Вы тут

Як сталелі ў амерыканскіх 1990-х?


У сталічным пракаце паказваюць настальгію і скейтборд як сацыяльны атрыбут.

«Ты яшчэ не дарос да таго ўзросту, калі хлопцы становяцца казламі», — прымайце лірычную амерыканскую карціну аб перыядзе дзяцінства, калі вельмі хочацца быць дарослым, тусавацца з крутымі скейтбардыстамі і казаць «к чорту гэту маці». Адкрыты ў праграме «Панарама» Берлінскага міжнароднага кінафестывалю, якая збірае ці спрабуе сабраць найцікавейшае ў нетрадыцыйным кіно, фільм «Сярэдзіна 90-х» з яго рэтравізуалам, выдатным музычным суправаджэннем і смешнымі рухамі галоўнага героя прыйшоў на мінскі вялікі экран.


Вы ўжо ведаеце Джона Хіла хаця б па карціне Марціна Скарсэзэ «Воўк з Уол-Стрыт» (падазраю, з натуральнай для нас дасведчанасцю ў папулярным амерыканскім кіно, і па многіх іншых). Пазнавальны твар, калі гэта не гучыць прыніжальна, у акцёрскай кагорце, а таксама прадзюсар гэтым разам прадставіў свой рэжысёрскі дэбют па ўласным сцэнарыі.

Пра тое, відаць, што бліжэй да цела: пяшчотныя ўспаміны пра сярэдзіну 90-х ды імклівае сталенне — непазбежны пераход з маленства ў няпростае, адказнае і сур'ёзнае малалецтва. Вось чаму, апроч як камедыйная драма, «Сярэдзіна 90-х» уяўляецца таксама метафарычным роўд-муві, сімвалічным пераходам з аднаго стану ў другі, калі ад першага застаюцца толькі аматарскае відэа, шнары на целе і тужлівая настальгія.

У цэнтры ўвагі — хлопчык Стыві, які жыве з маці і не вельмі прыязным старэйшым братам. Каб выйсці з кола сям'і і расчапіць замкнёны на ёй сусвет, Стыві адшуквае кампанію, да якой яму вельмі хочацца далучыцца. Яна фрывольна жартуе, для кожнага мае асобную мянушку і вырабляе зайздросныя трукі на скейтбордзе. А для ўразлівага хлапечага сэрца што яшчэ патрэбна.

Стыві мяняе дзіцячы «рэпертуар» на сцяне свайго пакоя, крадзе грошы ў матчынай камодзе, каб купіць скейтборд, і спрабуе далучыцца да кампаніі новых знаёмых. Уласна гэта спроба перацякае ў тусоўку на ўвесь фільм, якая, з аднаго боку, цудоўна выяўляе механізмы дзеяння соцыуму, а з іншага — прыносіць сентыментальнасць сапраўднага сяброўства.

Сацыяльная іерархія, фактары, што ўплываюць на папулярнасць, канкурэнцыя ў барацьбе за ўвагу і сімпатыі, зайздрасць і паняцце «крутасць» — рэчы, на якіх пабудавана камунікацыя вялікіх і маленькіх груп, заключаныя ў кампаніі, у якую трапіў Стыві. Але пакуль мы вывучаем гэты грамадскі лад, за ўсімі механістычнымі працэсамі з'яўляецца нешта значна больш важнае, пачуццёвае.

У гэтым балансе галоўны герой адчувае сябе найлепшым чынам: заваёўвае павагу за бясстрашнасць і ў маркотныя хвіліны знаходзіць у сяброў суцяшэнне, упершыню застаецца з дзяўчынай і ў шчаслівым экстазе жартуе пра гэта з камандай, з-за тонкіх псіхалагічных нюансаў дзеяння ў групе аказваецца ў небяспечнай сітуацыі, але атрымлівае магчымасць упэўніцца, што гэтыя людзі гатовы чакаць навін з яго бальнічнай палаты на нязручных канапах хола клінікі.

Не, нічога трагічнага. Карціна ўвогуле не дае ніводнай нагоды для таго, каб сэрца гледача ўпала. Вельмі зручны, роўны і стрыманы фільм толькі ўзнагароджвае багатай музыкальнай падборкай, у суправаджэнні якой ён становіцца паэтычным і мяккім аповедам пра асабістае. Нават малалецтва, якое быццам нясе за сабой іншай якасці праблемы, нешта псіхалагічна некамфортнае, карціну не абцяжвае, а вельмі далікатна маецца на ўвазе. Пераход на наступны ўзровень адбудзецца пад прымірэнне з усімі непрыязнымі сіламі і настальгію ў квадраце — відэаролік унутры фільма, які выхоплівае эпізоды сумесных дзён і робіць іх усяго толькі справай мінулага.

Асабліва варта адзначыць, як з дапамогай шматлікіх дэталяў і мімалётных рухаў не проста расказваецца асабістая гісторыя, але і выпісваецца сярэдзіна 90-х. «Хто такія чорныя?», бутэлька, цыгарэта і кепка задам наперад, з якімі ты выглядаеш дарослым, касеты, «гета», імкненні.

Карціна і праўда вельмі асабістая, што ў гэтым выпадку становіцца яе безумоўнай вартасцю: калі ты можаш нетрывіяльна і дэтальна-жывапісна расказаць пра свае 90-я, без размашыстага сюжэта і буйных падзей, але з музыкай і арганічнымі праездамі на скейтбордзе па сярэдзіне дарогі, яны набываюць неабавязковы для прагляду, але прыемны флёр.

Шукайце ў Fаlсоn Сlub Буцік Кіно і сетцы Sіlvеr Sсrееn.

Ірэна КАЦЯЛОВІЧ

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.