Вы тут

Беларускі адбор на «Еўрабачанне-2019» выйграла спявачка ЗЕНА


7 сакавіка ў вялікай студыі на Макаёнка, 9 было горача — ва ўсіх сэнсах. Жар стваралі мноства сафітаў і дым-машын, светладыёдныя экраны, маніторы, камеры і тэлекраны, а асаблівую нервовую гарачыню — некалькі дзясяткаў тэлевізійнікаў, 11 артыстаў-удзельнікаў фінальнага шоу нацыянальнага адбору на «Еўрабачанне», іх прадзюсары, каманды і шматлікія групы падтрымкі. І не, мы не памыліліся ў лічбах: фіналістаў сапраўды было дзесяць, але адзін з іх — дуэт. Хоць насамрэч дуэтамі выступілі некалькі канкурсантаў, але пра гэта пазней.


На сімвалічнае хрустальнае сэрца ад шклозавода «Нёман», а галоўнае — на пуцёўку ў Тэль-Авіў, дзе ў маі адбудзецца конкурс «Еўрабачанне», прэтэндавалі 10 удзельнікаў. Нагадаем іх у парадку выхаду на сцэну (гэта важна): Michael Soul, ЗЕНА (Зінаіда Купрыяновіч), Ева Коган, Эмануэль Імагбе (а насамрэч частка небанальнага музычнага праекту BLGN feat. Mirex), Себасціан Рос, Алена Гарбачова, гурт «PROвокация», Aura, Napoli (Вольга Шыманская) і КейСі (Кацярына Смольская).

Літаральна за хвіліну да эфіру перастаў быць сакрэтам і склад прафесійнага журы, на якое сёлета, паводле новых правілаў адбору, ускладваўся ўвесь цяжар выбару нашага прадстаўніка на еўравізійнай сцэне. Суддзяў аказалася сямёра: свежавыбраная кіраўніком Беларускага саюза кампазітараў педагог і кампазітар Алена Атрашкевіч, старшы выкладчык кафедры мастацтва эстрады Беларускага ўніверсітэта культуры Таццяна Дробышава, кіраўнік вакальнага гурта «Чысты голас» Валерый Прыгун, спявак, удзельнік «Еўрабачання-2007» і да сёння ўладальнік найлепшага сярод беларусаў выніку на гэтым конкурсе Дзмітрый Калдун, прадзюсар, кампазітар і саліст гурта «Atlantica» Алекс Дэвід, тэле- і радыёвядучы Глеб Давыдаў, прадзюсар гурта «Las Vegas» Яна Станкевіч. Менавіта ім выпала выстаўляць балы ў прамым эфіры, адразу пасля кожнага конкурснага выступлення, і пры жаданні тлумачыць сваю пазіцыю.

Што з гэтага атрымалася? Нягледзячы на тое, што абсалютная большасць фіналістаў — нават тыя, пра якіх раней шырокая публіка нічога не ведала — аказаліся цікавымі і харызматычнымі выканаўцамі, кожны са сваім стылем і сваёй «разынкай», але інтрыга вечара была заваленая заўчасна. Дакладней, амаль адразу. Не паспеў першы нумар Michael Soul, ён жа ўраджэнец Брэста Міхаіл Сасуноў, цалкам справядліва паскардзіцца, што першым выступаць складана, бо суддзі звычайна ставяць невысокія ацэнкі, як падапечная расійскага прадзюсара Віктара Дробыша ЗЕНА са сваім «Там-тара-рам» (гэта даслоўны рэфрэн з песні Like it) атрымала ад журы амаль што максімальную адзнаку — 69 балаў з 70 магчымых. «Дзевяць» паставіла толькі Алена Атрашкевіч — кампазітар і педагог асцярожна заўважыла, што не ўпэўненая, наколькі цінэйджар — а ЗЕНА самая юная ўдзельніца гэтага адбору, ёй усяго 16 гадоў — будзе запатрабаваны на дарослым конкурсе. І тым не менш, высокія ацэнкі практычна не пакідалі прасторы для фантазіі — так што, калі вы выключылі тэлевізар адразу пасля другога нумара, то нічога не згубілі. Бо далей суддзі толькі тлумачылі, чым ім не дагадзіў кожны наступны выканаўца.

Так, напрыклад, дэбютантку Еву Коган пахвалілі за вакал, але ўпікнулі за выбар балады, якіх і так шмат на «Еўрабачанні» — а таму, маўляў, шансаў у гэтай песні мала. Эмануэль Імагбе — экзатычны студэнт з Нігерыі, які, на хвіліначку, вучыцца ў Віцебскім медуніверсітэце на кардёлага, а музыкай займаецца ў вольны час разам з сябрам-электроншчыкам BLGN (і вы, калі ўбачыце хоць раз, лёгка яго пазнаеце па фірменнай масцы) прымусіў танцаваць усю залу і нават журы, але яго падвяло... паходжанне. «Я шкадаваў, што гэты хлопец родам не з Маладзечна, бо, на маё перакананне, Беларусь мусіць прадстаўляць ураджэнец нашай краіны», — сказаў член журы Глеб Давыдаў, чым, шчыра кажучы, выклікаў неразуменне: навошта адкрываць беларускі адбор для замежнікаў, каб потым у лоб заявіць — вы не зможаце ў нас перамагчы, бо вы замежнікі?.. Праўда, Себасціяну Росу са Швецыі, які ў Еўропе даўно стаў сапраўднай «зоркай» як найлепшы выканаўца кавер-версій The Beatles — паставілі яшчэ менш балаў, але не за «нетутэйшасць», а за несучаснасць прадстаўленай балады, нягледзячы на тое, што зроблена і праспявана яна была бездакорна.

У спявачцы Алене Гарбачовай, якая мае за плячыма лінгвістычны ўніверсітэт і вопыт працы ў джаз-бэндзе, суддзям не хапіла голасу. У выступленні гурта «PROвокация» былі прыгожыя дзяўчаты, бліскучыя касцюмы, мяккая канапа і палофа фанернага і чамусьці ружовага кадылака — але не было ўласна гурта і песні. Высокую адзнаку хлопцы атрымалі ўсяго адну, дый тое дзіўным чынам: «Яны выступаюць сёмымі, я ў журы сёмая, і нарадзілася другога жніўня, сем плюс два — дзевяць», — з чароўнай логікай генератара выпадковых лічбаў каментуе сваю «дзявятку» прадзюсар Яна Станкевіч.

Салістка гурта Aura спявачка Юлія Быкава прадэманстравала, што прэмію «За духоўнае адраджэнне» атрымала зусім не авансам. Тут, здаецца, супала ўсё: беларуская мова, купальскія традыцыі, фальклорныя матывы ў гучанні і афармленні і ў дадатак харэаграфічная падтрымка ад шматразовай чэмпіёнкі чэмпіянатуў Еўропы і свету, знакамітай беларускай гімнасткі Меліціны Станюты. І што б вы думалі — у стопрацэнтна беларускім нумары журы не хапіла навізны і арыгінальнасці! «Паводле статыстыкі, на конкурсе перамагаюць найчасцей англамоўныя песні. Можа, трэба было спяваць на англійскай? — запыталіся ў спявачкі за кулісамі. — Калі б я хацела ўразіць Еўропу англійскай мовай з беларускім акцэнтам, то, напэўна, так і зрабіла б, — з іроніяй пагадзілася Юлія. — Але мэта была ў іншым — паказаць прыгажосць нашай мовы, якую мы, лічу, недаацэньваем, і дзявочае хараство...»

Пасля гэтага нават самыя наіўныя і адданыя балельшчыкі ў студыі зразумелі, што ні пранізліва-лірычнай песні NAPOLI — Вольга Шыманская шэсць разоў штурмавала нацыянальны адбору Беларусі, — ні дэбютантцы гэтага года КейСі з цікавым нумарам у мілітары-стылі, кажучы простай мовай, нічога не «свеціць». Аўтсайдарам галасавання журы стала Ева Коган з 54 баламі, у тройку лідараў увайшлі ЗЕНА (69 балаў), BLGN feat Mirex (65) і Себасціан Рос 62). І хоць вядучыя канцэрту спрабавалі пераканаць публіку і тэлегледачоў, што ўсё яшчэ можа змяніцца, цудоўных неспадзяванак не адбылося. З пераможным клічам Зены—каралевы воінаў яе музычная цёзка выпырхнула на сцэну, каб атрымаць прыз і паўторна выканаць сваю песню.

«Майму шчасцю няма межаў! Ажно сэрца зайшлося, так мне зараз добра! — эмацыйна прызналася артыстка. — Рабяты, гэта перамога на «Еўрабачанні»! — і тут жа выправілася: «Я зраблю ўсё, каб Беларусь была ў фінале». Такім чынам, 16-гадовая спявачка атрымала свой галоўны падарунак на 8 сакавіка, і хоць да выхаду на сцэну яшчэ не паспела перагаварыць са сваім прадзюсарам Віктарам Дробышам, але запэўніла, што гатова да самай напружанай падрыхтоўкі, да ўдасканалення песні: «Той бал, які я сёння не атрымала да максімальнай ацэнкі, матывуе працаваць яшчэ больш, каб на конкурсе ў Ізраілі выкласціся на ўсе сто, дзвесце пяцьдзесят працэнтаў!». Такі энтузіязм і апантанасць радуюць — хоць дзеля справядлівасці згадаем, што папярэдні ўдзел беларускага падапечнага Дробыша ў «Еўрабачанні» быў не надта ўдалым — гамяльчанін Аляксандр Іваноў пад сцэнічным імем IVAN заняў на конкурсе 2016 года толькі 12-е месца ў паўфінале і выбыў з далейшай барацьбы...

У Зены за плячыма на дадзены момант — першая прэмія «Славянскага базару ў Віцебску» (дзіцячы конкурс), перамога ў творчым конкурсе «Маладыя таленты Беларусі», выступленні на «Дзіцячай Новай хвалі» і «Новай Фабрыцы зорак», удзел у якасці вядучай у «Дзіцячым Еўрабачанні-2018» у Мінску, вучоба ў Акадэміі Ігара Крутога, праца з лэйблам Віктара Дробыша і тата-прадзюсар. Ці хопіць усяго гэтага, каб годна прадставіць не толькі сябе, але і сваю краіну на «Еўрабачанні»? Даведаемся ўсяго праз нейкія два месяцы.

Вікторыя ЦЕЛЯШУК
Фота Ганны ЗАНКАВІЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».