «Росквіт» (альманах Полацкай філіі), «Уздым» (літ. зборнік Бабруйскай філіі), «Дняпроўскія ўсплёскі» (літ. зборнік Магілёўскай філіі), «Зарніцы» (літ.–маст. альманах Полацкай філіі), з асобнымі выданнямі бiблiятэчкі (нeвялiкiя збopнiкi твopaў члeнaў аб’яднання (выйшлa кaля 60), якія з мaя 1925 года «Мaлaдняк» выдaвaў нa cвae cpoдкi.

Адзін з арганізатараў «Маладняка» Алесь Дудар (1904–1937) меў на той час 19 гадоў — быў ледзь не самым маладым сярод кіраўнікоў. Менавіта ён прыдумаў «Маладняк», заснаваў Мінскую, Віцебскую і Полацкую філіі. Алесь Дудар (Дайлідовіч) стаў першым рэдактарам «маладнякоўскага» часопіса. Будучы паэтам, пазней паказаў сябе літаратурным крытыкам, першым беларускім перакладчыкам «Фаўста» І. Гётэ, «Атэла» В. Шэкспіра, «Анегіна» А. Пушкіна.

Пэўная колькасць выстаўленых дакументаў у праекце — з былога спецсхова Дзяржаўнай бібліятэкі імя У. Леніна, адкрытага ў канцы 1980–х гадоў. Першыя адабранні з бібліятэчных фондаў ідэалагічна непажаданай літаратуры пачаліся адразу пасля ўсталявання ў Беларусі савецкай ўлады і былі звязаны з дзейнасцю Галоўлітбела, які ўзнік пры Наркамасветы БССР, пасля ўтварэння аналагічнай ўстановы ў Маскве. Ён дзейнічаў згодна з нарматыўнымі законамі, якія паступалі з Масквы з Галоўліта РСФСР. У 1935 годзе ў БССР з’явіўся першы друкаваны спіс літаратуры, якая падлягала адабранню з масавых бібліятэк, навучальных бібліятэк і кнігагандлёвай сеткі. Спіс складаўся з 492 беларускіх кніг, выдадзеных у Мінску, Вільні, Коўне, Беластоку ў 1917–1935 гадах. Сярод забароненых аўтараў аказаліся і «маладнякоўцы»: У. Дубоўка, Я. Пушча, у 1936–1937 годзе былі забаронены творы А. Вольнага, А. Дудара, А. Звонака, М. Зарэцкага, Т. Кляшторнага, В. Маракова, Я. Скрыгана, У. Хадыкі, М. Чарота і іншых. У навуковых і спецыяльных бібліятэках ствараліся так званыя спецсховы, дзе захоўвалася «контррэвалюцыйная і антымастацкая» літаратура, адабраная з бібліятэк. Так, у 1950–х у спецсхове Дзяржаўнай бібліятэкі БССР захоўвалася каля 18 тыс. асобнікаў літаратуры, а ў сярэдзіне 1980–х — каля 50 тыс. асобнікаў. Толькі ў 1989 годзе выйшаў загад «Аб ліквідацыі спецсхова», і паступова кнігі пачалі вяртацца да чытача — пераводзіліся ў звычайныя сховішчы. У Нацыянальнай бібліятэцы пазнаць такія кнігі можна па шыфру «Ас» (Аддзел спецсхова), які захаваўся на некаторых вокладках. На большасці іх ёсць закрэсленні або «зафарбаванні», што дае падставы сцвярджаць: кніга знаходзілася ў спецсхове.

Я. Пушча, А. Дудар, А. Александровіч.

Чым жа ўнікальны наш праект? У першую чаргу, сваімі фондамі. Нацыянальная бібліятэка Беларусі дае магчымасць карыстацца паўнатэкставым доступам да прыжыццёвых выданняў «маладнякоўцаў», што да 1980–х было недаступна для чытачоў. У цэлым дакументы 1920–1930–х гадоў бібліятэкай ужо алічбаваныя, таму кнігі адразу могуць быць прадстаўлены ў вольным доступе. Але сустракаюцца і лакуны, таму ажыццяўляецца праца па далучэнні такіх кніг да электроннай бібліятэкі і выкарыстанні іх у нашым праекце.

Кнігі з былога спецсхова НББ.

Кнігі з былога спецсхова НББ.

Мы не ставілі перад сабой мэту даць ацэнку творчасці згаданых пісьменнікаў, але для навукоўцаў будзе магчымасць зразумець, з чаго пачаць даследаванне творчасці асобнага аўтара. Мы не толькі прадстаўляем самі аўтарскія зборнікі, але і прапаноўваем наведвальнікам бібліяграфічныя спісы па творчасці аўтараў. З чаго пачаць, дзе шукаць літаратуру? Якія літаратуразнаўцы звярталіся да творчасці гэтых пісьменнікаў? Усё магчыма знайсці ў нашым праекце.

Бібліятэчка «Маладняка».

Унікальныя фотаздымкі з фондаў Нацыянальнай бібліятэкі, Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры і Беларускага дзяржаўнага музея–архіва беларускай літаратуры дапамогуць скласці ўражанне пра пісьменнікаў, адчуць подых мінулага часу. І што можа больш зацікавіць цяпер, як не магчымасць трапіць на стагоддзе назад, убачыць маладымі пісьменнікаў, твары якіх нам так добра знаёмыя?.. Але ці пазнаеце вы іх зусім яшчэ маладымі?...

Беларускія пісьменнікі на сустрэчы з Янам Райнісам. Першы справа сядзіць Кандрат Крапіва, стаіць пасярэдзіне — Уладзімір Дубоўка. На фота можна знайсці Я. Пушчу, Я. Купалу, З. Бядулю і іншых. 19 лістапада 1926 года. З фондаў БДАМЛМ.

Маладнякоўцы. Сядзяць, злева на права: М. Хвілевіч, С. Піліпенка, Ц. Гартны, М. Чарот. Другі рад: А. Бабарэка (другі злева), А. Вольны (другі справа). 1925 год. З фондаў Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры.

Нездарма ў пачатку размешчаны ўрывак з верша Валерыя Маракова — бо пачынаем мы наш праект са знаёмства не толькі з літаратурнымі зборнікамі, якія выдавала аб’яднанне, але — з творчасці гэтага незвычайнага паэта — Валерыя Маракова (1909–1937). Сёлета адзначаецца 110–годдзе з яго дня нараджэння, і з яго ж асобы пачынаецца праца праекта. З літаратурнай спадчыны, якую пакінуў ён нам, даступнымі з’яўляюцца яго кнігі «Пялёсткі», «На залатым пакосе», «Вяршыні жаданняў», «Права на зброю», «Рабінавая ноч». У СССР яны выдаваліся да расстрэлу Валерыя Маракова і пасля яго рэабілітацыі. Крытыкі называлі яго «сэрцам, сагрэтым сумам», «паэтам эмоцый», «растаптанымі пялесткамі». Сямнаццацігадовы падлетак стаў вядомым беларускім паэтам адразу пасля выхаду першай кнігі «Пялёсткі», а выдаўшы праз год новую — «На залатым пакосе» — зрабіўся адным з куміраў маладых чытачоў. Больш падрабязна пра Валерыя Маракова і працу над раздзелам праекта, прысвечаным яго жыццю і творчасці, вы даведаецеся ў наступным нумары часопіса.

Таццяна ЛАЎРЫК

Выбар рэдакцыі

Экалогія

Які інтарэс ў Беларусі ля Паўднёвага полюса

Які інтарэс ў Беларусі ля Паўднёвага полюса

Антарктыка, далёкая і блізкая.

Грамадства

Да купальнага сезона падрыхтуюць 459 пляжаў

Да купальнага сезона падрыхтуюць 459 пляжаў

Існуюць строгія патрабаванні да месцаў для купання.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.