Падчас прамой тэлефоннай лініі старшыня Гомельскага аблвыканкама Уладзімір Дворнік адказаў на пытанні 32 грамадзян вобласці. Стан дарог, транспартныя пытанні, добраўпарадкаванне, працаўладкаванне... Кола праблем, якія хвалююць людзей, дастаткова традыцыйнае. Але ж у кожнага свой асабісты клопат пра тое месца, дзе ён жыве і дзе растуць яго дзеці.
Дарэчы, паступіла просьба і з вуліцы 50 год БССР у Гомелі. Мясцовы жыхар папрасіў знайсці магчымасць пакласці ўчастак роўнага асфальту, дзе дзеці маглі б катацца на роліках і веласіпедах.
На прамую лінію звярнулася жыхарка Жлобіна з просьбай пусціць, нарэшце, аўтобус у Рабочы пасёлак да новабудоўляў. Пытанне арганізацыі работы грамадскага транспарту ў гэтым мікрараёне паднімалася і раней. Там ужо пабудавана грунтавая дарога і прыпынак, але аўтобус пакуль не курсіруе. Уладзімір Дворнік даручыў да канца гэтага тыдня пусціць транспарт у мікрараён. У двух званках жыхары Гомеля прасілі адкарэктаваць маршрут руху грамадскага транспарту ў абласным цэнтры. Перад службамі пастаўлена задача прааналізаваць магчымасці і суаднесці іх з акупнасцю маршрутаў.
Жыхарка вёскі Грачыхіна Хойніцкага раёна прасіла за ўсіх жыхароў аб газіфікацыі свайго населенага пункта, у якім цяпер 13 дамоў. Гаворка пра тое, што сёлета газ плануюць весці праз іх вёску ў суседняе Глінішча. Па даручэнні старшыні аблвыканкама сітуацыю разбяруць з выездам на месца. Будуць вывучаны тэхнічныя магчымасці для ўключэння ў праект.
Выдзяленне зямель пад вядзенне фермерскай гаспадаркі хвалявала жыхароў Жыткавіцкага, Хойніцкага і Быхаўскага раёнаў. Уладзімір Дворнік растлумачыў, што, калі землі належаць сельгаспрадпрыемствам, выдзяленне немагчымае. Прэтэндаваць можна толькі на ўчасткі, якія знаходзяцца ў распараджэнні сельсавета. Таксама губернатар адзначыў, што ўсё часцей людзі эфектыўна працуюць на зямлі. З боку дзяржавы створаны роўныя ўмовы падтрымкі і фермераў, і сельгаспрадпрыемстваў. Сёння на Гомельшчыне ў сярэднім па 25—30 фермераў на раён. Людзі адчулі, што на зямлі можна зарабляць, адзначыў губернатар.
Не ўсе, хто тэлефанаваў, мелі праблемы і балючыя пытанні. Некаторыя падзякавалі старшыні Гомельскага аблвыканкама за своечасовую падтрымку раней. Пры падвядзенні вынікаў трохгадзіннага дыялогу з жыхарамі рэгіёна Уладзімір Дворнік заўважыў, што сярод пытанняў глабальных не было:
— Чалавек клапоціцца пра тое месца, дзе жыве. Неабходна адчуваць настрой людзей, бачыць іх праблемы, разумець і глядзець на перспектыву. Калі праблема наспявае, трэба працаваць на апярэджанне. Важна, каб быў пачуты кожны чалавек.
Ірына АСТАШКЕВІЧ
Набор на бюджэтныя месцы павялічыцца.
Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?
Не выявіць ні секунды абыякавасці.