Вы тут

У Гродна прывезлі ікону з антыкварнага аўкцыёна ў Германіі


Гэта копія Каложскай іконы Божай Маці, якая напісана на пачатку ХХ стагоддзя. Тады сама цудадзейная ікона яшчэ не знікла. Кажучы прасцей, гэта «прыжыццёвы» партрэт старажытнага абраза. Яго вяртанне ў Каложскі храм называюць сапраўдным цудам.


Протаіерэй Аляк­санд­р Ба­лон­ні­ка­ў  са спіскам Ка­лож­скай іко­ны Бо­жай Ма­ці.

Аперацыя ўдалася

Пасадзейнічалі гэтаму сучасныя тэхналогіі. Панамар храма Анатоль Калкоўскі доўгі час шукаў у інтэрнэце якую-небудзь інфармацыю аб сапраўднай Каложскай іконе Божай Маці. І ў канцы мінулага года нечакана ўбачыў выяву іконы на сайце па продажы антыкварыяту ў Германіі. На аўкцыёне, які быў прызначаны на найбліжэйшы час, сярод лотаў значыўся і лот Каложскай іконы. Уражаны такім фактам, Анатоль адразу паведаміў аб гэтым настаяцелю Свята-Барыса-Глебскай (Каложскай) царквы Аляксандру Балоннікаву.

— Гэта выклікала пэўны ажыятаж, — успамінае настаяцель. — Мы пачалі шукаць любыя спосабы, каб не ўпусціць гэту ікону. Аператыўна адправіліся ў Германію, у горад Патсдам. І дзякуй богу, нам удалося яе набыць.

Ікона датуецца пачаткам ХХ стагоддзя. На зваротным баку захаваўся чарнільны надпіс: «Сей образ написан в лаврской иконописной иеромонахом Григорием». А на той час былі вядомы чатыры лаўры — пад Масквой, у Санкт-Пецярбургу, Кіеве і Пачаеве. У якой з іх пісалася ікона — невядома. Але ў Гродне не губляюць надзею «раскруціць» гэту гісторыю. Па ўсіх адрасах накіраваны запыты з просьбай знайсці ў архівах таго самага іканапісца Рыгора, які мог быць аўтарам іконы.

— Для нас вельмі важны сам факт знаходжання гэтага спіса Каложскай іконы Божай Маці, — кажа настаяцель царквы. — Ён створаны ў той час, калі яшчэ не быў страчаны сам арыгінал. Як кажуць аб важным малюнку? Што гэта прыжыццёвы партрэт. Так і тут. У гэтым і ёсць каштоўнасць абраза. Гэта адзіны на сённяшні дзень вядомы нам гістарычны спіс цудадзейнай іконы.

Што стала з самой старажытнай іконай?

З'явілася яна ў царкве ці то ў ХVІ, ці то ў ХVІІ стагоддзі. Даныя наконт гэтага разыходзяцца. Згодна з паданнем, прынёс яе ў храм нейкі юродзівы жабрак, які насіў ікону на сабе, паколькі яе памеры невялікія — 18х24 см. Да жабрака людзі адносіліся з павагай, асабліва прыхаджане Каложы. Прадчуваючы свой скон, ён пакінуў ікону ў храме. Тут яна знаходзілася да 1853 года, калі ў выніку паводкі абрынулася сцяна Каложы. Потым яе перанеслі ў толькі што пабудаваны Свята-Пакроўскі сабор. Каложская ікона Божай Маці лічылася галоўнай святыняй Гродзенскай епархіі і ахоўніцай горада.

Кажуць, што ікона дапамагла адвесці ад Гродна кайзераўскіх салдат летам 1914 года. Як пісаў у той час у «Гродненских епархиальных ведомостях» палкавы святар, вестка аб пачатку Першай сусветнай вайны выклікала ў горадзе паніку. Крэпасць яшчэ не паспелі дабудаваць, фарты стаялі без гармат. Жах апанаваў жыхароў і ваенных, бо яны ўжо бачылі каскі кайзераўскіх салдат.

— Гродзенскі архіепіскап Міхаіл выйшаў на цэнтральную плошчу з Каложскай іконай Божай Маці і стаў служыць малебен. Сабраўся ўвесь горад, людзі плакалі і маліліся. І ў гэты вечар войска Вільгельма павярнула ўбок ад Гродна. Горад атрымаў перадышку на год і мог падрыхтавацца да вайны. Гэта сапраўдная гісторыя і адно з вялікіх цудаў, — перадаў сэнс той публікацыі настаяцель Каложы.

З пачаткам ваенных дзеянняў ікону разам з архівам і іншымі гістарычнымі і культурнымі каштоўнасцямі перавезлі ўглыб Расіі. Яна захоўвалася, па адной з версій, у падмаскоўным манастыры, па другой — у падвалах сабора Васілія Блажэннага ў Маскве. Так ці інакш, але ў віхуры ваенных, а затым рэвалюцыйных падзей след цудадзейнай святыні згубіўся. Пошукі не далі ніякіх вынікаў. Арыгінал бясследна знік.

— Да гэтай пары мы не ведалі, што ёсць гістарычны спіс іконы, — расказвае Аляксандр Балоннікаў. — Абраз, які знаходзіўся ў Каложы, напісаны ў 2004 годзе. Цяпер мы вярнулі і гістарычную копію.

На думку настаяцеля, ікона, якая куплена на аўкцыёне, магла належаць расійскаму імператару. Адразу пасля памятнага малебна на плошчы, калі нямецкія войскі павярнулі ўбок ад Гродна, у горад прыехаў Мікалай ІІ з жонкай і дзвюма дочкамі. Яны наведалі кафедральны сабор, дзе знаходзіцца цудадзейная ікона, а на памяць архіепіскап падараваў царскай сям'і копію цудадзейнага абраза. Вядома, што для важных падзей і высокіх асоб іконы пісалі прызнаныя іканапісцы ў буйных манастырах. Каложская ікона, што прыбыла з Германіі, якраз і напісана ў адной з такіх лаўраў.

Святыні пад шклом і на алтары

Каложская ікона прайшла рэстаўрацыю і ў хуткім часе будзе даступна для агляду. Яе памесцяць на ківот з дубу з браніраваным шклом. Урачыстае богаслужэнне ў гонар святыні пройдзе 1 мая. Магчыма, гэты дзень стане храмавым святам Каложскай царквы.

Дарэчы, з'яўленню святыні папярэднічалі яшчэ дзве важныя знаходкі. У запасніках кафедральнага Пакроўскага сабора адшукаліся высокія нестандартныя іконы. Аказалася, што яны напісаны епіскапам Іосіфам для Каложы яшчэ ў 1897 годзе і прызначаліся для вокнаў на рэштках храма. У той час узводзілася драўляная сцяна замест знесенай патопам. Зараз іконы размешчаны на алтары.

— Гэта іконы, якія былі напісаны для храма пасля яго аднаўлення ў ХІХ стагоддзі, — кажа Аляксандр Балоннікаў. — І зараз яны на сваіх гістарычных месцах. Важна, каб святыні вярталіся.

Нядаўна Каложа прайшла новы этап аднаўлення. Унутранае памяшканне павялічылася за кошт узвядзення гістарычнай сцяны, яна цяпер выглядае па-іншаму і гарманіруе з каменнай часткай. На падлозе з'явілася шкляная вітрына, пад якой — рэшткі старажытнай калоны ХІІ стагоддзя. Некалі іх было шэсць, зараз засталася толькі адна.

Наступны важны этап — стварэнне ўмоў для захавання аднаго з самых старажытных у Беларусі гістарычных помнікаў.

— Паколькі зімы ў нас нестабільныя, перапады тэмпературы адчувальныя, гэта негатыўна ўплывае на плінфу. Таму на сценах, у тым ліку знутры, устаноўлены датчыкі, якія ўвесь час манітораць вільготнасць і тэмпературу, — паведаміў настаяцель. — На аснове даных навукоўцамі будзе зроблена заключэнне, як захаваць помнік манументальнай архітэктуры. І мы, безумоўна, скарыстаемся іх парадамі.

Маргарыта УШКЕВІЧ

Фота БелТА

Загаловак у газеце: Доўгі шлях цудадзейнага лота

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.