Вы тут

Якая ты, адзінота?


— Знік мой гузік! Згубіўся! Не магу нідзе яго знайсці! — жаліцца бабуля, заходзячы ў ардынатарскую.

— Які гузік? Чаму вы так з-за яго перажываеце? Зараз пашукаем яго разам, — спрабую як псіхолаг суцешыць бабулю і адначасова ўдакладніць, што ж насамрэч здарылася.

— Ой, не знойдзем! Я ўжо ўсё абшукала! Яго нідзе няма! — плача яна.

— Ён такі каштоўны? Можа, старажытны? А дзе ж ён быў? На вашай сукенцы ці на кофтачцы? — распытваю я.

— Не, не на сукенцы! У скрыначцы! Ён — звычайны! Але я ж яго карміла! Я ж яго даглядала! — не супакойваецца бабуля.

— Як кармілі? Каго? Гузік?! — мне робіцца не па сабе. Чысценькая, ахайная, разважлівая, цалкам адэкватная бабуля — і раптам такое!

— Я на нітачку яго падвешвала і маятнік рабіла! Ну, вы ж разумееце, пра што я кажу, — тлумачыць бабуля.

— А-а-а... І навошта вам маятнік?

— А я ў яго пыталася, ці прыйдзе да мяне валанцёрка Оля! — паведамляе бабуля.

Дзякуй богу, гузік стараннямі медсёстраў дый іншых супрацоўнікаў бальніцы неўзабаве знаходзіцца. Бабуля адразу ж супакойваецца і весялее. А валанцёрка Оля ў той дзень не прыходзіць. Яна і так даволі часта наведвае бальніцу, нягледзячы на тое, што ў яе — свая сям'я, адказная праца, ужо не маладыя бацькі, іншыя справы...

Самадастатковых людзей сталага веку ў нашай краіне і ў наш час — адзінкі. Адсутнасць самадастатковасці часта прыводзіць да вялізных праблем: чалавек, які нічым не заняты, пачынае патрабаваць да сябе падвышанай увагі сваякоў, медперсаналу, валанцёраў, бо ён не ў стане застацца сам-насам з сабой.

Але ні сваякі, ні медыкі, ні валанцёры, ні псіхолагі пры ўсім іх жаданні не могуць удзяліць такому чалавеку столькі ўвагі, колькі ён патрабуе. Чалавек пакутуе, хваробы прагрэсуюць.

У той жа час павялічваецца колькасць маладых людзей, якія з задавальненнем застаюцца сам-насам са сваім улюбёным камп'ютарам, і больш ім ніхто і нішто непатрэбна, нават жаданне апынуцца за межамі ўласнай кватэры ў іх адсутнічае.

Не, гэта не тыя маладыя людзі, якія захварэлі на залежнасць ад камп'ютарных гульняў і сацыяльных сетак і для якіх адзінай слушнай будзе парада як мага хутчэй звярнуцца па дапамогу да псіхолага або ўрача-псіхатэрапеўта.

Маладыя людзі, пра якіх я кажу, працуюць за камп'ютарам, заказваюць па камп'ютары неабходныя харчовыя і прамысловыя тавары, там жа знаходзяць сабе сяброў, а потым, таксама па камп'ютары, пытаюцца ў псіхолагаў, ці нармальны лад жыцця яны вядуць, калі... не выходзяць з кватэры па некалькі тыдняў? І ці ўсё з імі ў парадку, калі такі лад жыцця іх цалкам задавальняе?

...Час знаходжання бабулі ў бальніцы падыходзіць да завяршэння, а яна зусім не хоча вяртацца дамоў, дзе ёй давядзецца цэлымі днямі быць адной «на ўсім гатовым». Яна марыць аб інтэрнаце, але клапатлівыя і любячыя сваякі ніколі не наважацца зрабіць такі крок. І таму дзень выпіскі з бальніцы, які, здавалася б, мусіць быць для чалавека вельмі радасным, для некаторых пацыентаў становіцца, як ні дзіўна, даволі сумным.

Згадваю і яшчэ адну вельмі прыемную, сімпатычную пажылую жанчыну, якая, нягледзячы на зусім дрэнны зрок, увесь час чытала кніжкі. «Я не хачу думаць аб мінулым, таму і чытаю іх адну за адной», — казала яна.

Была і іншая, якая, наадварот, успамінала сваё мінулае з вялікай удзячнасцю, і хоць жыццё ў яе было зусім не лёгкае, яна не пачувалася самотнай. Можна толькі парадавацца за такіх людзей і павучыцца ў іх любові да жыцця, напоўненага сэнсам, вераю, служэннем іншым людзям і здольнасцю перамагаць любыя цяжкасці.

Марына БАБРОЎСКАЯ, псіхолаг

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Актрыса НАДТ імя М. Горкага — пра шлях да сцэны і натхненне.

Грамадства

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

Тата і мама — два самыя важныя чалавекі ў жыцці кожнага дзіцяці.